Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
На другі дзень яна падала заяву ў мясцком сувязі і ў профбюро тав. Мілёнку. Скардзілася, што я зьняважыў яе ў афіцыйнай установе ў прысутнасьці настаўніцы Цыцохі.
Мясцком сувязі ўнёс прапазыцыю ў профбюро аб выключэньні мяне з шэрагаў профсаюзу за абразу савецкай перадавой жанчыны, але тав. Мілёнак сказаў мне:
— У парадку ўдарнасьці прасі прабачэньня ў тэлефаністкі.
Каб унікнуць гострых непаразуменьняў, я зламаў сваю ўпартасьць. Прасіў выбачэньня.
Пасрэднікам у гэтай справе быў камсамолец Дусік, які прыдумаў лоўкую камбінацыю. Сабраў некалькі дзяўчат і хлапцоў і арганізаваў начную экскурсію ў саўгасны дзіўны парк. Там і адбылося маё прымірэнцтва з тав. Мычкай.
Дасягнуўшы згоды, я ўжо не адходзіў ад яе ні на крок. Мы адлучыліся ад кампаніі і ноч скончылі на самым краю парку, там, дзе ў начы бялела бязьмежнае мора грэчкі і яе мёдны пах круціў галаву, напаўняў істоту выразнымі імкненьнямі.
Мы сядзелі пад белай бярозай. Белая бяроза бязь ветру шумела, калі я, прытуліўшыся да пляча дзяўчыны, паакторску выконваў ролю спакусьніка. Мы вярталіся дамоў, калі апошняя зорка патухла ў небе.
Я дзівіўся: як непасьлядоўныя жанчыны!
Дзяўчыну звалі Люля. Люля, сустрэнемся яшчэ раз?
Сьвердзялюк пазнаёміў мяне з другой цікавай дзяўчынай — Сошай-Дошай. У яе блакітныя вочы, выпукленыя, як бурбалкі вадзяныя, тонкі нос Клеапатры, лебядзіная шыйка, стрыжаная галава і добра абсталяваны грудны сэктар. Знаёмячы нас, Сьвердзялюк шапарнуў мне на вуха:
— Беражыся зь ёю! Справа тут тонкая! Чырканеш няўдала сярнічку — шмат будзе турбот.
— Не разумею твае алегорыі!
— На яе мае пляны райком. Ці ня жэніцца ён...
— Разумею цяпер. Няўхільнае абвастрэньне адносін з сакратаром на груньце каханьня.
У галаве маёй адлюстравалася фігура сакратара з насупленымі вачыма, нэрвовымі ўздрыгамі губ і нагамі з доўгай трансляцыяй. Параўнаў зь ім Сошу-Душу і падумаў:
— Прыгожая будзе яму бабулька. Ня кіне.
У той-жа дзень вечарам мы сабраліся ў нардоме на рэпэтыцыю. Я падхалімнічаў з Сошай-Дошай, пераконваў яе, што нікому так не падыходзіць роля Люркі, як ёй. Угаварылі.
На другі дзень мяне выклікалі ў райком, была заслуханая мая справаздача аб культпаходзе і пляне далейшай працы. Мімаходам сакратар параіў мне ня ставіць п'есу, якую ўчора рэпэтавалі, бо яна ідэялягічна нявытрымэная. Дзіўна толькі, скуль ведае гэта сакратар, калі самай п'есы ня чытаў і ў вочы ня бачыў. Я згадзіўся зь ім.
Але тым-жа вечарам Соша-Доша сказала:
— Тав. Самасуй — палахлівы заяц! П'есу трэба абавязкова падрыхтаваць і паказаць публіцы.
Відаць роля местачковай прымадонны вельмі да густу прышлася дзяўчыне, а магчыма, былі яшчэ якія меркаваньні. Відавочна толькі адно: дзяўчына выразна ішла насупор свайму жаніху. А я стаўся між двох агнёў. Яна камандавала мной, як чорт піпкай. У пэрспэктыве — зноў калізіі, зноў пачаў закручвацца вузел драмы.
Не пасьпеў я ўсё гэта абдумаць, як новая хмярэча да мяне прычапілася, ды такая хмярэча, што высунула мяне на мяжу між жыцьцём і сьмерцю.
Гаспадыня мая (Хайка Каплун), каб яе пярун па галаве троху смалянуў, на сьняданьне засмажыла мне рыбу, ды нейкую дзіўную, з доўгім хвастом і вялізнай галавой (ні хваста, ні галавы я ня бачыў!) і накарміла мяне. Мала гэтага, калі я, зьнішчыўшы ладны кавал гэгай ядзі, падзякаваў гаспадыні, як яна, як авантурніца чыстай вады (у гэты час мой язык аблізваў мае губы), сказала:
— На здароўе! Будзьце тоўсты! Ежце із смакам яшчэ!
І, нібы заклапочаная маім здароўем маці, наліла мне яшчэ порцыён. Я ўмахаў яго. Паклала яшчэ. І той апынуўся ў тым-жа месцы.
Праз гадзіну як схапіла мяне за жывот, дык тату-маму крычаў, забыўся, як мяне завуць.
Пасьля па мястэчку дзейкалі, што мая гаспадыня, замест рыбы, засмажыла зьмяю. Гэта зусім магчымы варыянт, бо, па-першае, бязь Ліна гэта агідная гісторыя не абыйшлася, па-другое — усё цела маё пакрылася нейкімі цёмнымі плямкамі — наяўны сымптон зьмяёвай атруты. Я і сам ня ведаю, якім цудам у жывых застаўся. У першую чаргу я ўськінуўся на гаспадыню:
— Вы мяне атруцілі. Каб рыбу есьці — на гэта ў мяне курсу ня было. У турму пасаджу, хоць памру!
Гаспадыня ламала рукі і божкалася, што яна ні ў чым ня вінна.
А мяне такі нявыносны боль заламаў, што я, ня помнячы нічога, застагнаў як недарэзаны вяпрук, і стралой паляцеў у больніцу.
Як на бяду мне, дохтарша, якую ўсё мястэчка за матку прызнавала, паехала ў вадпачынак, а доктар Крутагалоў (каб яму галаву адкруціла!) паехаў на эпідэмію трасцы. Ніякой эпідэміі ня было, але пасьля высьвятлілася. Ды ён і ня доктар быў, а захапляўся жаночай фігуральнай структурай. Як прыдзе ў больніцу прыгожая дзяўчына, дык ён загадае ёй распрануцца ды тры з палэвінай гадзіны выстуквае, вымацвае яе.
На мястэчку ёсьць яшчэ прыватнік — доктар Зэлік. Дык добрыя людзі рагочуць, заходзяцца ад сьмеху. Падумайце: ня мог пазнаць, што яго жонка цяжарная і на працягу 9 месяцаў усім дурыў галаву:
— Маю жонку трэба везьці ў Маскву пад апэрацыю. У Беларусі няма такіх вучоных.
У жываце, бачыце, нейкі вопух, паводля яго слоў, арганізаваўся і расьце, расьце. А як прышоў фінал ды жонка застагнала і хутка дзяўчынку прывяла ў жыцьцё, дык ён вочы свае выпукліў.
Дык гэты доктар мог мяне на той сьвет накіраваць і дапамогу даў-бы ў вадмоўным сэньсе слова.
У больніцы засталася толькі акушэрка. Нават фэльчароў як вадою змыла. Жанчына памацала мой напуклены жывот, паціснула ў розных мясцох. Пры кажнай маніпуляцыі я галасіў:
— Ой, здыхаю! Ратуйце! Ня дайце разлучыцца з жыцьцём! Спакойна сказала:
— Гостры гастрыт!
Дала нейкіх парахоляў. Тут нейкая баба прычапілася да акушэркі:
— У мяне жывот баліць, як цяжкое падыму. Дык і ў мяне гайстрыт? Што-ж ён такое? Гліст такі, ай што?
— Гліст, гліст, — замахала на яе акушэрка.
Баба высунулася ў пярэдні пакой і сваім суседкам:
— У мяне гліст, такі гостры, як іголка. Гостры гайстрыт. Ён зь мяне ўсё шлуньне выцягвае.
Мне не да сьмеху было. Прыняў зельле, ледзьве завалокся дамоў, а там яшчэ горш падкаціла.
Саромна мне было стагнаць на сваёй кватэры — не хацелася, каб мае енкі чула Крэйна. Узаўрэў я, але сьцягнуўся з ложка і паплёўся ў сасоньнік каля вёскі Вялікія Насы. Там на ўзлоньні прыроды сярод сьпеючых аўсоў і грэчкі я «охаў, ёкаў і стагнаў», як апяяў у вершу маю цяжкую хваробу Гарачы.