Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
— Зразумела. Да пабачэння!
Алеолла і Арцін з усіх ног пабеглі да альтанкі нумар тры. Яна размяшчалася на процілеглым рагу сцяны вакол ханскага палаца.
Здалёк юнак і дзяўчына ўбачылі, што галоўны камісар вялікаханскай прадуктовай экспертызы збіраецца зачыняць прыёмнае акенца. Людзі, якія перадавалі прадукты, пачалі ўжо разыходзіцца.
Арцін, які бег хутчэй за Алеоллу, крыкнуў: «Я пабягу першым, а ты даганяй!»
Ён ледзьве паспеў прасунуць далонь за краты акенца, калі яно ўжо зачынялася.
— У чым справа? — спытаў камісар і па звычцы пацягнуў носам.
На пасаду галоўнага камісара вялікаханскай прадуктовай экспертызы прымалі людзей толькі з выключна вострым нюхам. Па сутнасці — гэта быў галоўны нюхач краіны. Ён павінен быў вызначаць ступень прыдатнасці прадукту па адным толькі паху. А пасля адправіць гэты прадукт да Трэцяга Візіра. А той да вялікаханскага повара і дэгустатара.
— У нас хуткапсавальны прадукт.
— Вы што, рассмяшыць мяне хочаце? — здзівіўся галоўны камісар вялікаханскай прадуктовай экспертызы. — Смяяцца ў нашым горадзе не паложана!
— Не хачу я вас смяшыць. Прадукт насамрэч вельмі хутка псуецца! — працягваў Арцін.
— Вялікакаштоўны мой чужаземец, усе прадукты, якія хутка псуюцца, прыносяць раніцай! А цяпер канец працоўнага дня... — галоўны камісар вялікаханскай прадуктовай экспертызы зачыніў акенца і апусціў масіўную дошку.
— Ну што? — падбегла Алеолла, — перадаў?
— Не. Сказалі, што прадукты, якія хутка псуюцца, прымаюць толькі з раніцы.
— Ну, хоць у гэтым трохі пашанцавала.
— У чым?
— Раз прымаюць з раніцы, значыць, раніцай галоўны камісар будзе на месцы.
— Правільна, — пагадзіўся Арцін.
Давялося ім пераначаваць пад гарой.
На самым світанку Арцін і Алеолла ўжо стаялі каля акенца трэцяй альтанкі. Яны былі першымі ў чарзе.
Здагадка Алеоллы аказалася правільнай — галоўны камісар вялікаханскай прадуктовай экспертызы з самай раніцы прыйшоў на месца працы.
— Вось малайцы, каштоўныя мае чужаземы. Адчуваю, адчуваю — ваш вугор свежы, свяжэй не бывае. Гэта пышны далікатэс! Будзе яшчэ што-небудзь для нашага Вялікага і Мудрага Хана — абавязкова прыносьце. Усяго найлепшага.
Нарэшце Арцін і Алеолла адчулі сябе па-сапраўднаму вольнымі і пасля сняданку — хлеб з рыбкай (таксама пачастунак рыбакоў) і мясцовага вінаграднага соку — пачалі паднімацца на гару, пра якую ім распавядаў мастак Дроздзіч.
ЧАМУ НЕ ТРЭБА СПРАЧАЦЦА З САБАКАМІ, КАТАМІ ДЫ ІНШЫМІ САМАС ТОИНЫМІ ЖЫВЁЛАМІ
Паветра ў гарах чыстае, заўсёды свежае і карыснае для арганізма, таму і ўзыходжанне было не надта складаным.
На гары стаяў іншы горад — пячорны. Аднак пячоры былі не прыродныя, а створаныя людзьмі.
— Вось як выдатна — нічога будаваць не трэба, — адзначыў Арцін, — выдаляеш з гары лішнюю пароду — вось табе і дом!
— Будаўніцтва наадварот, — падтрымала размову Алеолла.
У пячорным горадзе жылі вельмі спакойныя людзі, яны спявалі павольныя песні, гралі на мілагучных музычных інструментах павольныя мелодыі. На вуліцах паліліся духмяны. Гэта быў горад мудрацоў. Яны ўвесь дзень сядзелі, амаль нічога не елі і думал і.
Раз на год у горадзе праводзілі вялікі дыспут па пытанні — «Што кіруе чалавечай думкай: чалавек альбо чалавечая думка сама сабою кіруе?» Мудрэц, які перамагаў на гэтым дыспуце, абіраўся кіраўніком горада і цэлы год ім кіраваў. Праз год склікалі новы дыспут, і кіраўнік горада павінен быў зноў даказваць сваю правату. Калі ж у яго гэта не атрымлівалася, месца кіраўніка горада займаў іншы мудрэц — той, хто здолеў пераспрачаць свайго папярэдніка.
Амаль год таму на апошнім дыспуце перамог Абдурахмон Улюкбабай. Ён даказаў, што чалавек сам кіруе сваёй уласнай думкай. Праз месяц меўся быць новы дыспут, і ўвесь горад — ад малога да старога — думаў, як упэўніць Абдурахмона Улюкбабая ў тым, што думка сама сабою кіруе.
Алеолла і Арцін не сталі трывожыць жыхароў пячорнага горада, тым больш, на адной з вяршынь яны заўважылі тры старыя шаўкоўніцы, што раслі блізка адна ад адной.
— Мабыць, сярод іх ёсць тая, якую мы шукаем, — выказаў здагадку Арцін.
Юнак і дзяўчына накіраваліся да вяршыні з трыма шаўкоўніцамі. Калі падышлі
да іх бліжэй, убачылі, што ўсе яны амаль засохлі. Толькі сям-там на галінках зелянелі маленькія лісточкі. Як ні ўзіраліся, ніякіх завязей — не тое, што ягад, ні Алеолла, ні Арцін не заўважылі.
— Можа, гэта не тыя шаўкоўніцы? — прызадумаўся Арцін.
— А вы добра падумаць не спрабавалі? — пачуўся ціхі вуркатлівы голас.
Сярод шаўкоўніц, задраўшы хвост трубой, важна прайшоўся паласаты кот. Нейкі
дзівосны — сам жоўта-апельсінавы, а палоскі чорныя. Лапкі белыя, грудка белая і кончык хваста таксама белы, а вочы — ярка-зялёныя і такія хітрыя! Кот быў вялікім, памерам з рысь, але нейкі не надта ўкормлены. «Затое, — падумала Алеолла, — кот дагледжаны».
— Прашу адзначыць — самадагледжаны, — азваўся раптам кот.
— А вы што, думкі чытаць умееце? — здзівілася Алеолла.
— Калі вы так аглушальна думаеце, то чаго тут умець? — кот прысеў перад імі і бліснуў смарагдавай зрэнкай. — Але думаць трэба правільна.
— Ну-ну, цябе забылі спытаць, як нам думаць, — буркнуў Арцін.
Юнак расхваляваўся, што шаўкоўніцы моцна засохлі, і цяпер ламаў галаву, што ж рабіць.
— Калі правільна думаць, то заўсёды можна здагадацца, што рабіць, — аксамітным голасам растлумачыў кот.
— І што нам трэба рабіць? — пацікавілася Алеолла.
— А што звычайна робяць з паўзасохлымі раслінамі? — правуркатаў кот і зачапіў хвастом камель адной з шаўкоўніц.
— Я і без цябе, ужо сам здагадаўся, — перабіў ката Арцін.
— Сам-мм, так сам-мм, — спакойна прамурлыкаў кот і пацягнуўся.
— І што? — нецярпліва спытала Алеолла ў Арціна.
Ёй не падабалася, што будучы віцязь пачынае задзірацца з гэтым хітрым катом. Яна выдатна ведала, што нельга ні чапаць, ні гладзіць незнаёмых катоў, ні дражніць іх, ні бегаць за імі, ні, тым больш, спрачацца з імі, а таксама з сабакамі ды іншымі самастойнымі жывёламі.