Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Ну, да вечара яшчэ далёка, – загаварыў дзед. – А сплаваць на Заікін востраў трэба. Кажы, Жэнька...
– Так, мне патэлефанаваў Мікалай Рыгоравіч. Мы яму сказалі, што знайшлі і зямлянку, і вінтоўку, і магілу, і нават праверылі, што магіла сапраўды тая, якую шукалі. Ён сказаў, каб каля 18 гадзін падагналі плыт да Заікінага вострава. Хоча сам пабачыць. То будзе вяртацца назад, няхай возьме шчупака, завязе да нас дахаты, бо сапсуецца тут… О, уяўляю, якія ў маці вочы будуць… Віцька, у нас маразільнік якраз пусты – будзе яму месца!
– Ага, а заўтра сюды ў ночвах паплывуць, – сказаў Віталь. – У нас жа толькі пакажы месца…
– А што, шкада?
– Чэсна – то не рыбы шкада. А вось востраў гэты такі дзікі… А тут кампаніі цэлыя гуляць пачнуць…
– Ну, гэта мы пабачым, – умяшаўся дзед. – Сяргей і Віктар, грабіце да Заікінага. У вас часу не так і многа. А мы пакуль шчупаку бруха пачысцім, з рыбай астатняй разбяромся…
Даплылі да Заікінага вострава хутка. На беразе іх чакалі мужчыны. Аднаго пазналі здалёк: Мікалай Рыгоравіч. А другі быў невядомы. У адмысловым касцюме, пры гальштуку, белая кашуля і… Сяргей не ўтрымаўся, прыснуў:
– Глядзі, гэты мужык, не здымаючы туфляў, па нашай дарозе ішоў…
Што праўда, то праўда – да калена ногі мужчыны былі ў чорнай гразі. Але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі. Сам Зарэмба быў у ботах.
І нечакана для хлопцаў з ценю вольхаў паказаліся ўжо знаёмыя ім постаці ў спартыўных касцюмах. Атрад “Пошук”!
Хлопцы ў разгубленасці саскочылі на бераг, захапіўшы вяроўчыну.
Зарэмба павітаўся з імі за рукі, павярнуўся да таго, у гальштуку:
– Ну, вось які да вас госць: старшыня райвыканкама, Аляксандр Мікалаевіч Баркоў. А гэта – Сяргей, гэта – Віцька.
– Вітаю вас, хлопцы, – незнаёмец моцна паціснуў рукі Сяргею і Віцьку, пільна глянуўшы кожнаму ў вочы. І адчулася, што гэты Баркоў добра ведае ўжо ўсё пра хлопцаў – мабыць, Зарэмба яму расказаў.
– А я вось з сабой вам на дапамогу яшчэ цэлы атрад прывёз, – Баркоў азірнуўся назад, паклікаў: – Ну, падыходзьце, знаёмцеся.
– А мы знаёмыя, – адказаў Сяргей, цвыркнуў слінай. – Толькі нешта я той гаманлівай не бачу. Як жа мы тут без такога камандзіра? І хто нам характарыстыкі пісаць будзе?
Баркоў уважліва паглядзеў на Сяргея, потым на Віцьку.
– Ну, давайце дамовімся, што памылкі ва ўсіх бываюць, праўда? Вось, мы сваю выправілі – у атрадзе зараз сабраліся сапраўды тыя хлопцы і дзяўчаты, якіх хвалюе родны край і яго гісторыя. На востраве ж спраў яшчэ многа, правільна нам ваш камандзір па рацыі далажыў?
– Ну, магілу мы адшукалі, – загаварыў Віцька. – Зброю… трэба пашукаць.
– Вось, а хлопцы з сабой металашукальнік вязуць.
– Праўда?
– Праўда, вось, – сказаў падышоўшы бліжэй хлопец гадоў дваццаці двух і паказаў нешта складзенае і загорнутае ў брызентавы чахол. – У ваенных пазычылі. Я камандзір атрада, завуць мяне Андрэем. Працую ў ваенкамаце. А сам родам з вёскі.
– А яшчэ, думаем, – прадоўжыў Баркоў, – што трэба да ладу прывесці і саму зямлянку. Гэта ж памяць, праўда? Ну, як вам наша прапанова ў дапамозе?
– Згодны!
– Выдатна!
– Ну дык што, падвезяце нас на востраў? – паўжартам спытаў Зарэмба, скокнуў на плыт. – Бач, як трымае добра. Добрая канструкцыя. Слана вытрымае, мабыць.
– Ну, дазвольце і мне, – Баркоў не стаў скакаць – ён крочыў у ваду. Усё адно ж па калена ў гразі.
– Чакайце, мы сходні скінем, – заспяшаўся Віцька.
– Ат, не трэба, – мужчына ўжо каленам стаў на плыт. Зарэмба падаў яму руку.
– І чаравікаў вам не шкада, – не ўтрымаўся Сяргей, калі і яны з Віцькам былі на плыце.
– А я старыя спецыяльна абуў, – патлумачыў Баркоў. – А штаны памыюцца, – усміхнуўся ён. – Так, значыць, плывем на востраў, атрад застаецца пакуль тут. Назад мы вяртаемся самі, а атрад пераправіцца на востраў. Гэй, на беразе, глядзіце ўважліва, да якога вострава плыць! Зарэмба, станавіся са мной на вёслы, памахаем крышку. А вы, хлопцы, кіруйце, – загадаў ён.
– Ды мы самі, – засаромеўся Віцька, не выпускаючы вясла. – Тут дваццаць хвілін.
– Ну, што, ты не дасі мне дзяцінства ўспомніць? Я ж на рэчцы вырас, далёка адсюль. На лодках плаваў, так што і тут змагу, – засмяяўся Баркоў.
Плыт пад шырокімі ўзмахамі двух мужчын павольна набраў хуткасць.
– Ну, як вам там, не сумна на востраве? – пытаўся Зарэмба. – Спаць не холадна было?
– Ды не, не холадна. А сумаваць часу не было.
– А рыба ёсць? Правяралі?
– Ёсць, – пераглянуліся між сабой хлопцы. – Шчупака злавілі.
– Вялікага?
– Так, добрага. Не паднялі ўдвух, – знарок абыякава адказаў Віцька.
– Ты што? Праўда?
– Пабачыце…
– Вось так, Аляксандр Мікалаевіч, – загаварыў Зарэмба. – А вы кажаце тут дарогу да вострава будаваць. Ды на наступныя выхадныя ад лодак цесна будзе. Лесу на астравах не застанецца, папаляць у кастрах. Жадаючых адпачыць – вунь колькі.
– Ну, на тое служба аховы прыроды ёсць, – адказаў Баркоў, але не было ў яго словах упэўненасці. – Але рацыя ў тваіх словах ёсць. Я бачу – плыт гэты ў хлопцаў куды больш надзейны, чым я думаў. Так што пяцёра дарослых чалавек ён вытрымае. Дасі каманду, няхай яшчэ па пары камер з трактароў пачэпяць па баках … Значыць, група па перазахаванні спакойна і на гэтым плыце паплыве. А вось дарогу… Так, дарогу рабіць не будзем. А то на аўтамабілях праз твае палі пачнуць на гэтыя астравы ездзіць. А вось кладкі зрабіць трэба. У складзе камісіі па перазахаванні будзе жанчына, не станем жа мы яе прымушаць па гразі хадзіць. Матэрыялы знойдзеш?
– Знойдзем, – адказаў Зарэмба. – Дзве хаты без гаспадароў стаяць, разбяром, будуць і дошкі, і слупы. На першы час хопіць.
– Добра, – згадзіўся Баркоў, апусціў вясло ў ваду, агледзеўся вакол. – Гэта ж трэба: такая прыгажосць вакол нас, а не кожны дзень і звернеш на яе ўвагу…
Вакол сапраўды было велічна. Плыт быў недзе на сярэдзіне тоні. Ветру не было, вада была спакойная, і мо ўпершыню хлопцы ўбачылі, як на паверхні тоні адбіліся аблокі… Плыт быццам стаяў пасярод другога неба: крыху цямнейшага за сапраўднае, затое больш густога і насычанага…
Гасцей сустрэў дзед Васіль. Павіталіся, пайшлі да лагера.
Вохкалі госці, зусім па-дзіцячы гарэлі іх вочы, калі пабачылі яны шчупака – ужо з распоратым і вычышчаным брухам.
– Усё, я на гэтыя выхадныя буду на тоні! – загарэўся Зарэмба.
– Я табе дам тоню, травы някошаныя стаяць, за шчупакамі сабраўся, – прыгасіў яго пыл Баркоў, і не зразумець адразу было: жартуе ён ці сур’ёзна кажа. – Адно пушчу, калі мяне з сабой возьмеш, – і засмяяўся.
Потым усе пайшлі да магілы. На ёй стаяў шэравата-жоўты дубовы просты крыж. Моўчкі пастаялі хвіліну.