Выбраныя творы
Шрифт:
Маленькая, чорненькая, цэлую калоду парушыць (блыха).
У лазе, у лазе на адной назе (грыб).
Ляцеў звярок цераз Божы дамок, звярок кажа: мая праца гора (пчала).
Поўна царква людзей, без акон і дзвярэй (агурок).
У лесе дзяжа кісне, хто ідзе, той паленам цісне (дзікая яблыня).
Як ляжыць, то ніжэй вераб'я, а як устане, то вышэй каня (дуга).
Як рыкне сівы, то чуваць за сямю гарамі (звон).
Сярод лесу дзяжа кісне, сярод лесу агонь блісне (каліна).
Жалезны ток, свінні пераскок, грачаныя снапы (патэльня).
Чатыры панічкі пад адным капялюшыкам (стол).
Быў такі Радзівон, радзіў дзяцей адзін ён. Пайшлі дзеці да Бога, Бога не дасталі, вушы паспускалі (хмель).
Па саломе ідзе - не шалясціць, а па вадзе - не пырскае (сонца).
З дому ўсё вывез, усё вынес, а бацькоўскага пояса не вынес (сонца).
Віса вісіць, хода ходзіць, віса ўпала, хода з'ела (груша).
Чорненькі, маленькі, у караля заўжды на абедзе (перац).
Чырвонае карыта да сцяны прыбіта (клоп).
Сядзіць панна ў каморы, а валасы на вуліцы (морква).
У куточку на чарапочку смерць стаіць (стрэльба).
Калі першы раз зайшлі мы на сядзібу Яські Снопкі ў вёсцы Міневічы, сустрэлі нас вельмі гасцінна. Гаспадыня, румяная чарнавокая трыццацігадовая маладзіца, сядзела на прызбе хаты і карміла немаўлятка, якому было недзе каля года. Гаспадар, высокі, лысы, з сівізной і з прадаўгаватым, хударлявым тварам селянін, заўважыўшы на сваім панадворку гасцей, пакінуў гумно, дзе з дапамогаю падлетка складаў сена, і, падышоўшы, ветліва павітаўся з намі: «Хай будзе пахвалёны». Сядзіба не была люднай. Дазналіся мы, што падлетак і дзве старэйшыя дзяўчынкі былі дзецьмі з першага шлюбу Снопкі, іншых жа дзяцей, апрача немаўляці на руках, у гаспадыні, не было. Спыталіся мы ў Снопчыхі, ці гэта адзінае яе дзіця. І ў імгненне вока яе твар з вясёлага і ажыўленага стаў хмурым. Быў яшчэ ў іх сынок, якому летась споўнілася тры гады і які памёр ад «ліхтарытусу» (дыфтэрыту). Такі быў дужы, здаровенькі, не жарт які разумны, а гутарлівы, аж вясёла ад яго рабілася ў хаце. Калі захварэў, чаго яны ні рабілі, каб яго ўратаваць! Да дохтара нават насілі. Нічога не дапамагло. Скаціўся са свету, як тая ягада!
І калі так параўноўвала яна сваё год таму памерлае дзіця з ягадай, што скочваецца з паверхні свету, па свежым яе твары цяклі слёзы.
Такія самыя слёзы бачыла я летась на шчоках Круліхі ў Гледавічах, калі яна расказвала пра свайго сына, што памёр «з вялікай гарачкі» падчас турэцкай вайны дзесяць гадоў таму.
У наднёманскай вёсцы Мазонаўцы ёсць сялянская сям'я, адзін з сыноў якой хадзіў некалькі гадоў у Гарадзенскую гімназію. Заканчваючы навучанне, ён захварэў і на нейкі час вярнуўся ў родную хату. Лекар параіў яму прымаць ванны, якія рабіла маці. І вось паводле сялянскіх забабонаў, быццам вада, у якой купаецца хворы, выцягвае з ягонага цела хваробу, гэтая сялянка пасля кожнага купання сына не ленавалася залезці ў ваду, якую ён толькі што пакінуў, мяркуючы, што выцягнутая вадой частка ягонай хваробы пранікне ў яе, а да яго ўжо не вернецца. Цяпер гэты сын - чыноўнік у далёкім горадзе. Ён штогод прыязджае на адпачынак да бацькоў. Прывозіць з сабой фісгармонію, на якой любіць і ўмее іграць. І вось амаль кожны вечар маці просіць яго, каб зайграў, а калі ён ахвотна гэтую яе просьбу выконвае, кабеціна забіваецца ў найглыбейшы куток хаты, цэлымі гадзінамі слухае сынаву музыку і пад яе гукі паціху моліцца альбо плача.
Сваіх хворых дзяцей тутэйшыя сяляне не пакідаюць у занядбанні, наадварот, старанна лечаць паводле сваіх уяўленняў і мажлівасцей. Пераважна выклікаюць на дапамогу знахарак ці лекарак, досыць часта ідуць да фельчараў, а часам, хоць гэта ўжо і рэдка, да дактароў, што жывуць у навакольных мястэчках. Калі ў якім з суседніх маёнткаў жыве паня, якая па меры магчымасці і сваіх ведаў дае хворым парады і лякарствы, то ахвотна прыводзяць і прыносяць да яе сваіх хворых дзяцей [...]
Вось новая жменька назваў, якія дае наднёманскі люд раслінам.
Рожа 1 (Malva abcea). Высокая расліна з вялікай кветкай прыгожага ружовага колеру.
Рожа 2 (Lavatera thuringiaca). Кветка таксама ружовая, але меншая за папярэднюю.
Гарашок (Lathyrus silvestris).
Кручкі (Platanthera bifolia). Дробненькая белая кветачка, якая мае кручкаватую форму.
Быліна (Aconitum napellus). Ужываецца як лякарства ад парушэння і болю ў грудзях, аднак не належыць да групы парушэнцаў.
Кактус (Ajuga genevensis). Ім лечацца ад каўтуна, а таксама ад так званай салодкай болькі.
Дзевяціранка (Potentilla Tormentilla). Корань яе, настоены на гарэлцы, лечыць парушэнне.
Святы Юзаф (Calamintha Acinos). Лякарства ад болю ў грудзях.
Салавейчыкава шчаўе (Betonica officinalis).
Ліставая дзераза (Asperugo promunbens). Дзеразой называецца Licopodium clavatum, дзярозкай– Spergularia rubra.
Дакот (Ajuga reptans).
Талюха 2 (Selinum carvifolia). Талюха 1– гэта Sium latifolium.
Грабелькі 3 (Geranium sangnineum). Грабелькі 1– гэта Geranium pratense, а грабелькі 2– Erodium cicutarium. Усе гэтыя тры расліны маюць насенніцы ў форме грабляў. Засцянковая шляхта называе іх «бацяновыя насы».
Зязюльчын асоцік (Scuntellaria galericulata).
Папараць (Asplenium trichomanes). Тутэйшыя жыхары апрача двух гатункаў папараці гэтую назву даюць Asplenium trichomanes і яшчэ Spirea filipendula. На пытанне пра папараць адказваюць, што ёсць чатыры папараці.
Зязюльчыны слёзкі (Lobelia evоnus).
Барада (Vincetoxicum officinale). Вельмі вядомы і расхвалены сродак супраць хвароб, звязаных з гарачкай. Аднак у гэтых краях яго вельмі цяжка знайсці, бо ён ёсць толькі ў адной мясцовасці, што называецца Калпакі, дзе ў невялікай колькасці расце на пясчаных пагорках. Лекавыя ўласцівасці мае корань гэтай расліны, які цяжка выкапаць, бо ў яго шмат доўгіх і тонкіх расшчэпленых карэньчыкаў, што надае яму падабенства да мужчынскай барады і што паслужыла прычынай назвы: барада.
Ванжоўнік (Polygonum bistorta). Мае вельмі доўгае выцягнутае лісце. У галодныя гады сяляне вараць яго і ядуць.
Макрыца белая (Anagallis arvensis). Гэта адзін з 11 вядомых мне парушэнцаў альбо парушэннікаў.
Каціная лапа (Senecio vulgaris).
Заечая цыбуля (Allium scorodoprasum).
Распэлка (Euphrasia odontites). Лякарства ад скул. (Euphrasia officinalis называецца Страшны дзень.)