ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Я не магу іх вызваліць, — зласліва сказала Паляндра.

— Гэта чаму ж?

— Таму што цямніцы-скляпенні забіты яловымі калодамі. Калоды пусцілі тоўстыя карані. А карані перапляліся і глыбока ў зямлю ўраслі. У мяне не хопіць сілы вырваць гэтыя калоды.

— А як жа вы цені людзей і жывёл у гэтыя цямніцы затачалі? — спытала Алеолла.

— Хе-хе-хе, — зларадна засмяялася Паляндра, — калі чорныя чаплі кружыліся магутным віхраслупам, гэтыя калоды, вядома ж, з зямлі на дастатковую адлегласць выцягваліся. Адной шчылінкі было дастаткова, каб у яе запусціць сотню журботных ценяў. Хе-хе-хе. А цяпер чапляў няма, яны зляцелі!

— Лухта! Я рассяку чорныя карані і раскалю чорныя калоды! — услікнуў Арцін.

Ён ударыў мячом па тоўстым корані, але меч адляцеў убок — цалкам затупіўся.

— Хе-хе-хе. Гэтыя карані можа рассячы толькі самая смяротная зброя на свеце! У людзей такой яшчэ няма! — пасмейвалася Паляндра.

— Няпраўда! Ёсць! — непагадзіўся Бедалдай. — Хаця мая зброя нікому яшчэ не прынесла смерці, але яна самая смяротная на свеце!

Ён замахнуўся сваёй сякерай, стукнуў па адным корані, па другім — карані лёгка рассякаліся. Раскалоліся і каравыя калоды. Танюткія людскія душы-цені адна за адной пачалі вылятаць і кружыцца ў паветры.

Бедалдай раскалоў другую калоду — разам з людскімі ценямі-душамі закружлялі ў паветры і душы-цені жывёл.

— Хе-хе-хе, — зноў засмяялася Паляндра. — Яны ўсё роўна не ведаюць дарогі дадому, — рыпучым голасам праз смех цешылася Жалобная Каралева. — А толькі родная зямелька зможа зноў ператварыць іх у людзей і звяроў. Хе-хе-хе! Цяпер ім вечна давядзецца кружыць над балотам. Хе-хе-хе.

— Не радуйся раней часу, Паляндра, — сказаў мастак Дроздзіч. — Алеолла, дай мне чароўнага алею.

Алеолла працягнула мастаку свой збаночак. І ў кожны збанок з фарбай Дроздзіч дадаў трохі «шчаслівага» алею, абмакнуў у гэтую сумесь пэндзлі і ўзмахнуў імі:

Фарбам шчасця шлях вядомы —

Дый ляціце ўсе дадому!

Дарожкі яркіх кропель разляцеліся ва ўсе бакі. Душы-цені выбіралі тую, што ўказвала ім кірунак да родных мясцін, і самі пачыналі, як тыя кроплі, зіхцець рознымі колерамі.

Бо якое шчасце — вяртацца на сваю зямлю!

Над балотам нібы распусцілася вялізная кветка, пялёсткамі якой сталі тысячы вясёлак. Ды і само Чорнае Балота пачало пералівацца яркімі фарбамі. Зрабіўшы апошні круг, кожная душа-цень паляцела па сваёй небеснай сцежцы.

— Глядзіце, глядзіце! — усклікнуў Бедалдай. — Вунь там Джайміна, яна спяшаецца ў Палац Садоў, — ён пазнаў напаўпразрыстае аблічча каханай хана Ісмірая.

— А вунь мае маці і тата! — радасна сказала Алеолла.

— А там мае паляцелі, — прамовіў Арцін.

— Мы хутка вернемся ў наш Скемень! — Алеолла і Арцін памахалі ім услед.

Дзіўна, але чорная сукенка Паляндры таксама зрабілася рознакаляровай.

Жалобная Каралева, убачыўшы такую прыгажосць і такі феерычны танец вольных зіхатлівых душ, упершыню ўсміхнулася.

На яе галаве, там, дзе раней была дыядэма з шасці чорных руж, цяпер заззяла залатая карона.

І церам Паляндры, сплецены з крывых чорных каранёў, раптам выраўняўся, распрастаўся і на вачах стаў светлым, утульным, выкладзеным з акуратнага белага бярвення.

— Як хораша! — здзівілася Паляндра, а затым плаўна паказала маляўнічым рукавом на высокія прыгожыя дзверы. — Прашу ўсіх да мяне ў госці.

— З задавальненнем, — прысела ў рэверансе Алеолла. — Мы з Арцінам у вас трошкі пагасцюем, калі вы не супраць, а потым пойдзем да бацькоў, затым жа па свеце падарожнічаць станем. Мы ж яшчэ шмат чаго не ведаем, чаму можна навучыцца ў іншых людзей.

— І жывёл... — дадаў Міамурмарор. — Асабліва ў катоў, — ён пакланіўся Жалобнай Каралеве.

— Але мы будзем вас наведваць, — паабяцаў Арцін і апусціў галаву.

— Так, вядома, вядома, — адказала Паляндра, — Толькі надоўга сярод людзей не затрымлівайцеся — да мяне вяртайцеся, а то мая сукенка зноў зробіцца чорнаю. Ды і церам таксама — я ж цяпер па вас тужыць буду.

— Жалобная Каралева сама будзе тужыць... Гэта нешта новенькае, — здзівіўся мастак Дроздзіч. — Я прыйду да вас і намалюю ваш партрэт з усмуткаю. Але, наогул, мне пара, — уздыхнуў ён, — я і так надоўга адышоў ад сваёй вандроўкі. Столькі людзей у свеце цяпер журыцца, сумуе, журбоціцца, маркоціцца, тужыць, нудзіцца і смуткуе...

— А што ж ты цяпер будзеш рабіць з вусенямі-ўсмуткамі? — спытала Алеолла.

— Як што? Буду шаўкапрадам аддаваць.

І я пайду з мастаком Дроздзічам, — сказаў маўклівы Бедалдай. — Адпраўлюся з ім у Новае Мястэчка.

— А чаму не дадому? — разам спыталі Алеолла і Арцін.

— Хай у маім ханстве заўсёды будзе мараторый і на кары, і на дрэнныя ўчынкі.

— Так што, табе давядзецца стаць выгнаннікам? — спытала Жалобная Каралева.

— Чаму ж выгнаннікам? Я хачу знайсці Барбарушку — папрашу яе выйсці за мяне замуж. А ў нашым ханстве кат не можа быць жанатым. Вось і знойдзецца падстава наведаць родныя старонкі і самога хана Ісмірая. Хан убачыць, што я жанаты, і дасць мне адстаўку.

— Адстаўку? — спалохалася Алеолла. — Але ж тады ты перастанеш лічыцца катам, і чорны джын Штайнат прыйдзе забраць тваю сякеру.

— Ды мне мая сякера ўжо не патрэбна, — Бедалдай падняў яе, размахнуўся і хацеў выкінуць у балота.

— Пачакай, — усклікнуў кот Міамурмарор, — навошта ж знікаць такой добрай рэчы? А з іншага боку, калі мы сюды прайшлі, то і Штайнат таксама сюды за сякерай прыйсці зможа. Лепш зробім па-іншаму. Ты не будзеш прасіць у хана адстаўку, а проста выйдзеш у адпачынак па сямейных абставінах — на час шлюбнага жыцця.

— Вось вучоная галава! — пахваліў ката мастак Дроздзіч.

— Усім дзякуй за кампанію. Я пайду з Бедалдаем, — сказаў кот Міамурмарор, — дапамагу арганізаваць яму адпачынак і вяселле. А яшчэ мне трэба знайсці Варгіна і аддаць яму залаты кубік — хай наведае няшчаснага Ранэона ў Магнітным Замку.

— Ну, бывайце, сябры! — сказаў Бедалдай, паціснуў руку Арціну, абняў яго, затым, пачырванеўшы, моцна абняў Алеоллу.

— Да пабачэння! — абняўся з імі і мастак Дроздзіч.— Усяго ўсягошняга! — прамуркаў кот Міамурмарор — Арцін і Алеолла ледзь не задушылі яго ў сваіх абдымках.

— Запрашаем вас да нас у Скемень — наступным летам! — запрасіў Арцін.

— Абавязкова, — адказаў за сябе, а заадно і за ката з Бедалдаем мастак Дроздзіч.

— Шчаслівага шляху! — пажадала ім Паляндра.

Мастак Дроздзіч у вадаступах першым ступіў у балота, за ім пацялёпкалі кат і кот. Бедалдай пасадзіў Міамурмарора на свой футарал з сякерай — хітры кот зноў зрабіў выгляд, што забыў апрануць свае вадаступы.

— Глядзіце! — крыкнуў кот Міамурмарор. — Бераг! Вада сышла!

У Чорнага Балота, якое ўсё яшчэ ззяла рознымі колерамі, з’явіўся добра бачны край.

Поделиться с друзьями: