Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Вось колькі непасільнай працы ўзваліў я на свае плечы толькі таму, што мне памроілася, нібыта мне пагражае небяспека! Жывучы столькі гадоў пустэльнікам, удалечыні ад людзей, я паступова адвык ад іх, і людзі пачалі мне здавацца страшнейшымі за звяроў.
Раздзел васемнаццаты
Рабінзон упэўніваецца, што на яго выспе бываюць людаеды
Мінула два гады з таго дня, калі я ўбачыў на пяску след чалавечай нагі, але ранейшы душэўны спакой так і не вярнуўся болей да мяне. Скончылася маё ціхамірнае жыццё. Кожны, каму даводзілася на працягу доўгіх год адчуваць пакутлівы страх, зразумее, якім сумным і змрочным зрабілася з таго часу маё жыццё.
Аднойчы ў час маіх блуканняў па выспе я дайшоў да яе заходняга краю, дзе яшчэ ніколі не быў. Не даходзячы да берага, я падняўся на пагорак. І раптам мне здалося, што ўдалечыні, у адкрытым моры, бачна лодка.
«Напэўна, мяне падманвае зрок, — падумаў я. — За ўсе ж гэтыя доўгія гады, з дня ў дзень углядаючыся ў марскія прасторы, я ні разу не бачыў тут лодкі».
Шкада, што я не ўзяў з сабою падзорнай трубы. У мяне было некалькі труб; я знайшоў іх у адным з куфэркаў, якія я перавёз з нашага карабля. Але, на жаль, яны засталіся дома. Я не мог разгледзець, сапраўды гэта была лодка ці не, хоць углядаўся ў мора так доўга, што ў мяне забалелі вочы. Спускаючыся з пагорка да берага, я ўжо нічога не бачыў; так і да гэтага часу не ведаю, што гэта было такое. Давялося адмовіцца ад усякіх далейшых назіранняў. Але з таго часу я даў сабе слова ніколі не выходзіць з дому без падзорнай трубы.
Дабраўшыся да берага — а на гэтым беразе, як ужо гаварылася, я ніколі не быў, я ўпэўніўся, што сляды чалавечых ног зусім не такая ўжо рэдкасць на маёй выспе, як здавалася мне ўсе гэтыя гады. Так, я ўпэўніўся, што, калі б я жыў не на ўсходнім узбярэжжы, куды не прыставалі пірогі дзікуноў, я б даўно ўжо ведаў, што на маёй выспе яны бываюць нярэдка і што заходні яе бераг служыць ім не толькі сталай гаванню, але і тым месцам, дзе ў час сваіх жорсткіх разгулаў яны забіваюць і ядуць людзей!
Тое, што я ўбачыў, калі спусціўся з прыгорка і выйшаў на бераг, скаланула мяне і ашаламіла. Увесь бераг быў усеяны чалавечымі шкілетамі, чарапамі, касцямі рук і ног.
Не магу выказаць, які жах мяне ахапіў! Я ведаў, што дзікія плямёны заўсёды ваююць паміж сабою. У іх часта бываюць марскія бітвы: адна лодка нападае на другую.
«Напэўна, — думаў я, — пасля кожнага бою пераможцы прывозяць сваіх ваеннапалонных і тут, па свайму бесчалавечнаму звычаю, забіваюць і з'ядаюць іх, таму што ўсе яны людаеды».
Тут жа непадалёку я заўважыў круглую пляцоўку, пасярод якой відны былі рэшткі вогнішча: тут, відаць, і сядзелі гэтыя дзікія людзі, калі паядалі целы сваіх палонных.
Жахлівае відовішча да таго ўразіла мяне, што ў першы момант я забыў пра небяспеку, якая пагражала мне на гэтым беразе. Абурэнне зверствам выціснула з мае душы ўсякі страх.
Я часта чуў пра тое, што ёсць плямёны дзікуноў-людаедаў, але ніколі да таго часу мне не здаралася самому бачыць іх. З агідай адвярнуўся я ад рэштак гэтага жудаснага балявання. Мяне званітавала. Я ледзь не страціў прытомнасць. Мне здалося, што я ўпаду. А калі апамятаўся, то адчуў, што ні адной хвіліны я не здолею тут застацца. Я ўзбег на пагорак і памчаўся назад да свайго жытла.
Заходні бераг застаўся далёка ззаду, а я ўсё яшчэ не мог канчаткова прыйсці да памяці. Нарэшце я спыніўся і пачаў збірацца з думкамі. Дзікуны, як я ўпэўніўся, ніколі не прыязджалі на выспу па здабычу. Напэўна, яны ні ў чым не мелі патрэбы, а магчыма, былі ўпэўнены, што нічога каштоўнага тут немагчыма адшукаць.
Не магло быць ніякага сумнення ў тым, што яны не адзін раз пабылі ў лясной частцы маёй выспы, але, відаць, не знайшлі там нічога такога, што магло б ім спатрэбіцца.
Значыць, трэба быць толькі вельмі асцярожным. Калі, пражыўшы на выспе амаль васемнаццаць год, я да самага апошняга часу ні разу не знайшоў чалавечых слядоў, то, магчыма, я пражыву тут яшчэ васемнаццаць гадоў і не траплю на вочы дзікунам, хіба толькі наткнуся на іх выпадкова. Але такой выпадковасці няма чаго баяцца, таму што з гэтага дня маім адзіным клопатам будзе клопат пра тое, як найлепш схаваць прыкметы майго існавання на выспе.
Я мог бы ўбачыць дзікуноў адкуль-небудзь з засады, але я не хацеў і глядзець на іх — такія агідныя былі мне гэтыя крыважэрныя драпежнікі, якія паядалі адзін аднаго, як звяры. Адна думка пра тое, што людзі могуць быць такія бесчалавечныя, гняла мяне і наводзіла на мяне страшэнны сум.
Каля двух гадоў пражыў я бязвыхадна ў той частцы выспы, дзе знаходзіліся ўсе мае ўладанні — крэпасць пад гарой, будан у лесе і тая лясная палянка, дзе я збудаваў загарадзь для коз. За гэтыя два гады я ні разу не схадзіў зірнуць на сваю лодку.
«Лепей я, — думалася мне, — пабудую сабе новае судна, а ранейшая лодка няхай застаецца там, дзе зараз. Выехаць на ёй у мора было б небяспечна. Там на мяне могуць напасці дзікуны-людаеды, і няма сумнення, што мяне яны разарвуць, як і іншых сваіх палонных».
Але мінула яшчэ з год, і я, нарэшце, усё ж адважыўся вывесці адтуль сваю лодку: вельмі ж ужо цяжка было рабіць новую! Ды і гатова б яна была, гэтая новая лодка, толькі гады праз два-тры, а да таго часу я па-ранейшаму не меў бы магчымасці плаваць па моры.
Мне ўдалося шчасліва перавесці сваю лодку на ўсходні бок выспы, дзе для яе знайшлася вельмі зручная бухта, атуленая з усіх бакоў стромкімі скаламі. Уздоўж усходніх берагоў выспы праходзіла марское цячэнне, і я ведаў, што дзікуны нізашто не адважацца высадзіцца там.
Чытачу наўрад ці здасца дзіўным, што пад уплывам усіх гэтых жахаў і хваляванняў я зусім перастаў клапаціцца пра свой дастатак і дабрабыт. Мой розум страціў усю сваю вынаходлівасць. Не да таго мне цяпер было, каб клапаціцца пра паляпшэнне харчавання, калі я толькі і думаў, як бы ўратаваць сваё жыццё. Я не адважваўся ні ўбіць цвіка, ні раскалоць палена, таму што мне ўвесь час здавалася, што дзікуны могуць пачуць гэты гук. Страляць я тым болей не асмельваўся.
Але галоўнае — мяне кожны раз ахопліваў пакутлівы страх, як толькі мне даводзілася распальваць агонь, таму што дым, які днём відаць на вялікай адлегласці, заўсёды мог мяне выдаць. З гэтай прычыны ўсе работы, для якіх патрабаваўся агонь (напрыклад, абпальванне гаршкоў), я перанёс у лес, у сваю новую сядзібу. А для таго, каб у сябе дома рыхтаваць ежу і пячы хлеб, я вырашыў запасціся драўляным вуголлем. Гэтае вуголле, згараючы, амаль не дае дыму. Яшчэ хлапчуком, у сябе на радзіме, я не раз бачыў, як здабываюць яго. Трэба насекчы тоўстых дроў, скласці іх у адну кучу, прыкрыць слоем дзёрну і спаліць. Калі вугаль быў гатовы, я пераносіў яго дадому і карыстаўся ім замест дроў.
І вось аднойчы, калі я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькі вялікіх кустоў, я заўважыў пад імі нару. Мяне зацікавіла, куды яна можа весці. З вялікай цяжкасцю я праціснуўся ў яе і апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмі прасторная і такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.
Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелі два вялізныя палаючыя вокі; яны гарэлі, як зоркі, адбіваючы слабае дзённае святло, якое пранікала ў пячору знадворку і падала проста на іх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы — нячысціку ці чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцяміць, кінуўся прэч з пячоры.