ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

Я бяру сына на рукі і выходжу з катэра, за намі нерашуча ступае на зямлю Нова. Яна трохі баіцца, але страх хутка пройдзе.

З машыны выходзіць кіроўца. Ён стаіць спінаю да нас, я не магу разгледзець яго праз высокую траву, што расце на полі паміж машынаю і катэрам. Вось ён адчыняе дзверцы, каб выйшаў пасажыр. Я не памыліўся, гэта афіцэр, не менш як маёр, я выразна бачу, як блішчаць нашыўкі. Ён саскочыў на зямлю. Вось ён ступае некалькі крокаў нам насустрач, выходзіць з высокай травы і паўстае перад намі ва ўвесь свой рост.

З дзікім крыкам Нова вырывае ў мяне з рук сына і імгненна хаваецца з ім у катэры, а я стаю, зусім здранцвелы, і не магу ні паварушыцца, ні вымавіць слова. Дык вось чаму тут адзначаныя мною раней машынальна такія старыя самалёт і машына, якім ужо даўно месца ў музеі…

Перада мною гарыла».

Раздзел XII

Філіс і Джын адначасова ўзнялі схіленыя над рукапісам галовы і доўга ў маўчанні глядзелі адно на аднаго.

— Прыгожая містыфікацыя! — прагаварыў нарэшце Джын, спрабуючы бесклапотна засмяяцца.

Але Філіс заставалася ў задуменні. Некаторыя фрагменты гісторыі ўсхвалявалі яе — яна адчула ў іх шчырасць. Пра што і сказала сябру.

— Гэта даказвае, — запярэчыў Джын, — што паэты ёсць усюды, у кожным кутку сусвету. І жартаўнікі таксама.

Філіс зноў задумалася. Довад Джына не пераканаў яе. І ўсё ж, уздыхнуўшы, яна згадзілася:

— Ты маеш рацыю, Джын. Я думаю гэтаксама ж. Разумныя людзі? Людзі, надзеленыя мудрасцю? Не, гэта немагчыма: тут аўтар перайшоў усялякія межы. Але шкада іх!

— Цалкам з табою згодны. А цяпер час ужо вяртацца.

Ён распусціў ветразь, падставіўшы ўсю яго паверхню светлавым патокам трох сонцаў. Пасля пачаў перасоўваць шматлікія рычажкі кіравання, спрытна карыстаючыся ўсімі чатырма рукамі. А Філіс энергічна патрэсла валасатымі вушамі, выняла пудраніцу і, паколькі порт быў ужо блізкі, лёгкай ружовай пухоўкаю прыпудрыла пысачку, дбаючы пра сваю прыгажосць шымпанзэ.

Айзэк Азімаў

Выродлівы хлапчук

Як заўсёды, перш чым адчыніць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзіт Фэлоўз паправіла свой рабочы халат і толькі пасля таго пераступіла тую нябачную лінію, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былі нататнік і асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сістэматычных запісаў, робячы іх толькі пры пільнай патрэбе.

На гэты раз яна несла з сабою і чамадан. «Гэта гульні хлопчыкам», — усміхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўніку, які даўным-даўно ўжо не задаваў ёй ніякіх пытанняў і толькі махнуў рукою, прапускаючы яе.

Як звычайна, выродлівы хлапчук адразу пачуў яе прыход і, плачучы, кінуўся ёй насустрач.

— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, — мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусім выразна, ва ўласцівай аднаму яму манеры.

— Што здарылася, Цімі? — спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымі рудымі кудламі.

— Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмі сорамна за тое, што адбылося.

— Не думай больш пра гэта, Цімі. З-за гэтага ты і плачаш?

Ён адвярнуўся.

— Не зусім, міс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.

— Зноў той самы сон? — Міс Фэлоўз сцяла зубы.

Вядома ж, гісторыя гэтая з Джэры павінна была выклікаць у Цімі стары сон.

Ён кіўнуў, спрабуючы ўсміхнуцца, і яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалілі занадта вялікія зубы.

— Калі ж я, нарэшце, вырасту настолькі, каб выйсці адсюль, міс Фэлоўз?

— Хутка, — пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сціскаецца яе сэрца, — хутка.

Міс Фэлоўз дазволіла Цімі ўзяць яе за руку і з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далоні. Ён павёў яе праз пакоі, з якіх складалася Першая Секцыя Стасіса, пакоі, несумненна, даволі камфартабельныя, але якія тым не менш былі для сямігадовага (а ці сямігадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.

Ён падвёў яе да акна, якое выходзіла на зарослую нізкім хмызняком лясістую мясцовасць, схаваную цяпер начной імглою. Не відаць было адсюль і прымацаваных да агароджы аб'яў, якія забаранялі кожнаму, хто б той ні быў, набліжацца сюды без спецыяльнага дазволу.

Прыціснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:

— Я змагу туды выйсці, міс Фэлоўз?

— Ты ўбачыш мясціны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, — журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольніка.

На яго нізкі скасабочаны лоб пучкамі звісалі зблытаныя пасмы валасоў. На патыліцы быў вялікі выступ, галава дзіцяці здавалася празмерна цяжкай, хілячыся наперад, яна прымушала яго горбіцца. Ужо пачалі разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугі. Яго масіўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокі прыплюснуты нос, а падбародка не было і ў зародзе — толькі сківічная костка, апушчаная ўніз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногі і няўклюдны.

Гэта быў неверагодна выродлівы хлопчык, і Эдзіт Фэлоўз яго вельмі любіла.

Вусны яе задрыжалі — яна магла дазволіць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзіцяці.

Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзіць гэтаму. На ўсё. Яна адчыніла чамадан і пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку…

* * *

Эдзіт Фэлоўз упершыню пераступіла парог акцыянернай кампаніі «Стасіс Інкарпарэйтэд» крыху больш трох гадоў таму назад. Тады ў яе не было ніякусенькага ўяўлення пра тое, што хавалася за гэтаю назваю. Зрэшты, гэтага ў той час не ведаў ніхто, за выключэннем тых, хто там працаваў. І сапраўды, ашаламляльнае паведамленне ўзрушыла свет толькі на другі дзень пасля яе прыходу. А незадоўга да гэтага яны далі ўсяго толькі лаканічную аб'яву, у якой запрашалі на работу жанчыну, што валодае ведамі ў галіне фізіялогіі, вопытам у медыцынскай хіміі і якая любіць дзяцей. Эдзіт Фэлоўз працавала медсястрой у радзільным аддзяленні і таму прыйшла да вываду, што яна адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.

Джэральд Хоскінс, доктар фізічных навук, пра што сведчыла замацаваная на яго пісьмовым стале пласцінка з адпаведным запісам, пацёр шчаку вялікім пальцам і пачаў уважліва яе разглядаць.

Інстынктыўна сцяўшыся, міс Фэлоўз адчула, што ў яе пачынае торгацца твар.

Сам жа ён зусім не прыгажун, з крыўдаю падумала яна, лысее, паўнее, ды і вусны ў яго нейкія панурыя, замкнутыя… Але паколькі сума, прапанаваная за работу, аказалася намнога вышэйшая за тую, на якую яна разлічвала, міс Фэлоўз вырашыла не спяшацца з вывадамі…

— Значыць, вы сапраўды любіце дзяцей? — спытаўся Хоскінс.

— Інакш я не стала б прытварацца.

— А можа быць, вы любіце толькі харошанькіх дзяцей? Гэтакіх прывабных херувімчыкаў з малюсенькімі носікамі?

— Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, доктар Хоскінс, — адказала міс Фэлоўз, — і здараецца, што менавіта непрыгожыя дзеці больш за іншых маюць патрэбу ў падтрымцы.

— Дапусцім, што мы возьмем вас…

— Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?

На яго шырокім твары мільганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае імгненне дзіўную прывабнасць.

Поделиться с друзьями: