ЖАНРЫ

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Мінскевіч Серж

Шрифт:

— Добра. Увага! — выгукнуў маг Ніціч, звыкла ўскараскаўся па лесвіцы на глыбу і пачаў разварочваць яе на тры гадзіны.

— Падрыхтавацца! — скамандаваў маг Ніціч. — Наперад!

Арцін устаў на зубец балкона насупраць трэцяга тунэлю. Ён імкнуўся не глядзець уніз, хоць усё роўна краем вока заўважыў дзесьці там, на зямлі, блакітную стужку — вузкую паску вады — той самы роў з рыбамі паміж скалой і сцяной.

— Пайшоў! — крыкнуў маг Ніціч з грота.

Арцін скокнуў з боку зубца. Але ўгору ён ляцеў нядоўга — пліта, нібы камень у моры, пацягнула яго ўніз. Здавалася, ён проста падае, падае. І раптам нешта яго падхапіла, панесла ўздоўж зямлі. Юнак яшчэ мацней учапіўся ў пліту. Яе трохі заваліла набок, і ў такім няёмкім становішчы яго панесла ўдалячынь.

З Алеоллай адбылося тое ж самае, толькі падчас палёту яе некалькі разоў перакуліла. Яна з неверагоднымі высілкамі здолела ўтрымаць сваю пліту ў адным, больш-менш устойлівым становішчы.

Наступнымі рынуліся ў неба Бедалдай і кот Міамурмарор. Як звычайна, у ката за спінай быў футарал з сякерай, а кот Міамурмарор сядзеў верхам на футарале і трымаўся за яго кіпцюрамі. Свой распушаны хвост ён выкарыстоўваў у якасці паветранага стырна, таму кат і кот ляцелі плаўна, роўна, але павольна.

Апошнім памчаўся мастак Дроздзіч. Лятучы шчыт быў выдатна прыстасаваны для палётаў уздоўж «магнітычных» струменяў. А Дроздзіч целаскладам быў амаль такі ж, як маг Ніціч, ну, можа быць, трошкі ніжэйшы. З той прычыны Дроздзічу было лёгка кіраваць лятучым шчытом. Неўзабаве мастак абагнаў і Бедалдая, і Алеоллу, і Арціна. Яму нават давялося раскрыць свой парасон — трохі прытармазіць, каб не вельмі аддаляцца ад сваіх сяброў.

XXV

ДЗІКІ І ЖУДАСНЫ АГНЯЗЕЎ

Пачуўшы ад Санцелямона і Панцелямона страшную вестку, жыхары Слаўбора зачыніліся ў горадзе за высокім драўляным частаколам. Сталай дружыны ў Слаўборы не было, а рыбакоў і сялян, здольных стаць на абарону горада, набралася ўсяго чалавек сто пяцьдзясят — дзвесце. Большасць з іх стоўпілася перад гарадскімі варотамі, трымаючы напагатове лукі, вялікія цесакі і косы.

Навальніца прайшла, і ярвяне ўжо ламалі вароты завостраным бярвеннем. Гэта былі лютыя ваяры з поўначы, якія прыплывалі з-за мора па рэках на крутабокіх караблях. Пагаворвалі, што яны наогул не ведаюць літасці, а для мацнейшай лютасці п’юць адвар з атрутных грыбоў. Яшчэ казалі, што рэцэпт гэтага адвару вядомы толькі абраным ярвянскім ведунам, і што напіўшыся такога адвару, ваяр не адчувае ні стомленасці, ні болю.

Вароты скаланаліся і трашчалі. Брахіндзей бегаў уздоўж іх і з усёй моцы брахаў, спрабуючы напалохаць ворагаў. Аднак часты грукат ад удараў тарана заглушаў яго брэх.

— Глядзіце! — раптам ускрыкнуў адзін ярвянін, які стаяў каля тарана. Ён паказаў на неба. — Вунь там, бачылі? Нябесная Мядуза!

— Ды перастань ты, — сказаў іншы ярвянін, — перапіў адвару, цяпер усіх палохаеш!

— А вунь Лятучыя Акулы! — задрыжаў ад жаху той жа «перапіты» ярвянін.

— Бог ты мой! — цяпер і другі ярвянін таксама ўбачыў, як па небе праляцелі дзве вялікія рыбіны і зваліліся недалёка ад берага ў Малое Светлае Возера.

— Нябесная Мядуза. Лятучыя Акулы, — пайшоў шэпт па ярвянскіх шэрагах.

— Глядзіце! Глядзіце! Агнязеў!

— Агнязеў!

— Вярхом на кавалю Гарэсце!

— Каваль Падземнага Царства! — ногі ў ярвян затрэсліся. — А з ім пачвара Агнязеў!

— Праклятыя рыбакі выклікалі сабе на дапамогу сілы неба, вады і зямлі! — пакацілася пагалоска па ярвянскаму войску.

— Глядзіце! А вунь Чорны Груган з Даліны Мёртвых!

Над ярвянамі праляцеў вялізны крумкач — у дзюбе ён трымаў лук і калчан са стрэламі, похвы і меч.

Ярвяне перасталі ўжо біць таранам у вароты горада. Задраўшы галовы, яны глядзелі ў неба, а потым усім войскам адначасова зірнулі на возера. З яго вод паднялася і пайшла да берага адна з Лятучых Акул.

Перад ярвянамі паўстала жахлівае відовішча — да Лятучай Акулы з неба спусціўся Груган з Даліны Мёртвых, аддаў ёй сваю зброю, паляцеў да найбліжэйшай сасны і стаў з яе касіць бліскучым вокам на ярвян, відавочна выбіраючы сабе ахвяру.

Лятучая Акула сказала яму чалавечым голасам:

— Дзякуй, Крачар. Цяпер ім не здабраваць! — Акула адкінула плаўніком косць волата, падобную да каменнай сякеры, надзела на сябе калчан, лук, похвы, дастала з іх меч, грозна патрэсла ім і рушыла да берага. Побач з першай Лятучай Акулай з’явілася другая. У яе ў руцэ зіхацеў жудасны рыбін зуб. Паднялася з возера і Нябесная Мядуза, яна згарнула свой празрысты каптур і таксама выставіла наперад крышталёвы зуб, вядома ж, вельмі атрутны.

А калі з возера падняўся, трымаючы вялізную, як кавадла, сякеру Каваль Падземнага Царства, на плячах у якога сядзеў і дзіка шчэрыўся люты Агнязеў, ярвя­не кінулі таран і без аглядкі панесліся ў лес. Паўночныя ваяры пракліналі сябе, што адправіліся ў паход на гэтых рыбакоў, і кляліся больш ніколі ў жыцці не паказвацца ў гэтых страшных месцах.

Не на жарт перапалохаліся і самі рыбакі, якія закрыліся ў горадзе. Яны таксама бачылі, як па небе праляцелі пачвары. Але рыбакам уцякаць не было куды. І вырашылі яны задорага аддаць свае жыцці — яшчэ мацней сціснулі ў руках цесакі, косы, лукі.

— Трымацца ўсім разам, не разбягацца! — скамандаваў Палямон.

Брахіндзей рыкнуў, падтрымаўшы загад гаспадара, і раптам заматляў хвастом, гулліва падскокваючы, пабег да варот і радасна заскуголіў.

— Што гэта з ім? — здзівіўся Палямон.

— Значыць, хтосьці знаёмы, — выказаў здагадку Халямон.

— Мы пойдзем паглядзім, — прапанавалі Санцелямон і Панцелямон.

— Стаяць! Не лезьце, куды вас не просяць! — прыстрашыў сыноў Палямон.

А Брахіндзей, задыхаючыся, весела гаўкаў, кідаўся ўздоўж варот, спрабаваў засунуць нос у шчыліну пад імі, хвастом ён ужо не матляў, а круціў.

— Бацька, ды Брахіндзей не брэша, — здзівіўся Панцеляймон.

— Не, ён брэша, але па-добраму, гайда! — Санцелямон жэстам паклікаў брата, маўляў, пойдзем да варот.

— Прыбярыце лукі! — крыкнуў Палямон астатнім рыбакам.

Лукі рыбакі апусцілі, але мячы, цесакі, косы і вілы не схавалі.

Санцелямон адкрыў вароты. Брахіндзей кінуўся вонкі. Рыбакі ўбачылі, як да горада падыходзяць пяць пачварын, і адступіліся назад. Адступілі Санцелямон і Панцелямон, але спалохацца ім не даў Брахіндзей.

Сабака падбег да першага рыбы-чалавека і пачаў скакаць вакол яго на задніх лапах, лізаць твар. Затым падбег да другога рыбы-чалавека, высока прыскокнуў і на радасцях абслініў таму бровы.

— Добры дзень, жыхарам Слаўбора! — пакланіліся рыбы-людзі.

— Гэта Алеолла! Гэта Арцін! — усклікнулі Санцелямон і Панцелямон, а пасля і Халямон з Палямонам, і астатнія рыбакі пазналі сваіх спадарожнікаў.

— Ну, вас не разгледзіш за гэтай луской! І па небе лётаеце, як чэрці!

— Ды не як чэрці, а як віцязі Магнітнага Замка, — растлумачыў Арцін.

Поделиться с друзьями: