ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

У час буры пяць чалавек з іх карабельнай каманды патанула, а астатнія пасля шматдзённых пакут і жахаў, зняможаныя смагай і голадам, нарэшце прычалілі да краіны людаедаў. Высадзіўшыся ў гэтай краіне, яны адчувалі сябе страшэнна жахліва, з хвіліны на хвіліну чакаючы, што іх з'ядуць дзікуны. У іх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было ні пораху, ні куль: той порах, які яны ўзялі з сабою ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалі, таму што на першым часе здабывалі сабе ежу толькі паляваннем.

Я спытаў у яго, які, на яго, думку, лёс чакае яго таварышаў у краіне дзікуноў і ці спрабавалі яны калі-небудзь выбрацца адтуль на волю? Ён сказаў, што ў іх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмі і скаргамі.

— У нас жа не было, — растлумачыў ён, — ні судна, на якім можна было б плыць у адкрытае мора, ні інструмента для збудавання такога судна, ні харчовых запасаў.

Тады я сказаў яму:

— Я з вамі буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца ці не вашы таварышы пераехаць на маю выспу? Я ахвотна запрасіў бы іх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлі б нейкі спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краіны, а адтуль — на радзіму. Адно толькі мяне палохае: запрашаючы іх сюды, я аддаюся ім у рукі. Што, калі яны акажуцца каварнымі злымі людзьмі? Што, калі яны за маю гасціннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасці, увогуле кажучы, некаторым людзям зусім не ўласціва. Сярод іх могуць аказацца здраднікі. А гэта было б, згадзіцеся, вельмі крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькі, каб трапіць у палон да іх у іх Новай Гішпаніі [20] . Ужо няхай лепей з'ядуць дзікуны, чым трапіць у бязлітасныя кіпцюры папоў ці быць спаленым інквізітарамі [21] . Калі б вашы таварышы, — гаварыў я далей, — прыехалі сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасці работнікаў мы лёгка б збудавалі вялікае судна, на якім бы здолелі паплысці на поўдзень і дайсці да Бразіліі ці накіравацца на поўнач — да гішпанскіх уладанняў. Але, вядома, калі я аддам у рукі ім зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калі, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю, — тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабіў ім столькі дабра.

20

Новай Гішпаніяй тады называлі Мексіку, заваяваную гішпанцамі ў ХVІ стагоддзі.

21

Інквізітары — гішпанскія манахі, якія жорстка распраўляліся з кожным, хто не належаў да каталіцкай царквы. Такіх «ерэтыкаў» яны спальвалі на агні.

Гішпанец адказаў вельмі шчыра:

— Таварышы мае церпяць такія цяжкія нягоды і так добра разумеюць усю безнадзейнасць свайго становішча, што я нават у думках не трымаю, каб яны здолелі кепска аднесціся да чалавека, які дапаможа ім выратавацца з няволі. Калі хочаце, — працягваў ён, — я разам з гэтым старым з'езджу да іх, перадам ім вашу прапанову і прывязу вам іх адказ. Калі яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму з іх урачыстую прысягу, што яны пойдуць за вамі на тую зямлю, якую вы ім прапануеце, і да звароту дадому будуць безадказна падпарадкоўвацца вам як свайму начальніку. Вы будзеце загадваць, а мы — падпарадкоўвацца. Калі хочаце, мы складзем пісьмовую ўмову, кожны з нас падпіша яе, і я прывязу яе вам.

Затым ён сказаў, што ён гатовы, не адкладваючы, зараз жа прысягнуць мне на вернасць.

— Клянуся, што буду служыць вам да смерці! — так скончыў ён сваю палкую прамову. — Вы выратавалі мне жыццё, і я аддаю яго вам. Я пільна буду сачыць, каб мае суайчыннікі не парушылі прысягі, якую яны дадуць вам, і заўсёды буду біцца за вас да апошняй кроплі крыві. Аднак я магу паручыцца за сваіх землякоў: усе яны людзі сумленныя, вельмі надзейныя, і сярод іх няма ніводнага здрадніка.

Пасля такіх шчырых слоў усе мае сумненні зніклі, і я вырашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў гішпанцу, што адпраўлю да іх яго і старога дзікуна.

Але, калі ўсё ўжо было гатова да адплыцця, гішпанец раптам загаварыў пра тое, што лепей было б адкласці наш намер на некалькі месяцаў, а магчыма, і на год.

— Перш чым перавозіць гасцей, — сказаў ён, — нам варта паклапаціцца пра іх харчаванне.

Ён меў рацыю. Правізіі ў нас было мала. Яе ледзь хапала на чацвярых, а калі прыедуць госці, яны знішчаць усе нашы прыпасы за тыдзень, і ўсе мы будзем асуджаны на галодную смерць.

— Таму, — сказаў гішпанец, — я прашу ў вас дазволу ўзараць новую дзялянку зямлі. Даручыце гэта нам тром, мы зараз жа возьмемся за работу і пасеем усё збожа, якое вы здолееце выдзеліць на сяўбу. Потым дачакаемся ўраджаю, збяром хлеб, і, калі яго хопіць на тое, каб пракарміць новых людзей, тады я і бацька Пятніцы накіруемся па іх. Калі ж яны прыедуць на гэту выспу зараз, ім пагражае люты голад, а гэта можа выклікаць паміж імі разлад і ўзаемную нянавісць.

Разумная прадбачлівасць гэтага чалавека спадабалася мне. Я ўбачыў, што ён і сапраўды клапоціцца пра мой дабрабыт і адданы мне ўсім сэрцам.

Патрэбна было яго параду прывесці ў выкананне.

І ўсе чацвёра мы ўзяліся ўзорваць новае поле. Мы старанна рыхлілі глебу (наколькі гэта магчыма з драўлянымі прыладамі), і праз месяц, калі настаў час пасеву, у нас была вялікая дзялянка старанна ўзаранай зямлі, на якой мы пасеялі дваццаць два бушалі ячменю і шаснаццаць бушалёў рысу, гэта значыць усё збожжа, якое я змог даць на сяўбу.

Цяпер, калі нас было чацвёра, дзікуны маглі б напалохаць нас толькі тады, калі б яны нечакана напалі на нас у вельмі вялікай колькасці. Мы не баяліся дзікуноў і вольна хадзілі па ўсёй выспе. А паколькі ўсе мы марылі толькі пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейсніць гэту мару. У час сваіх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гішпанец і Пятніца з бацькам узяліся секчы гэтыя дрэвы.

Я паказаў ім, якія неверагодныя цяжкасці давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, і мы пачалі ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалі іх каля тузіна. Гэта былі моцныя дубовыя дошкі каля трыццаці пяці футаў у даўжыню, двух футаў шырыні і ад двух да чатырох дзюймаў таўшчыні. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.

У той жа час я імкнуўся па магчымасці павялічыць свой маленькі статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзілі лавіць дзікіх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццаці галоў.

Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапаціцца пра нарыхтоўку разынак, бо вінаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбіралі і насушылі яго велізарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкі складалі аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмі любілі разынкі. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай і спажыўнай ежы.

Надышоў час жніва. Ураджай ячменю і рысу быў някепскі. Праўда, мы чакалі, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нішто сабе, і цяпер мы здолелі б пракарміць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такім запасам правіянту мы смела маглі рушыць у плаванне і дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкі.

Куды ж ссыпаць увесь рыс і ячмень? Для гэтага патрэбны былі вялікія карзіны, і мы адразу ж узяліся плесці іх.

Гішпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы.

Цяпер, калі ў мяне было дастаткова мяса і хлеба, каб пракарміць гасцей, я дазволіў гішпанцу ўзяць лодку і ехаць па іх. Я строга загадаў яму не прывозіць ніводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягі, што ён не толькі не зробіць мне ніякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе бараніць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павінны будуць напісаць на паперы, і кожны павінен будзе распісацца пад ёю.

У той момант я неяк забыў, што гішпанцы, якія пацярпелі крушэнне, не мелі ні паперы, ні чарніла.

З гэтымі павучаннямі гішпанец і стары дзікун рушылі ў дарогу на той самай пірозе, на якой іх прывезлі на маю выспу.

Як весела было мне збіраць іх у гэту дарогу! За ўсе дваццаць сем год майго зняволення на выспе я ўпершыню мог спадзявацца на тое, што вырвуся адсюль на волю. Я даў гэтым людзям вялікі запас хлеба і разынак, каб хапіла ім і нашым будучым гасцям.

Нарэшце я пасадзіў іх у пірогу і пажадаў ім добрай дарогі. Развітваючыся, я дамовіўся з імі, што калі яны будуць везці ў сваёй пірозе гішпанцаў, яны ўзнімуць сцяг у адкрытым моры, каб я мог здалёк пазнаць іх пірогу.

Адчалілі яны пры свежым ветры ў дзень поўні, у кастрычніку.

На жаль, я не магу назваць больш дакладную дату, бо, аднойчы згубіўшы правільны падлік дзён і тыдняў, я потым ужо не здолеў аднавіць яго.

Мінула даволі многа часу з моманту ад'езду маіх вандроўнікаў. Я чакаў іх з дня на дзень. Мне здавалася, што яны позняцца, што ўжо дзён восем назад павінны былі яны вярнуцца на выспу. Раптам адбыўся адзін зусім не прадбачны выпадак, якога яшчэ ніколі не здаралася за ўсе гады майго жыцця на выспе.

Поделиться с друзьями: