Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зацюканы апостал

Макаёнак Андрэй

Шрифт:

Дачка. Ну і дурань! Вось скажы мне: «Ты свабодная». I я не ведаю, што рабіць. А так лягчэй. Галоўнае — усё проста. Прыйдзеш у школу — настаўнік кажа: «Чытай гэта». Я і чытаю. Скажа: «Пісаць трэба гэта». Я і пішу. Як на вуліцы паводзіцца — таксама скажуць. А дома — мама. Зварыла крупнік — ем крупнік. Паслала купіць кока–кола — збегала. Класціся ў пасцель — лягла. А свабода — гэта што? Насуперак ці як? Думаць трэба, як над арыфметыкай.

Сын (вельмі здзівіўся). Першы раз чую такое! О алах! О Магамет! О Езус! О матка боска! Во дзе корань тыраніі! Во дзе карэнне рабства! Добраахвотнае рабства — фундамент для трона цару — каралю — фараону. Гэта я ўлічу! Гэта я запомню! Ну — не! Твая філасофія не для мяне! Тата! Значыць, я правільна дзейнічаў? З Мухамедам. За месца пад сонцам. А?

Тата. Ва ўсякім разе — па–мужчынску. Трэба, каб цябе паважалі і баяліся на цябе нападаць. Сіла, брат, ёсць сіла! Яе павінны бачыць усе. Многа сілы — не трэба і розум.

Мама. Ты чаму вучыш? Не! Гэтак далей нельга. Ён хоча, каб сын вырас гангстэрам. Не, я не дапушчу! Я не дам! Усё! Разрыў! Дачушка! Ты чула, чаму вучыць бацька сына?

Дачка. Чула.

Мама. Мы з бацькам разводзімся. Таму што больш такое цярпець немагчыма! Наш двор не джунглі, дзе ўсе звяры і хто дужы, той грызе слабога. Я за дзяцей паваюю! Мы з бацькам разыходзімся. З кім ты астаешся?

Дачка (не адразу, скрозь слёзы). З табой.

Сын (спахапіўся). Ой! Ледзь не правароніў! (Кумпільгом злятае з лесачак да тэлевізара.) Час палітычнага каментатара! (Уключае тэлевізар.)

Мама. Сынок! А ты з кім?

Сын. Мама! Ты забываеш, што для мяне палітычны каментатар важней за… Ды тут хоць каменне хай з неба падае… Не перашкаджай!

Палітычны каментатар. Некаторыя палітычныя дзеячы малых дзяржаў спрабуюць іграць па супярэчнасцях вялікіх дзяржаў, разлічваючы на эканамічную і ваенную дапамогу ўзамен палітычных сімпатый. Толькі сімпатый.

Мама. Сын! З табой размаўляе мама. (Прыцішыла голас палітычнага каментатара. Ён губамі варушыць, а голасу яго не чуваць.)

Сын. Не перашкаджай, мама. Ты чуеш, якая цікавая перадача?

Мама. Ты нічога там не разумееш.

Сын. Усё разумею. Паслухай. (Павярнуў ручку рэгулятара.)

Тата. Будзе здольны дыпламат. (Рагоча.)

Палітычны каментатар. Тактыка ігры на супярэчнасцях паміж вялікімі стварыла ўмовы для малых дзяржаў заключыць цэлы шэраг вельмі выгадных эканамічных пагадненняў. У выніку: спрэчка паміж вялікімі…

Мама (выключае тэлевізар). Сын! Не ўхіляйся!

Сын (каментатару). Святлейшы! Аб’яўляю табе падзяку!

Мама. Гэта перадача не для цябе.

Сын. А для каго? Для вас? Толькі для мяне! Выключыла на самым цікавым. Вывады не пачуў!

Мама (трагічна). Сын! Тут вырашаецца твой лёс. З кім ты?

Сын (прыжмурыўшы адно вока, разгледзеў тату, вывучыў маму). Я яшчэ не выбраў.

Сын лезе па лесачках наверх.

Мама (здзівілася). Чаму? Пачакай, сынок. Ты нічога не зразумеў…

Сын (успыхнуў). Каментатара не разумею! Цябе не разумею! Тату не разумею! Нічога не разумею! Што я? Крутлы дурань, па–вашаму?

Мама. Ты не дурань. Ты проста малы яшчэ.

Сын. Малы? Калі вялікія спрачаюцца, малыя выйграюць. Чула?

Тата (рагоча). Закончаны міністр замежных спраў.

Сын. У бітве з Мухамедам я панёс матэрыяльныя страты. Во! (Паказвае шапку.) Тата! Кампенсацыя будзе?

Тата (выцягнуўся ў струну). На новай тэхнічнай базе!

Сын. Пагадненне падпісана! (Маме.) Ясна? А то — «нічога не разумееш». У мяне за плячыма гістарычны вопыт. (Паказвае на кнігі.)

Дачка. А я? Так і ўсё? Мама!

Сын. Ты выбрала сабе рабства. Калі вялікія спрачаюцца… (прыжмурыў адно вока.) Нам кумекаць трэба.

Карціна другая

Той жа пакой. У ім нічога не змянілася, бо і часу прайшло не так ужо многа. Праўда, на тоненькім дроціку малы падвесіў свой першы самалёт. Цацка, але сучаснай мадэлі. За сталом — дачка. Перад ёю сшыткі і падручнікі. Дзяўчынка, відаць, рыхтуе ўрокі. Замаскіраваўшы ў падручніку люстэрка, яна перад ім вучыцца какетнічаць. Сёння яна ўпершыню заўважыла і адчула, што становіцца жанчынай. У пакой уваходзіць Сын з бярэмам кніг, часопісаў і газет.

Сын. У–ф–ф… Нялёгкая ноша. (Кідае кнігі на стол.)

Дачка. Ты што новае набыў?

Сын. Бярэма хлусні.

Дачка. Я не разумею цябе. Усяляк ганіш гэтыя кнігі і ў той жа час цягаеш іх дахаты цэлымі штабялямі…

Сын. Спадзяюся нешта такое знайсці, такое прачытаць… Куды ж іх размясціць? Ну, газеты — гэта хлусня на адзін дзень. (Адкінуў убок.) «Лук», «Лайф» і гэта… на адзін месяц, у наступным нумары самі сябе будуць абвяргаць. А гэту каманду пакуль што ў каранцін. А там праверым, што варта гэтых паліц, а што… «Агент 007» будзеш чытаць?

Дачка. Мне не хапае часу на ўрокі.

Сын. «Плэй–бой»?

Дачка. Потым. Толькі карцінкі пагляджу.

Малы ўзбіраецца на лесачкі, займае сваё любімае месца, хутка прагледзеў газету і скінуў яе ўніз. Потым разгортвае ілюстраваны часопіс «Плэй–бой», на вокладцы якога каляровае фота голай жанчыны.

Сын. Сястрычка! Ты чым там займаешся?

Дачка (нібы яе злавілі за непрыстойным заняткам). Алгебрай.

Поделиться с друзьями: