Выбраныя творы
Шрифт:
Дзеван, некаторыя вымаўляюць дыван (Oenotera biennis).
Цытра, тая ж самая расліна, што і папярэдняя, але калі цалкам вырасце. Ужываюць для падмацавання сіл.
Нетупа (Linaria vulgaris). Мае чарадзейныя ўласцівасці. Пасля пабудовы новай хаты і асвячэння яе ксяндзом трэба пастарацца як мага больш гэтай расліны ўтыкнуць у шчыліны хаты, бо яна засцерагае ад пранікнення ў хату злых вятроў, гэта значыць такіх, якія часам, пасланыя толькі нячыстай сілай, лятаюць па свеце і прыносяць з сабою ў дом хваробы, калатнечу, усялякія грахі і няшчасці. Нетупа, якая знаходзіцца ў шчылінах хаты, засцерагае ад іх. Часам цэлымі яе вязанкамі затыкаюцца нават коміны.
Зязюльчыны падарачкі (Convollaria majalis). Звярну ўвагу на паэтычнасць гэтай назвы. Кветка гэтая, як вядома, расцвітае найчасцей падчас першага голасу зязюлі. Той, хто першы сярод людзей назваў яе падарункам зязюлькі, напэўна, быў паэтам.
Урочнік (Gladiolus eommunis). Лечыць дзіцячыя хваробы, што паходзяць ад суроку. Хворых ім кадзяць.
Памочнік, альбо баркун 2 (Veronica spicata). Баркун 1– гэта Melilotus albus.
Зызгель (Carlina vulgaris). Само лісце гэтай расліны без кветак называецца заечы асот. Гэтая расліна выклікае спрэчкі паміж Люцяй і Марысяй. Першая называе яе зызгелем, другая - паўночнікам, якім, паводле Люці, з'яўляецца іншая расліна (Centaurea jasea). З гэтай нязгоды вынікае, што адна з жанчын ужывае дзеля супакаення дзяцей, што плачуць ноччу, зызгель, а другая паўночнік. Іншыя людзі, да якіх я звярталася, падзялялі меркаванне Люці.
Канапелька 1 (Lamium maculatum).
Гарчыца (Sinapis alba).
Чарвяточ (Sisymbrum officinale). Тут мушу выправіць памылку, якая была зроблена ў папярэдніх запісах. Расліна, якую я называла чарвяточ, у сапраўднасці называецца чэцьвяртош і даецца (паводле легенды, пададзенай там) ад моцнай ліхаманкі. Чарвяточ жа, у адрозненне ад багатага, што нагадвае горную флору, чэцьвяртоша, мае сухое ніклае сцябло з дробнымі лісточкамі і кветкамі і нібы абгрызенае чарвякамі. Ужываецца для вынішчэння чарвякоў, што знаходзяцца ў ранах людзей ці быдла, з дапамогай удараў ім па тых жа ранах. Вельмі настойліва і доўга вучылі мяне адрозніваць чарвяточ ад чэцьвяртоша.
Дзеннік (Pimpinella saxifraga). Лякарства ад ліхаманкі.
Валасенец, тое самае, што і жывакост балотны (Symphytum officinale). Лекавы жывакост валасенцам называецца тады, калі расліна яшчэ маладзенькая і на яе лістах выразна выступаюць валаскі. Лісце парослае белымі валаскамі, цвіце жоўтым цветам, кветка нагадвае гранёны кілішак.
Валашнік (Hieracium pilosella). Лісце яго таксама парослае валаскамі, але мае яйкападобную форму і знізу белаватае.
Валасеніца– той самы валашнік, але тады, калі на высокім, прамым сцябле з'яўляецца кветка.
Дыпунт, у шляхты Божае дрэўца (Artemisia abrotanum).
Канапелька 2 (Galeopsis versicolor).
Багно, найчасцей баган (Ledum palustre).
Чартапалох (Cissium palustre).
Вадзяная мята (Mentha arvensis).
Рыбіна мята (Lycopus europaeus).
Смычка (Sparganium simplex).
Ляда 3 (Vicia sepium).
Курачы мак, блёкат (Hyoscyamus niger).
Шпарнік у сялян, у шляхты ладыгур (Scrophularia nodosa). Лечаць прэласць, выкліканую потам. Адвараныя лісты прыкладваюцца да хворых месц.
Лугавая медніца (Rannuculus sceleratus).
Вадзяное святаянскае зелле (Lysimachia vulgaris). Звычайнае святаянскае зелле - гэта Hyperecium perforatum.
Дрыбніца, альбо драбязгун (Erigeron canadense).
Ярабенец (Rumex acetosella).
Белакрупа (Berteroa incana).
Рэжуха лясная.
Сітнік (Juncus conglomeratus).
Брушэшнік (Vaccinium vitis idaea) - брусніцы баравыя.
Мучэльнік.
Чорныя ягады (Vaccinium myrtillus) - чарніцы.
Жураўліны (Oxycoccus palustris) - журавіны.
Чабор лясны (Thymus serpyllum augustifolius).
Шчыр, альбо васількі (Amaranthus blitum).
Скуляшнік (Glechoma hederacea). Пад лісцем гэтай расліны ўтвараюцца ўвосень маленькія нарасты, а ўсялякія нарасты, балячкі і г.д. называюцца па-беларуску скулы. Адгэтуль назва расліны, да таго ж служыць яна лякарствам супраць усялякіх скул альбо бародавак, балячак і г.д.
Калюшкі (Anchusa arvensis).
Вырочка (Echium vulgare).
Дурніца. Лісце падобнае да лісця чорнай ягады, ягадкі малыя, прадаўгаватыя, выклікаюць пасля ўжывання адурманьванне. (Дурэц– гэта беладонна.)
Пра расліну, якая называецца заечая капуста, расказваюць наступнае. Яе парастак утыкаюць у шчыліну хаты. Калі ён не засохне, а зацвіце, то асоба, якая гэта зрабіла, будзе доўга жыць; калі ж наадварот - то хутка памрэ. Я сама бачыла гэтую расліну, якая, уваткнутая знадворку ў шчыліну хаты, расла там і цвіла.
Валяр'яна, у засцянковай шляхты называецца станеба, а па-сялянску кроп. Лекаркі робяць з яе ў спалучэнні з палыном пітво, якое даюць піць ад болю пад грудзьмі. Ад гэтай самай хваробы ўжываецца і гарчыца, але дапаможа яна толькі ў тым выпадку, калі прычынай занядужвання былі сурокі, гэта значыць, калі было зроблена. Тады пачынаюцца ваніты, і боль праходзіць. Калі ж не было гэта зроблена і ванітаў няма, то гарчыца зусім не дапамагае.