ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

— Калі хочаце, — прапанаваў ён, — можаце прысутнічаць пры аперацыі. Вы самі пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такім разе я пакажу вам вынікі эксперыментаў.

І, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносіўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцілцы. Перад ім, каля самага носа, стаяла міска з салодкай кашай, ласункам сарорскіх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.

— Глядзіце, — сказаў Гелій, — гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткі. І ўсё ж такі ніяк не рэагуе на сваю любімую ежу. Гэта вынік выдалення часткі лобнай мазгавой долі. Аперацыя зроблена некалькі месяцаў назад, і з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзіцца прымушаць яго есці. Бачыце, які ён змарнелы?

Гелій зрабіў знак санітару, які ўвайшоў у клетку і сунуў юнака носам у міску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.

— Але гэта звычайны выпадак, — гаварыў далей Гелій. — Вось цікавейшыя. У кожнага з падвопытных былі пашкоджаны розныя ўчасткі кары галаўнога мозгу.

Мы праходзілі міма клетак, дзе сядзелі мужчыны і жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкі на дзвярах кожнай клеткі з масай тэхнічных дэталяў паведамлялі, якую аперацыю перанёс чалавек.

— Некаторыя ўчасткі кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, іншыя — умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак…

У гэтага «выпадку» аднялі цэлы ўчастак мозгу з патылічнай вобласці. Цяпер ён не ўспрымаў ні формы прадметаў, ні аддегласці паміж імі, што і прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калі санітар наблізіўся да яго. Ён не мог пераступіць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялікі яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапіцца за краты і хапаўся пальцамі за пустэчу.

— А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, — падмігнуў мне шымпанзэ. — Нам удалося навучыць яго дзівосным трукам. Ён ведаў сваё імя і выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымі загадамі і нават умеў карыстацца прымітыўнымі інструментамі. А сёння ён не памятае нічога. Не ведае свайго імя. Нічога не ўмее рабіць. Ён стаў сама тупы з усіх нашых паддоследных. Над ім была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.

Ад усіх гэтых жахаў, якія каменціраваў, грымаснічаючы, шымпанзэ, сціскалася сэрца. Перада мною былі людзі, паралізаваныя часткова ці цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелія, вельмі развіты мацярынскі інстынкт — цяпер ён цалкам знік, бо ёй зрабілі аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзіця кожны раз, калі тое спрабавала падлезці да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што і яна хутка стане маці, і кулакі мае сціснуліся. На шчасце, Гелій павёў мяне ў іншую залу, і па дарозе я паспеў авалодаць сабою.

— У гэтай зале, — сказаў мне з таямнічым выглядам шымпанзэ, — мы займаемся эксперыментамі шмат больш складанымі. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму інструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткі галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынікаў. А ў вас на Зямлі ставяць такія вопыты?

— На малпах! — закрычаў я раз'юшана.

Шымпанзэ не пакрыўдзіўся, нават усміхнуўся.

— Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулі такіх самых поспехаў, як і мы. Я маю на ўвазе эксперымент, які доктар Карнэлій хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымі вопытамі.

Ён пацягнуў мяне далей міма клетак, у якіх аперыравалі людзей. Тут падвопытныя ляжалі на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя ці іншыя ўчасткі мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.

— Бачыце, — заўважыў Гелій, — тут мы таксама праводзім абязбольванне. Праўда, анестэзія даецца неглыбокая, каб не скажаць вынікаў, але аб'ект не адчувае ніякага болю.

У залежнасці ад таго, да якога ўчастка кары дакраналіся электроды, падвопытныя рабілі розныя рухі, і амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згінаў левую нагу і адразу ж яе разгінаў, калі ток перапыняўся. Другі гэтаксама ж згінаў і разгінаў руку ў локці. Трэці пад уздзеяннем току круціў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохі далей малпы вывучалі функцыі нервовага цэнтра, які кіруе мускуламі сківіц. Калі ўключалі ток, падвопытны, зусім яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць — няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.

— Паназірайце, што адбываецца, калі павялічваць працягласць уздзеяння токам, — сказаў Гелій. — Вось эксперымент, даведзены да лагічнага канца.

Аб'ектам эксперыменту была прыгожая дзяўчына, якая нагадвала асобнымі рысамі Нову. Вакол яе голага цела завіхаліся некалькі малпаў, самцоў і самак, у белых халатах. Самка-шымпанзэ з задуменнай мордаю прыладзіла электрод і ўключыла ток. У дзяўчыны адразу ж заварушыліся пальцы левай рукі. Але шымпанзэ не выключыла неўзабаве ток, як у іншых эксперыментах, — вопыт працягваўся. І вось рухі пальцаў паскорыліся, сталі ліхаманкавыя, пасля ўздрыгнула і задрыжала ўся кісць. Яшчэ праз момант рух дайшоў да пляча і пачаў разлівацца ўверх, захопліваючы мускулы твару, і ўніз, па сцягне, ляжцы, галёнцы, пятцы, пальцах ног. Праз дзесяць хвілін увесь левы бок няшчаснай дзяўчыны калаціўся ад канвульсіўных, усё больш частых і моцных спазмаў — і як жудасна было гэта бачыць!

— Гэта эфект ланцуговай рэакцыі, — спакойна сказаў Гелій. — Ён добра вывучаны і звычайна заканчваецца канвульсіямі, якія бываюць пры эпілептычных прыпадках. Але гэта дзіўная эпілепсія, якая захоплівае толькі палову цела…

— Досыць! — закрычаў я раз'юшана.

Усе малпы падскочылі ад нечаканасці і з неадабрэннем утаропіліся на мяне. І тут увайшоў Карнэлій.

— Разумею, — па-сяброўску паляпаў ён мяне па плячы. — За гэтымі эксперыментамі, пакуль не прывыкнеш, цяжка назіраць. Але падумайце пра тое, што менавіта дзякуючы ім наша медыцына, хірургія зрабілі фенаменальны прагрэс за нейкую чвэрць стагоддзя!

Мяне гэты довад ніяк не пераканаў, як і ўспамін пра падобныя вопыты на шымпанзэ, убачаныя мною ў адной з нашых зямных лабараторый. Карнэлій паціснуў плячыма і павёў мяне ў вузкі калідор, які злучыў залу, дзе мы цяпер знаходзіліся, з меншым памяшканнем.

— Тут вы ўбачыце нешта дзівоснае і зусім новае, — сказаў ён урачыста. — Сюды маюць доступ толькі тры асобы: Гелій, які асабіста займаецца вопытамі і ўжо дасягнуў выдатных поспехаў, я і адзін санітар-гарыла, выбраны намі з найвялікшай асцярожнасцю. Ён нямы. Мне ён адданы і душою і целам, да таго ж ён яшчэ і дурань з дурняў. Так што вы разумееце, якое значэнне я надаю сакрэтнасці гэтай працы. Але вас я з ёю пазнаёмлю, бо вы, я ўпэўнены, будзеце маўчаць. Гэта ў вашых інтарэсах.

Раздзел VIII

Увайшоўшы ў залу, я не прыкмеціў спачатку нічога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэдніх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былі толькі два паддоследныя: мужчына і жанчына, якія ляжалі на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямі. Толькі мы з'явіліся, яны адразу ж утаропіліся пільнымі позіркамі.

Санітар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелій абмяняўся з ім некалькімі фразамі на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае відовішча: гарыла і шымпанзэ размаўлялі між сабою з дапамогаю мігаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькі недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.

— Усё ў парадку, — сказаў Гелій. — Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.

Вы не можаце ўвесці мяне спачатку ў курс справы? — папрасіў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.

Поделиться с друзьями: