Ваўчыная яма
Шрифт:
— Адтуль, — сказала жанчына і прысела трошкі ўбаку ад вогнішча.
— Салдат, давай болей дроваў! — па-камандзірску распараджаўся бамж. — Напалі жару. А я іх выпатрашу, нафаршырую цыбуляй ды перчыкам. А як жа! Французы ядуць, а мы што — горшыя?
Салдат безь вялікай ахвоты ўзяўся падкладваць у вогнішча сухое яловае гольле, полымя ад якога хутка шуганула слупам пад неба. Зблізку ад вагню стала горача, яны адышліся далей; бамж ржавым складанчыкам выпатрашыў дзясятка паўтара жабак.
— Нябось уцякаеш? — раптам запытаўся ён у жанчыны, якая сядзела зводдаль. Жанчына насьцярожылася.
— А я не ўцякаю. Хай ад мяне ўцякаюць.
— Хе! Ты хіба зь міліцыі?
— Можа, і зь міліцыі…
— Так я табе й паверыў! — агледзеўшы яе, сказаў бамж.
Жанчына ў адказ засьмяялася — строгі яе напачатку твар па-добраму прасьвятліўся.
— Ну й правільна зрабіў. Цяпер верыць нікому нельга.
На грудку напаленага вугольля бамж распачаў пячы-смажыць жабаў. Седзячы побач, салдат звыкла глытаў сьлінькі й памалу пароў у агонь. Ён чакаў, што жанчына пойдзе, яе прысутнасьць непрыемна гняла яго, ён ужо пасьпеў адвыкнуць ад пустой балбатні зь незнаёмымі. Для пустых размоваў яму даволі было бамжа. З жанчынай, напэўна, трэба было абыходзіцца інакш, асабліва з такой во бессаромнаю прыліпалай. У размовах з жанчынамі ён наогул рэдка калі трапляў на патрэбны тон, часьцяком саромеўся і нават пакутаваў з таго.
Празь якую гадзіну ці болей жабкі, здаецца, падсмажыліся, і яны паселі іх есьці. Жанчына па-ранейшаму мясьцілася трохі ўбаку ад вогнішча, і салдат падумаў: ну, цяпер ужо пойдзе. Але яна нікуды ня йшла, і калі бамж падаў ёй невялічкую жабку на шырокім лісьце дзядоўніку, які служыў ім заместа талерак, нерашуча ўзяла яе. Аднак есьці пакуль не сьпяшалася.
— А солі? Солі ў вас няма?
— Чаго няма, таго няма, — ахвотна патлумачыў бамж. — Знаеш, і выпіць няма. Можа, у цябе маецца?
— Чаго няма, таго няма, — бы перадражніла яго жанчына і ціхенька, неўпрыкмет уздыхнула.
— Дык еш. Нябось даўно ня ела?
— Даўнавата, — прызналася жанчына. — Тут дзе возьмеш?
— Тут нідзе няма. Апроч як у нас, — жартаваў бамж. — Рэстаранчык на беразе. Бы паплавок, праўда, салдат?
Салдат няўтульна пацепаў плячыма, падумаў: чаго ён чапляецца? Хай бы й чапляўся да яе, калі яму цікава, ды пакінуў яго ў спакоі.
Хутка яны скончылі тых жабаў, абсмакталі іх дробныя косткі, якія бамж сабраў у адну кучку ды затаптаў у пясок.
— Во й паабедалі! І павячэралі таксама. Ну як — нішто?
Жанчына няпэўна цепанула плечукамі — мабыць, адказу ў яе не знайшлося. Замест таго яна штосьці дастала з сумкі.
— Закурым?
— А мы некурашчыя, — адказаў бамж.
— Траўку…
— Траўку? Тады давай.
Жанчына спрытна згарнула з паперкі таўстую цыгарку, прыкурыла ад вугальку з кастра. Бамж падсунуўся да яе бліжэй.
— Цябе як зваць?
— А цябе?
— Мяне — Жора.
— Ну калі ты — Жора, дык я — Жаржэта. Чуў такое імя?
— А як жа! Толькі як ты тут апынулася? Тут жа зона.
— Ну і хрэн зь ёй, з зонай, — рэзка, без усьмешкі сказала жанчына. — Нам дык чаго баяцца?
— А сьмерці?
— Сьмерць я ўжо бачыла. Нават пацалавалася зь ёй. Во, паглядзі!
Яна ссунула з ілба вязаную шапачку, і на выстрыжанай скроні паявілася белае лапікла лейкаплястыру.
— Што гэта?
— Ад кулі. Кілер быў п'яны, не пацэліў.
— Кілер?
— А ты думаў — пятух клюнуў?
— І завошта?
— За грошы, канечне. За што ж яшчэ?
— І вялікія грошы? — зь цікавасьцю пытаўся бамж.
— Увогуле драбяза, — абыякавым тонам распавядала жанчына. — Асноўныя грошы пасьпелі перагнаць за рубеж. Во толькі самі зяўнулі, рэшту не хацелася губляць. Ну, сябрук мой і атрымаў у свой круты лоб. А мне з рыкашэту — таксама.
— Аднак! — задуменна мовіў бамж. — Рызыковая ваша жытуха — з грашыма.
— Была з грашыма. А цяпер пуста ў кішэні.
— Ну й добра. Ужо цяпер кілер адстане.
— Не скажы. Калі б адстаў, я б тут не апынулася.
— Во як!
Яны змоўклі, жанчына падала бамжу тоўсты недакурак, які той ашчадна ўзяў закапцелымі пальцамі.
— Што — ужо курыў?
— Было некалі…
— А пацан? Хаця яму яшчэ рана, — вырашыла жанчына, з усьмешкай азірнуўшы салдата.
Яму й зусім стала нялоўка, амаль пакутна. І гэтая размова пра грошы, кілераў, і курэньне «траўкі» непрыемна падзейнічалі на яго, карцела ўстаць ды пайсьці. Хай бы яны тут курылі й спавядаліся адзін перад адным, усё ж у яго быў інакшы, чым у іх, лёс. Аднак штосьці ў асобе гэтай жанчыны прыцягвала ягоную ўвагу, і ён, хоць і зь непрыязнасьцю да яе, сядзеў і слухаў.
— Адной табе кепска, — сказаў бамж. — Напарніка трэба.
— Дзе ж яго ўзяць — напарніка?
— А мяне вазьмі. Ці, можа, хлопца. А што — у войску служыў, дэзэрцір…
Салдат моўчкі ўстаў і берагам рэчкі пайшоў прэч.
Ён доўга й бяз справы хадзіў між хвояў, пазнаючы ўжо бачаныя мясьціны лесу, часам прыкмячаючы дзе сухія сукі, якія маглі б спатрэбіцца для агню. Лаўжоў у доле тут было мала, пад хвоямі шырока распаўзьліся зялёныя лапіклы чарнічніку, хутка павінны былі паявіцца й ягады. Але галоўнае баравое хараство буяла ўгары, у бронзавым пераліве хвояў, якія, бы на падбор, стаялі ўсе роўненькія — і таўшчынёй, і ростам, і колерам аздобы, які плаўна мяняўся з камля ад шэрага да ярка-залатога ў вершалінах. Ад гэтых хваёвых вершалін імкнула чароўнае лесавае хараство, якога не было ні ў якім іншым лесе. Аднак і тут панавала самота, і салдат не разумеў, чаму. Ужо гэткая баравая лагода павінна б суцешыць, заспакоіць, абнадзеіць чалавека, а во не абнадзейвала. Хіба паглыбляла тугу — добра яшчэ, што не бурыла спакой. Спакою было тут нават багата, і чалавек нярэдка пераставаў прыкмячаць яго.
Паяўленьне тут гэтай незнаёмай жанчыны, здаецца, сапраўды разварушыла трохі заспакоеныя пачуцьці салдата, пабудзіла ў ім паўзабытае пачуцьцё няёмкасьці. Падобна на тое, што ён пачаў адчуваць сябе лішнім ці, можа, пабаяўся страціць бамжа? Але бамж асабліва яго й не трымаў ля сябе. Болей за ўсё верагодна, што ён адчуў непажаданую пэрспэктыву адзіноты, ад якой ужо стаў адвыкаць. І цяпер гэтая жанчына…
Ён ніколі ня ўмеў нармальна адчуваць сябе побач з жанчынай, асабліва перад тымі зь іх, што былі старэйшыя, такія гаваркія і востраязыкія; іх жаночыя жартачкі, скіраваныя на яго, бянтэжылі й крыўдзілі яго. Ён злаваў часам, але не на іх — на сябе, ды нічога зрабіць ня мог, ня мог перасіліць сябе, толькі трываў. Калі не было магчымасьці ўстаць і пайсьці. Як во сёньня.
На чабаровай прагаліне ён паваліўся ў траву, прагна ўдыхаючы знаёмы гаючы водар, які памятаў яшчэ зь дзіцячых гадоў, як на канікулах жыў у бабулі. У полі ці ў лесе бабуля заўсёды зьбірала розныя зёлкі, сушыла іх у цёмных сенцах, і ён часам пытаўся: нашто? Ад хваробы, казала бабуля. Узімку прастудзісься, захварэеш, а я завару гарбаткі — пап'еш і паправісься… Калі б была жывая бабуля, пэўна, яна б і зараз заварыла якіх-небудзь лекаў — ад радыяцыі. Ён бы выпіў і быў здаровы. Але бабулі няма, а праклятая радыяцыя затаілася дзесьці паблізу й чакае. Чаго толькі чакае? І колькі будзе чакаць?