Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Кунігас Даўспрунк паведамляе табе, што твая дачка Рамуне знаходзіцца ў яго руках і ад тваёй абачлівасці і мудрасці залежыць яе жыццё, — пакланіўшыся Міндоўгу, сказаў старэйшы з вайдэлотаў.

На кунігаса было страшна глядзець. Ен сеў на валун каля нумаса, абшчаперыў галаву рукамі і як здранцвеў. Ні слова не пачулі ад яго, толькі чырванеў і соп, нібы кавальскі мех.

Прыбегла княгіня Ганна-Паята. Упала перад мужам на калені, пачала слёзна прасіць.

— Выратуй дачку. Яна ж адна ў цябе. Адна саколка між арлоў.

Міндоўг маўчаў. Потым глухім, як з-пад зямлі, голасам прамовіў:

— Як жа я выратую?

— Пашлі ганцоў да кунігаса Даўспрунка.

У голасе ў Ганны-Паяты зацеплілася надзея. Але Міндоўг паныла і цяжка зірнуў на яе. Зорны холад неба стыў у кунігасавых вачах.

— З аднаго вала дзвюх шкур не лупяць, — сказаў Міндоўг.

Княгіня зразумела, што гэты камень, гэту скалу не ўзяць нічым. Дзяржава для яго вышэй за ўсё. І княгіня загаласіла так, як ва ўсе часы, ва ўсе вякі рабілі яе сёстры па целу і душы, жанчыны, кім бы ні былі яны на белым свеце — парфіраноснымі ўладаркамі ці чорнымі смердкамі.

Дочачка мая, зязюлечка мая, Ягадка мая, недаспелая мая, Без пары ты адкацілася ад мяне. Лісточак мой зялёненькі, Цвяточак мой чырвоненькі, Без пары ты ападаеш, Мне тугу пакідаеш.

Усе як знямелі. А Ганна-Паята аблівалася слязьмі.

Я жывая лягу ў калоду беладубовую… Дочачка мая, зорачка мая, Куды ж я цябе выпраўляю? Не ў царкву пад вянец, А ў магілу ў пясок.

Міндоўг зморшчыўся, моўчкі пайшоў у нумас. І нават Казлейка не асмеліўся пайсці следам за ім.

«Заложніцай узялі Рамуне. Што ж рабіць? Засталіся ўсяго тры няпоўныя дні», — пакутліва думаў Далібор. Князёўна ўладна жыла ў сэрцы, звіла, як белая саколка, у ім гняздо. Ен адчуваў, што са стратай, смерцю Рамуне чорным будзе ягонае жыццё. У глыбокім одуме стаяў новагародскі княжыч каля балота, напружана ўзіраючыся ў супрацьлеглы бераг. Толькі паклычаны ветрам хмыз, толькі бурая асака і гнілая вада бачыліся яму. І раптам твар ягоны асвяціўся. І хоць не радасць была на твары, а толькі надзея, Далібор адразу павесялеў, клікнуў Найдзёна і загадаў, каб той адшукаў Войшалка.

— Перадай, што новагародскі княжыч просіць яго да сябе, — сказаў Далібор халопу, рашуча накіроўваючыся ў свой шацёр. Неўзабаве Найдзён прывёў Войшалка. Новагародскі і літоўскі княжычы доўга сядзелі ў шатры. Каб Найдзён не пачуў іхнюю гаворку, Далібор уласнаручна заляпіў яму вушы воскам са свечкі. Вернага халопа гэта страшэнна пакрыўдзіла, але каго цікавіць, аб чым думае і што перажывае халоп.

Ужо ноччу ў шацёр было загадана паклікаць ваяводу Хвала і ляха Костку. Найдзён іх раскатурхаў, бо спалі, і прывёў да княжыча, хоць Костка лаяў на чым свет стаіць дурнога халопа.

А раніцою нечуваны пярэпалах быў у балотным гарадку. Крычалі ў сотню глотак Міндоўгавы дружыннікі, білі ў трывожнае біла. Чорны слуп дыму ўзняўся над востравам.

— Княжыч Глеб збег з усёй сваёй дружынай, — бялеючы ў твары, паведаміў Казлейка кунігасу. — І Войшалка з сабой павёў у вяроўках.

— Войшалка?! — схапіў Казлейку загрудкі Міндоўг. — Як жа ты праспаў? А хваліўся, што трохвокі, што на зямлі і пад зямлёй усё бачыш. Няўжо само неба супраць мяне?

Адразу ж расклалі ахвярнае вогнішча. Уласнаручна забіў Міндоўг казла і сабаку. Не надта шаноўныя гэта жывёліны, а калі казаць праўду, дык і зусім паршыўцы. Але не было пад рукою быка або вала, а без свежай крыві не паразумеешся з багамі.

Вайдэлоты спалілі на белым агні і чорным дыме казліныя і сабачыя косткі, развеялі на ўсе чатыры бакі гарачы прысак.

Потым доўга глядзелі на воблакі, на дрэвы, прыпаўшы вухам да зямлі, слухалі булькатанне адзінага ў балотным гарадку ручая. З воблакаў, калі ўважліва, не міргаючы і не адводзячы вачэй, прыгледзецца, праступіў нейкі твар, суровы і непрыветны. Але пабег па траве, па зялёных шапках дрэў вецер, зашумеў, залопаў цёплымі крыллямі паміж воблакаў, і надземны ўсюдыісны твар таго, што кіруе ўсім, памякчэў, пасвятлеў.

— Багі за цябе, кунігас Міндоўг, — урачыста абвясцілі вайдэлоты.

— Жывы не без хаты, мрэц не без магілы, — глыбакадумна прамовіў старэйшы і мудрэйшы між імі.— Яшчэ доўга будзеш ты жыць і ваяваць, кунігас.

Потым яны далі Міндоўгу выпіць з абсмаленага казлінага рога зелля, пакаштаваўшы якое чалавек не адчувае ні боль плоці, ні боль душы. Кунігас выпіў і моцна, спакойна заснуў. Святую праўду казаў мудрэц Геракліт: «Адно і тое ж у нас — жывое і мёртвае, і шлях уверх і ўніз — адзін і той жа». І яшчэ ён казаў такое, што неабходна запомніць усім: «Людзям не зрабілася б лепш, калі б збыліся ўсе іхнія жаданні».

Надышла ноч. Спаў Міндоўг. Спала восеньская жаўталістая пушча. Спаў свяшчэнны лес усімі сваімі жалудамі і галінамі.

А ў Варуце ў гэты самы час было шумна і весела. Кунігас Даўспрунк разам са сваімі сынамі Таўцівілам і Эдзівідам шчодра частаваў новагародскага княжыча Далібора, які прывёў сваю дружыну з балотнага гарадка і, адступіўшыся ад Міндоўга, прызнаў тым самым вярхоўную ўладу Даўспрунка над усёй Літвой. Як было не святкаваць!

Даўспрунк, старэйшы Міндоўгаў брат, з такімі ж чорна-зялёнымі, быццам лясное возера, вачамі, радаваўся, але радаваўся асцярожна. Болей крычалі і п'яна бушавалі ў застоллі ягоныя сыны. Сам жа Даўспрунк сціпла сядзеў побач з Даліборам у звычайнай белай кашулі, без аніякага золата і срэбра. На ногі ён абуў звычайныя сялянскія клумпы 29 .

29

Клумпы — зроблены з дрэва літоўскі абутак.

Маладыя гарачыя Таўцівіл з Эдзівідам хваліліся сваім спрытам і адвагаю.

— Мы так хутка ўбеглі ў Варуту, што Міндоўг і кашлянуць не паспеў,— казаў Далібору, наліваючы сабе і госцю новую чарку віна, Эдзівід, плячысты, з ярка-сінімі вачамі і белымі бровамі.

— Хвалі дзень увечары, жанчыну пасля смерці, меч пасля бітвы, а сваю нявесту на другі дзень пасля вяселля, — усміхаючыся ў рудаватую бараду, ціхім голасам прамовіў Даўспрунк. І, крыху счакаўшы, спытаў:

— Ведаеце, дзеці, хто гэта сказаў?

— Ты, — трымаючы ў руцэ залатую чару, тыцнуў ёю Ў бок кунігаса-бацькі Таўцівіл.

— Гэта сказаў мудрэц Ішмінтас. Ен навучыў нас, літоўцаў, страляць з лука і сеяць хлеб, — зноў усміхнуўся Даўспрунк.

Потым устаў, прасветленым позіркам абвёў усіх застольнікаў, выгукнуў:

— Вып'ем за Новагародак і Літву!

— За Новагародак і Літву! — як адзін падтрымала застолле.

Далібор быў вясёлы, усмешлівы, нямала піў, але галаву меў ясную. Насупраць яго за сталом сядзелі Хвал і Костка. Лях з вялікім імпэтам налягаў на літоўскія прысмакі, і ваявода ўжо двойчы наступіў яму пад сталом на нагу.

Поделиться с друзьями: