ЖАНРЫ

Замежная фантастыка

Альдани Лино

Шрифт:

Ён задраў штаніну і паглядзеў на лытку. Там быў доўгі белы шрам, але ён даўно загоіўся. Раней ніякага шрама тут не было. Ён расшпіліў маланку на куртцы і ўбачыў, што яго грудзі і жывот пасечаны малюсенькімі, амаль незаўважнымі і таксама зусім загоенымі шрамамі. Гэта было на самай справе.

Аўтапілот ужо ўводзіў яго касмалёт у трум базы. Захваты паклалі яго на месца, і праз імгненне зумер паведаміў, што шлюз запоўнены паветрам. Карсан адчыніў люк і выйшаў вонкі праз падвойныя дзверы шлюза.

Ён накіраваўся проста ў кабінет Брандэра, увайшоў і аддаў чэсць.

Брандэр выглядаў крыху ашалелым.

— Прывітанне, Карсан, — сказаў ён. — Ты такое прапусціў. Вось гэта была карціна!

— Што здарылася, сэр?

— Добра не ведаю. Мы далі адзін залп, і ўвесь іх флот рассыпаўся на пыл! Штосьці такое імгненна перакінулася з карабля на карабель — нават на тыя, у якія мы не цэліліся і якія былі за межамі нашага агню. Увесь флот быў знішчаны на нашых вачах, а ў нас ніводнай драпіны. Мы нават не можам прыпісаць сабе гэты гонар. Напэўна, у іх метале была нейкая нестабільная састаўная частка, і наш прыстрэлачны стрэл выклікаў рэакцыю. Ух, што было! Шкада, што ўсё абышлося без цябе.

Карсану ўдалося ўсміхнуцца. Гэта было вартае жалю падабенства ўсмешкі — толькі праз шмат дзён ён перажыве ўсё, што адбылося, — але капітан не глядзеў на яго і нічога не заўважыў.

— Так, сэр, — сказаў ён. Здаровы сэнс, а не сціпласць падказаў яму, што ён навек праславіцца як сама апошні ілгун ва ўсім космасе, калі прагаворыцца хоць словам. — Так, сэр, шкада, што ўсё абышлося без мяне.

Рэй Брэдбэры

Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю

Семдзесят гадоў запар Генры Ўільям Філд пісаў апавяданні, якія ніхто не друкаваў, і вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся і спаліў дзесяць мільёнаў слоў. Занёс усе рукапісы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, і шпурнуў у печ.

— От і ўсё, — сказаў ён і ў роздуме пра сваю марную працу і загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякіх дзівосных і рэдкасных рэчаў, і лёг у пасцель. — Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкі, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет і падвойных сонцаў. Каму гэта па сіле! Спрабавалі, праўда, усе. Ды ні ў аднаго сучаснага аўтара нічога не выйшла.

Космас занадта неабсяжны, думаў ён, міжзорныя караблі занадта хуткія, адкрыцці атамнай навукі занадта нечаканыя. Але іншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкаваліся, а ён, багаты, бяздзейны і гультаяваты, усё жыццё патраціў марна.

Цэлую гадзіну ён мучыўся такімі думкамі, а пасля паплёўся праз пустыя пакоі ў бібліятэку і запаліў ліхтар. Сярод кніг, да якіх паўстагоддзя ніхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнізе мінула тры стагоддзі, старонкі пажоўклі ад часу, але ён упіўся ў гэтую кнігу і прагна чытаў да самага досвітку…

У дзевяць гадзін раніцы Генры Ўільям Філд выбег з бібліятэкі, гукнуў слуг, выклікаў па тэлевізары юрыстаў, сяброў, вучоных, літаратараў.

— Прыязджайце зараз жа! — крычаў ён.

Не мінула і гадзіны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўільям Філд чакаў у кабінеце — ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай ліхаманкавай весялосцю. Высахлымі рукамі ён сціскаў тоўстую кнігу і, калі з ім віталіся, толькі смяяўся ў адказ.

— Глядзіце, — сказаў ён нарэшце, — вось кніга, яе напісаў волат, гігант, які нарадзіўся ў Эшвілі, штат Паўночная Караліна, у тысяча дзевяцісотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калісьці надрукаваў чатыры вялізныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнімаў горы і ўбіраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальніцы Джона Гопкінса, ад калісьці страшнай хваробы — пнеўманіі, і пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапісамі, — і ўсе напісаны алоўкам.

Усе, хто сабраўся ў кабінеце, паглядзелі на кнігу.

«Азірніся на дом, анёл».

Стары Філд вылажыў на стол яшчэ тры кнігі. «Пра час і пра раку», «Павуціна і скала», «Табе ўжо не вярнуцца дадому».

— Іх напісаў Томас Вулф, — сказаў ён. — Тры стагоддзі ён спачывае ў зямлі Паўночнай Караліны.

— Дык няўжо вы паклікалі нас толькі для таго, каб паказаць кнігі нейкага нябожчыка? — здзівіліся сябры.

— Не, не толькі! Я паклікаў вас, бо зразумеў: Том Вулф — вось хто нам трэба! Вось чалавек, які быў створаны для таго, каб пісаць пра вялікае, пра Час і Прастору, пра галактыкі і касмічную вайну, пра метэоры і планеты. Ён любіў і апісваў усё нешта такое, велічнае і грознае. Проста ён нарадзіўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлі ён нічога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзіцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

— А вы, баюся, крыху спазніліся, — падкалоў прафесар Боўлтан.

— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасці абакрасці мяне. Вы, прафесар, ставіце доследы з падарожжамі ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставіце самі. Калі спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькі слова. Вы ж падарожнічалі ўжо ў мінулае, праўда?

— Падарожнічаў, на некалькі гадоў назад, але не на стагоддзі…

— А мы даб'ёмся стагоддзяў! І вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслівым, гарачым позіркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.

Усе ахнулі.

— Менавіта так, — пацвердзіў стары. — Вось што я задумаў. Вы даставіце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялікую задачу, палёт з Зямлі на Марс будзе апісаны так, як здольны гэта зрабіць адзін толькі Томас Вулф!

І ўсе разышліся, а Філд застаўся са сваімі кнігамі, ён гартаў старыя старонкі і, ківаючы, мармытаў сам сабе:

— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.

Марудна цягнуўся месяц. Дні ўпарта не хацелі развітвацца з календаром, бясконца доўжыліся тыдні, і Генры Ўільям Філд гатовы быў завыць ад роспачы.

Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званіў-надрываўся тэлефон. Філд у цемры працягнуў руку.

— Слухаю.

— Гаворыць прафесар Боўлтан.

— Што скажаце?

— Я выпраўляюся праз гадзіну.

— Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кідаеце работу? Гэта немагчыма!

— Даруйце, містэр Філд. Выпраўляюся — гэта значыць выпраўляюся.

— Дык вы і праўда выпраўляецеся?

— Праз гадзіну.

— У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?

— Так.

— Вы дакладна запісалі дату? Раптам вы з'явіцеся, калі ён ужо будзе мёртвы? Глядзіце, не спазніцеся! Пастарайцеся трапіць туды загадзя, скажам, за гадзіну да яго смерці.

— Добра.

— Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчасліва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага і жывога.

— Дзякуй, сэр. Да пабачэння.

У слухаўцы пстрыкнула.

Генры Ўільям Філд ляжаў без сну, ноч адлічвала хвіліны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць ані не пашкоджаным з-пад халоднага надмагільнага каменя, вярнуць яму плоць і кроў, палымянасць слова. І кожны раз яго прабіралі дрыжыкі пры ўспаміне пра Боўлтана — пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусім іншых календароў, да зусім іншых людзей.

Поделиться с друзьями: