Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ваўчыная яма

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Набудавалі, ага. Жульлё рознае. Што яны зарабілі на тыя катэджы? Накралі і карыстаюцца. Была ўлада савецкая, а стала бандыцкая. Знаеш, аднойчы я не стрываў. Ну, у Менску. Бачу, у двары двое корпаюцца ў новенькім «БМВ». Знаеш, апошняя мадэль, усё ў ім блішчыць, бы ў люстэрку. І гэтыя пачынаюць у ім разьбірацца: дзе карбюратар, дзе турбанадуў, дзе шрус. А разьбіраюцца слаба, адразу відаць, усё зь нямецкай інструкцыяй зьвяраюцца. Я падышоў, аж душа мая зьнямела, кажу: дазвольце мне, хлопчыкі, толькі зірнуць, я ж аўтамэханік. Яны паднялі галовы, убачылі мае транты, і адзін са стрыжанай патыліцай хапае гаечны ключ — мабыць, памеру 28 на 30, і як гаркне: прэч адсюль, бомж ванючы! Ну, я ім паказаў бамжа ванючага. Я ім выдаў. На двары аж кучка пэнсіянэраў сабралася. І знаеш, мяне падтрымалі.

— Няўжо падтрымалі?

— Яй богу. Адзін сказаў: ноччу ім колы папраколваць, каб ведалі. Але гэта дарма. У такога прыгажуна колы папраколваць рука не паднімецца. Хай езьдзіць. Але я ўжо болей яго не пабачу.

— Хто ж вінаваты…

— Канешне, сам вінаваты, — азваўся бамж і перайначыў размову. — Ну, як там нашыя жабіны? Ці варушацца?

Пад той час яны зрабілі некаторы харчовы запас — налоўленых у балоце жабаў пасадзілі ў выкапаную на беразе ямку, напусьцілі туды вады, каб жабы пачуваліся лепей. А каб яны не вылазілі, бамж прыкрыў іх зьверху тонкімі жэрдкамі.

Цяпер амаль увесь час ён прападаў на балоце. Праўда, зблізку жабаў хутка ня стала, — ці ён іх палавіў, ці, можа, адчуўшы небясьпеку, тыя перабраліся ў дальні канец балота, дзе было глыбей і рос трысьнёг. Часта лазіць туды ў багну бамж асьцерагаўся; зноў жа там сталі трапляць дзіўнаватыя жабы, мусіць, жабы-мутанты, ці што? Некалькі разоў ён лавіў іх зь дзьвюма парамі даўгіх задніх лапаў і сьпярша аж парадаваўся: будзе болей наедку. Але пасьля пакідаў іх у багну — невядома яшчэ, чаго чакаць ад гэткага наедку. Іншым разам яму трапляліся невялікія жабкі зь дзіўна скасабочанай галавой — не ў канцы тулава, а быццам як збоку. Гэтых таксама давялося адбракаваць. За той час бамж ужо набыў пэўныя веды пра жабаў і разьбіраўся ў іх ня горш за якога прафэсара. Дзіва што — столькі часу прабыў у балоце сам-насам з жабамі. Яго толькі трохі дзівіла, што жабы нідзе не квакалі, быццам усе страцілі свой адмысловы жабіны голас.

Надвор'е на той час увогуле спрыяла іхнаму бамжоўству. Зранку выдараліся негустыя туманы, на траву клалася раса. У паўдзён жа было нават сьпякотна, і тады салдат перабіраўся на абрыў, у засень, пад хвоі. На сонцы ён стаў пачувацца блага: дужа кружылася галава, часам мутнела ўваччу, і ён пераставаў бачыць удалечыні. Але гэта ўсё з галадухі, ад недаяданьня, супакойваў сябе хлопец. Пра горшае не хацелася думаць. З абрыву ён не пераставаў сачыць за вогнішчам, якое слабенька дыміла, хаваючы ў прысаку не патрэбны да часу агонь. Неяк ён задумаўся на абрыве і раптам заўважыў, як касьцярок моцна задыміў, заіскрыў пад сьвежым подыхам ветру, што наляцеў ад рэчкі. Тады хлопец зірнуў у неба і спалохаўся — з-за бору сунулася шызая, з загорнутымі берагамі хмара, упершыню загрукацеў далёкі раскоцісты гром.

На выпадак дажджу ў бамжа была падрыхтаваная нешырокая пячурка ў абрыве, дзе ляжала некалькі патушаных галавешак. Абпякаючы рукі, салдат пачаў пераносіць з кастра дробныя галавешкі, хаваць іх у пячурку. Але ён не пасьпеў. Зь неба раптоўна абрынуўся дождж-лівень, берагавы пясок умомант змакрэў, рака задымела ад струмянёў і бурбалак, касьцёр хутка асеў і патух. Ужо змокшы ў сваім бушлаце, салдат падаўся да пячуркі, каб неяк уратаваць наношаныя галавешкі, але з абрыву туды таксама паліліся дажджавыя ручаі, яны хутка залілі і пячурку, і ўсе галавешкі ў ёй. Тады хлопец стаў побач і роспачна апусьціў рукі…

Неўзабаве прыбег з балота бамж, таксама ўвесь змакрэлы, але з жабамі ў пале кухвайкі. Той адразу зразумеў, што сталася і, можа, упершыню брыдка вылаяўся.

— Ну што цяпер? Сырымі іх жраць?

Салдат змоўчаў, ня ведаючы, што сказаць, — усё ж ён пачуваў сябе вінаватым, што не ўбярог касьцярка. Але і як было ўберагчы ў гэтай залеве? Мабыць, бамж разумеў тое й не дакараў хлопца, толькі неяк надта засумаваў адразу. Ягоны звычайна дзейны, бадзёры настрой увачавідкі зьмяніўся на заклапочана-пахмуры.

— Дрэнь справы, — раздумна сказаў ён. — Што есьці будзем?

Што есьці, салдат ня ведаў; ня ведаў, што ў гэтай сытуацыі можна было прыдумаць, і ён вінавата маўчаў. Бамж абвяла апусьціўся на мокры пясок.

— І мне нешта сёньня… — сказаў ён і ня скончыў. Салдат занепакоена падняў галаву.

— А што?

— Ды ў грудзях душыць…

Салдат маўчаў, чакаючы, што бамж скажа нешта й яшчэ, але той не сказаў болей нічога. Яны абыдва сьціхлі пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся і памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамі па набрынялым пяску.

Становішча іх пагаршалася. Толькі паспадзяваліся на лепшае, знайшлі, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лівень адабраў у іх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганізм, ніякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой ніхто не ўтрымаецца. Справа толькі ў часе…

Але што ж ім рабіць?

Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася іхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як і ў жыцьці таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа і нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калі ня позна…

Між тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапаціцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьці туды было неяк. Трохі счакаўшы, пакуль сьціхне дождж, яны пачалі ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галін, якія перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалі іх пад крайняй сукаватай хвояй.

— Ну й няблага! Праўда, салдат? — падбадзёрыў сябе й яго бамж. — Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь…

Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.

Але й як жыць з такім адчуваньнем?

Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?

Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?

Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць…

Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы — ня выскачыш.

Поделиться с друзьями: