Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Шрифт:
У іх з-пад ног па схіле ляцелі каменьчыкі, у Алеоллы пачалі саслізгваць сандаль Юнак і дзяўчына спатыкаліся, але заўсёды дапамагалі адно аднаму. Ішлі ўпарта ўгару, імкнуліся, як мага менш разліць вады.
— Ну што, вельмі цяжка? — спытаў кот, які быццам чакаў іх каля шаўкоўніц.
— Не, вельмі лёгка, — раздражнёна адказаў Арцін.
— Не варта так надрывацца і нервавацца, трэба эканоміць сілы, — зноў прамуркаў кот. — Раптам яшчэ раз давядзецца па ваду ісці?
— Нічога, сходзім, — адказаў Арцін.
— А я ўжо стамілася, — Алеолла прысела на нагрэты сонцам камень.
— Добра, калі будзе трэба, я сам схаджу, — Арцін перакуліў амфару і выліў крынічную ваду пад корань кожнай шаўкоўніцы.
Было чуваць, як шумна дрэвы пілі ваду.
Прайшоў некаторы час, але з шаўкоўніцамі нічога не адбывалася. Якія былі — напалову засохлыя і амаль нежывыя — такімі і заставаліся.
— Можа, яшчэ па ваду трэба схадзіць? — прапанаваў Арцін.
— Можа і трэба, — адказаў яму кот.
— А можа, яшчэ пачакаць? — Арціну не вельмі хацелася зноў цягнуцца з цяжкай амфарай, тым больш, аднаму.
— М-можа і пачакаць, — абыякава прагаварыў кот.
— І колькі трэба чакаць, пакуль з’явяцца ягады? — не вытрымала Алеолла.
— М-можа і м-месяц, і год, а м-можа і ўсе пяць гадоў. І пры гэтым кожны дзень трэба будзе паліваць шаўкоўніцы, — далікатна правуркатаў кот.
— Так доўга... А нашыя бацькі, нашыя землякі будуць тым часам пакутаваць у скляпенні-цямніцы. Што ж нам рабіць? — засмучоным голасам спытала Алеолла.
— Перш чым засмучацца, — парэкамендаваў кот, — трэба азірнуцца вакол і ўважліва прыгледзецца.
— Дый што гэты кот нас пастаянна павучае! — абурыўся Арцін. — Больш трэба паліваць, і ўсё тут!
— Я стамілася, — сказала Алеолла.
Яна села пад адну з шаўкоўніц і заплюшчыла вочы.
— Добра, я сам прынясу вады, — усклікнуў, падахвочаны катом, Арцін.
Юнак схапіў амфару, збег па схіле да ручая, набраў вады і ўжо ў адзіночку, цалкам выбіўшыся з сіл, прынёс амаль поўную амфару.
— Навошта ж так надрывацца, — наракала Алеолла, — можна было і пачакаць, калі я адпачну.
Арцін нічога не адказаў, ад стомленасці ён проста паваліўся на зямлю, раскінуўшы рукі.
— Праца тых валіць з ног, хто паразважаць не змог, — пракаментаваў кот.
Алеолла сама ўзялася паліваць шаўкоўніцы. Дзіўна, але кот — а ён аказаўся моцным, дапамог ёй — падтрымліваў амфару сваёй руда-паласатай лапай.
Сонца паступова схілялася да захаду. Падаўжэлі цені. Аднак з дрэвамі па-ранейшаму нічога не адбывалася.
— Пэўна прыйдзецца доўга чакаць, — уздыхнуў Арцін.
— Пачакай, пачакай... — Алеолла сядзела на камяні, аглядаючы ўсё вакол, як і раіў той дзіўны кот. — Глядзі!
Дзяўчына заўважыла, што ў людзей з пячорнага горада сады на самай вяршыні гары былі пышныя і раскошныя. На дрэвах наліваліся вялікія сакавітыя плады. А вось дзікія дрэвы, якія раслі ніжэй — тыя ж грушы, алыча, персікі — выглядалі карлікавымі, і плады ў іх былі зусім дробныя.
— Ну і што, — сказаў Арцін, ён ляжаў на зямлі і адпачываў, — проста людзі з горада добра свае сады даглядаюць.
— У гэтым ты, вядома, маеш рацыю, — пагадзілася Алеолла, — але з іншага боку, чаму тады вакол той крыніцы, дзе мы ваду бралі, так мала слядоў людзей? І наогул, падаецца, мясцовыя жыхары там ваду не бяруць.
— Але ж вада не атручаная, я сам яе піў! — Арцін усё яшчэ пачуваўся стомленым і таму быў раззлаваным.
— Назіранне — шлях да спазнання, — зноў умяшаўся кот.
— Ну, што гэта за жывёліна такая прыставучая! — Арцін нацягнуў на вочы свой капялюш з пяром, дэманструючы, што не хоча слухаць гэтага ката, і, увогуле, хоча спаць.
— Адпачывай, а я пайду ў горад, паназіраю за яго жыхарамі, — сказала Алеолла.
— Праўду кажаш, праўду, — пагадзіўся кот.
Алеолла дастала сыр, адламала кавалачак і пачаставала ката, а сама адправілася ў горад.
Кот з найвялікшым задавальненнем еў сыр, акуратна трымаючы яго дзвюма лапамі, адкусваў маленькімі кавалачкамі, каб гэтыя кавалачкі паволі раставалі на яго шурпатым язычку. Кот гучна муркатаў, прымружыўшы вочы ад асалоды.
У горадзе Алеолла заўважыла, што жыхары бяруць ваду з пячоры, у якой пракапана глыбокая студня. А выцягваў ваду са студні асёл. На пляцы перад гэтай пячорай ён хадзіў па крузе і намотваў тоўстую вяроўку на вялікую драўляную шпулю. Яна ціха парыпвала, калі круцілася. На іншым канцы вяроўкі было прывязана вялікае драўлянае вядро. Вяроўка была вельмі доўгай — крокаў дзвесце.
«Нічога сабе, якая глыбокая студня, у самае чэрава гары ідзе», — падумала Алеолла і падышла да осліка.
— І не сумна заўсёды хадзіць па крузе, спачатку туды, потым сюды, — дзяўчына дала аслу хлеба.
Той пажаваў яго, праглынуў і прамовіў:
— Дзякуй. Ні-Ікольчкі-І, — гук «і» ён прамаўляў не пры выдыху, як усе людзі, а пры ўдыху. Хаця, гук «ы», ён прамаўляў гэтак жа як і «і».
Алеоллу зусім не здзівіла, што як і той кот вучоны, ослік размаўляе на чалавечай мове — за такі доўгі час аднастайнай працы ён мог папросту навучыцца.
— Так-так. Я прайшоў трыЫ міІльёны двесце пяцьдзясят тыЫсяч трыЫццаць адзіІн круг, так што выЫвучыЫў чалавечую мову, — нібы прачытаўшы яе думкі, сказаў асёл. — Так-так... Цяпер я вучуся чыЫтаць думкі-І. Нашмат лягчэй чыЫтаць думкіІ дзяцей, а вось у мудрацоў яныЫ занадта ўжо мудрагеліІстыЫя іІ нейкі-Ія-ія-ія звіІліІстыЫя-ыя-ыя. Кажуць, чыЫм болей у чалавека звіІліІн, тыЫм ён мудрэйшыЫ.
— А як ты чытаеш думкі?
— Па вачах, яснапанна Алеолла, па вачах, — адказаў ослік.
— Будучая яснапанна, — паправіла дзяўчына, — а пакуль што проста Алеолла... Значыць, ты ведаеш, чаму людзі не бяруць ваду з ручая, а цягаюць яе з такой глыбіні?
— Вядома, ведаю. Вада з ручая сама прабіІлася на паверхню, прайшла скрозь пластыЫ пяску іІ камянёў, цалкам прафіІльтравалася, стала чыЫстая-чыЫстая. Таму ў ёй вельміІ мала дробненькіІх, ледзь прыкметных крыЫшталіІкаў, міІнеральныЫх рэчыЫваў, якіІя так даспадобы расліІнам. А ў вадзе са студніІ іІх шмат, таму што вада ў студніІ настаялася іІ насыЫцілася гэтыЫміІ міІнеральныЫміІ рэчывамі. Таму лепш паліІваць расліІны гэтай чароўнай вадой.
— Дзякуй за навуку, мой дарагі ослік, — Алеолла пацалавала яго ў вялікі прахалодны нос, — ты мне дастанеш вады са студні?