Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вялікі Шан Ян

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— І еў?

— Еў. Зубамі трушчыў шкло — на пясок. Да крыві ў дзяснах. Доўга-доўга. І глытаў. Пясок не так рэжа, нават шкляны. Думаў, можа, і ачуняю, мо абыдзецца. І вось, год назад… не абышлося. А тых усё адно пабілі. Асабліва немаўля было шкада.

— У цябе?.. Ты ж стары!

— Хм. Мне пад пяцьдзесят. Мы з табой равеснікі…

— Добра, — пасля паўзы сказаў купец, — гэта было і будзе. Чжоўскі ўладар Дань забіў брата Гуаня, а другога, Хо, накіраваў у выгнанне. Усе казалі: "Калі ён так пакараў за правіну нават братоў, то што чакае людзей, далёкіх цару". І запанаваў парадак між чатырох марэй.

— А чаго ён каштуе, парадак, куплены такой цаной? — сумна спытаў Жун.

— Добра, няхай звер Шан Ян, — запаляючыся спрэчкаю, сказаў Гунсунь. — Але ж вучэнне шмат у чым вернае? Так?

— Для каго вернае? Пабіў мудрацоў, вучоных, паэтаў. Хм. Было… адзін цар спытаў у другога, як ён так самаўладна царыць. Той павёў яго на поле і кіем, моўчкі, стаў збіваць высокія каласы.

— Правільна, — узгарэўся раптам купец. — Яны ж пустыя!

— Параўнанне тваё кульгае, — з жалем зірнуў на яго Жун Лун. — Так, яны не даюць хлеба. Толькі нікому, чамусьці, не прыходзіць у галаву, што высокі колас даўжэй за ўсіх бачыць сонца. І першы сустракае яго пасля доўгай ночы… А што там! Бачу я, што дарэмна гаварыў з табой. Пераконваць цябе — усё адно, што з дапамогаю адвеса забіваць у зямлю крывы кол.

Купец было ўстаў, але філосаф адразу ж затрымаў яго:

— Сядзі. Ноччу небяспечна ісці, пачакай заранкі. Гэта ўжо скора. Хаця я і не думаў, што апошняй маёй бяседай будзе бяседа… з табой.

І было зразумела, што яму проста страшна ў апошні раз застацца без людзей. Яшчэ жывому, але аднаму. Назаўсёды. І купец невядома чаму сеў.

— Для цара вернае вучэнне Шан Яна. Для чыноўнікаў і сотнікаў. Для астатніх яно бізун, плаха, турма. Каб узняцца ў гэтай турме вышэй на адзін ранг, даецца хабар у тысячу даняў [25] зярна гэтай казне, што і без таго насмакталася крыві. Адзінаццаць сем'яў не памерлі б з голаду. А чыноўнікі палучаюць у год ад дзвюх тысяч да ста даняў [26] .

25

30 000 кг.

26

Ад 60 тон да трох.

— Ну, — пачынаў ужо кіпець Гансунь. — Гэта, калі ўжо казаць, — неабходнасць. Каб чыноўнік сачыў, ці не ўтойваюць хлеба. Сям'я ў пяць чалавек з'ядае ў год дзевяноста даняў, а ім хочацца болей. А адкуль тады багацце дзяржавы? А адкуль моцныя воіны, што нясуць перамогу і пашыраюць межы дзяржавы?!

— Дакуль? — вельмі спакойна спытаў філосаф.

— Пакуль не падыдзем да грані зямлі і неба.

— А нашто гэтая грань? Сеяць на небе рыс?

Варожасць не варожасць, а нейкая дзіўная антыпатыя ўсё болей і болей нараджалася ў гэтых людзях, адзін з якіх толькі што ўратаваў другога. Яны былі ў раздражненні і ўсё ж нейкім дзівам адчувалі, што яны не могуць адзін без аднаго ў гэтую страшную, аголеную ад усяго чалавечага ноч. Адчувалі, што ім трэба канчаткова вырашыць нейкую спрэчку, выйграць нейкі бой, адкрыць другому і да канца вырашыць для сябе нейкую велічэзную праўду, ад якой залежала ўсё. І вось адзін, якому б ратаваць рэштку грошай і адкрываць новы гандаль у Вэй, дзе ніхто не гнаў гандляроў, рызыкаваў усім, дзеля Слова. А другі, якому час быў паміраць, нібы дабіваў нешта, як быццам гэта магло даць яму жыццё вечнае.

— Ну і заваюем, — цёмная пляма ўсё больш расплывалася па плашчы вучонага. — Каб адно чырвонае сонца на ўвесь сусвет? Так, ці што? Мурамі адгарадзілі нас ад астатняга свету, ад добрых людзей у ім, ад мудрасці і разумных змен. Закасцянелі. Ад іх вам тыя муры дапамаглі. А ці памаглі вам тыя муры ад вандроўных плямён?

Купец запальчыва кідаў яму ў твар:

— Які б ён ні быў, ён хацеў вялікай дзяржавы. Толькі яе.

— Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную… бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё — свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі — гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца… Вось і прыйдзе час страшнага гневу [27] .

27

Імператар Цінь Шы-хуан завяршыў аб'яднанне Кітая, спаліў усе кнігі, закапаў жыўцом у зямлю 460 вядучых вучоных і г. д. Але ўсяго праз некалькі год, у 207 г. да н. э., царства Цінь, разлічанае на "10 000 пакаленняў", абурылася пад ударам магутнейшага народнага паўстання, назаўсёды.

— Добра, — ужо амаль крычаў распалены супраціўленнем Гунсунь. — Раіш слухаць варвараў, якія горшыя ад нас. Вучыцца ад іх — усё адно, што набрацца вошай. Апора толькі на ўласную сілу — вось наш гонар!

І раптам, нібы ўсведаміўшы нешта, супакоіўся:

— Ты ўсё лаеш. А што прапанаваў бы ты?

Твар філосафа крывіўся ад болю, але ён помніў, што галоўнае ў вучоным — вытрымка і спакой. І ён як мага больш вытрымана сказаў:

— У сутнасці гэта амаль сістэма цзін цян. Мэн-цзы ў сім-тым быў мудры. Разумееш, схільнасць чалавечай прыроды да дабра, як імкненне вады ўніз. Таму павінна быць добрай і краіна. Без правіцеля нельга, але і ён павінен быць чалавекам і не глядзець на падданага, як разбойнік на ахвяру, не бачыць ва ўсім зла, не душыць праўды простага чалавека, прымушаць без жорсткасці і толькі ў самым крайнім выпадку. Усім даць роўна па сто му зямлі, адмовіцца ад ваенных авантур, ад урадавага самаўладства над балотамі і азёрамі.

— Але ж балоты і азёры — гэта соль і жалеза, — з раздражненнем на бесталковасць філосафа ўсклікнуў Гунсунь. — Яны павінны належаць дзяржаве!

— Што ж, тады "чорнавалосым" [28] гінуць?

— Чаму?

— А што, хіба не кожны памрэ без солі, хіба не кожны памрэ без жалезнага сярпа і плуга? Тады ўжо хай царства возьме самаўладнае права на паветра і ваду…

Купец маўчаў.

— …ну і яшчэ клапаціцца аб удовах, сіротах, бяздомных.

— Гэта ад Мэн-цзы. А што ж ад цябе?

28

Простаму народу.

— Ёсць адно сонца. Але нельга, каб быў адзін кіраўнік, адна вера. Трэба, каб усе былі калі не мудрыя, то адукаваныя, выхаваныя і сумленныя… Вось. І вось чаму — вораг нам сістэма "фацзя". Да смерці.

Абодва змоўклі. Бледная жоўтая стужка на ўсходзе даўно ўжо налілася святлом. Праз нейкую гадзіну павінна было пачаць днець.

Купец устаў, паправіў пад плашчом меч.

— Спадзяюся, ты ачуняеш, — сказаў ён. — Ты здорава пагрузнуў, але цікава было пагаварыць з табою. Я ніколі такога не чуў.

— Не змывай фарбы, — цiха сказаў Жун Лун. — Воiны цябе ўжо ведаюць. Гэта будзе як дакумент.

— Дзякуй. Бывай.

Вочы філосафа глядзелі пранізліва. Пасля ён заплюшчыў іх. Купец рушыў. І раптам вучоны з незвычайнай, халоднай яснасцю сказаў:

— Бывай, Гунсунь Ян, або… Вэй Ян.

— Што?! — Купец спыніўся, і на твары ў яго быў непадробны жах.

— Бывай, Шан Ян… Так, Гунсунь Ян і Вэй Ян па родных імёнах. Шан Ян па імю, якое даў Сяо-гун, прызначаўшы табе зямлю Шан.

Нават пад коркай было відаць, як збялеў твар вялікага правіцеля. Твар дрыжэў кожным мускулам, і мука, як перхаць, абсыпалася на бараду і халат.

— Ты ведаў?

— Ну, так. Мне трэба было ведаць усіх вас у твар, каб данесці гэтыя твары вярхоўнаму духу, каб той не памыліўся, калі трэба будзе караць. І я рад, што мне пашанцавала хоць перад смерцю, хоць раз убачыць цябе… Па тых самых нябесных меркаваннях… А пра цябе я проста здагадаўся. Яшчэ калі ты хацеў хапаць меч і сячы за мае словы аб быках ля храма… І яшчэ калі крыкнула птушка, несучы звестку аб чыёйсьці смерці. Гэта ж быў дух твайго дабрадзея Сяо-гуна, Шан Ян… І пасля, калі ты пачуў песню і так узганарыўся імем, а тут мяне і стукнула, як перуном, і я звязаў два імя… Але галоўнае, я здагадаўся па схаванай жывёльнай злосці, з якой ты спрачаўся са мною, адстойваючы сваю хлусню. Што было да яе нейкаму купцу? Ты ж іх таксама пакрыўдзіў.

Бязгучна засмяяўся:

— Гэты воін дурны, як чапля. Іначай ён убачыў бы пад грубым халатам твой абутак. І як цяжка тапырыцца твой халат — і значыць, пад ім кальчуга, я як тапырыцца паяс — і значыць, у ім грошы, і як тапырыцца ад мяча плашч. О-хо-хо.

Шан Ян пайшоў, але раптам спыніўся, бязмерна ўражаны, бо гэты чалавек больш за ўсіх ненавідзеў яго, меў на гэта права і ўсё ж…

— То чаму ж ты тады…

— Не па святасці і ўсёдараванню. Хутчэй па пякельнай, апошняй нянавісці. Вось ты ўцякаеш. Скажам, у Вэй, на сваю радзіму, з прынцам якой ты паступіў так вераломна. Або ў Хань.

Поделиться с друзьями: