Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
— Значыць, трэба прыняць маю параду, — сказаў я. — Вы самі бачыце, што мы вымушаны быць жорсткімі: для нас гэта адзіны сродак выратавання.
Але было відаць, што капітану не хочацца забіваць і калечыць столькі сонных людзей, хоць гэтыя людзі і пакідалі яго на галодную смерць.
Заўважыўшы гэта, я сказаў яму, каб ён ішоў са сваімі таварышамі наперад і рабіў так, як лічыць больш мэтазгодным.
Пакуль у нас ішлі гэтыя перагаворы, піраты пачалі прачынацца. З лесу пачуліся іх галасы. Я ўбачыў, што двое з іх ужо стаяць на нагах, і спытаў капітана, ці не гэта завадатары бунту.
— Не, — адказаў ён, — гэтыя людзі былі верныя свайму абавязку да апошняй хвіліны і прымкнулі да змоўшчыкаў пад уздзеяннем пагрозы.
— Тады няхай сабе яны ідуць, — сказаў я. — Не будзем перашкаджаць ім. Відаць, сам лёс паклапаціўся пра тое, каб выратаваць невінаватых ад кулі. Але крыўдуйце потым на сябе, калі вы дасце магчымасць астатнім уцячы. Яны схопяць нас, і вам тады літасці ўжо не будзе.
Гэтыя словы абудзілі ў капітана рашучасць. Ён і яго таварышы схапілі стрэльбы, засунулі за пояс пісталеты і рынуліся наперад.
Адзін з матросаў павярнуўся, пачуўшы крокі, і, убачыўшы ў руках сваіх палонных зброю, узняў трывогу.
Але было позна ўжо: у той самы момант, як ён закрычаў, прагучалі два стрэлы. Тыя, што стралялі, не прамахнуліся: адзін чалавек быў забіты напавал, другі цяжка паранены. Ён, аднак, усхапіўся на ногі і пачаў клікаць на дапамогу.
Але тут да яго наблізіўся капітан.
— Позна! — сказаў ён. — Цяпер ужо цябе ніхто не выратуе. Вось табе ўзнагарода за здраду!
З гэтымі словамі ён ускінуў мушкет і так моцна стукнуў здрадніка прыкладам па галаве, што той змоўк назаўсёды.
Цяпер, не лічачы трох чалавек, якія, відаць, зайшлі ў другі бок лесу, у нас заставаліся толькі тры праціўнікі, з якіх адзін быў лёгка паранены. У гэты час падышлі і мы з Пятніцай. Ворагі ўбачылі, што ім не выратавацца, і пачалі прасіць літасці. Капітан адказаў, што ён гатовы памілаваць іх, калі яны на справе дакажуць, што раскайваюцца ў сваім вераломстве, і прысягнуць, што дапамогуць яму завалодаць караблём. Яны пападалі перад ім на калені і пачалі горача запэўняць яго ў сваім раскаянні.
Капітан паверыў іх клятве і заявіў, што ахвотна даруе ім жыццё. Я не пярэчыў супроць гэтага, але патрабаваў, каб палонным звязалі рукі і ногі.
Як толькі перагаворы скончыліся, я загадаў Пятніцу і памочніку капітана збегаць да баркаса і зняць з яго ветразь і вёслы.
Неўзабаве вярнуліся і тыя тры матросы, якія блукалі па выспе. Яны зайшлі далёка і цяпер прыбеглі, пачуўшы нашы стрэлы.
Калі яны ўбачылі, што капітан з іх палоннага зрабіўся іх пераможцам, яны нават не спрабавалі супраціўляцца і, не пярэчачы, далі сябе звязаць.
Такім чынам перамога засталася за намі.
Раздзел дваццаць сёмы
Бойка з піратамі
Цяпер, на волі, я мог падрабязна расказаць капітану пра ўсе свае прыгоды і няшчасці і распытаць яго пра тыя сумныя падзеі, у выніку якіх ён застаўся без карабля.
Я пачаў першы. Я расказаў яму ўсю гісторыю свайго жыцця за апошнія дваццаць сем гадоў. Ён слухаў вельмі ўважліва і не раз выказваў здзіўленне маёй мужнасцю і працавітасцю, якія пазбавілі мяне ад непазбежнай смерці.
Цяпер, калі ён падрабязна даведаўся пра маё жыццё на бязлюднай выспе, я запрасіў яго самога і яго спадарожнікаў да сябе ў крэпасць, куды мы зайшлі маім звычайным шляхам — па прыстаўных лесках. Я прапанаваў сваім гасцям добрую вячэру, а затым паказаў ім усю сваю хатнюю гаспадарку з усімі прыдуманымі мною за многія-многія гады мае адзіноты прыстасаваннямі.
Усё, што гэтыя людзі тут убачылі, здалося ім цудам. Усё, што я расказаў ім пра сябе, яны слухалі як чароўную казку. Але больш за ўсё іх уразілі збудаваныя мною ўмацаванні і тое, як хітра схавана было ў гушчары лесу маё жытло. Паколькі дрэвы тут растуць куды хутчэй, чым у Ангельшчыне, мой гай за дваццаць год ператварыўся ў дрымучы лес. Дабрацца да майго дома было магчыма толькі па вузкай пакручастай сцяжынцы, якую я пакінуў, калі садзіў дрэвы.
Я растлумачыў капітану, што гэта крэпасць — галоўная мая рэзідэнцыя [22] , але, як і падабае каралю, у мяне ў далечыні ад сталіцы ёсць летні палац, які зрэдку я таксама наведваю.
— Я, вядома, з ахвотай пакажу яго вам, — сказаў я, — але цяпер у нас ёсць больш важная справа: трэба падумаць, як адабраць у ворагаў ваш карабель.
— Розуму не прыкладу, што нам рабіць, — сказаў капітан. — На караблі яшчэ засталося дваццаць шэсць чалавек. Усе яны ўдзельнікі бунту, гэта значыць такога злачынства, за якое, паводле нашых законаў, адна кара — смерць. Піратам добра вядома, што, калі яны здадуцца нам, іх адразу ж, як толькі мы вернемся ў Ангельшчыну, сустрэне шыбеніца. І таму што губляць ім няма чаго, бараніцца яны будуць адчайна. А пры такіх умовах нам, з нашымі слабымі сіламі, немагчыма пачынаць з імі бойку.
22
Рэзідэнцыя — местазнаходжанне кіраўніка дзяржавы. Тут гэта слова ўжыта жартам.
Я задумаўся. Словы капітана здаліся мне пераканаўчымі. Трэба было як мага хутчэй прыдумаць які-небудзь рашучы план. Цягнуць і марудзіць не было калі: з карабля магла з'явіцца новая шайка піратаў і перарэзаць усіх нас. Лепей за ўсё было б завабіць іх у пастку хітрасцю і напасці на іх знянацку. Але як гэта зрабіць? З хвіліны на хвіліну яны маглі з'явіцца тут.
— Напэўна, — сказаў я капітану, — там на караблі пачалі ўжо непакоіцца, чаму так доўга не вяртаецца лодка. Хутка яны захочуць даведацца, што здарылася з матросамі, якія паехалі на бераг, і пашлюць да нас другую лодку. На гэты раз у лодцы прыедуць узброеныя людзі, і тады мы не справімся з імі.
Капітан згадзіўся са мною.
— Перш за ўсё, — гаварыў я далей, — мы павінны паклапаціцца пра тое, каб бандыты не здолелі адвезці свой баркас назад, а таму трэба зрабіць яго непрыгодным для плавання, гэта значыць прадзіравіць яго дно.
Мы зараз жа заспяшаліся да баркаса. Гэта была вялізная лодка з крутымі бартамі. У баркасе аказалася многа рознага дабра. Мы знайшлі там сякую-такую зброю, парахаўніцу, дзве бутэлькі — адну з гарэлкай, другую з ромам, некалькі сухароў, вялікі дроб цукру (фунтаў пяць ці шэсць), загорнуты ў парусіну. Усё гэта было мне вельмі дарэчы, — асабліва гарэлка і цукар: ні таго, ні другога я не спытваў ужо шмат гадоў.
Склаўшы ўвесь гэты груз на беразе і прыхапіўшы з сабою вёслы, мачту, ветразь і руль, мы прабілі ў дне баркаса вялікую дзірку. Такім чынам, калі б ворагі аказаліся мацнейшымі за нас і нам не ўдалося б з імі справіцца, іх баркас усё роўна застаўся б у нашых руках, і, шчыра кажучы, на гэта я разлічваў больш за ўсё.
Прызнаюся, я не вельмі верыў, што нам пашанцуе адабраць у піратаў карабель. «Але няхай яны пакінуць нам баркас, — думаў я сам сабе. — Адрамантаваць яго няцяжка, а на такім судне я лёгка дабяруся да Падветраных выспаў [23] .
23
Падветраныя выспы — выспы ў Вест-Індыі, на паўночным усходзе Карыбскага мора.