Ваўчыная яма
Шрифт:
Як пачало зьмяркацца, салдат вярнуўся на бераг. Ён думаў, што жанчына пайшла — што ёй тут рабіць зь імі? Але аказалася, што побач з бамжом яна сядзіць ля агню і пра штось ціха гутарыць. Штосьці расказвае. Каб не замінаць ім, салдат апусьціўся на абрыве зводдаль, пачаў азіраць затуманенае вечаровай смугой зарэчча. Там, між лугавога кустоўя, ужо паднімаўся туман, няроўным поцягам плыў-расплываўся ля рэчкі, мкнучыся да ўжо затуманенай лесавой далечыні. Як заўжды, сьвятло мкнула зьяднацца са сьветлым, цьма — зь цемнатой, мусіць, у тым і была іх таемная спрадвечная роднасьць. Як і яшчэ пацямнела, мужчына з жанчынаю ўсталі ад вогнішча й пайшлі ўгару, пад хвоі. Трохі счакаўшы, салдат спусьціўся да агню, падклаў палак і сеў на сваё звыклае месца — тварам да рэчкі. Ён пазіраў у агонь, але слых яго лавіў таемныя й яўныя гукі лесу. Сьпярша там чуўся наводдалі ціхманы гоман, пасьля быццам крык, які змусіў яго насьцярожыцца. А затым пасьля працяглага перапынку данёсься бесклапотны жаночы сьмех. Што б гэта ўсё азначала? — засяроджана думаў салдат, пра што-колечы, аднак, здагадваючыся. Але — толькі здагадваючыся. Самому ў такім становішчы апынацца не даводзілася, а з мужчынскіх размоваў можна было меркаваць аб розным.
Каля касьцярка ён і задрымаў пад ранак — як заўжды, паклаўшы галаву на калені, і прачнуўся, бо адчуў, што хтосьці падышоў побач. Гэта была жанчына, і яе голас аж спалохаў яго ў цішыні.
— Бедненькі, ён тут скорчыўся, бы сіротка, — казала жанчына, сядаючы побач. Яе лёгкая рука лягла на яго плячо, твар наблізіўся да ягонага твару, і ён адчуў яе незнаёмае дыханьне. — Напэўна, азяб?
— Ды не, нічога, — ціха адказаў ён, нечакана для сябе — амаль прыязна.
— Такі маладзенькі… Хочаш, я цябе пагрэю?
Салдат здрыгануўся ад настойлівага дотыку яе абедзьвюх рук, спрабаваў адхіліцца. Здаецца, ён спалохаўся і ўжо гатовы быў зьненавідзець сябе за той свой спалох. Але штось непадуладна калючае ўзьнялося ў ім знутры, і ён ваўкавата мовіў:
— Не нагрэліся… Там?
Жанчына ціхенька засьмяялася.
— Ды ну! Нагрэесься з вамі. Адзін стары, другі малы…
— Ну і хай, — сказаў ён. — Нашто ж тады вяжасься?
— Аташчалі, відаць. На жабах, — пасьля паўзы ўздыхнула жанчына і выразна з жалем сказала: — Што ж!
Пасьля, адхінуўшыся, скруціла цыгарку з «траўкай», прыпаліла ад дымнага дубчыка з вагню і ўстала.
— Думала, хоць парачку награжу. Дзеля помсты. Не атрымалася.
Салдат узьняў галаву — жорсткія словы жанчыны змусілі яго здрыгануцца.
— Чаго дзівісься? Кажу, наградзіць хацела. Сьпідзікам. Такім маленечкім, невылечным. Мяне ж таксама салдат наградзіў. Ну хай не салдат — афіцэр, якая розьніца. Так што табе пашэнціла, пацан! — жорстка паведаміла яна.
Салдат марудна спасьцігаў сэнс тых яе страшных словаў і ня ведаў, што адказаць. Дзякаваць або лаяцца. Хацелася запытаць: а як бамж? Але не запытаў. Хвіліну ён няўцямна пазіраў на жанчыну, якая, прысеўшы на кукішкі, са смакам зацягвалася «траўкай». Не дакурыўшы цыгарку, кінула яе ў вагонь і ўстала.
— Віднее. Пайду. На Ўкраіну ў які бок? Туды? — махнула яна рукой.
— Ну, — разгублена буркнуў ён.
— Я тут заплутала трошкі. Даўно не хадзіла. Іншыя справы былі, — наркота!
Наркота, наркота, — стукала ў ягонай галаве невыразная думка, і ён прыпамятаў яе ўчарашнія словы пра кілера.
— А кілер? — запытаў ён.
— Што? А, кілер! — спахапілася яна й засьмяялася, лёгка й шчыра. — А вы й паверылі!.. Ярунда ўсё. Гэта — па п'янцы…
Не разьвітаўшыся, яна хутка пайшла па сьцежцы да трысьняговай затокі, пасьля прыпынілася, і ў ранішняй цішыні сьвежа прагучэў яе недалёкі голас:
— І сьпід — ярунда! Схлусіла я вам. Так што ня бойцеся…
Салдат сьпярша падняўся, узіраючыся ў яе невялічкую на лесавым фоне постаць, затым апусьціўся зьбянтэжаны. І калі празь якіх паўгадзіны з абрыву да яго скочыў бамж, толькі сказаў:
— Пайшла.
— Хай ідзе, — абыякава азваўся бамж. — На Ўкраіне нарката дзешавей.
Салдат не хацеў яму ні пра што расказваць, ні тым болей — пытацца. Сам ён разумеў няшмат, але й таго, што ўцяміў, для яго хапіла…
Колькі наступных дзён іхны найбольшы клопат стаў — жабы.
Зранку бамж ішоў у недалёкае балота, там разуваўся, зьнімаў порткі і, асьцярожна ступаючы, лез у балота. Жабы і ня дужа ўцякалі ад яго, ляніва скакалі з-пад ног, і ён хапаў іх за даўгія жылаватыя лапы, піхаў у шапку. Праўда, жаб рабілася ўсё меней, трэба было добра палазіць па багне, каб налавіць на вячэру.
Салдат тым часам падкладваў у цяпельца дроваў і лез на абрыў. Паблізу ў бары ён ужо падабраў усё, што магло гарэць, цяпер па дровы трэба было ісьці далей, у дробны сасоньнік за баравым пагоркам. Здалёку цягнуць іх да рэчкі рабілася цяжка (ці, можа, хлопец так зьнясілеў), некалькі разоў на шляху ён адпачываў у доле, дарэшты спатнелы ў сваім зашмальцаваным бушлаце. Бушлата ён не скідаў ніколі, як ніколі не зьдзяваў свае кухвайкі бамж. «Усё маё нашу з сабой», — сказаў той аднойчы, як салдат заўважыў, што трэба б распрануцца, бо стала горача. Бамж не сказаў болей нічога, а салдат падумаў, што той, зь яго немалым вопытам, мае на гэты конт і пэўную рацыю. Ён таксама ніколі тут не распранаўся.
Пра палітыку яны не гаварылі, быццам палітыка іх не датычыла. Падобна было, што ў атамнай зоне яны выйшлі з зоны палітыкі, як і ўлады таксама, і падпарадкоўваліся адно ня менш строгім законам прыроды, законам выжываньня. Толькі аднойчы, як бамж прачнуўся на сьвітаньні, каб падмяніць салдата ля касьцярка, сказаў нібы ў працяг колішняй гутаркі ці, можа, чаго ўбачанага ў сьне:
— Знаеш, салдат, увогуле я — за камунізм. Начарта мне гэты капіталізм…
— Мусіць, таму, што капіталаў бракуе? — з усьмешкай сказаў салдат.
— Не, не таму. Пры камунізме мяне, мабыць, даўно б у турму пасадзілі. А тут пакуль каго не заб'еш, не пасодзюць.
— А вам што — у турму хочацца?
— Ня тое, каб хацелася. Але ў турме, калі параўнаць, — рай. Асабліва зімой. А што? Цёпла, кормяць, кампанія нейкая. А паспрабуй перазімаваць у паддашшы. Ці ў каналізацыі. Ды паваяваць зь міліцыяй, з крыклівымі дворнічыхамі. А ў сьмецьцевых скрынях пры дамах цяпер што знойдзеш? Людзі самі ўсё жаруць, толькі цалафан выкідваюць, — мовіў ён зь нейкаю нават крыўдай. — Начарта мне гэты капіталізм, лепш быў сацыялізм.
— Каўбаса дзяшовая, — у тон яму зазначыў салдат.
— І каўбаса, і шмат што іншае. Вазьмі агароды. Можна было пайсьці і накапаць бульбы ці там нарэзаць капусты. Нікому не шкада — усё калгаснае. А цяпер цябе гатовы з ружжа застрэліць за адну маркоўку. Вунь старога бамжа ў Зялёным і стрэльнулі. За дзьве маркоўкі аддаў жыцьцё. Не аддаў на вайне за радзіму, дык за дзьве маркоўкі аддаў. Не, нашаму брату пры сацыялізме лепш.
— Мусіць, пры сацыялізме і бамжоў не было. Не дазвалялася.
— Не дазвалялася, ага, гэта праўда. Нават жабракоў вывелі.
— А жабракі і бамжы — гэта не адно й тое ж?
— Вялікая розьніца, — сказаў бамж. — Жабракі просяць, а бамжы — ніколі. Хіба, калі ім самі даюць. Бо гонар маюць.
— Во як! А я й ня ведаў.
— Бо малады і шмат чаго ня ведаеш. Але я цябе навучу. Раскажу пра сацыялізм як вышэйшую фармацыю… Чаго? Капіталізму ці камунізму — ужо й забыўся.
— Але некаторым і пры капіталізме няблага, — сказаў салдат. — Вунь якія катэджы набудавалі. Зноў жа іншамаркі…