Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Многа сілы патраціў я на гэту работу: у мяне ж не было нават іголак! І ўсё ж у рэшце рэшт я змайстраваў нейкае мізэрнае падабенства вялікага трохкутнага ветразя, накшталт тых, якімі карыстаюцца ў Ангельшчыне (там такі ветразь называюць «нагою барана»), і, апрача таго, маленькі ветразь, так званы «блінд».
Такімі ветразямі я ўмеў кіраваць лепш за ўсё, таму што дакладна такія ж ветразі былі на той шлюпцы, на якой я некалі ўцякаў з Афрыкі.
Каля двух месяцаў прыладжваў я да лодкі мачту і ветразі, але затое ўся работа была зроблена вельмі дасканала. Апрача двух ветразяў я змайстраваў яшчэ трэці. Гэты ветразь я ўмацаваў на носе. Ён павінен быў памагаць нам паварочваць лодку пры перамене галса [19] , для таго каб ісці супроць ветру.
19
Галс — курс судна адносна ветру; напрыклад, судна ідзе левым галсам, калі вецер дзьме ў левы бок судна.
А затым я зрабіў выдатны руль і прыладзіў яго да кармы, што павінна было значна аблегчыць кіраванне лодкай.
У справе пабудовы марскіх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, і таму не пашкадаваў тут ні сілы, ні працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзін гэты руль у мяне пайшло амаль столькі ж часу, колькі на пабудову і аснастку ўсяе лодкі.
Калі ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятніцу кіраваць маёй лодкай, таму што ні руля, ні ветразя ён ніколі ў вочы не бачыў. На першым часе, калі ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём і як ветразь надзімаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такі ашаломлены, нібыта яму паказалі нейкае дзіва.
Тым не менш пад маім кіраўніцтвам ён хутка навучыўся кіраваць лодкай і зрабіўся ўмелым мараком. Адна толькі справа ніяк яму не давалася — карыстанне компасам. Але паколькі ў тых мясцінах туманы бываюць толькі ў час дажджоў, компас быў не вельмі патрэбны. Днём мы маглі кіраваць на ўзбярэжжа, якое віднелася ўдалечыні, а ноччу трымаць курс па зорках. Іншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнічаць ні морам, ні па зямлі.
Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнія гады можна было смела скінуць з разліку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятніцы жыццё маё зусім змянілася.
Набліжаўся сезон дажджоў, калі большую частку дня даводзіцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час і зрабіць захады да таго, каб дажджы не пашкодзілі нашу лодку. Мы прывялі яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваімі плытамі, і, дачакаўшыся прыліву, падцягнулі яе да самага берага. Потым мы выкапалі на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволі глыбокую яму такіх памераў, што лодка змясцілася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзілі яе моцнай плацінай, пакінуўшы для вады толькі вузкі праход.
Калі з наступным прылівам наш маленькі док запоўніўся вадою, мы наглуха заклалі плаціну, так што лодка засталася на вадзе, але марскія хвалі не маглі захліснуць яе і прыліў не мог знесці яе ў мора. Каб абараніць лодку ад дажджоў, мы прыкрылі яе тоўстым слоем галін, і яна такім чынам апынулася нібы пад страхой.
Цяпер мы маглі спакойна чакаць добрага надвор'я, каб у лістападзе ці снежні рушыць пад ветразем у мора.
Раздзел дваццаць чацвёрты
Бітва з дзікунамі. — Рабінзон выратоўвае гішпанца. — Пятніца знаходзіць бацьку
Як толькі спыніліся дажджы і зноў засвяціла сонца, я пачаў з раніцы да ночы рыхтавацца да будучага плавання. Я загадзя разлічыў, колькі правізіі нам можа спатрэбіцца, і пачаў нарыхтоўваць неабходныя прыпасы.
Тыдні праз два, а то і раней, я меў намер разбурыць плаціну і вывесці лодку з дока.
Але нам не суджана было адправіцца ў дарогу.
Неяк аднойчы раніцой, калі я, як звычайна, быў заняты падрыхтоўкай да ад'езду, мне прыйшло ў галаву, што добра было б, апрача іншай ежы, прыхапіць з сабою невялікі прыпас і чарапашынага мяса.
Я паклікаў Пятніцу і папрасіў яго збегаць на бераг і злавіць чарапаху. (Мы палявалі на чарапах кожны тыдзень, таму што абодва любілі іх мяса і яйкі.)
Пятніца памчаўся выконваць маю просьбу, але не прайшло і чвэрткі гадзіны, як ён прыбег назад, перамахнуў, як на крылах, цераз агароджу і, раней, чым я паспеў спытаць у яго, што здарылася, закрычаў:
— Гора, гора! Бяда! Кепска!
— Што здарылася? Што такое, Пятніца? — спытаў я трывожна.
— Там, каля берага, — адказаў ён, — каля берага адна, дзве тры… адна, дзве, тры лодкі!
З яго слоў я зразумеў, што ўсіх лодак было шэсць, але, як потым высветлілася, іх было толькі тры, а ён двойчы паўтарыў падлік, таму што быў вельмі ўсхваляваны.
— Не трэба палохацца, Пятніца! Трэба быць адважным! — сказаў я, стараючыся падбадзёрыць яго.
Небарака быў страшэнна напалоханы. Ён чамусьці вырашыў, нібыта дзікуны з'явіліся па яго, нібыта яны яго парэжуць на кавалкі і з'ядуць. Ён увесь калаціўся. І я не ведаў, як яго супакоіць. Я казаў, што мяне, калі на тое пайшло, чакае такая ж небяспека: калі з'ядуць яго, то з'ядуць і мяне разам з ім.
— Але мы будзем бараніцца! — сказаў я. — Мы не дамося жывымі ім у рукі; мы распачнём з імі бойку, і ты ўбачыш, што мы пераможам! Ты ж умееш страляць, ці не так?
— Я ўмею страляць, — адказваў ён, — толькі іх многа, вельмі многа.
— Не страшна, — сказаў я, — адных мы заб'ём, а астатнія напалохаюцца нашых стрэлаў і разбягуцца. Я абяцаю табе, што не дам цябе ў крыўду. Я буду адважна бараніцца сам і цябе буду бараніць. Толькі абяцай мне, што таксама будзеш адважна бараніць мяне і выконваць усе мае загады.
— Я памру, калі ты загадаеш, Рабінзон Круза!
Пасля гэтага я прынёс з пячоры вялікую конаўку рому і даў яму выпіць (я так ашчадліва абыходзіўся са сваім ромам, што ў мяне заставаўся яго яшчэ ладны запас).
Затым мы сабралі ўсе нашы мушкеты і паляўнічыя стрэльбы, падрыхтавалі іх як след і зарадзілі. Апрача таго, я ўзброіўся, як заўсёды, шабляю, а Пятніцу даў сякеру.
Падрыхтаваўшыся такім чынам да бою, я ўзяў падзорную трубу і падняўся для разведкі на гару.
Накіраваўшы трубу на бераг мора, я хутка ўбачыў дзікуноў: іх было чалавек дваццаць, ды, апрача таго, на беразе ляжала трое звязаных людзей. Лодак, паўтараю аказалася толькі тры, не шэсць. Было зразумела, што ўвесь гэты натоўп дзікуноў з'явіўся на выспу з адзінай мэтай — адсвяткаваць сваю перамогу над ворагам. Прадбачылася жахлівае крывавае відовішча.
Я таксама заўважыў, што гэты раз яны высадзіліся не там, дзе высаджваліся тры гады назад, у дзень нашай першай сустрэчы з Пятніцай, а куды бліжэй да мае бухтачкі. Тут бераг быў нізкі, і амаль да самае вады спускаўся густы лес.
Мяне страшэнна хвалявала злачынства, якое мела адбыцца неўзабаве. Марудзіць не было калі. Я збег з гары і сказаў Пятніцу, што трэба як мага хутчэй напасці на гэтых крыважэрных людзей.
Пры гэтым я яшчэ раз спытаўся ў яго, ці будзе ён мне дапамагаць. Ён цяпер зусім асмялеў (магчыма, гэтаму часткова садзейнічаў ром) і з бадзёрым, нават радасным выглядам паўтарыў, што гатовы памерці за мяне.