Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Заходнікі

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Пазней, калі кульнуў яшчэ некалькі чарак, спатоліў голад, не столькі ўдзячна, як няшчыра палез лашчыцца:

— Ну, Афонька! Барын! Яй-богу, барын! З панскіх чарак п'еш, шчы жырныя, картошку з салам колькі хочаш наварачваеш! Вунь якія кавалкі сабаку кідаеш! Пакаёўку, як зразумеў, трымаеш!

— Што — мы не маем права тут кіраваць, добра пажыць? — акрыліўся падпіты, але яшчэ з ясным розумам Кураглядаў. — Мы ж вызвалілі іх ад буржуазіі, нясём ім святло, новае жыццё! Мы пралівалі сваю кроў!

Ён асабліва зычна вымаўляў гэтае «мы»: з аднаго боку, сюды, да гэтага «мы», прымешваўся і Сяргееў, але, з другога боку, не, да гэтых «мы» адносіліся найперш ён, Кураглядаў, і іншыя, вышэйшыя, са становішчам лю-дзі, да якіх Сяргееву, зразумела, было далёка.

— Барын! — цягнуў адно і тое ж Сяргееў. Лічы, на вачах касеў, дык палезла-паперла з яго ўсё тое, што дагэтуль стрымліваў. — А мы там — галота і цямнота. Ядзім тое, што ядуць свінні. I я з сям'ёй, і твая Маруська.

— Пацярпіце — хутка палягчэе.

— Калі? Каму? — лыпаў бялёсымі вейкамі, тыцкаўся яму ў плячук Сяргееў. — Што ні кажы, нас пакінула без хлеба не толькі вайна. Найперш нас агалілі ўлада, калгасы, Афонька… Глядзі: тут не было гэтай напасці, людзі ўсё страцілі ў вайну, будуюцца, а ўжо з хлебам! Бо тут кожны сам сабе гаспадар, робіць для сябе, а не для чорта лысага альбо для нейкай ненажэрнай прорвы.

— Не многа тут таго хлеба.

— Колькі ні ёсць, але ёсць. А ў нас няма зусім, — ап'янелы Сяргееў надзіва ўчэшііваўся за самае балючае. — У нас… Вось летась амаль усё калгаснае зерне забралі ў раён, у Дзёгцеў. Згрувасцілі ў адну кучу пад адкрытым небам, а тут — дождж… Усё ляснула. Калгасы, далібог, калгасы давялі нас да торбы. Ленін даваў нам некалі зямлю, а Сталін яе забраў. А што значыць селянін без сваёй зямлі? Што значыць дзяржава без сапраўдных гаспадароў? Я ж быў у Еўропе, бачьгў… — Хто-хто, а ты, Іванавіч, не вельмі цягнуўся да зямлі.

— Я — не. Але цягнуліся іншыя — працавітыя, талковыя. Яны накармілі б і сябе, і ўсіх. Дык не. Разагналі, пабілі іх. Пакінулі адных гарлапанаў і абібокаў…

— Цыц! — абарваў яго Кураглядаў. — Маўчы, дурань, калі хочаш галаву на карку насіць! Ты што — такую страшную агітацыю развёў!

— Якую — «агітацыю»? Праўду!

— Дурную «праўду»!

— Непрыемную, горкую, але праўду з праўды!

— Прыкусі язык, кажу! Набяры ў рот вады, калі хочаш жыць, — хоць малодшы, паўшчуваў Кураглядаў. — Пацярпець трэба крыху. Ты ж быў наш першы старшыня калгаса, перадавы чалавек новай эпохі, дык умееш так, як трэба, думаць і гаварыць.

— Дурні мы з табой, Афонька. А ў Крамлі — абманшчыкі, языкачосы вялікія, — стаяў на сваім Сяргееў. — Яны ці не ўмеюць гаспадарыць як след, ці наўмысна з нас здзекуюцца, робяць нас жабракамі, каб мы за наш жа кавалак хлеба ім рукі цалавалі.

— Спыні, такую тваю, кулацкую прапаганду! — запатрабаваў Кураглядаў. — Давай яшчэ па чарцы возьмем ды пра іншае што, болей прыемнае, пагаворым.

— Давай, Афонька, — нібы згадзіўся перамяніць гутарку той. — Жулік, лабатрас ты быў, але во… начальнікам стаў! — Палез цалавацца, а калі яшчэ выпілі, дык «аддзячыў»: — I за што цябе так узвысілі? Няўжо тут няма сваіх вартых людзей?

— Дыялектыка, Іванавіч. Мяне ўзвысіла вайна, мая бальшавіцкая свядомасць. Адказную пасаду мне даверыла партыя.

— А чаму мяне вайва не ўзвысіла? Быў хамут — і застаўся хамут, — захліпаў Сяргееў. — Вайна… Нам жа гудзелі ў вушы: яе не будзе, а калі яна пачнецца, дык разгарыцца на чужой зямлі і мы абыдземся малою крывёю. Так дадзім, што вораг дзесятаму закажа!

— I далі!

— Калі і як — «далі»? Калі нас прыперлі да самай Масквы! Калі ўсю дарогу да яе і ад яе заслалі нашымі людзьмі!

— Што да адступлення, то гэта была наша тактыка, Іванавіч. Наўмысна заманьвалі ворага ўглыб, як некалі Напалеона. А што да ахвяр, дык яны дапусцімыя. Яны, як бачыш, ды наш гераізм прынеслі нам вялікую перамогу.

— Падбрэхіч ты, Афонька! Гад! Сволач!

— Ну, дзякуй! За маю дабрыню!

— Ты — «добры»? Што, як барсук, зашыўся тут, п'еш-жуеш, Маруську з мальцам на галодную смерць кінуў? Ці ты завёў тут сабе цыпу?

— Закрый хлябала! — бухнуў кулаком па стале Кураглядаў, не рады, што прывалок дадому вось такога няўдзячнага свінчука, пасадзіў за стол, а той лезе туды з нагамі. — Па мордзе захацеў? Вон пайсці? Альбо хочаш, каб я зараз пазваніў куды-небудзь і здаў цябе як міленькага? Калі здам, дык ведай: ні ордэнамі, ні медалямі не ўратуешся, пойдзеш у Сібір марозам вымарожваць з сябе заходнюю заразу!

— Афонька! — кінуўся ад страху, абслініў яго, Сяргееў. — Друг! Ды я ж люблю цябе, чорта… Не вытрымаў… Панімаеш, заела. Крыўдна мне, баліць душа. За ўсёўсё…

— Кажу ж, будзь мужчынам, пацярпі. Хутка палягчэе.

— Калі?

— Хутка.

— На святое ніколі… — зморшчыўся Сяргееў. — Зрэшты, хрэн з ім усім! Давай яшчэ вып'ем, Афонька!

— Кідай ты гэтае «Афонька-Афонька»! Я ж не пацан табе!

— Лукіч! — упёрся той лобам у яго плячук. — Вып'ем! I песні паспяваем. Нашы франтавыя. Хоць ты і тылавы пацук.

— Я — не тылавік, я — партызан! Народны мсціўца!

— Помсціў, схаваўшыся пад бабскаю спадніцай!

— Ты гэта, друг сітцавы, кінь! — Кураглядаў зноў узвіўся, схапіў кволага субяседніка за гімнасцёрку, што з яе пырснула некалькі гузікаў. Ад злосці забыў, што гэта свой чалавек, лічы, радня тут, уяўляў яго найпершым непрыяцелем. — Я ваяваў, як і ты. Сырэў, мёрз, галадаў, хадзіў кожны дзень па вастрыі брытвы, трапляў пад аблавы, засады і бамбёжкі! Я хадзіў на небяспечныя баявыя заданні. Я… Таксама, каб ты ведаў, ордэн, медалі маю!

— Я ж не супраць, — ледзьве выдыхнуў Сяргееў. — Але франтавікі жартуюць…

— Я не дазволю так жартаваць, — кіпеў уз'юшаны Кураглядаў.

— Не буду, не буду, Лукіч, — залепятаў той. — Адпусці, ка-лі ла-ска. Я ж твой друг. З аднаго сяла. З бядняцкай, лічы, пралетарскай сям'і. Дык хіба я вораг? Уладзе? Табе? Я ж першы старшыня калгаса быў! Я Сталіна люблю, як бацьку!

10

— Анкеты нашы чыстыя, Лукіч, — загугнеў затым, пасля новай чаркі, Сяргееў. — Канечне, невыпадкова ты тут начальнік! Так сказаць, праваднік у жыццё нашай лініі!

— Я тут мясцовы Калінін.

— Ага, Лукіч, Калінін-Калінін!

Госць даверліва прытуліў галаву да яго галавы, нібы найлепшы сябра альбо нават брат, абняў. Кураглядаў расчуліўся: вось цяпер зямляк сапраўды паводзіць сябе па-зямляцку.

— Ты ж, Лукіч, з такога балота! Дурань з дурняў!

— Ну… З балота, дурань, але не тупы. Іначай не трапіў бы ў наменклатуру!

— Дуб!

— Але зялёны!

— Я, Лукіч, пра тое, што сям'я ваша была вялізная, а хата, гаспадарка былі зусім малыя, нікчэмныя. Жылі разам дзед і баба, твой бацька і маці, яшчэ два жанатыя бацькавы браты. Колькі ж вас, малечы, было ў тваіх бацькоў?

Поделиться с друзьями: