ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

Бедалага лёг і імгненна заснуў.

Карыстаючыся момантам, я пастараўся лепш разгледзець, як ён выглядае.

Гэта быў прывабны малады чалавек, высокага росту, цудоўнага складу, рукі і ногі меў мускулістыя, моцныя і ў той жа час надзвычай зграбныя; на выгляд яму было гадоў дваццаць шэсць. У твары яго я не заўважыў нічога панурага ці жорсткага; гэта быў мужны і ў той жа час пяшчотны і прыемны твар, і на ім нярэдка з'яўляўся выраз лагоднасці, асабліва калі ён усміхаўся. Валасы ў яго былі доўгія і чорныя; яны падалі на твар гладкімі пасмамі. Лоб высокі, адкрыты; колер скуры цёмна-карычневы, вельмі прыемны для вока. Твар круглы, шчокі поўныя, нос невялікі. Рот прыгожы, губы тонкія, зубы роўныя, белыя, як слановая косць. Спаў ён не больш паўгадзіны, нават не спаў, а драмаў, потым усхапіўся на ногі і выйшаў з пячоры да мяне.

Я тут жа ў загоне даіў сваіх коз. Як толькі ён убачыў мяне, ён тут жа падбег і зноў упаў перада мною на зямлю, усяляк выказваючы самую пакорную падзяку і адданасць. Прыпаўшы тварам да зямлі, ён зноў паставіў сабе на галаву маю нагу і ўвогуле, як толькі ўмеў, усімі даступнымі яму сродкамі імкнуўся даказаць мне сваю бязмежную пакору, намагаўся растлумачыць, што з гэтага дня ён будзе служыць мне ўсё жыццё.

Я шмат зразумеў з таго, што ён імкнуўся мне сказаць, і пастараўся запэўніць яго, што я ім вельмі задаволены.

З таго дня я пачаў вучыць яго самым неабходным словам. Перш за ўсё я сказаў яму, што буду называць яго Пятніца (я выбраў яму гэта імя ў напамінак таго дня, калі я выратаваў яму жыццё). Затым я навучыў яго вымаўляць маё імя, навучыў таксама вымаўляць «так» і «не» і растлумачыў яму значэнне гэтых слоў.

Я прынёс яму малака ў гліняным збану і паказаў, як трэба мачаць хлеб у малако. Ён адразу навучыўся ўсяму гэтаму і пачаў на мігі паказваць, што мая пачостка яму спадабалася.

Мы пераначавалі ў гроце, але адразу, як толькі надышла раніца, я загадаў Пятніцы ісці за мною і павёў яго ў сваю крэпасць. Я растлумачыў, што хачу падарыць яму сякое-такое адзенне. Ён, відаць, вельмі ўзрадаваўся, таму што быў зусім голы.

Калі мы ішлі паўз тое месца, дзе былі пахаваны забітыя ўчора два дзікуны, ён паказаў мне на іх магілы і ўсяляк імкнуўся мне растлумачыць, што нам варта адкапаць абодва трупы, каб зараз жа з'есці іх.

Тут я зрабіў выгляд, што страшэнна ўзлаваўся, што мне агідна нават слухаць пра такія рэчы, што мяне пачынае ванітаваць ад аднае думкі пра гэта, што я ўзнелюблю і ўзненавіджу, яго, калі ён толькі дакранецца да забітых. Нарэшце я зрабіў рашучы рух рукою, загадваючы яму адысці ад магіл; і ён адразу ж вельмі пакорна адышоў.

Пасля гэтага мы з ім падняліся на пагорак: мне хацелася паглядзець, ці тут яшчэ дзікуны.

Я дастаў падзорную трубу і навёў яе на тое месца, дзе бачыў іх учора. Але іх і след прастыў: на беразе не было ніводнай лодкі. Я не сумняваўся, што дзікуны паехалі, нават не паспрабаваўшы шукаць двух сваіх таварышаў, якія засталіся на выспе.

Я, вядома, узрадаваўся гэтаму, але мне хацелася мець больш дакладныя звесткі пра маіх нязваных гасцей. Бо цяпер я ўжо быў не адзін, са мною быў Пятніца, і таму я зрабіўся куды смялейшы, а разам са смеласцю ў мяне абудзілася і цікаўнасць.

У аднаго з забітых засталіся лук і калчан са стрэламі. Я дазволіў Пятніцы ўзяць гэту зброю, і з таго часу ён не разлучаўся з ёю ні днём ні ўначы. Хутка мне давялося ўпэўніцца, што лукам і страламі мой дзікун валодае па-майстэрску. Апрача таго, я ўзброіў яго шабляй, даў яму адну сваю стрэльбу, а сам узяў дзве другія, і мы рушылі ў дарогу.

Калі мы прыйшлі на тое месца, дзе ўчора балявалі людаеды, нашым вачам адкрылася такое жахлівае відовішча, што ў мяне замерла сэрца ў грудзях і застыла ў жылах кроў.

Але Пятніца быў зусім спакойны: такія відовішчы былі яму не ўпершыню і зусім яго не здзіўлялі.

Зямля ў многіх мясцінах была заліта крывёю. Вакол валяліся кавалкі смажанага чалавечага мяса. Увесь бераг быў усыпаны касцямі людзей: тры чарапы, пяць рук, косці ад трох ці чатырох ног і мноства іншых частак шкілета.

Пятніца расказаў мне з дапамогай знакаў, што дзікуны прывезлі з сабою чатырох палонных: траіх яны з'елі, а ён быў чацвёрты. (Тут ён тыцнуў сябе пальцам у грудзі.)

Вядома, я зразумеў далёка не ўсё з таго, што ён расказваў мне, але сёе-тое ўсё ж здолеў сцяміць. Паводле яго слоў, некалькі дзён назад у дзікуноў, якія былі пад уладай аднаго варожага князька, адбылася вялікая бойка з тым племенем, да якога належаў ён, Пятніца. Чужыя дзікуны перамаглі і забралі ў палон вельмі многа народу. Пераможцы падзялілі палонных паміж сабою і павезлі іх у розныя мясціны, каб забіць і з'есці гэтак жа, як зрабіў той атрад дзікуноў, які выбраў месцам балявання адзін з берагоў маёй выспы.

Я загадаў Пятніцы раскласці вялікае вогнішча, затым сабраць усе косці, усе кавалкі мяса, зваліць іх у гэта вогнішча і спаліць.

Я заўважыў, што яму вельмі хочацца паласавацца чалавечым мясам (ды яно і не дзіўна: ён жа таксама быў людаед!). Але я зноў рашуча паказаў яму знакамі, што мне здаецца агіднай і мярзотнай нават сама думка пра такі ўчынак, і тут жа прыгразіў яму, што заб'ю яго пры першай жа спробе парушыць маю забарону.

Пасля гэтага мы вярнуліся ў крэпасць, і я, не адкладваючы, узяўся абшываць свайго дзікуна.

Перш за ўсё я надзеў на яго штаны. У адной са скрынь, якія я забраў з загінуўшага карабля, знайшлася гатовая пара палатняных штаноў, іх давялося толькі крыху перашыць. Затым я пашыў яму куртку з казінага футра, прыклаўшы ўсе свае здольнасці і ўменне на тое, каб куртка атрымалася як найлепш (у той час я ўжо быў даволі спрактыкаваны кравец), і змайстраваў яму з заечых шкурак шапку, вельмі зручную і даволі прыгожую.

Такім чынам на першым часе ён быў апрануты з галавы да ног і застаўся, відаць, вельмі задаволены, што яго адзежа не горшая за маю.

Праўда, з непрывычкі яму было нязручна ў адзежы, таму што ён усё жыццё хадзіў голы; асабліва перашкаджалі яму штаны. Скардзіўся ён і на куртку: казаў, што рукавы ціснуць яму пад пахамі і націраюць плечы. Давялося сёе-тое перашыць, але мала-памалу ён прыцярпеўся і прывык.

На другі дзень я пачаў думаць, дзе б мне яго змясціць.

Мне хацелася ўладкаваць яго як-зручней, але я яшчэ не зусім быў упэўнены ў ім і баяўся пасяліць яго разам з сабою. Я паставіў яму маленькую палатку на вольнай плошчы паміж дзвюх сцен мае крэпасці, і ён такім чынам апынуўся за агароджай таго двара, дзе стаяла маё жытло.

Але гэта мая перасцярога аказалася зусім дарэмнай. Неўзабаве Пятніца даказаў мне на справе, як самааддана ён любіць мяне. Я не мог не прызнаць яго сваім сябрам і перастаў асцерагацца яго.

Ніколі ніводзін чалавек не меў такога вернага і адданага сябра, як мой Пятніца. Ні раздражнення, ні хітрасці не было ў яго ніколі ў адносінах да мяне; заўсёды прыветны і гатовы да паслугі, ён быў прыхільны да мяне, як дзіця да бацькі. Я ўпэўнены, што, калі б спатрэбілася, ён ахвяраваў бы дзеля мяне сваім жыццём.

Поделиться с друзьями: