Заходнікі
Шрифт:
«Прапаў. Не загінуў смерцю храбрых, а — прапаў!» — зноў незалюбіў, але ўголас запытаў:
— Ну, а як ты, жывы-здаровы, сюды дапяў?
— Дапяў… — Пасмутнеў неспадзяваны госць. — Дарога прывяла… Голад… Мяшочнік я…
Кураглядаў адвёў вочы: штосьці жаласнае і сарамлі-вае варухнулася ў душы. Там жа, дзе жыве гэты Сяргееў, і яго сям'я. Жонка, сын. Гадоў сем ужо не бачыў іх.
— Ды садзіся, Іванавіч, — забраў руку, якую, як відаць было, агаладнелы зямляк не хацеў выпускаць, як нейкую чароўную палачку.
— Галадаем мы, пухнем ад голаду, Лукіч… — Той паслухаў, сеў і па-жаночаму захліпаў, шморгаючы носам. Колішні недурны, вясёлы і зычлівы чалавек. — Ні хлеба, ні сала, ні бульбы… Нічога… Хто чэзне, хто памірае, а хто, як вось я, кінуўся ў свет… Дронавы і Лукашовы паехалі ў Заходнюю Украіну, а мы, Сяргеевы, прыбіліся сюды, у Заходнюю Беларусь. Злезлі на станцыі ў Стоўбцах, падаліся сюды. Яны засталіся ў Дзераўной, а я, як ты кажаш, дапяў у гэтую вёску, ледзь не ў пушчу. Прашу ў людзей якую бульбіну, акраец хлеба, скарынку-лупінку… Тут сказалі, каб я спачатку ў сельсавет зайшоў, запісаўся, а тады па хатах ужо хадзіў.
— Мой загад… — усміхнуўся Кураглядаў. Затым не столькі патлумачыў, як падстрашыў. — Тут табе не спакойная, савецкая Расія, тут — адмысловая зона. Заходнікі. Нелаяльныя людзі, а то і бандыты альбо іхнія памагатыя. Як кажа таварыш Сталін, «не внушающие доверия».
— Ажно гэты строгі ці нават грозны начальнік — ты, Афо… Лукіч!
— Рады бачыць мяне? — усміхнуўся Кураглядаў. — Ды якраз тут?
— Зямляк жа, Лукіч! Свой чалавек!
— Ладна, — задаволіўся Кураглядаў. — Ніякай даведкі табе не трэба, сам старшыня сельсавета асабіста цябе ведае. I па вёсцы не хадзі, не прасі і не кланяйся, бо нічога табе надта не дадуць. Сам бачыш: вёска сама адбудоўваецца пасля блакады. Ды не ўніжай сябе, мяне, нашу старану. Зойдзем да мяне, накармлю, напаю і ў дарогу тое-сёе дам. I табе, і маім.
— О-то радыя будуць, Лукіч! — падхапіўся Сяргееў. — Каб ты бачыў: на тваёй Марусі адны косці ды скураі Як кажуць, жывот да спіны прыліп. I малец твой — таран, белы-белы, галава ў яго часта баліць ды з носакроўідзе…
— Я тут партызаніў, — пачаў апраўдвацца Кураглядаў. — Пасля ўцёку немцаў не ведаў: ці на фронт пайду, ці тут на партыйнай альбо савецкай рабоце застануся, дык не выклікаў сваіх… Ды, кажу, тут вельмі пашыраны бандытызм, патайное супраціўленне. савецкай уладзе… Нас тут не любяць… Так што, Іванавіч, тут яшчэ праходзіць нябачны фронт. Так і чакай: пальнуць з-за вугла па башцэ ці ў спіну з абрэза. Альбо нават і з кулямёта…
Калі ішлі з сельсавета па двары ў хату, каб адолець адчужэнне і пашукаць еднасці, Кураглядаў запытаў:
— А ты ваяваў?
— Ваяваў, Лукіч, — падбягаючы і лісліва зазіраючы ў вочы, адказаў Сяргееў. — У пяхоце. На пузе прапоўз, пехатою пратэпаў да самага гітлеравага логава, на сцяне рэйхстага распісаўся!
— Герой! У гісторыю ўвайшоў!
— Маю ордэны, медалі, але…
Кураглядаў не даслухаў, упусціў у сенцы, потым у ха-ту спачатку сабаку, пасля — несамавітага госця з торбай пад пахаю. Той, убачыўшы чысцюткую падлогу, самаробны, але вабны ходнічак, белую печ, свежыя фіран-кі на вокнах і белы абрус на стале, зноў не ўтрываў здзіўлення:
— Тваё жытло?
— Маё-маё. Праходзь, чаго затаптаўся? Чысціні збаяўся?
— Не тое, што чыста — вылізана! Плюнуць няма куды!
— Заходнікі, Іванавіч, любяць лад! Набожныя, гарэлкі амаль не п'юць, не мацюкаюцца!
— Сумныя людзі, Лукіч!
— Своеасаблівыя.
— I гавораць дзіўна. Здаецца, па-нашаму, але шмат чаго я не разумею.
— Гэта, Іванавіч, такая беларуская мова, — патлумачыў Кураглядаў, а пасля, калі госць скінуў выцерты запылены шынель, прыткнуў яго на лаве ў парозе, застаўся ў выцвілай і зашмальцаванай гімнасцёрцы, пасміхнуўся: I праўда: таран ты! Жывот — каля спіны!
— Не хлушу, Лукіч, агаладнелі, — пахмурна пахітаў галавою Сяргееў. — Сталі мала на людзей падобныя. Як якія дзікія туземцы.
Ён з зайздрасцю агледзеў яго поўныя шчокі, дзябё-лыя плечы і досыць напхнуты ўжо жывот пад афі-цэрскім мундзірам і папругаю, дыхтоўныя сінія галіфэ і хромавыя боты.
— Што ты хочаш, Іванавіч. Вайна… — Пахітаў галавой і Кураглядаў, хаваючы позірк. — Калі б не яна, праклятая, то інакш жылі б. Багата, прыгожа, весела.
У гэтую хвіліну пачуўся тупат, а неўзабаве сюды хуценька, лічы, убегла Франя ў сваім звыклым чорным паўсачку. Адразу завінавацілася:
— Выбачайце, не агледзела, што вы ўжо дадому пайшлі.
— Нічога-нічога, — супакоіў яе Кураглядаў. — Вось знаёмы нарыхтоўшчык з Вянкоў завітаў, дык мушу пайсці трохі раней з работы. А ты зрабі нам што-небудзь на зуб узяць.
Наўмысна не сказаў, што госць — ягоны аднавяско-вец. Не варта, па-першае, каб ведалі, што гэты нехлямяжы чалавек — зямляк, а па-другое, пачнуць яшчэ пра тое, што не трэба, распытваць у таго.
Франя, толькі кіўнуўшы госцю, ведаючы, што нельга абы-куды ўсоўваць язык, моўчкі і ўвішна дастала з печы чыгунок, вялікай драўлянай лыжкай начэрпала з яго ў гліняныя місы духмяных буракоў з капустай, костачак з мясам, потым абгарнула чыгунок анучкай, ашчаперыла яго далонямі і наліла ў місы тлустага шчолаку. Затым дастала з печы яшчэ адзін чыгунок і ў іншыя гліняныя міскі наклала з яго тушанай бульбы з салам. Кураглядаў быў спакойны, стрымана мыў у парозе над мядніцай рукі, а Сяргееў, як бачыў, не зводзіў з місак зачаравана-га позірку, раз за разам каўтаў сліну. А калі ён паклікаў яго таксама памыць рукі, то той, здаецца, дрыжэў ад хвалявання і прагі.
Калі Франя запытальна зірнула на яго, што яшчэ трэба, Кураглядаў загадаў:
— Дастань з пограба каля двух мяхоў бульбы, два кашы бручкі, буракоў, морквы. Насып во ў гэтую торбу і яшчэ ў адзін, мой, мех. Потым можаш ісці дадому. Я сам прыбяру са стала.
— Добра, — прамовіла тая і падалася з хаты.
— Канспірацыя! — падняў палец угору Кураглядаў, усміхаючыся Сяргееву. — Ты — мясцовы, з нашага раённага горада. Ясна?
Той не зважаў на яго перасцярогу, як кажуць, ужо еў вачыма тое, што было на стале. Кураглядаў схадзіў у залу і прынёс адтуль падараваную ўчора хатаўскім чалавекам паўтарачку гарэлкі, дзве чаркі. Вырваў зубамі корак, наліў празрыстага пітва.
Сеўшы, Сяргееў пазіраў са здзіўленнем і на гэтыя чаркі:
— Як у Еўропе!
— Тут, Іванавіч, калі п'юць, дык не з рыла і нават не са шклянак альбо кубкаў, — пасміхнуўся Кураглядаў. — А вось з такіх панскіх кілішкаў.
— Дык і ты барын ужо! — паліслівіў Сяргееў, ужо не могучы справіцца са слінай. — Каб не быў у Германіі, дык і не ведаў бы, як браць гэтыя чаркі, нажы і відэльцы!
— Ну давай, Іванавіч, вып'ем па-зямляцку за тое, што жывыя ў ліхалецце засталіся, што сустрэліся як сябры.
Сяргееў дрыготкай рукою нязграбна — не пальцамі, а ўсёй далонню — узяў чарку на доўгай ножцы з пятаком на канцы, дакрануўся да яго чаркі і кульнуў з яе ўсё сабе ў рот. Неўзабаве акуратна ставіў кілішак на стол, але вочы яго вырачыліся, а рот разявіўся. Толькі калі заню-хаў хлебам, выдыхнуў з піяцкім задавальненнем:
— Спірт!
— Не, Іванавіч, — усцешана ўсміхнуўся Кураглядаў. — Мясцовая паравая, перагнаная гарэлка.
Сяргееў толькі хітнуў галавой (не гарэлка, а агонь!) і накінуўся на капусту. Апякаў рот, зяхаў, але сёрбаў лыжка за лыжкай.