Вялікі Шан Ян
Шрифт:
— Але ж ён за Паднябесную, — горача ўставіў купец. — Хіба нельга дзеля такога ахвяраваць чымсьці?
— О, ублюдкі і сыны чарапахі, — раптам застагнаў вучоны. — Косці людскія на дарогах, а ім падавай Паднябесную.
— Слухай, высокавучоны, — з раптоўнай зацікаўленасцю спытаў купец. — Ты часам не з кола Мэн-цзы? [14] Ты ж супраць Шана.
— Я ведаю Мэн-цзы, але я не з яго кола. І не з кола яго ворагаў.
— Хто ж ты, такі рэдкі?
— Я за народ. Усе, хто карае яго за розум і праўду, — шум на супе.
14
Мэн-цзы (372–289) — філосаф, вораг сістэмы "фацзя" (легізму), створанай Шан Янам.
— Як імя тваё?
— Жун Лун… Але Цзы казаў: "Хто служыць цераз пасрэднiцтва дао, не скарае другiя народы сiлаю войскаў, бо гэта можа звярнуцца супраць яго, бо там, дзе пабывалi войскi, — там цернi i калючка"… бо "вышэйшага пакарання заслугоўваюць тыя, што любяць вайну, а затым тыя, хто арэ пусткi, бо яшчэ i старая зямля не дае таго, што можа, i запушчана нядбальствам, бо ворыва новай зямлi па загаду Шан Яна — ёсць толькi пагроза суровых пакаранняў, а па нашай думцы — абкраданне капiлкi сыноў i ўнукаў".
— Адкуль ты так ведаеш гэты трактат?
— Трэба ведаць ворага ўсёй сваёй памяццю, — адказаў той. — Ты памятаеш, калі трактат распаўсюдзілі, Шан забараніў абмяркоўваць яго і, на знак таго, што не жартуе, саслаў на вёску тых, што насмеліліся яго хваліць. Значыць, выключалася будзь якая крытыка цара.
— Ты з тых?
— Не. Я проста ўцёк тады. Таму і ўцёк, што мне хацелася не хваліць, а крычаць ад жаху і гневу. Ад таго, куды вядзе гэты нягоднік мой народ, вялікую зямлю маю. Ад таго, што ён забараніў на ёй думаць, што ён выбіў лепшых, мозг і сумленне краіны.
Купец маўчаў. Мабыць, чакаў, пакуль субяседнік выкажа сябе да канца. Таму пакуль атрымоўвалася не размова і не спрэчка, а маналог з рэплікамі.
— Памятаеш, што ён сказаў? "Калі веды заахвочваюцца… немагчыма кіраваць краінай". А хто сказаў, што краінай павінен кіраваць адзін, а не ўсе? І вось падтрымліваюць хлуслівыя веды. "Калі людзі дурныя, іх лёгка прывучыць дя цяжкай працы, а калі разумныя, то нялёгка" [15] . І вось знішчаюць цвет народны. "Як атрутную траву" [16] . "З гэтых людзей — моцных трэба зламіць, красамоўных — прымусіць прыкусіць языкі". Разбэсціць іх кармушкай, бо, "імкнучыся да выгады, людзі забываюць пра "лі", імкнучыся да славы, губляюць у сабе чалавека… Таму яны пойдуць на ўсё, што скажа правіцель, калі гэта абяцае ім выгаду?" [17] Які цынізм! Як гэта сумна!.. Ніякіх лі, музыкі, абавязку, ніякіх нацыянальных традыцый. Бо ад іх паўсюль пракрадзецца нараканне… Застаецца толькі адно рабскае земляробства, і тупыя тысячнікі, і крывавыя сымы [18] , і кіраўнікі армій, і вайна. Зямля і вайна.
15
Шан", р. 8.
16
Кніга "Даодэцзін".
17
"Шан", р. 17
18
Кіраўнікі конніцы.
— Аднак не будзеш жа ты, о высоканавучаны, адмаўляць неабходнасць войска.
— Я адкажу табе словамі кнігі "Даодэцзін": "Войска — зброя няшчасця, яно не з'яўляецца зброяй высакароднага. Ён ужывае яго толькі тады, калі яго да гэтага вымушаюць. Праслаўляць сябе перамогамі — значыць радавацца забойству людзей. Якое ж такому спачуванне ў краіне? Калі забіваюць многіх, дык аб гэтым трэба горка плакаць. Перамогу трэба адзначаць жалобнай цырымоніяй".
У купца непрыкметна нарастаў цень раздражнення. Злёгку паторгваліся краёчкі вуснаў. Проста ён ніколі не чуў іншага за "Шан-цзюнь шу". Асабліва ў такой стройнай сістэме, якая ламіла ўсё.
— Але ж ён змагаўся супраць вярхушкі за аднаго моцнага цара.
— Адзін ці другія — усе яны вартыя адзін аднаго.
— І ты ж не будзеш адмаўляць, што ён быў супраць прыватнага рабаўласніцтва.
— Ясна чаму. Не з дабрыні ж да рабоў. Проста тады рабы не плоцяць налогаў дзяржаве. А рабам усё адно, каму плаціць, арыстакрату ці цару. І ён скараціў колькасць вольных абшчын, забыўшы, што ўсе мы — людзі на зямлі. Я ведаю, чаму ён рабіў гэта. Вось раздзел "Аб аслабленні народа". "Калі народ слабы — дзяржава моцная, калі дзяржава моцная — народ слабы… Таму аслабляй народ". І што такое цар, дзеля якога ён стараўся? "Калі гасудар праводзіць палітыку, ненавісную народу, народ слабее" [19] . Няпраўда. Гэта часовая моц. Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных сянаў [20] , тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі. Калі вучоны і годны не знаходзяць месца — сорам кіраўніку. Калі на яго месцы падлюга — сорам правіцелю. Дай простаму народу тое, што ён жадае; пазбаў таго, што адвяргае, — іначай шчасце табе здрадзіць. А адзін над усімі — гэта смешна. Адзін — ці дзесяць, — выходзіць, працуе, а краіна лайдачыць.
19
"Шан", р. 20.
20
Дарадцаў цара.
Яны маўчалі. Купец відавочна злаваўся, не знаходзячы аргументаў.
— Ты гаворыш аб годных — урэшце сказаў ён. — Усе вы так. Ну а што б ты адказаў, каб табе прапанавалі быць першым сярод сянаў. Абедзвюма рукамі б…
— Тое, што сказаў Чжуан Чжоў паслам: "Вы абяцаеце тысячы залатых, высокі пост… Але хіба вы ніколі не бачылі, як прыносяць у ахвяру быкоў?…Іх шмат год гадуюць, прыбіраюць у парчу і так вядуць у храм. Каб у такі момант бык захацеў зрабіцца мізэрным парсючком, хіба гэта яму ўдалося б? Ідзіце адсюль і не апаганьвайце мяне! Лепей качацца ў гразнай канаве, чым пастаянна знаходзіцца пад ярмом правіцеля. Да канца дзён не служыць нікому — вось маё запаветнае жаданне. Я не хачу служыць валадарам. Цяперашнім, без сораму і сумлення." [21] .
21
Гэты факт прыводзіцца ў кнізе Сыма Цяня "Шыцзі" ("Гістарычныя запіскі") у "Жыццеапісанні Лао-цзы і Хань Фэй-цзы". Сыма Цянь (II–I стст. да н. э.), "бацька кітайскай гісторыі", апісаў, між іншым, гісторыю Шан Яна і асудзіў яго. За праўду і смелае заступніцтва за несправядліва асуджанага Сыма Цянь быў вылегчаны імператарам У-Дзі.
Купцова рука непрыкметна слізнула пад плашч. У гэты момант, пралятаючы над галовымі іхнімі, пранізліва і трывожна енкнула нейкая вялізная раскрыленая птушка. Купец уздрыгнуў і вытаргнуў руку. Жун Лун быў па-ранейшаму непарушны і глядзеў убок.
— Чыясьці душа, — сказаў ён. — Нехта памёр і папярэджвае пра гэта мяне. А можа, і цябе.
Купец сядзеў зніклы, нібы з яго выпусцілі паветра. А вучоны снаваў сваю думку далей, хаця яго трэслі ліхаманкавыя дрыжыкі.
— Не служыў, нават каб не забівалі кліна ў галаву, нават каб не закопвалі варожых палонных, такіх жа кітайцаў, не, проста гэткіх жа людзей у зямлю. Нават каб не вешалі за праўду, а проста садзілі ў турмы на месяц або знявольвалі ва ўласным доме — і тое гэта было б бессаромнае і аблуднае злачынства. Што ж казаць пра тое, што цяпер?.. І заўваж, за дробныя праступкі — вялікія кары. Караюць усіх. Але калі высакародны і подлы аднолькавыя перад законам — падае павага да таго, каго трэба паважаць. І, перш за ўсё, да цара, які слухае Шана і яго "фацзя", тэорыю самага ашалелага дэспатызму. Непасільны прыгнёт на зямлі, праца на ўсіх — ад цара да дробнай мясцовай чыноўніцкай сволачы. І вайна з-за крыважэрнасці, з-за жадання давесці, што вы лепшыя, адзіныя ў Паднябеснай, самыя разумныя на зямлі. Косткі мерцвякоў на дарогах, а гнілыя, разадзетыя, як пеўні, дзяды ядуць ластаўчыны гнёзды і суп з вярблюджага капыта. Чым заплоціць Шан за тое, што пасеяў? За тое, што ў нас не тое, што няма права на праўду, няма правоў, а няма нават някранутага разумення, што такія правы могуць быць.
Жун Лун нешта мармытаў, кладучыся, стараючыся як найшчыльней падторкнуць плашч сабе пад ногі. Пасля стомлена самкнуў павекі і, нібы трызнячы, нібы паступова засынаючы, стаў шаптаць:
— Бедныя Сем царстваў… Бедная Паднябесная… І ўсё гэта кара за грахі нашых душаў… Мы вялікі, таленавіты народ. І мы страшны народ. Бо варта Шан Яну, ягонаму гаспадару Сяо-гуну, або прынцу-спадчынніку Хуэй-вану, або іншаму мярзотніку даць кліч баявых калясніц, і ўсе мы, нават самы мудры, самы добры, хапаем бамбукавую дзіду і ідзем таптаць справядлівасць, святасць, праўду і чысціню… У-у, які вецер!.. Узгоркі, здаецца трэснуць ад ветру… Дорага заплаціць за гэта калісьці мой народ… І… твой народ… Гансунь Ян.
Ён мармытаў і далей нешта зусім бязладнае, а пасля змоўк. Ці то заснуў, ці то знепрытомнеў.
Гансунь Ян паляжаў хвіліну, гледзячы ў высокія і халодныя вочы зорак, якія міргалі яму, і адразу ж праваліўся ў сон.
Спаў ён мала, як звер, і прачнуўся адразу, свежы, нібы наліты сілай і яснасцю. Усё тыя ж вялізныя вочы паўдзённых зорак глядзелі на яго з вышыні. Усё так жа гарэла вогнішча. Усё тая ж была ноч.
Вучоны ўжо зноў сядзеў ля агню. Стары — а можа, старападобны — твар ягоны быў яшчэ больш бяскроўны. Веi самкнёныя. Вусны амаль бязгучна варушылiся, як на малiтве.
Але ён адчуў, што абудзілі яго не зноў ажыўшае вогнішча і не гэты шэпт. Ён не ведаў — што. Але ён адчуваў уначы набліжэнне чагосьці варожага. Яно набліжалася неадольна і няўхільна.
…І сапраўды, праз хвіліну здалёк даляцеў спярша няясны, а пасля акрэслены, грозны і дзікі матыў. Недзе вялі яго дзесяткі грубых галасоў. І ён хутчэй здагадаўся — бо адтуль далятаў акрамя пагрозных галасоў, яшчэ і нейкі невыразны пошчак — што гэта было. Уначы ўсяўладна гучала "Песня баявых калясніц". Сто разоў хадзіў пад ёй чалавек. Нёс, як бунчук. А яна плаціла гордаю ўпэўненасцю. Ён смутна, шостым пачуццём, як заўсёды пазнаеш знаёмае, пазнаў словы, мабыць, першага прыпеву: