Замежная фантастыка
Шрифт:
— Баліць, — сказала другая яшчарка. — Баліць. Забі. Забі.
Карсан зразумеў. Ён выцягнуў з-за павязкі каменны нож і забіў знявечанае стварэнне. Жывая яшчарка хутка шмыгнула прэч.
Карсан павярнуўся да бар'ера. Прыпаўшы да яго рукамі і тварам, ён глядзеў, як удалечыні Прышэлец майструе катапульту.
«Калі б дабрацца туды, — думаў ён. — Калі б трапіць на той бок. Я б яшчэ мог перамагчы. Здаецца, ён таксама аслабеў. Я мог бы…»
Зноў на яго насунулася чорная безнадзейнасць; яго воля адступіла перад болем, і ён падумаў, што лепей было б памерці. Ён пазайздросціў яшчарцы, якую толькі што забіў. Яна не будзе болей пакутаваць. А яму давядзецца. Можа, гадзіны, можа, дні — пакуль ён не памрэ ад заражэння крыві.
Калі б можна было самога сябе гэтым нажом…
Ды ён ведаў, што не зможа гэтага зрабіць. Пакуль ён жывы, ёсць хоць адзін шанц з мільёна…
Ён з усіх сіл націскаў рукамі на бар'ер, як быццам хацеў адштурхнуць яго ад сябе. Ён заўважыў, якімі тонкімі і касцістымі сталі яго рукі. Напэўна, ён тут ужо доўга, ужо шмат дзён.
Колькі ж засталося яму жыць. Колькі часу ён яшчэ можа трываць гарачыню, смагу і боль?
Нейкі час ён быў блізкі да істэрыкі, але потым прыйшоў глыбокі спакой і з ім — ашаламляльная думка.
Яшчарка, якую ён толькі што забіў. Яна перасекла бар'ер, калі была яшчэ жывая! Яна была на баку Прышэльца; той абарваў ёй ногі і пагардліва адкінуў сюды, і яна праляцела праз бар'ер. А ён падумаў — гэта таму, што яна мёртвая.
Але яна была жывая! Яна была ўсяго толькі без прытомнасці.
Жывая яшчарка не можа перасекчы бар'ер, але калі яна непрытомная — гэта магчыма. Значыць, бар'ер непраходны не для жывой матэрыі, а для матэрыі, якая мысліць.
І з гэтай думкай Карсан папоўз уздоўж бар'ера, каб зрабіць апошнюю адчайную стаўку. Надзея была такая мізэрная, што толькі паміраючы можна ўхапіцца за яе.
Няма сэнсу ўзважваць шанцы на поспех. Таму што калі ён адмовіцца ад гэтай спробы, яны амаль роўныя нулю.
Ён дапоўз да кучы пяску вышынёй футы на чатыры, якую ён накапаў, спрабуючы — колькі дзён назад гэта было? — падкапацца пад бар'ер або знайсці ваду.
Куча была ля самага бар'ера — адзін яе схіл напалову заходзіў на той бок.
Узяўшы камень з суседняй кучы, ён залез на пагорак, мінуў яго вяршыню і ўлёгся, абапёршыся на бар'ер, так, што, калі б бар'ер раптам знік, ён скаціўся б па схіле на варожую тэрыторыю.
Ён праверыў, ці на месцы нож, ці зручна ляжыць у яго левай руцэ гарпун і ці моцна прывязана да яго і да яго запясця вяроўка.
Потым ён падняў правай рукой камень, якім зараз ударыць сябе па галаве. Давядзецца паспадзявацца на шанцаванне: удар павінен быць настолькі моцны, каб ён страціў прытомнасць, ды не настолькі, каб гэта было надоўга.
Ён адчуваў, што Прышэлец сочыць за ім, што той убачыць, як ён скоціцца праз бар'ер, і абавязкова наблізіцца, каб высветліць, у чым справа. Карсан спадзяваўся, што той прыме яго за мёртвага — ён спадзяваўся, што той прыйшоў да такога самага вываду пра бар'ер, як у свой час і ён. Але Прышэлец будзе асцярожны і падыдзе не адразу. Няшмат часу ў яго будзе. Ён нанёс удар…
Ачуняў ён ад болю. Ад раптоўнага рэзкага болю ў бядры, не падобнага на тузанне ў галаве і ў назе.
Але, абдумваючы ўсё перад тым, як аглушыць сябе, ён прадбачыў менавіта гэты боль, нават спадзяваўся на яго і падрыхтаваўся ачуняць, не выдаючы сябе ніякім рухам.
Лежачы нерухома, ён ледзь расплюшчыў вочы і ўбачыў, што яго здагадка апраўдалася. Прышэлец набліжаўся. Ён быў футаў за дваццаць, і боль, ад якога Карсан апрытомнеў, прычыніў яму кінуты Прышэльцам на ўсякі выпадак камень.
Ён ляжаў нерухома. Прышэлец набліжаўся. За пятнаццаць футаў ён спыніўся. Карсан затаіў дыханне.
Ён з усяе сілы стараўся, каб у яго ў галаве не было ні адзінай думкі, — інакш тэлепатычныя здольнасці ворага падкажуць яму, што Карсан пры памяці. Ды тут на яго мозг з ашаламляльнай сілай абрынуліся Прышэльцавы думкі.
Ён адчуў дзікі жах ад гэтых зусім чужых, інакшых думак, якія ён адчуваў, але не мог ні зразумець, ні выказаць, бо ні ў адной зямной мове не знайшлося б для іх слоў, ні ў адной зямной душы — уяўленняў. Ён падумаў, што думкі павука, ці багамола, ці марсіянскай пясчанай змяі, калі б яны набылі розум, здаліся б у параўнанні з гэтым роднымі і мілымі.
Ён цяпер зразумеў, што тая таямнічая істота мела рацыю. Чалавек або Прышэлец — ва ўсім сусвеце было месца толькі аднаму з іх. Яны былі далей адзін ад аднаго, чым Бог і д'ябал, — паміж імі не магло быць нават раўнавагі.
Бліжэй. Карсан чакаў, пакуль ён наблізіцца на некалькі футаў, пакуль ён працягне да яго свае шчупальцы…
І тут, забыўшыся пра ўсе свае пакуты і сабраўшы астатнія сілы, ён сеў, занёс гарпун і кінуў яго.
Прышэлец, з глыбока ўваткнутай у яго зброяй, пакаціўся прэч. Карсан паспрабаваў устаць, каб кінуцца наўздагон, ды не змог. Ён упаў і папоўз услед за праціўнікам.
Вяроўка разматалася і пацягнула Карсана за руку. Яго працягнула яшчэ некалькі футаў, потым нацяжэнне аслабла. Карсан усё рухаўся наперад, падцягваючыся рукамі па вяроўцы.
Прышэлец спыніўся, размахваючы шчупальцамі і дарэмна спрабуючы выцягнуць гарпун. Здавалася, ён задрыжаў, а потым, відаць, зразумеўшы, што яму не ўцячы, пакаціўся назад да Карсана, працягнуўшы да яго кіпцюрыстыя шчупальцы.
Карсан сустрэў яго з нажом у руцэ. Ён наносіў удар за ўдарам, а гэтыя жахлівыя кіпцюры рвалі яго скуру і мяса.
І раптам Прышэлец застыў нерухома.
Зазваніў званок. Карсан расплюшчыў вочы, але не адразу сцяміў, дзе ён і што з ім. Ён быў прышпілены да сядзення свайго касмалёта, і на экране перад ім не было нічога, акрамя касмічнай пустаты. Ніякага праціўніка, ніякай неймавернай планеты.
Званок выкліку працягваў звінець — нехта хацеў, каб ён адказаў. Чыста рэфлекторным рухам Карсан працягнуў руку і перакінуў тумблер.
На экране з'явіўся твар Брандэра — капітана суднабазы «Магелан». Ён быў бледны, а вочы ў яго ўзрушана ззялі.
— Карсан! Я — «Магелан», — гаркнуў ён. — Адбой. Усё кончылася! Мы перамаглі!
Экран патух — Брандэр выклікаў астатніх патрульных. Паволі Карсан вывеў свой карабель на зваротны курс. Паволі, не верачы сваім вачам і вушам, ён адшпіліўся ад крэсла і пайшоў да крана напіцца. Чамусьці ён адчуваў страшную смагу. Ён выпіў шэсць шклянак.
Потым ён прыхінуўся да сцяны, збіраючыся з думкамі. Ці было ўсё гэта на самай справе? Ён цэлы і здаровы. Смага была хутчэй уяўнай, чым сапраўднай: горла ў яго зусім не перасохла. Нага…