Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

– Гуляе наша рыба, – у захапленні загаварыў Віцька. – От, глядзі, глядзі!

Велікаваты карась проста выскачыў з вады ажно, плёхнуўся назад, толькі кругі пайшлі па вадзе.

– Ой, як скача! – выгукнула Жэнька.

– Гэта ўжо не гуляе, – пракаменціраваў Віталь. – Гэта ўжо ён жыццё сваё ратаваў. За ім палявалі…

– Ну, зробім справу – сяду на дзень са спінінгам! – паабяцаў сам сабе Сяргей. – Ніколі яшчэ шчупака не лавіў.

– І я не лавіў, – прызнаўся Віталь. – Дзядзька спінінг падарыў, а мне з ім і хадзіць не было куды.

– Я спрабаваў, нічога няма складанага. Галоўнае – акуратна і не спяшацца, – супакоіў усіх Віцька. – Адзін спінінг на траіх – паспрабуем усе.

Узбуджаныя, вярнуліся да кастра. Там ужо і Нэла падстаўляла складзеныя далонькі – дзед паліваў, яна ўмывалася. Чайнік на кастры закіпаў.

Хутка сталі гатаваць сняданне.

Чай, бутэрброды – есці пакуль не хацелася. Узбуджаныя будучымі пошукамі, снедалі хутка.

Жэнька звязалася па радыётэлефоне з дыспетчарскай. На гэты раз Зарэмбы не было – сказалі, што ён паехаў у раён. Жэнька перадала, што ў іх усё добра, каб не хваляваліся. Пачынаюць пошукі.

…Ішлі, як і дамовіліся – на дзесяць крокаў адзін ад аднаго, строга па прамой. Так вырашылі ля кастра. Прачэсвалі літаральна ўвесь лес, шукалі зямлянку.

Проста сказаць было – ісці ланцугом. Тут паспрабуй прайдзі, калі лес рос гэтулькі гадоў сам па сабе. Таму і ішлі паволі. Калі хто прыпыняўся, яго чакалі, нехта знаходзіў нейкае паглыбленне – падыходзілі, спрабавалі раскапаць трохі, дакладна вызначыць: яма гэта ад вываратня якога засталася ці гэта зямлянка…

Востраў аказаўся не такі і маленькі. Ад іх плыта трэба было прайсці добрых пяцьсот метраў праз лес. І то лес не заканчваўся, не абрываўся, а паступова ўсё больш вольхаў траплялася на шляху, з’яўляліся вялікія нізкія ўчасткі з вадой. Далей – болей, радзеў і святлеў лес, адначасова нібы спускаючыся ў балота. Нарэшце дрэвы знікалі, кусты вербалозу стагамі ўзнімаліся на цяпер ужо роўнай, парослай дзе асакой, дзе разнатраўем паверхні. А пад нагамі знікала цвёрдая зямля. Хлюпала, засмоктвала імкліва…

Круглым востраў не быў, і як Віталю не карцела хутчэй скласці яго дакладную карту, гэту справу адклалі на потым.

Праз тры гадзіны пошукаў зямлянку знайшлі.

Ніякіх сумненняў не было, што гэта – зямлянка. Адразу за вываратнем быў добра бачны паўабвалены ўваход, з невялікага ўзгорка тырчалі спарахнелыя камлі нятоўстага бярвення – адразу можна было сказаць, што гэта – насыпаны дах падземнага жытла.

І дзед Васіль адразу прысеў на выварацень, стаў нервова даставаць сваю бляшанку з тытунём.

– А ад нашай палаткі зусім недалёка, – азірнуўся назад Віталь. – Ну, што, давайце па інструменты збегаем…

Прынеслі рыдлёўкі, трыножнік тэадаліта, сам тэадаліт. Яшчэ – тры вешкі з Віталевага набору.

Віцька з Сяргеем узяліся за рыдлёўкі. Віталь настроіў тэадаліт, заглядваў у акуляр – вышукваў адсюль вешку на беразе тоні, ля плыта. Яе не было відаць за кустоўем. Жэнька пабегла – перанесла вешку і паставіла перад кустамі. Віталь хутка накідваў прыблізны план вострава, дакладна адзначыў толькі адно месца: становішча зямлянкі адносна стаянкі іх плыта і лагера.

Сяргей і Віцька тым часам раскапалі ўваход у зямлянку, адкінулі спарахнелыя рэшткі бярвення.

– Там, у куце справа, павінны быць зямлёй прысыпаны нямецкі карабін. Ён без патронаў у нас застаўся, – сказаў дзед Васіль, у чарговы раз круцячы самакрутку. – Як наша гэта зямлянка і калі пасля нас хлопцы не краналі нічога…

– А вы сумняваецеся? – спытала Жэнька.

– Цяжка сёння паверыць, што гэта ўсё было, – ціха адказаў дзед.

Нырнуў у зямлянку Сяргей.

– О, тут столь вось-вось абваліцца… Трэба зверху скідаць усё, – зазначыў ён. – А то прыцісне…

– Скідайце, – дазволіў дзед Васіль.

Пачалі скідаць асцярожна зверху зямлю з рэшткамі бярвенняў. Пакрысе стала вымалёўвацца зямлянка – сцены і падлога. Самая звычайная яма, прамавугольная, два на тры метры . У цэнтры – вуголле ад кастра, некалькі камянёў. Адрэзкам тоўстага дроту, востра заточанага з аднаго канца – шчупам – Віцька абмацаў указаны дзедам кут. Стальны дрот мякка ўваходзіў у зямлю, нарэшце непрыемна скрыгатнула жалеза аб жалеза.

– Ёсць нешта!

Хутка раскапалі. Так і ёсць – карабін з іржавай руляй, а прыклад ніколькі не спарахнеў.

Асцярожна паклалі зброю на выварацень. Жэнька шчоўкала і шчоўкала фотаапаратам, не шкадуючы плёнкі.

Дзед Васіль узяў у рукі карабін, агледзеў уважліва прыклад.

– Гэта мой… Першага свайго і адзінага фашыста я з яго застрэліў.

– Адзінага?

– З гэтага карабіна – адзінага. Потым у мяне аўтамат быў, ППШ. Цяжкі быў вельмі для мяне, плячо балела яго насіць. Але надта ж сек добра…

Карабін адчысцілі збольшага ад зямлі, разглядвалі кожны па чарзе доўга, прымерваючы да сваіх плечукоў сапраўдную зброю.

– Ну, вось, знайшлі… – Віталь прысеў перад зброяй, асцярожна ўзяў у рукі карабін. – А той …партызан пісаў, што ён таксама зброю хаваў… А ў якім прыблізна баку магіла?

– От сяджу і думаю, – адказаў дзед Васіль. – Той хворы партызан не мог далёка адцягнуць трупы. І не думаю, што цягнуў у бок ад увахода. Так што будзем шукаць у гэтым накірунку, – павеў дзед рукой.

– То шукаем?

– Не, робім перапынак, – распарадзілася Жэнька. – Вяртаемся ў лагер, інструменты кідаем тут. Перакусім чаго, а то адзін чай з бутэрбродамі пілі, а ўжо хутка поўдзень. Хто ведае, колькі мы часу магілу шукаць будзем, – патлумачыла яна напрыканцы.

– І так правільна, – падтрымаў яе дзед Васіль. – Не будзем спяшацца.

Відавочна было, што стары надта ўсхваляваны. Гэта зразумелі ўсе, і ніхто не стаў пярэчыць Жэньцы.

Інструменты пакінулі, а карабін – сваю першую знаходку – ўзялі з сабой. І тэадаліт, вядома, Віталь зняў з трыножніка.

На абед патрацілі больш за гадзіну. Крыху адпачылі, ніхто не рваўся ісці – без слоў разумелі, што каманду на гэта павінен даць толькі дзед Васіль.

І сам дзед зразумеў чаканне астатніх. Скурыўшы чарговую сваю смярдзючую цыгарку, падняўся, агледзеў хлопцаў:

– Ну, што, давайце пойдзем шукаць… Цяжкавата будзе: узгорак над магілай даўно асеў, хутчэй невялікая яміна будзе… І камяні тыя ў траве ды пад ігліцай схаваны могуць быць…

У апошніх словах дзеда хутка пераканаліся – лес паўсюдна здаваўся аднолькава роўным. Нідзе не было відаць ні ўзгоркаў, ні аднаго вялікага каменя.

Праз паўгадзіны безвыніковых пошукаў Віталь прапанаваў:

– Слухайце, так шукаць – нічога мы не знойдзем. Застаецца адно: дакладна праходзіць кожны метр.

– Гэта як?

Поделиться с друзьями: