Выбраныя творы
Шрифт:
Досыць цікавы той факт, што расліна, ужытая Марысяй у першы раз з лекавымі мэтамі, была вядомая ў гэтай ваколіцы іншым лекаркам і адпаведна ўжывалася імі. Прыносіла мне яе таксама і Люця, і такія самыя, як Марыся, давала ёй назвы і расказвала пра лячэнне з яе дапамогай хвароб таго ж самага спецыяльнага органа, з такіх самых прычын: гэта значыць з парушэння ці з падымання нечага надзвычай цяжкага. Вось вам відавочны факт распаўсюджвання адкрыцця, зробленага адным чалавекам, без пасрэдніцтва навуковай кафедры ці друку. І не мае значэння - нясе ў сабе гэтае адкрыццё ісціну, ці яно памылковае. Такой, відаць, і павінна была быць працэдура першапачатковага ўзнікнення той агромністай з'явы, якая называецца сёння навукай.
Назвы раслін і звесткі пра іх гэтым летам раздабыла наступныя.
Заечы мак белы (Anemone sylvestris).
Ключыкі (Primula officinalis).
Свёкла (Lithospermum arvense).
Заечы асот (Carlina vulgaris).
Пасвісцёрнік (Anthriscus sylvestris).
Конскі малачай (Hieracium).
Турэцкі перац (Carex vesicaria)*.
* Малазаможныя сяляне, калі не могуць купіць гарэлкі, альбо спрабуюць устрымацца ад п'янства, п'юць астуджаны адвар гэтай расліны, які сваёй гаркатой нагадвае гарэлку.
Сардэчнік (Polygola vulgaris).
Заечы мак чырвоны (Papaver argemona).
Жывотапарушэнец, альбо сабачая мята (Veronica chamaedris).
Свірэпка (Rhaphanus phaphanisticum).
Зайчыкі (Gnaphalium divicum).
Парушэннік-мацічнік, што апісаны вышэй (Comarum palustre).
Сончыкі (Geum rivale).
Жывотнік (Helianthemum vulgare). Вельмі добры сродак ад хвароб страўніка, належыць ён да групы парушэннікаў.
Рыцытнік (Sedum acre). Храшчаваты, цвіце жоўтым, расце купкамі і густа абрастае каменныя пабудовы. Даецца ад ліхаманкі.
Бабок (Menyanthes trifoliata).
Сабачае мыла (Herniaria glabra). Калі пацерці, то пеніцца, як мыла. У лекаванні не ўжываецца.
Конікі ў шляхты, у сялян грамотнік (Trifolium alpestre) - адзін з найбольш ужывальных сродкаў супраць болю ў грудзях і страўніку.
Трава (Eriophorum augustifolium). На забалочаных лугах, калі яна адцвіце, то ўтварае прыгожы бела-шаўкавісты пух. Там, дзе расце яе вельмі шмат, сяляне збіраюць гэты пух і напаўняюць ім падушкі. Гэтак жа выкарыстоўваюць і чорны пух, што ўзнікае ўвосень на некаторых відах лазы.
Заечы сон (Pulsatilla pratensis). Гэтая паэтычная назва добра суадносіцца з раслінай з узорным і празрыстым лісцем, якая пасля адцвітання (кветка ў яе блакітная) мае прыгожы папялісты шар вельмі лёгкага пуху.
Дзярозка (Stellaria graminea). Дзярозка - гэта далікатная раслінка, якая цвіце драбнюткімі белымі кветкамі і віецца па зямлі, як дзераза.
Камёла белая, альбо кашка (у шляхты) (Galium boreale).
Парушэннік, альбо парушэнец 8 (Anagalis arven).
Уразнік 1, альбо загартушка (Orchis latifolia).
Адвар кветак і лісця гэтай расліны п'юць ад болю ў страўніку. Корань жа мае таямнічае і чарадзейнае значэнне. Як згадвалася вышэй, ён падзяляецца на пяць адгалінаванняў, досыць выразна нагадваючы пяць скурчаных пальцаў чалавечай рукі. Дык вось адвар аднаго з гэтых нібыта пальцаў засцерагае жанчыну на адзін год ад цяжарнасці, двух - на два, трох - на тры і г.д. Некаторыя жанчыны называюць гэтую расліну загартушкай альбо расічкай якраз з-за гэтага пальцападобнага карэння. Аднак расічку рэкамендуецца ўжываць з супрацьлеглымі мэтамі.
Аер (Iris pseudo-acorus). Цвіце жоўтым.
Бабок балотны (Calla palustris).
Уразнік 2 (Lysimacha thyrsiflora). Адвар карэння і лісця прыкладаецца да дзяснаў, калі баляць зубы.
Станоўнік 1, пра які я пісала раней, па-лацінску называецца Chimophila umbellata. Станоўнік 2– Pirola rotundifolia.
Заечае вушка (Polygonatum anceps). Яйкападобнае лісце расліны, што тырчыць уверх на досыць высокім сцябле і сапраўды нагадвае заечыя вушкі.
Латаць (Caltha palustris).
Станоўнік 3, мужыцкі (Prunella vulgaris). Лечыць розныя мужчынскія хваробы. Кабетам ужываць яго нельга.
Стары дуб (Tragopagon pratense). Вельмі прыгожая расліна, якая валодае цікавымі ўласцівасцямі. Ад высокага, найменш двухлокцевага сцябла разыходзяцца галіны, аздобленыя вузкім прадаўгаватым лісцем і светла-жоўтай зоркападобнай, даволі вялікай кветкай. Сарваны і пастаўлены мною ў ваду, ён не страціў сваёй свежасці і не завяў на працягу дзесяці дзён, кветкі ж ягоныя ўдзень паварочваліся да сонца, а вечарам, калі яно заходзіла, шчыльна закрываліся. Вельмі прыгожы быў выгляд гэтых зорак, што днём рухаліся, а ўночы закрываліся. Карэнне ў гэтай расліны шурпатае і аброслае нечым накшталт тоўстай кары. Можа, з-за гэтай цвёрдасці і шурпатасці і называюць расліну старым дубам.
Рабінец (Rumex acetosella). На першы погляд надта ж падобны да звычайнага шчаўя, але намнога далікатнейшы. Назва, напэўна, ад колеру кветкі - чырвона-шэрай (рабой).
Ляда 2 (Lathyrus pratensis). Першая ляда– vicia.
Заечы аер (Iris sibirica). Фіялетавыя кветкі.
Станоўнік кабецін (Campanila glomerata). Лечыць толькі жанчын. Мужчынам даваць яго нельга. На даволі высокім сцябле, лісце прадаўгаватае і прыгожае, бела-ліловая кветка.
Зелле ад Валентавай хваробы (Thalistrum angusitifolium). Гэты сродак лічыцца ў людзей найлепшым супраць эпілепсіі, якую тут называюць Валентавай хваробай. Усе мае знаёмыя лекаркі ўрачыста мяне пераконвалі, што з ягонай дапамогай яны вылечылі шмат людзей ад гэтай хваробы. Асабліва дзяцей, для якіх, паводле іхняга ўяўлення, ён дае найлепшыя вынікі. Гэтае зелле даюць піць дзецям, хворым на эпілепсію, на працягу трох гадоў, варта таксама адзначыць, што ў гэты час ужываюцца і чыста гігіенічныя сродкі. Праз увесь час лячэння дзяцей апранаюць толькі ў чорны і шэры колеры, па мажлівасці нават засцерагаюць іх ад выгляду яркіх барваў, аддаляюць ад месцаў, дзе б яны маглі пачуць званы альбо музыку, не даюць есці рыбу, селядцы, піць вострыя напоі, а кормяць пераважна малаком і гароднінай.
Сабачы язык (Cynoglossum officinale).
Уразнік 3 (Epipactis palustris). Лякарства ад ліхаманкі.
Жывакост балотны (Symphytum officinale). Пышная разгалінаваная балотная расліна, якая цвіце надзвычай прыгожа. Гэта сродак супраць ламаты ў касцях і каўтуна.
Талюха (Simu latifolium). Высокае сцябло, лісце прадаўгаватае, пёрыстае, зубкаватае. Кветка акруглая, белая. Паводле лекарскіх парад, найлепшы сродак ад жаўтачкі. Талюху хворы не толькі п'е, але робіць сабе з яе і ванны.