Замежная фантастыка
Шрифт:
Пры роўнасці сіл лёс Сонечнай сістэмы магла вырашыць сама нязначная выпадковасць. І рашэнне было б канчатковым — у выпадку паражэння Зямля і ўсе яе калоніі апынуліся б у поўнай уладзе Прышэльцаў…
О так, цяпер Боб Карсан усё ўспомніў.
Праўда, гэта не мела дачынення да блакітнага пяску і мігатлівага блакіту над галавой. Ды ён памятаў, як прагучаў гэты рэзкі званок трывогі, як ён кінуўся да панелі кіравання, як у ліхаманкавай спешцы прышпіліўся да крэсла, як перад ім на экране расла светлая кропка.
Як у яго перасохла ў горле. Як ён з жахам зразумеў — пачалося! Для яго, прынамсі: асноўныя сілы ўдзельнікаў бітвы былі яшчэ за межамі дасягальнасці адзін для аднаго.
Менш як праз тры секунды ён або застанецца пераможцам, або ператворыцца ў жменьку попелу. Тры секунды — столькі доўжыцца бой у космасе. За гэты час можна не спяшаючыся злічыць да трох, а пасля гэтага ты або пераможаш, або будзеш мёртвы. Аднаго пападання зусім дастаткова для маленькага, аднамеснага, лёгка ўзброенага і слаба браніраванага патрульнага касмалёта.
Машынальна шэпчучы перасохлымі вуснамі «Раз!», ён ліхаманкава круціў ручкі на пульце, каб кропка, што ўсё большала, заставалася ў перакрыжаванні ліній на экране. Правая нага яго замерла над педаллю спуска. Адзіны смяротны залп — ці ён пацэліць, ці не. На другі стрэл часу ўжо не застанецца.
«Два!» Ён зноў не чуў, як у яго гэта вырвалася. Кропка на экране перастала быць кропкай. Размешчаны за некалькі тысяч міль варожы касмалёт быў відаць так, нібыта да яго некалькі соцень метраў. Гэта быў лёгкі, хуткі патрульны касмалёт амаль такога самага памеру, як і ў Боба.
Варожы патрульны касмалёт.
«Тр…» Яго нага дакранулася да педалі…
І раптам Прышэлец слізгануў па экране ўбок і выйшаў з перакрыжавання. Карсан ухапіўся за ручкі, каб пусціцца ў пагоню. Нейкую долю секунды праціўніка не было відаць, потым карабель Карсана павярнуўся, і той зноў з'явіўся на экране — Карсан убачыў, як ён крута зніжаецца да зямлі.
Да зямлі?
Нейкая аптычная ілюзія, не іначай. Гэтай планеты, што цяпер займала ўвесь экран, не магло быць тут. Проста не магло. Навокал не было ні адной планеты бліжэй, чым Нептун, а ён быў за тры мільярды міль. Плутон знаходзіўся па другі бок Сонца, якое віднелася адсюль малюсенькай кропкай.
А як жа сістэмы сачэння? Яны не выяўлялі ніякага прадмета памерам хоць бы з астэроід. Сігналы маўчалі і цяпер.
Гэтага не магло быць — таго, да чаго ён набліжаўся і што было ўжо за некалькі соцень міляў пад ім.
Раптоўная пагроза катастрофы прымусіла яго забыцца нават на праціўніка. Ён уключыў пярэднія тармазныя ракеты і, павіснуўшы на рамянях з усяе сілы наваліўся на штурвал аварыйнага павароту, ведаючы, што толькі поўная магутнасць рухавікоў уратуе яго ад катастрофы і што ад такіх перагрузак ён зараз страціць прытомнасць.
А цяпер ён сядзеў на гарачым блакітным пяску, зусім голы, але цэлы і здаровы. Навокал не было ніякіх слядоў яго касмалёта, ды і самога космасу. Гэтая паверхня над галавой ніяк не магла быць небам.
Ён, хістаючыся, стаў на ногі. Сіла цяжару была крыху большая за зямную. Ненамнога.
Навокал распасціраўся роўны пясок. Дзе-нідзе купкамі раслі нейкія мізэрныя кусцікі. Яны таксама былі блакітныя, але розных адценняў — адны святлейшыя, чым пясок, другія цямнейшыя.
З-пад бліжэйшага куста выбегла маленькая жывёліна, падобная на яшчарку, толькі ў яе былі не чатыры нагі, а куды болей. Яна таксама была блакітная — светла-блакітная. Убачыўшы Карсана, яна зноў схавалася пад куст.
Боб зноў паглядзеў угору, спрабуючы ўцяміць, што ж там такое. Гэта не было падобна на дах, аднак мела форму купала. Яно мігцела, і глядзець на яго было цяжка. Ды яно напэўна з усіх бакоў даходзіла да самай зямлі — да блакітнага пяску.
Боб стаяў недалёка ад цэнтра купала. Да бліжэйшай сцяны — калі гэта сцяна — было метраў сто. Над плоскай паверхняй пяску як быццам было перакулена нейкае блакітнае паўшар'е метраў 250 у акружнасці.
І ўсё было блакітнае, акрамя аднаго прадмета. Каля далёкага боку круглай сцяны ляжала нешта барвовае. Гэта быў амаль правільны шар дыяметрам каля метра. Ён быў занадта далёка, каб яго можна было ясна разгледзець у гэтым блакітным мігценні. І ўсё-такі Карсан чамусьці здрыгануўся.
Ён выцер пот з ілба тыльным бокам рукі.
Што гэта, кашмар? Гэтая гарачыня, гэты пясок, гэтае цьмянае адчуванне жаху пры адным позірку на барвовы шар?
Сон? Не можа быць: у час касмічнага бою не засынаюць.
Смерць? Немагчыма: калі бяссмерце і існуе, то ў ім не можа быць гэтага недарэчнага блакітнага пяску, блакітнай гарачыні і барвовага жаху.
І тады ён пачуў голас.
Ён пачуў яго не вушамі — голас загучаў усярэдзіне яго галавы. Ён ішоў ніадкуль і адусюль.
«Падарожнічаючы ў прасторы і часе, — звінела ў яго ў мозгу; — я выявіў дзве цывілізацыі, гатовыя пачаць вайну, якая б знішчыла адну з іх і настолькі аслабіла б другую, што яна непазбежна рэгрэсавала б і ўжо ніколі не выканала б свайго прызначэння, а распалася б і вярнулася ў пыл, з якога яна ўзнялася. Ды гэтага не павінна здарыцца».
«Хто… ты?» — Карсан не сказаў гэтага ўголас, але пытанне ўзнікла ў яго ў мозгу.
«Ты не зможаш гэтага правільна зразумець. Я… — голас замоўк, як быццам шукаў у мозгу Карсана слова, якога там не было, якога ён не ведаў. — Я — вынік эвалюцыі цывілізацыі такой старажытнай, што яе ўзрост нельга выказаць зразумелымі табе словамі. Цывілізацыі, што злілася ў адзінае цэлае, якім можа стаць і твая прымітыўная цывілізацыя… — зноў паўза, падшукванне слова, — праз доўгі час. Такім могуць стаць і тыя, каго ты называеш Прышэльцамі. Таму я і ўмяшаўся перад пачаткам бітвы, гэткай роўнай, што вынікам яе будзе знішчэнне абедзвюх цывілізацый. Адна з іх павінна выжыць. Выжыць, каб развівацца далей». «Адна, — падумаў Карсан. — Мая ці…» «У маіх сілах спыніць вайну, паслаць Прышэльцаў назад, у сваю галактыку. Але яны ўсё роўна вернуцца або вы рана ці позна іх знойдзеце. Толькі пастаянным умяшаннем мог бы я прадухіліць узаемнае знішчэнне, але я не магу застацца. Таму я вырашыў умяшацца цяпер. Я цалкам знішчу адзін флот без ніякіх страт для другога. Так адна з цывілізацый зможа выжыць».
«Кашмар. Вядома, гэта кашмар», — падумаў Карсан. Але ён ведаў, што гэта не кашмар.
Усё гэта было занадта бязглузда, занадта неверагодна, каб не адбывацца на самай справе.
Ён не адважыўся задаць пытанне — які? Але яго думкі задалі гэтае пытанне самі.
«Выжыве мацнейшы, — сказаў голас. — Гэтага я не магу — і не стаў бы — мяняць. Я проста ўмешваюся, каб гэта была сапраўдная, а не… — зноў паўза, — а не Пірава перамога, каб цывілізацыя, што пераможа, не была ёю зламана.
Я выбраў двух індывідуумаў — цябе і Прышэльца. Я бачу, што ў вашай старажытнай гісторыі, гісторыі міжнацыянальных войнаў, вядомыя паядынкі паміж прадстаўнікамі плямёнаў, якія вырашалі зыход барацьбы.
Табе і твайму праціўніку трэба будзе вытрымаць паядынак. Абодва вы голыя і бяззбройныя, абставіны аднолькава незнаёмыя абодвум, аднолькава непрыемныя абодвум. Час не абмежаваны — тут няма часу. Адзін з вас пераможа. Яго цывілізацыя выжыве».
— Але… — Карсан сам не ведаў, што ён хацеў сказаць, але голас адказаў:
«Гэта справядліва. Умовы такія, што вырашыць не выпадковая фізічная перавага. Паміж вамі бар'ер. Ты зразумееш. Розум і мужнасць будуць важнейшыя за сілу. Асабліва мужнасць — воля да жыцця».