Зацюканы апостал
Шрифт:
Сын. А мне здалося — заалогіяй.
Дачка. А чаму табе так здалося?
Сын. Ты гэтак крыўлялася перад люстэркам, быццам хацела пераканацца — вельмі адрозніваешся ад сваіх прародзічаў малпаў ці не.
Дачка. А падглядаць — непрыстойна.
Сын. Я не падглядаў. Я назіраў. Мала адрозніваешся.
Дачка. Між іншым, я твая сястра. А родны брат малпы таксама павінен быць малпай.
Сын. Я пастаянна адчуваю гэта сваяцтва. Часам так туга круцяцца падшыпнікі… тут (круціць пальцам каля скроні). Ты дастань з кнігі люстэрка і адчувай сябе свабодна, натуральна. Будзь сама сабой. Рабі што хочаш. А на мяне не крыўдуй. (Вычытаў нешта з газеты.) О–хо–хо–хо… Во здорава! (Смяецца.)
Дачка. Ну, што там?
Сын. Сенсацыя! У горадзе Брукліне сярод красунь праводзілі конкурс на званне каралевы прыгажосці. Першае месца заняла італьянка Джулія, а другое — хо–хо–хо…
Дачка. Ну — хто?
Сын. Хлопец, мужчына.
Дачка (адсмяяўшыся). Такі ён, відаць, мужчына…
Сын. Не ў тым справа. Журы, журы якое?! I выявілі яго толькі тады, калі ўручалі прыз. Хо–хо–хо… Адхапіў жаночы гарнітур…
Мама прасунула галаву ў прыадчыненыя дзверы з друтога пакоя. Яна, відаць, неадзетая.
Мама. Дачушка! Ты не бачыла, дзе мая губная памада?
Дачка ўтуліла галаву ў плечы.
Сын (каб чула толькі сястрычка). Аддай. Вярні. Чуеш?
Дачка. Во яна, тут. (Вымае памаду са свайго партфеля.)
Мама (накінуўшы халат, уваходзіць у пакой). Навошта яна табе? Табе яшчэ рана.
Сын. Учора яна нават твой бюстгальтар прымярала.
Мама. Як не сорамна, дачушка? Ды яшчэ каб ён бачыў…
Дачка (шыпіць). Даносчык. Ш–шпіён.
Сын. Чаму чалавека, які паведамляе праўду аднаму пра другога, называюць шпіёнам? За праўду? Хаця… У свеце столькі хлусні, што, каб вывудзіць праўду, трэба шпіёны.
Мама. Ты ўрокі падрыхтаваў?
Сын. Падрыхтаваў.
Мама. А ты?
Дачка. I я.
Мама. Тады можаце пагуляць на свежым паветры.
Сын (сястры). Ну, што ты касавурышся? Я ж у тваіх інтарэсах напомніў маме, што ты ўжо… становішся дарослай. Яны самі не здагадаюцца, пакуль дзіця не прынясеш ім. Не падкажы, то самі не заўважаць.
Дачка. Сораму ў цябе няма.
Мама. Ідзіце, пабегайце, пагуляйце.
Сын. Няма нешта ніякай ахвоты.
Мама скінула халат і надзела прыгожае моднае — занадта кароткае — плацце.
Дачка. Уй, мама! Ты такая прыгожая стала!
Сын. Мама! Расталкуй мне, калі ласка. Вот ты дзве гадзіны мазалася, прычэсвалася, фарбавалася… Ты зусім другая стала. Для чаго ўсё гэта?
Мама. Твая мама хоча быць маладой. Хіба ты не хочаш, каб твая мама была маладзейшая і прыгажэйшая?
Сын. Во дзіва! Мама хоча быць маладой, а я хачу быць старэйшым… Я хачу, каб мая мама была такой, якая ёсць на самай справе. Не горшая і не лепшая. Мам жа не выбіраюць. Якую бог пашле. Толькі, мне здаецца, было б карысней, каб ты гэтыя дзве гадзіны праседзела тут, поруч са мной і з гэтымі разумнымі людзьмі! (Паказвае на кнігі.)
Мама. На ўсё свой час. Ты што? Не хочаш, каб твая мама падабалася?
Сын. Каму?
Мама. Усім.
Сын. Усім?
Мама. Ну, так, усім.
Сын. Усім — гэта многа. Гэта — нікому. Лепей аднаму. Напрыклад, пастарайся падабацца нашаму тату.
Мама (холадна). Гэта ўжо не твая справа. Не сунь нос, куды не трэба.
Сын. Ну, во… Звычайна гэтым канчаюць усе творчыя дыскусіі.
Мама. Ты ўсё–такі паганенькі прахіндзейчык.
Сын. Ма–а–ма! Ты не крыўдуй на мяне. Слухай, мама, з табой жа я шчыра. Як з мамай. А з кім жа яшчэ? Я што падумаў, тое і сказаў. Калі не так, ты навучы.
Мама. Вось іменна — не тое і не так. Дочка! Забяры яго!
Сын. Мама, ты ж мяне на месяц замуравала. Месяца яшчэ не прайшло.
Мама. Ну і скажы дзякуй, што раней выпускаю.
Сын. Дачакаўся амністыі. (Неахвотна спускаецца з лесачак.) Ды мне там сумна з дзецьмі. Мне цікава з дарослымі. Бо я хачу быць дарослым, і я буду дарослым. Дзяцінства рана ці позна кончыцца. А наперадзе — жыццё… I потым — праз дваццаць мінут па тэлевізары выступае палітычны каментатар. А ты ж ведаеш, што я не магу яго прапусціць. Ён мудры, і мне з ім весела.
Мама. Праз дваццаць мінут і прыйдзеш.
Сын. Ну, што ж, сястра! На свежае паветра! Там вольны дух! Там свабода!
Мама. Я табе дам «свабода»! Глядзі, не задзірайся ні з кім.
Сын (уздыхнуў). Свабода ў рамках законнасці.
Мама. Нахапаўся пустых фраз.
Сын. Іх дарослыя прыдумалі. (Скача на адной назе, нібы гуляе ў класы. Ён жа яшчэ дзіця.)
Мама зноў нецярпліва глянула на гадзіннік. Гэту нецярплівасць прыкмеціў сын. Сам сабе падміргнуў.
Мама. Дачушка! Што ты там корпаешся? Ты перамерала ўжо сем адзежак. Як баранеса фон Клаўзен.
Дачка. Я ўжо гатова. Я зараз. Малыш! За мной!
Сын. Калі яна баранеса фон Клаўзен, то я — барон Мюнхаўзен. Бяру сябе за каўнер і выкідваю вон. (Разыгрывае пантаміму, нібы нехта яго выкідвае, а ён супраціўляецца, вылузваецца. Але нарэшце апынуўся ў калідоры.)