Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зацюканы апостал

Макаёнак Андрэй

Шрифт:

Мама вяртаецца, забірае сумачку.

Мама. Во некаму дастанецца няшчасце! Божа мой! Божа мой!..

Мама выходзіць.

Сын. Ты, мама, куды?

Мама ляснула дзвярыма, пайшла.

Рве дыпламатычныя адносіны. (Філасофствуе.) Тут разабрацца трэба. Пакуль што я нічога не разумею. Выходзіць — я вінаваты. Але ў чым? Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў… Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею. (Злуецца). Я толькі прысутнічаў. Я сядзеў поруч з богам! Ён жа мог мяне сапхнуць, калі я што не так раблю. Ён жа не сапхнуў мяне… Яна пра мяне хоча ўсё ведаць, а я пра яе ўсё ведаць не магу. Але ж дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў. (З крыўдай.) Ад мяне дык патрабуюць — што б я ні зрабіў, нават калі нашкодзіў — не ўтойваць, прызнавацца. А чаму ж яна? А можа, і яна нашкодзіла? (Паўза.) Вот задача! (Раптам успомніў.) Правароніў! Ён жа даўно пачаў…

Сын хутка спускаецца з лесачак. Уключае тэлевізар. Ну, давай, Цыцэрон!..

Каментатар. Урадавы крызіс быў выкліканы нечаканым выкрыццём кансерватараў парламенцкім лідэрам лейбарыстаў. Спрэчкі ў палаце абшчын набылі бурны характар. Але яшчэ рана прадказваць, як будуць развівацца падзеі на палітычным небасхіле. Аднак гром і маланкі накаляюць палітычную атмасферу. Самы блізкі час пакажа, ці вялікі выйгрыш чакае лейбарыстаў у выніку выкрыцця кансерватараў. Будзем чакаць…

Сын выключае тэлевізар.

Сын. Пачакаем. Нам нечага спяшацца. Значыцца, раскрылі… Дакладна перакласці — раздзелі, агалілі… Быццам кансерватары спалі, а лейбарысты падкраліся і сцягнулі з іх коўдру… А яны, сонныя, і не падазраюць. Праспалі кансерватары. Не. Тут другое. Відаць, кансерватары цішком, тайна хацелі абцяпаць якія–небудзь дзялішкі. А лейбарыстам хлусілі, быццам ніякіх дзялішак няма. Ахоўвалі тайну сваю падманам, хлуснёй. Значыць, тайна — праўда. I тайну–праўду ахоўвае падман, хлусня. Вот здорава! Сам дакапаўся. Аднак хлусня — ненадзейная варта праўдзе–тайне. А можа, тайна — і ёсць хлусня? Навошта тайну хаваць, калі яна праўда? Можа, сорамна за яе? Выходзіць, тайна — гэта калі сорамна раскрыцца? (Прысвіснуў.) А дзяржаўная тайна? Дзяржаўны сорам? Не, я тут заблытаўся. Але што праўду там ахоўвае хлусня — верна.

Прыбягае дачка.

Дачка. Ты што? Зноў пакрыўдзіў маму? Паскандаліў, праўда?

Сын. Ты не зразумела. Проста яна пайшла заклапочаная. Ясна? Кеды і навушнікі лёгка знайсці. А дыпламатычны слоўнік пашукаць трэба.

Дачка. Гэта ўсё табе?

Сын. А ты думала — персідскаму шаху?

Дачка. Проста дзіва, як табе ўдаецца выпрасіць…

Сын. Я нешта ведаю. Сам не знаю што, але знаю, што нешта знаю. Не выпадкова ў Польшчы ці ў Савецкім Саюзе адзін часопіс так і называецца: «Знание — сила». Можна сілай адабраць, а можна і веданнем. Я вырваў «знанием».

Дачка. Ты часта гаворыш так, што я нічога не разумею.

Сын. Плач!

Дачка. Чаму плакаць?

Сын. У Бібліі сказана: «Плачь об умершем семь дней, а о глупом и нечестивом — все дни жизни его». Плач, сястра мая!

Дачка. Гэта што? Ты як быццам мне нахаміў? Праўда?

Сын. Не я. Ісус, сын Сірахаў.

Званок у калідоры. Дзяўчынка бяжыць адчыняць дзверы і вяртаецца разам з бацькам. Тата прынёс самалёцік і яшчэ нейкі скрутак.

Дачка. Гэта ўсё яму, малышу? Зноў яму?

Тата. А навошта табе самалёты?

Дачка. Усё яму, усё яму! Быццам я табе зусім чужая.

Тата. Дзяўчынка мая! Пачакай. Будзе і табе. Самае прыемнае, дачушка, не сам падарунак, а чаканне падарунка, надзея, што ты яго атрымаеш. Чакаць падарунак — вось гэта і ёсць шчасце. А калі бог захоча цяжка пакараць чалавека, ён задавальняе ўсе яго пажаданні. Так што, дзяўчынка мая, чакай, спадзявайся, і ты будзеш шчаслівай. Я не хачу цябе караць.

Сын (разгледзеў цацку, строга). Гэта што? Што гэта?

Тата. Самалёт.

Сын. Які? Такія толькі ў каменным веку рабілі. Такіх самалётаў няма ўжо ні ў адной краіне. Яны даўно ўжо спісаны ў хлам. Нават у адсталых, слабаразвітых краінах. Ты што, лічыш мяне зусім недаразвітым?

Тата. Ды гэта ж толькі цацка.

Сын. Гэта цацка. Каму? Дзецям, якія жылі ў пячорах. Сённяшняя цацка — гэта заўтрашняя зброя.

Тата. Уяві сабе — не ведаў.

Сын. Якія някемлівыя пайшлі дарослыя. А там што? (Паказвае на скрутак.)

Тата. Гэта не табе. Гэта аднаму дзядзю. Сюрпрыз. Падарунак. У яго заўтра імяніны. Гэта цацка для дарослых. А дзе мама?

Дачка. Пайшла ў каледж. Да студэнтаў.

Сын. Да неграў.

Тата. Так–так… А чаму гэта вы седзіце дома? На вуліцы такое цудоўнае надвор’е, свежае паветра, сонейка, а вы дома. Час каментатара быў, ты ўжо слухаў?

Сын. Быў. Я яго выслухаў, а ён мяне. Абгаварылі… Сястрычка! Ты зноў хочаш падкараціць сваю спаднічку! Ужо трэці раз. Скора ног не хопіць.

Тата. Урокі падрыхтавалі?

Дачка. Падрыхтавалі.

Тата. Тады можна і на свежае паветра. (Глянуў на ручны гадзіннік. I гэта сын заўважыў.)

Сын. Ох, гэтае свежае паветра! Далося яно вам! Ды што там, на дварэ, накапілася яго занадта, дзяваць яго няма куды ці заўтра на яго цэны павысяцца?

Тата. Дыхай сёння. Дыхай кожны дзень. Тое, што не ўдыхнеш сёння, заўтра не кампенсуеш. Толькі пашкадуеш. Падрасцеш — зразумееш.

Сын. Нешта эзопаўскае. Не зразумеў. (Задумаўся, потым махнуў рукой.) Прымаю на веру. Сіньярына! Хадзем хапаць свежае паветра.

Дачка. Я ўжо хапала.

Сын (падміргвае). Хадзем, хадзем!

Сын вышмаргнуў з разеткі тэлефонны шнур, узяў пад паху апарат і разам з сястрой накіраваўся да выхаду.

Тата. А навошта ты забіраеш апарат?

Поделиться с друзьями: