Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Я абразіўся й сказаў:
— Нашы сялянскія масы несьвядомыя... Яны глядзяць на фізкультуру, як на мэтад выламваньня чалавека, як на фізвывіх, але той (тут голас я моцна ўзьняў), хто выварыўся ў пралетарскім катле і закапціўся дымам фабрык і заводаў, той ня будзе так несьвядома, абстрактна гаварыць!
Я шырокім гэстам паказаў на сенажаці і сказаў абурана:
— Вам на тры рублі прынесьлі шкоду, і вы такі галас узьнімаеце? Сорам!
Ахрэм нахабна зірнуў мне ў вочы:
— Ты сядзіш у канцылярыі ды пяром скрыгаеш. Што ты ведаеш аб нашым гарапашным жыцьці?
— Я сам селянін! — з гонарам заявіў я.
— Ты селянін? — пачулася некалькі галасоў, і пракаціўся аглушны рогат разбэшчанай масы.
— Ах вы, чортавы дзеці! — залямантаваў я, падбег да першага, якога ўбачыў, селяніна з касой, выхапіў зь яго рук касу і ў вадну хвіліну плаўна замахаў касой. Памойму, уся сялянская праца ня мае сэнсу, і толькі касьба мне падабаецца — фізкультурная праца!
Я вярнуўся да групы пратэстантаў і пераможна пазіраў на іх. У вачох маіх грала актыўнасьць і гэраізм. Я нават не запыхаўся, хоць і быў вельмі злосным ад праяў някультурнасьці і цемры. Я сказаў яшчэ раз:
— Нам трэба весьці прапаганду агульнай культуры! Нам трэба праводзіць урбанізацыю вёскі! А вы з прычыны свае несьвядомасьці і замкнёнасьці цэхавых інтарэсаў ня йдзеце нам на сустрэчу. Вы маглі-б для нашай культпрацы ўнесьці шэраг каштоўных прапаноў. Дык-жа не! Вы хочаце забіць ініцыятыву!
— Каго мы хочам забіць? Мы нікога ня хочам забіць. А цябе дык пацягнем у суд.
— Я не баюся. Справа ў верных і цьвёрдых руках. Мы вывучаем формы й мэтады, мы актывізуем насяленьне. Вы знаходзіце структуру нездавальняючай? Калі ласка — у суд падавайце.
— Ня спусьцім, ведай гэта! Глупства нейкае гародзіць, ды яшчэ кланяйся яму.
Мне нечага было сказаць, і я кінуў словы Мамона:
— Нам спачатку трэба быць здаровымі, пасьля — разумнымі. Ахрэм азірнуўся на мяне і сказаў замест адвітаньня:
— Трасца ўсім вам, трасца нашым ворагам.
Усе пайшлі ўсьлед за Ахрэмам, бубнячы пад нос. Відавочна, што мы ніякім чынам не маглі спыніць сонечнай кампаніі. У яе ўцягваліся ўсё новыя кантынгенты. Сяляне скасілі свае пожні, і мы далей бесьперапынна вялі сваю працу. Мы наладзілі першую раённую шапялёўскую алімпіяду пры чым ува ўсіх галінах алімпійскіх гульняў пяршынство атрымаў я, і мая вага сярод моладзі вырасла да казачных памераў. Цяпер я ўжо не баяўся за свой лёс.
Сяляне падалі на ШАЧ у суд, і Торба сказаў, што прысудзяць здорава:
— На два месяцы тваёй самасуеўскай пэнсыі. Ня судзіся зь бедным.
— Дудкі я ім заплачу! — супакойна адказваў я, ведаючы, што за маёю сьпіною моладзь.
На рэчку пачалі прыходзіць і настаўнікі. Сонца і беспрацоўе вельмі прыцягальныя. Гыля і Юрлік прыносілі з сабой шахматы і газардавалі да вышэйшай меры. Гэта зьявілася найлепшай агітацыяй за культурнае часаправаджэньне.
Увесь час ля рэчкі ляжаў і дэклямаваў пясьняр Гарачы, які наглядаў быт моладзі ў мэтах ідэялізаваць яе ў сваіх паэмах. Ля рэчкі ім напісана славутая паэма «Дні мае крутыя». Шкода толькі, што ў мяне цяжкая памяць на вершы, а між тым у паэме ёсьць месцы, хвалюючыя да стогнаў фізіялягічных. Там былі радкі, якія да вар'яцтва падабаліся ўсім. Нешта:
Ў 17 годзе парвалі мне радасьці цуглі. Дротам калючым пралезьлі ў грудзі. Сьціснулі торбу сардэчную Вяроўкаю помсты.За гэты час я на сонцы вельмі папрыгажэў. Зь люстэрка на мяне глядзеў зусім іншы чалавек: супакойна-моцныя вочы, уладна-сьціснуты рот, упэўненыя рухі. Але сонца ня выгнала з мае галавы Крэйны. Яно распаліла цела нястрыманай пякотай каханьня, напоўніла кроў ліхаманачным пульсам, у кажную каморачку ў арганізьме стрыжнем паставіла паланеючы агнём матар'яльна спакусны абраз Крэйны. Да вар'яцтва даходзіла жаданьне напіцца крывавага піва каханьня.
Два тыдні майго адпачынку пранесьліся досыць ціха. У пачатку жніўня мой бястурботны небасхіл ахмарыўся. Шэраг дажджовых дзён — і я міжвольна зрабіўся ахвярай свайго сладастрашша (Гарачы). Аднойчы, калі ўся прырода жалосьліва скуголіла і прасіла сонца, пашоў я на тэлефонку, пагутарыў зь Сьвердзялюком і хутка вельмі блізка сышоўся зь ім.
У яго нязьмерна больш тонкія пачуцьці, чым я раней думаў. Мяне ў гэты час цягнула да прымітыўных форм каханьня і ў пошуках ціхай, на ўсё згоднай, фізычна ня брыдкай жанчыны я сустрэўся зь Сьвердзялюком, як надзвычайным махінатарам у справах натуральнага каханьня.
Складаная натура — Сьвердзялюк і часта, як жывы, стаіць ён у маіх вачох. Дзе ты цяпер Сьвердзялюша? Па якой зямлі сягаюць твае борздыя ногі? Каму ўсьміхаюцца твае містычназьвярыныя, часоў нэоліту ці бронзы вочы, такія непераможныя для жанчын? Вочы, вочы! Колер іх як у мутнавадзянога зялёнага шкла ці, яшчэ лепш, як у вады зь віру глыбокага.
Ня ведаю, дзе ён цяпер і каго ў сучасны момант абымаюць яго доўгія, цапкія рукі. Зьехаў ён, кінуў Шапялёўку, замардаваны адначасным каханьнем пяці дзяўчын. Ёсьць інфармацыя, што Сьвердзялюк перажыў гэту стадыю шалёнства і ад полігаміі пасьля пакутнай барацьбы з сабою перашоў да моногаміі. Ужо і адростак ёсьць у яго. Што-ж? Усё цячэ, усё старэе, усё разумнее.
А тады Сьвердзялюк жывы быў, як уюн. У два махі пазнаёміў мяне зь дзяўчатамі, якія марылі аб моцным, на ўсё жыцьцё расьцягненым каханьні.
Аднаго вечару, калі дождж бубнеў у вакно тэлефонкі, сядзеў я там зь дзьвюма дзяўчынамі, замяняючы Сьвердзялюка, якога некуды панесла вятровае ліха. Адна зь дзяўчын — настаўніца Цыцоха, кабетка так сабе, смазьлівая Божая цёлачка. Другая новая тэлефаністка Мычка, якая знаёмілася з працай, дзяўчына беленькая, уся ў кужалёвых кудзёрках, зь лёгкадумным бляскам у вачох. На яе ўскладаў я вялікія надзеі.
Я завёў вучоную гутарку на вольныя тэмы.
— Біялёгічна завяршона толькі тая жанчына, якая прыймала ўдзел у нараджэньні новага чалавека. Кажная жанчына павінна імкнуцца да гэтага.
Настаўніца Цыцоха сказала:
— Ня ведаю, што будэе далей, а цяпер у мяне да дзяцей няпераносная агіда. Сам сабе такую дурату чалавек напусьціць. Народзіць дзяцей, а пасьля ўсё жыцьцё пакутуе, вазёкаецца зь імі, аддыхі ня ведае.
— А я інакш думаю! — сказала тэлефаністка Мычка. — Я — вольная жанчына і ніколі ня буду залежыць ад мужчыны. І замуж у прынятым сэньсе слова не пайду. На што мне гэтыя кайданы. А дзіцёнка буду мець. Бяз гэтага нейкая пустэльня ў жыцьці.
Мяне гэта моцна трусанула. Гэткі жаночы гэраізм і аўтаномія! І як нагадвае адну прыродную зьяву, аб якой паведаў мне настаўнік-прыродавед:
— Некаторыя павучыхі-саміцы жываглотам зьядаюць самцоў пасьля таго, як апошнія добра выканалі заданьне.
Я сказаў тэлафаністцы:
— Хоць замуж не пайду — дзіцёнка буду мець! Дык што-ж? У чым перашкода? Калі ласка, Параска!
І я досыць нявытрымана зарагатаў.
Дзяўчына нечакана абразілася, уся заружавела і, як ластаўка перад дажджом, замітусілася па пакоі, потым зьбегла.