Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
— Мне нічога не трэба, — сказаў ён. — Усе вашы рэчы будуць захаваныя, і вы атрымаеце іх, як толькі мы прыбудзем у Бразілію. Я выратаваў вам жыццё, бо добра разумею, што са мной таксама магло б здарыцца такое ж няшчасце. І як бы мне было радасна, каб такую ж паслугу зрабілі для мяне вы! Не забывайце таксама, што мы едзем у Бразілію, а Бразілія далёка ад Ангельшчыны, і там вы можаце памерці з голаду без гэтых рэчаў. Не таму ж я ратаваў вас, каб потым кінуць на згубу! Не-не, сеньёр, я давязу вас да Бразіліі бясплатна, а рэчы дадуць вам магчымасць забяспечыць сябе харчаваннем і аплаціць праезд на радзіму.
Раздзел пяты
Рабінзон селіцца ў Бразіліі. — Ён зноў выпраўляецца ў мора. — Карабель яго церпіць крушэнне
Капітан быў высакародны і шчодры не толькі на словах, але і на справе. Ён добрасумленна выканаў усе свае абяцанні. Ён загадаў, каб ніводзін з матросаў не адважыўся нават зачапіць маю маёмасць, потым склаў падрабязны спіс усіх рэчаў, якія мне належалі, загадаў змясціць іх разам з яго рэчамі, а спіс уручыць мне, каб, як толькі мы прыплывём у Бразілію, я здолеў атрымаць усё поўнасцю.
Яму захацелася купіць маю шлюпку. Шлюпка сапраўды была добрая. Капітан сказаў, што купіць яе для свайго карабля, і спытаў, колькі я хачу за яе.
— Вы, — адказаў я, — зрабілі мне столькі дабра, што я ні ў якім разе не адважуся ацэньваць шлюпку. Колькі дасце, столькі і вазьму.
Тады ён сказаў, што выдасць мне пісьмовае абавязацельства заплаціць за маю шлюпку восемдзесят чырвонцаў адразу ж, як мы прыдзем у Бразілію. Аднак, калі там у мяне знойдзецца іншы пакупнік, які прапануе мне больш, капітан заплаціць мне столькі ж.
Наша плаванне да Бразіліі скончылася шчасліва. У дарозе мы памагалі матросам, і яны пасябравалі з намі. Пасля дваццаці двух дзён плавання мы зайшлі ў бухту Ўсіх Святых. Тут я канчаткова адчуў, што няшчасці мае засталіся ззаду, што я ўжо вольны чалавек, а не раб і што жыццё маё пачынаецца нанава.
Я ніколі не забуду, як высакародна паставіўся да мяне капітан партугальскага карабля.
Ён не ўзяў з мяне ні капейкі грошай за праезд; ён вярнуў мне цэлымі ўсе мае рэчы, нават тры гліняныя збаны; ён даў мне сорак залатых за шкуру льва і дваццаць — за леапардавую. І наогул ён купіў усё, што мне было непатрэбна і што мне выгадна было прадаць, у тым ліку скрыню з вінамі, дзве стрэльбы і воск, які застаўся (частка яго пайшла ў нас на свечкі). Адным словам, калі я прадаў яму большую частку сваёй маёмасці і сышоў на бераг Бразіліі, у кішэні ў мяне было дзвесце дваццаць залатых.
Мне не хацелася разлучацца з маім спадарожнікам Ксуры: ён быў такі верны і надзейны таварыш, ён памог мне здабыць волю. Але ў мяне не было для яго справы, да таго ж я не быў упэўнены, што здолею яго пракарміць. Таму я вельмі ўзрадаваўся, калі капітан сказаў мне, што яму падабаецца гэты хлопчык, што ён з ахвотай возьме яго да сябе на карабель і зробіць мараком.
Неўзабаве пасля таго як мы прыехалі ў Бразілію, мой сябар капітан завёў мяне ў дом аднаго свайго знаёмага. Ён быў уладальнікам плантацый цукровага трыснягу і цукровага завода. Я пражыў у яго даволі доўгі час і дзякуючы гэтаму здолеў вывучыць цукровую вытворчасць.
Бачачы, як добра жывецца тутэйшым плантатарам і як хутка яны багацеюць, я вырашыў пасяліцца ў Бразіліі і таксама заняцца вытворчасцю цукру. На ўсе грошы, што былі ў мяне, я ўзяў у арэнду ўчастак зямлі і пачаў складаць план маёй будучай плантацыі і сядзібы.
У мяне быў сусед па плантацыі, які прыехаў сюды з Лісабона. Звалі яго Ўэлс. Родам ён быў ангелец, але ўжо даўно прыняў партугальскае падданства. Мы з ім хутка пасябравалі і былі ў самых прыяцельскіх адносінах. Першыя два гады мы абодва ледзь здолелі пракарміцца ад нашых ураджаяў. Але паступова зямля ўраблялася, і мы багацелі.
Пражыўшы ў Бразіліі гады чатыры і паступова пашыраючы сваю справу, я, вядома, не толькі вывучыў гішпанскую мову, але і пазнаёміўся з усімі суседзямі, а таксама і з купцамі з Сан-Сальвадора, бліжэйшага да нас прыморскага горада. Многія з іх зрабіліся маімі сябрамі. Мы часта сустракаліся, і, вядома, я часта расказваў ім пра дзве мае паездкі да Гвінейскага берага, пра тое, як вядзецца гандаль з тамашнімі неграмі і як лёгка там за якія-небудзь цацкі — за пацеркі, нажніцы, нажы, сякеры ці люстэркі — набыць залаты пясок і слановую косць.
Яны заўсёды слухалі мяне з вялікай цікавасцю і падоўгу абмяркоўвалі тое, пра што я расказваў ім.
Аднойчы прыйшлі да мяне трое з іх і, узяўшы з мяне абяцанне, што ўся наша гаворка застанецца таямніцай, сказалі:
— Вы кажаце, што там, дзе вы былі, можна лёгка здабыць цэлыя груды залатога пяску і іншых каштоўнасцей. Мы хочам паслаць карабель у Гвінею па золата. Ці згодны вы паехаць у Гвінею? Вам не давядзецца на гэту справу траціць ні капейкі: мы дамо вам усё, што патрэбна для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю прыбытку, такую ж, як і кожны з нас.
Мне трэба было б адмовіцца і надоўга застацца ва ўрадлівай Бразіліі, але, паўтараю, я заўсёды сам быў вінаваты ва ўсіх сваіх няшчасцях. Мне страшэнна захацелася зведаць новыя марскія прыгоды, і галава ў мяне закруцілася ад радасці.
У юнацтве я не меў сілы адолець сваё захапленне падарожжамі і не паслухаўся добрых бацькоўскіх парад. Так і зараз я не здолеў устояць супроць спакуслівай прапановы маіх бразільскіх сяброў.
Я адказаў ім, што з ахвотай паеду ў Гвінею з той, аднак, умовай, каб у час майго падарожжа яны прыгледзелі за маімі ўладаннямі і выканалі ўсе мае распараджэнні ў тым выпадку, калі я не вярнуся.
Яны ўрачыста абяцалі выканаць мае пажаданні і змацавалі нашу ўмову пісьмовым абавязацельствам. Я ж, са свайго боку, зрабіў завяшчанне на выпадак смерці: усю сваю рухомую і нерухомую маёмасць я завяшчаў партугальскаму капітану, які выратаваў мне жыццё. Але пры гэтым я зрабіў агаворку, каб частку капіталу ён накіраваў у Ангельшчыну маім старэнькім бацькам.
Карабель быў падрыхтаваны, і мае кампаньёны, згодна ўмове, нагрузілі яго таварам.
І вось яшчэ раз — у нядобрую гадзіну! — 1 верасня 1659 года я ступіў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у які восем гадоў назад я ўцёк з бацькоўскага дому і так безразважна загубіў сваю маладосць.
На дванаццаты дзень нашага плавання мы перасеклі экватар і знаходзіліся пад сёмым градусам і сарака двума мінутамі паўночнай шырыні, калі на нас нечакана наляцеў шалёны шквал. Ён наляцеў з паўднёвага ўсходу, потым пачаў дзьмуць у супрацьлеглы бок і, нарэшце, падзьмуў з паўночнага ўсходу — дзьмуў бясконца і з такой жахлівай сілай, што на працягу дванаццаці дзён нам давялося, аддаўшы сябе ва ўладу ўрагану, плысці туды, куды нас гналі хвалі.
Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную хвіліну чакаў смерці, ды і ніхто з нас не спадзяваўся застацца жывы.