Вялікі Шан Ян
Шрифт:
— Тамтэйшыя ваны мае вучні.
— Вось я й баюся, што яны твае вучні, — са з'едлівай усмешкай сказаў Жун Лун.
— Буду жыць. То што твая нянавісць?
— Хачу, каб ты жыў, каб дайшоў да канца свайго кола, каб усе, выхаваныя табой, здрадзілі табе, каб адракліся дзеці, каб ты пракляў сваё смярдзючае вучэнне, як дваццаць год праклінае яго твой народ. А можа, пракляне і чэрава, якое спарадзіла цябе і твае думкі пяцьдзесят адзін год назад. Табе ж пяцьдзесят адзін, Шан Ян?
Вялікі канцлер у гневе падступаў да жоўтага, як бледны лімон, знясіленага чалавека, што сядзеў на траве ў пляме крыві. Вочы ягоныя гарэлі ад гневу, але не маглі сустрэцца са спакойным агнём вачэй філосафа. А той кідаў яму страшныя, як старадаўні праклён, словы:
— Ты не ўбачыш, як твая радзіма тупасцю насмерць зраніць цябе. І ў гэтым самы вялікі мой жаль. Але гэта будзе. І нашчадкі праклянуць цябе, і ніхто, акрамя мярзотніка, адкрыта не скажа, што любіць цябе. Але — і ў гэтым твой самы вялікі праклён — многія з іх возьмуць на ўзбраенне думкі твае, трактат твой, сістэму тваю — і тысячы год людзі будуць гарэць, захлынацца ў пякучым масле, жывымі зыдыхацца пад зямлёй. І сляза кожнага дзіцяці, кожнай жанчыны, кожнага безабароннага старога кожны раз, яшчэ і яшчэ, пракляне цябе ў аднадумцах тваіх, і разам з імі, і на ўсе вякі.
— Змоўч! — Шан адскочыў і рвануў з ножнаў лёгкі і моцны меч ханьскай работы. — Вось я табе зараз, сабака…
— Сячы, — спакойна, нясцерпна і пранізліва гледзячы яму ў вочы, сказаў філосаф Жун Лун, — мне будзе лягчэй… Я не буду патрабаваць ад цябе падзякі. Ты бачыш, я зрабіў гэта з дабрыні. Я хацеў, каб ты ўбачыў законны крах тваёй думкі, справы, тваёй нелюдзянай ідэі. Каб уся яна сваім цяжарам лягла на цябе ж, дробячы твае косці, каб паспытаў ты сам, на якую пакуту ты вырак свой народ… З часам твая смярдзючая атрута разбэсціць і канфуцыянцаў і многае яшчэ ў Паднябеснай. Ты зрабіў аднастайнай думку ўсіх людзей Цінь і, можа, у будучыні думку ўсёй Паднябеснай. Ты стварыў дэспатыю. То не крыўдуй, калі яна раструшчыць цябе.
Ён не мог вытрымаць гэтага позірку і з грукатам кінуў меч у ножны.
— Ладна, жыві, — ён павярнуўся ісці і спыніўся зноў. — Толькі… перад тым, як здохнеш… скажы мне яшчэ, чаго ты хочаш?
Пагарда і разуменне таго, што няма чаго тут і пагарджаць, гарэлі ў наўскосых, як ластаўчын хвост, вачах філосафа. Бязмерна гнеўнае і, у той жа час, бязмерна ласкавае сваім шкадаваннем аблічча мудраца спачувальна затрэслася.
— І ты… не зразумеў гэта з усіх маіх слоў? Тады што табе дапаможа, скуты подлым сваім часам, няшчасны чалавек? Тады слухай. Роўнасць усіх перад небам і справядлівым, не такім, як прыдумалі падобныя табе, законам, любові, права на праўду і ўзняццё голасу за справядлівасць.
— Ты вучоны, — здзекліва, хутчэй ад незразумелай боязні, чым па ахвоце, сказаў Шан Ян. — І ты не можаш знайсці на ўсё гэта адно паняцце, адзін іерогліф — цзыр?
Жун Лун пахітаў галавою:
— Я ведаю гэты цзыр. Але табе гэта не дапаможа, бо сутнасць гэтага цзыра табе незразумелая. Ты душыў гэтую сутнасць, як мог, але яна незнішчальная. Але затое і табе засталося пазнаваць гэтую сутнасць ну месяц, ну два, як пашанцуе, год.
Ён перасунуўся з лужынкі крыві на сухое.
— Бывай, Шан Ян. Я зрабіў што мог. Ты таксама. А адплата — яна не пачакае. Існуе Хуэй-ван. Ведаеш прыказку: "Той, хто накапіў тысячу залатых, не будзе сядзець на ганку" [29] . І ты разумееш, што ты нарабіў, і гэта будзе самая страшная кара твая… Я не ўбачу, але я веру… Іначай не было б неба… і чалавечнасці… і вечнай справядлівасці… Я задаволены апошняй ноччу свайго жыцця, сваёй…
29
У сэнсе: пабаіцца, што з даху на галаву яму ўпадзе чарапіца і заб'е, будзе асабліва цаніць жыццё.
Філосаф пачаў мармытаць нешта незразумелае. І раптам сказаў ясным, крынічна-чыстым голасам:
— О, які далёкі шлях! Ідзі. Цяпер я засну. Навекі. Свабода.
Калі ўдалечыні сціхнулі крокі, ён скурчыўся, каб не так дрыжэць. Яго буйна калаціла: не грэлі рэшткі крыві. Паступова дрыжыкі сціхалі. Ён яшчэ мацней падцягнуў калені да падбароддзя, як ва ўлонні маці.
І заціхнуў.
…Шан Ян ішоў і думаў над гэтай яраснай слоўнай сечай, над гэтым чалавекам, які рыхтаваўся паміраць, як загнаная ў хмызы хворая, канаючая жывёла, — так, ва ўсякім разе, яму здавалася. Ён узважыў слабыя цені першых сваіх сумненняў і разумеў, што не апусціў мяча толькі праз іх.
Ён не ведаў яшчэ, чым кончыцца гэты запеклы вечны бой.
Палыхала заранка. Травы былі нібыта залітыя крывёй. І цягнуліся з-за далягляду, веерам, тонкія чырвоныя аблокі.
Збіралася ўставаць сонца.
Праз месяц ён быў выдадзены галавою Хуэй-вану суседнім правіцелем, сваім вучнем.
— Я кепска б засвоіў твае ўрокі, каб не зрабіў з іх вываду, Шан Ян, — нібы просячы прабачэння, з нявіннаю ўсмешкай сказаў "вучань".
І амаль тое самае паўтарыў пры сустрэчы ўладар царства Цінь Хуэй-ван, сын чалавека, які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго, як самога духа Неба і, як духа, у кепскія для дзяржавы часы, нават крыху пабойваўся. Сын чалавека, пры якім вялікі Шан Ян быў другім — а часам нават і першым — кіраўніком дзяржавы.
Ён ведаў Хуэй-вана і ведаў, чаго ад яго чакаць. Гэты хацеў правіць адзін і не пацярпеў бы сведкаў свайго другараднага пры бацьку становішча. Чым мог дапамагчы яму вялікі Шан Ян? Усё, што ён мог сказаць, было ўжо сказана ім у ягоным трактаце. І лепей трымаць побач з сабою мёртвы трактат, чым жывога чалавека.
Шан Ян не спадзяваўся. Ён ведаў фізіялагічны жах цара перад небяспекай. Заўсёды, калі быў набег на чужыя землі або ўварванне ворагаў, калі рыхтавалася і выбухала змова або, наадварот, секлі галовы — гэты стараўся быць не ў цэнтры землятруса, дзе дрэвы ўзлятаюць угору, а на краёчку яго, дзе ледзь варушыцца сітняг. Ён заўсёды адседжваўся. А пасля прыходзіў і зноў сядаў на сваё законнае месца і выжываў інтрыгамі тых, што насмельваліся дзейнічаць, весці войска, прымаць законы, і адсюль у яго і была жорсткасць. І рэдкая нават для старажытнага азіята крывадушнасць.
І, аднак, Шан, як кожны чалавек, спадзяваўся на нешта. Хіба не яго дбаннем было створана магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц? Хіба не ён кіраваў паходамі і распрацоўваў тактыку? Хіба не ягоным дбаннем жыхары Цінь лічылі, што адзіны вялікі занятак — вайна? Ну і земляробства, як грунт для вядзення вайны. Аб усім гэтым ён думаў, калі чжун вэй, камендант сталіцы з соценнай вартай, на чале якой стаяў той самы паршывец дзінлін, які ледзь не спаймаў яго тады, вялі яго ў палац Сына Неба.
Вялікі горад Сяньян — народу ў ім было столькі і штурханіна была такая, што летапісец казаў: надзеўшы раніцай новую вопратку, вечарам вяртаешся дадому ў лахманах — гэты вялікі горад жыў пакуль звычайным вячэрнім жыццём. Нават на чарапічных дахах было поўна народу: туды не дасягаў вулічны пыл.
Крычалі вярблюды, і тураваў ім віск свінні, якую калолі ля крамы мясніка. Над кішкамі другой свінні ўжо віліся буйныя зялёныя мухі.
Пранізліва крычалі ваданосы. На плошчах бегалі, пускаючы змея, дзеці з бруднымі голенымі галовамі. Людзі гулялі ў "шэсць фігур" [30] або падбівалі мяч нагой.
У трох месцах яны бачылі баі пеўняў і ў двох — сабачыя бягі. І тут і там людзі вішчалі, вохкалі, рагаталі да слёз і ляскалі сябе далонямі па сцёгнах. Толькі што ў адным выпадку над пляцоўкай узлятала пер'е і часам пырскалі цэўкі крыві, а ў другіх, у клубах пылу, сцяліліся над зямлёй, сціснуўшыся ў клубок і заносячы заднія ногі за пярэднія, бегавыя сабакі.
30
Гульня тыпу шахмат.
Колца гурманаў ля харчэўнi збiралася есцi пiтона. Шан Ян успомнiў, як i ён сам, калi яшчэ не быў вярхоўным сянам, рабiў гэта. Пiтона марылi голадам. Пасля марозiлi на лёдзе i напiхвалi рысам. Кожны з тых, што ўваходзiў у складчыну, купляў мерны кавалак, i ўсе збiралiся ў пэўны час для трапезы. Пiтона клалi ў ваду, ён ажываў, а пасля ў той жа вадзе варыўся. Кожны атрымоўваў заказаны кавалак, па даўжынi, i адпаведную колькасць — гэта ўжо ад гаспадара — кубачкаў прасяной гарэлкi. I ўсё гэта было смачна i нядорага. Пад простую добрую бяседу.