Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Пачалі грэбці ў тым напрамку, дзе пад вадой хавалася лёска. Віцька пакручваў катушку, але лёскі намотвалася толькі на столькі, на колькі набліжаўся плыт.

– Нешта цягне, – раптам са страхам прашаптаў Віцька. – Нешта цягне!

– Не кідай! – закрычаў Сяргей, бачачы, як задрыжалі ў Віцькі рукі.

Было нястрымна бязлюдна тут – сярод чорнай вады, на паверхні якой беглі аднолькава роўныя частыя хвалькі. Вецер стаў нечакана халодным. А з аднаго і другога боку на сонца насоўваліся дзве сіне-фіялетавыя хмары. І нешта нябачнае ў глыбіні роўна, з неймавернай сілай цягнула лёску, а за ёй вуду і самога Віцьку ў халодную глыбіню…

Сяргей перахапіў спінінг – цяпер яны трымалі яго разам і разам адчулі, як нешта там, у глыбіні, роўна і неўтаймавана цягне, цягне і цягне.

– Адпусці, няхай размотвае… адпусці тормаз, – шэптам загадаў Сяргей.

Лёска пачала размотвацца – роўна, быццам пад вадой была такая ж катушка і там нехта намотваў лёску – не спяшаючыся, пакрысе.

– Прытарможвай, прытарможвай…

Але прытарможваць было дарэмна. Калі лёска разматалася ўся, хлопцы адчулі, што іх цягнуць разам з плытам.

– Віталь, грабі!

Віталь сутаргава гроб адным вяслом, але плыт разварочвала, і ён плыў.

– Трымай! Упрыся ў парэнчы спінінгам і трымай толькі! – Сяргей дапамог Віцьку паставіць спінінг так, каб невядомая сіла прыходзілася не на рукі хлопцаў, а больш на парэнчы, сам схапіў другое вясло.

Яны граблі хвілін колькі – плыт як быццам спыніўся. Лёска аслабла – і Віцька не разгубіўся, імкліва наматаў слабіну на катушку.

Потым іх зноў пацягнула – на гэты раз крута ў другі бок. І зноў спыніліся, зноў крыху аслабла лёска. Хлопцы супакоіліся, прайшла разгубленасць перад невядомым, пачыналася нешта падобнае на нечаканае спаборніцтва. Віцька зноў падматаў лёску. Зноў іх плыт панесла – ужо ў другі бок. І зноў энергічна граблі…

Па метры, па два падмотваў Віцька лёску. Плыт ужо амаль не кранаўся з месца, толькі млява паварочваўся туды-сюды. Віцька намотваў лёску, хлопцы ціха падграбалі.

– Божачкі! – выгукнуў спуджана Віцька.

Сяргей і Віталь кінулі вёслы, падскочылі да Віцькі.

І пабачылі тое, што так напужала іх сябра – да плыта ў верхнім слоі вады набліжалася чорнае, жывое бервяно. Яно ледзь рухалася, але ў ім адчувалася столькі сілы, што здавалася: захоча – праб’е наскрозь іх плыт.

– Што гэта?

– Чорт ведае. Шчупак, відаць…

– Такі здаровы? Ён жа Нэлу праглыне…

– Не праглыне… Не падмотвай больш. Трымай толькі. Як моцна пацягне – адпусці крыху… Віталь, давай на вёслы. Будзем грэбці да берага. Толькі не надта спяшайся…

Яны грэблі хвілін дзесяць – за гэты час Віцька крыху адпусціў лёскі. Яшчэ колькі ўзмахаў вёслаў – плыт падышоў да берага.

Там Жэнька з неразуменнем глядзела на заклапочаных хлопцаў. Яна і Нэла зайшлі ў ваду, чакалі плыт.

– Выходзьце з вады, – засіпеў, а не закрычаў Віцька. – Клічце дзеда!

Дзед Васіль ужо сам падыходзіў да берага. Ён зразумеў усё адразу, як толькі пабачыў, з якім напружаннем Віцька трымае спінінг.

Ён дапамог Жэньцы і Нэле вылезці на стромкі бераг.

– Не хвалюйцеся, не хвалюйцеся, усё вы правільна зрабілі, – стаў казаць да хлопцаў на плыце. – Так, памучылі рыбку, няхай яшчэ моцы пагубляе… Падцягвай, падцягвай пакрысе… Сяргей, скачы долу, бяжы да палаткі і нясі сякеру, – гледзячы пільна на ваду загадаў дзед. – Віцька, як моцна пацягне – адпускай памалу, не трымай, а то парве лёску. А потым падцягвай…

Сяргей скокнуў з плыта на бераг, ірвануўся ў бок іх палаткі, вярнуўся назад з сякерай. Дзед Васіль перахапіў яе з рук хлопца, спакойна пайшоў у ваду ў напрамку напятай лёскі.

– Ну, паспрабуйце падцягваць… Цягні не катушкай, а рукамі, а потым падмотвай.

Сяргей перахапіў спінінг з рук Віцькі – у таго пабялелі ўжо пальцы. Віталь трымаў спінінг таксама, Сяргей прыўздымаў яго, апускаў – і ў гэты момант падкручваў лёску.

– Ну, бервяно цягнецца…

Дзед Васіль крок за крокам ішоў насустрач гэтаму бервяну. Ён быў ужо ў вадзе па пояс. Узняў над галавой сякеру абухом наперад, чакаў. І ўрэшце рэзка апусціў.

Раздаўся глухі ўдар, а потым звонкі ўсплёск, цэлы фантан пырскаў паляцеў. Сяргей зрэагаваў – адпусціў крыху катушку. Дзед ударыў яшчэ раз.

– Цягніце, хлопцы. Сыходзьце з плыта, на бераг цягніце…

Падцягвалі на бераг – і страшней стала ўдвая, калі пабачылі велічыню рыбы.

Шчупак быў куды больш за метр у даўжыню, неверагодна тоўсты. Амаль трэць цела – вялізная галава. А пашча – праз усю галаву. Ён быў аглушаны ўдарамі сякеры, пашча раскрылася – страшэнная, уся ў крывых вострых зубах.

Сяргей міжволі ўздрыгнуў, глянуўшы на Нэлу і ўспомніўшы словы Віцькі: “Ён жа Нэлу праглыне”. Безумоўна, у разяўленай пашчы шчупака лёгка б умясцілася галоўка Нэлы.

Дзед Васіль ударыў абухом па галаве шчупака яшчэ раз – і той ў апошні раз устрапянуўся. Падхапіўшы рыбіну пад жабры, Віцька з Сяргеем выцягнулі яе на бераг.

– Божачкі… – выдыхнула Жэнька і ўспомніла нарэшце, што трымае ў руках фотаапарат. – А Нэле можна падысці?

– Можна, – усміхнуўся дзед. – Бач, які трапіўся. Мо адзін такі на ўсю тоню…Ай, малайцы, такога звера выцягнулі!

Побач з Нэлай шчупак выглядаў яшчэ страшней – сапраўдная пачвара са сну. Утрох хлопцы ледзь паднялі яго на рукі – а Жэнька пстрыкала фотаапаратам. Напружанне прайшло, і ўжо Віталь смешна пераказваў і паказваў Жэньцы, як напалохаўся Віцька:

– Уяўляеш, вада чорная, на небе хмары, ветрык узняўся – а Віцьку за той канец спінінга схапіла ведзьма і цягне ў сваю тоню. Ды яшчэ прыгаворвае, прышэптвае: “Ідзі да мяне, парушальнік майго спакою”!

– Ага, а сам смелы, – агрызаўся без злосці Віцька. – Схапіў вясло і плёскае, плёскае па вадзе, а плыт толькі круціцца. І вочы па яблыку, крычыць: “Кідай, ратавацца будзем”.

– Ага, мані, нічога я не крычаў!

– Крычаў, гэта ў цябе вушы ад страху залажыла, свайго голасу не чуў. Бывае такое… – падкалупнуў і Сяргей.

Смяяліся, глядзелі і не маглі наглядзецца на такога шчупака – ніяк не верылася, што гэта іх здабыча. Ды яшчэ столькі карасёў!

– Так, і што ж мы з гэтым зверам рабіць будзем? У нас і посуду такога няма, каб цалкам засаліць. А на кавалкі секчы…

– Павязём дадому, – сказала Жэнька на поўным сур’ёзе.

– Ты што, якое дадому? Вечар хутка…

Поделиться с друзьями: