Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Тыя, што выйшлі на бераг, відаць, вырашылі не разыходзіцца. Яны ішлі адзін пры адным і пачалі падымацца на гару, пад якою знаходзіўся мой дом. Мы бачылі іх добра, яны ж не маглі нас бачыць. Мы былі б вельмі рады, калі б яны падышлі да нас бліжэй і каб мы маглі стрэліць у іх.
Мы спадзяваліся, што яны накіруюцца да супрацьлеглага берага выспы, таму што, пакуль яны заставаліся на гэтым яе баку, мы не здолелі б пакінуць нашу крэпасць. Але, дабраўшыся да вяршыні гары, адкуль відаць была ўся паўночна-ўсходняя частка выспы, яе лясы і даліны, яны спыніліся і зноў пачалі моцна крычаць.
Нарэшце, не дачакаўшыся адказу і, напэўна, баючыся аддаляцца ад берага, яны селі пад дрэвам і пачалі раіцца.
Добра было б, калі б яны леглі і заснулі, як тыя, што прыехалі раніцой; тады мы хутка здолелі б з імі расправіцца.
Але яны і не думалі спаць. Яны адчувалі, што на выспе адбываецца штосьці нядобрае, і вырашылі трымацца асцярожна, хоць і не ведалі, якая небяспека ім пагражае і адкуль яна можа прыйсці.
Убачыўшы, што яны раяцца, капітан выказаў адну, вельмі вартую ўвагі, думку.
— Зусім магчыма, — сказаў ён, — што яны на сваім вайсковым савеце вырашаць яшчэ раз падаць сігнал загінуўшым таварышам і ўсе адразу стрэляць. Тут бы нам і кінуцца на іх, пакуль іх стрэльбы будуць разраджаныя. Тады ім нічога больш не застанецца, як здацца, і ўсё абыдзецца без кровапраліцця.
План, па-мойму, быў някепскі, але для таго, каб яго ажыццявіць, нам неабходна было быць на вельмі блізкай адлегласці ад ворагаў. Бо мы ж павінны былі кінуцца на іх у тую самую хвіліну, як яны дадуць залп. Але яны знаходзіліся ад нас так далёка, што не магло быць і думкі пра раптоўны напад на іх.
Ды яны і не стралялі.
Мы не ведалі, на што рашыцца.
Нарэшце я сказаў:
— Па-мойму, да наступлення ночы нам няма чаго рабіць. А ўначы, калі гэтыя сямёра не вернуцца ў лодку, мы зможам непрыкметна прабрацца да мора і завабіць якой-небудзь хітрасцю тых траіх, што засталіся ў лодцы.
Мы доўга сядзелі ў засадзе і з нецярпеннем чакалі, калі ж піраты крануцца з месца. Нам здавалася, што іх нарадзе не будзе канца.
Раптам яны адразу ўсхапіліся і накіраваліся проста да мора. Напэўна, ім здалося, што заставацца на выспе небяспечна, і яны вырашылі вярнуцца на карабель, пакінуўшы шукаць сваіх таварышаў.
«Кепскія нашы справы! — падумаў я. — Відаць, нам давядзецца назаўсёды развітацца з караблём».
Я сказаў пра гэта капітану, ён прыйшоў у такую роспач, што ледзь не страціў прытомнасць.
Але тут я прыдумаў вайсковую хітрасць, якую і пусціў у ход. Хітрасць не складаная, але план мой удаўся выдатна. Паклікаўшы да сябе Пятніцу і памочніка капітана, я загадаў ім спусціцца да бухтачкі (той самай, якую Пятніца некалі пераплыў, калі за ім гналіся людаеды), затым, абагнуўшы яе, звярнуць на паўмілі да захаду, падняцца на пагорак і крычаць з усяе сілы, пакуль не пачуюць матросы, якія вяртаюцца да лодкі. Калі ж матросы адгукнуцца, перабегчы на другое месца і зноў крычаць і клікаць, і, такім чынам, мяняючы кірунак, завабліваць ворагаў усё далей і далей у глыб выспы, пакуль яны не заблудзяць у лесе, а потым кружным шляхам вярнуцца сюды да мяне.
Матросы ўжо садзіліся ў лодку і гатовы былі адчаліць, як раптам з боку бухтачкі пачуліся моцныя крыкі: гэта крычалі Пятніца з памочнікам капітана.
Ледзь толькі піраты пачулі іх галасы, яны зараз жа адгукнуліся і з усіх ног кінуліся бегчы ўздоўж берага ў той бок, адкуль чуліся гэтыя крыкі, але бухта загарадзіла ім дарогу, таму што быў прыліў і вада ў бухце стаяла вельмі высока. Тады яны паклікалі тых, што засталіся ў шлюпцы, каб яны пад'ехалі і перавезлі іх на другі бераг.
Я гэтага толькі і чакаў.
Яны перабраліся цераз бухту і пабеглі далей, прыхапіўшы з сабою яшчэ аднаго чалавека. Такім чынам у шлюпцы засталося толькі двое. Я бачыў, як яны адвялі яе ў самы канец бухты, бліжэй да зямлі, і прывязалі там да чэзлага дрэўца.
Гэта вельмі мяне ўзрадавала. Даўшы магчымасць Пятніцы і памочніку капітана рабіць сваю справу, я загадаў астатняму атраду ісці за мною.
Хаваючыся ў густым і высокім хмызняку, мы абагнулі бухту і раптоўна ўзніклі перад тымі піратамі, якія засталіся ля берага. Адзін з іх сядзеў у шлюпцы, другі ляжаў на беразе і драмаў. Убачыўшы нас за тры крокі ад сябе, ён памкнуўся быў ускочыць, каб уцячы, але капітан, які стаяў спераду, кінуўся на яго і стукнуў прыкладам. Затым, не даючы апамятацца другому матросу, ён крыкнуў яму:
— Здавайся — або смерць!
Гэта быў адзін з тых матросаў, пра якіх капітан казаў, што яны прымкнулі да бунтаўшчыкоў не па сваёй волі, а пад пагрозай. Матрос не толькі здаўся па першаму нашаму патрабаванню, але адразу ж выказаў жаданне ўступіць у наш атрад. Хутка ён даказаў сваімі ўчынкамі, што ён варты нашага даверу.
Тым часам Пятніца з памочнікам капітана не пераставалі крычаць і клікаць. Адгукваючыся на крык матросаў, яны вадзілі іх па ўсёй выспе з пагорка на пагорак, з аднаго гаю ў другі, пакуль не завялі ў такую непралазную гушчэчу, адкуль нельга было выбрацца на бераг да надыходу ночы. Можна сабе ўявіць, як стамілі і знясілілі яны непрыяцеля, калі і самі вярнуліся да нас смяротна стомленыя.
Цяпер нам заставалася толькі падпільнаваць піратаў, калі яны будуць вяртацца да таго месца, дзе яны пакінулі шлюпку, і, ашаламіўшы іх нечаканым нападам з цемры, прымусіць іх здацца нам у палон.
Яны вярнуліся не хутка. Нам давялося прачакаць некалькі гадзін, і толькі тады мы пачулі, што яны паволі прабіраюцца да берага. Ішлі яны паасобку, далёка адзін ад аднаго. Пярэднія крычалі на задніх:
— Хутчэй! Хутчэй!
Заднія адказвалі:
— Мы не можам, мы стаміліся…
Усё гэта было нам на руку.
Нарэшце яны падышлі да бухты. За гэтыя некалькі гадзін пачаўся адліў, і шлюпка, якая была прывязана да дрэва, апынулася зараз на сушы.
Немагчыма апісаць, што сталася з піратамі, калі яны ўбачылі, што шлюпка на мелі, а людзі зніклі. З гучнымі праклёнамі кідаліся яны па беразе, яны крычалі, што іх занесла на зачараваную выспу, што тут жывуць або разбойнікі, якія ўсіх іх перарэжуць, або водзяцца чэрці, якія з'ядуць іх жывымі.
Некалькі разоў браліся яны клікаць сваіх таварышаў, называючы іх імёны і прозвішчы, але, вядома, адказу не атрымлівалі.
Пры слабым вячэрнім асвятленні нам відно было, як бегаюць яны ўперад і назад, ламаючы ў роспачы рукі. Стаміўшыся ад гэтай бязмэтнай беганіны, піраты кінуліся ў лодку, каб перадыхнуць, але не праходзіла і хвіліны, як яны зноў выскаквалі на бераг і зноў бегалі ўперад і назад.
Мае спадарожнікі прасілі ў мяне дазволу напасці на ворага, як толькі сцямнее. Але я не хацеў кровапраліцця і вырашыў расправіцца з піратамі больш мірным чынам. А галоўнае, я ведаў, што вораг узброены з галавы да ног, і не хацеў рызыкаваць жыццём сваіх людзей. Трэба было пачакаць, ці не падзеляцца сілы праціўніка на два ці тры атрады, а пакуль што я загадаў свайму войску наступаць на ворага.