ЖАНРЫ

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Дэфо Даніэль

Шрифт:

Аднойчы на світанні (вецер усё яшчэ дзьмуў з ранейшай сілай) адзін з матросаў крыкнуў:

— Зямля!

Але не паспелі мы выбегчы з кают, каб даведацца, паўз якія берагі нясе наша няшчаснае судна, як адчулі, што яно села на мель. У той жа момант ад нечаканага прыпынку на нашу палубу хлынула такая шалёная магутная хваля, што мы вымушаны былі зараз жа схавацца ў каютах.

Карабель так глыбока засеў у пяску, што не было чаго і думаць сцягнуць яго з мелі. Нам заставалася адно: паклапаціцца пра выратаванне свайго жыцця. У нас было дзве шлюпкі. Адна вісела за кармой; у час шторму яе разбіла і знесла ў мора. Заставалася другая, але ніхто не ведаў, ці здолеем мы спусціць яе на ваду. А між тым доўга думаць не было калі: карабель мог кожную хвіліну разламацца напалам.

Памочнік капітана кінуўся да шлюпкі і з дапамогай матросаў перакінуў яе цераз борт. Мы ўсе, адзінаццаць чалавек, спусціліся ў шлюпку і аддалі сябе ва ўладу хваль. Хоць шторм ужо і супакоіўся крыху, на бераг усё яшчэ накочваліся велізарныя хвалі і мора шалела.

Наша становішча зрабілася ячшэ больш безнадзейным: мы добра бачылі, што шлюпку вось-вось захлісне і нам не выратавацца. Ветразя ў нас не было, а калі б і быў, дык быў бы зусім бескарысны. Мы веславалі да берага з адчаем у сэрцы, як людзі, якіх вядуць на смяротную кару. Мы ўсе разумелі, што, як толькі шлюпка падыдзе да зямлі, прыбой яе адразу ж разаб'е на трэскі. Вецер нас падганяў, і мы налягалі на вёслы, уласнаручна набліжаючы сваю пагібель. Так несла нас мілі чатыры, і раптам раз'юшаны вал, высачэзны, як гара, набег з кармы на нашу шлюпку. Гэта быў апошні, смяротны ўдар. Шлюпка перакулілася. І ў той жа момант мы ўсе апынуліся пад вадой. Бура за адно імгненне раскідала нас у розныя бакі.

Немагчыма апісаць тыя пачуцці і думкі, якія зведаў я, калі мяне захліснула хваля. Я вельмі добра плаваю, але ў мяне не было сілы адразу вынырнуць з таго віру, каб перавесці дух, і я ледзь не задыхнуўся. Хваля падхапіла мяне, працягнула па зямлі, разбілася і адхлынула назад, пакінуўшы мяне ледзь жывога, бо я наглытаўся вады. Я перавёў дух і крыху апрытомнеў. Убачыўшы так блізка зямлю (куды бліжэй, чым я спадзяваўся), я ўскочыў на ногі і як мага хутчэй заспяшаўся да берага. Я спадзяваўся дасягнуць яго раней, чым мяне дагоніць і падхопіць наступная хваля, але хутка зразумеў, што мне ад яе не ўцячы: мора наступала на мяне, як вялізная гара; яно даганяла мяне, як быццам раз'ятраны вораг, з якім немагчыма змагацца. Я і не супраціўляўся тым хвалям, што неслі мяне да берага; але, ледзь толькі яны адыходзілі назад, я прыкладаў усе намаганні, каб яны не знеслі мяне ў мора.

Наступная хваля была велізарная: не менш дваццаці ці трыццаці футаў вышыні. Яна пахавала мяне глыбока пад сабою. Затым мяне падхапіла і з незвычайнай хуткасцю памчала да зямлі. Доўга я плыў па цячэнні, памагаючы яму з усяе сілы, і ледзь не задыхнуўся ў вадзе, як раптам адчуў, што мяне нясе кудысьці ўгару. Хутка, на маё вялікае шчасце, мае рукі і галава апынуліся над паверхняй вады, і хоць секунды праз дзве на мяне нахлынула новая хваля, усё ж гэта кароткая перадышка надала мне сілы і бадзёрасці.

Новая хваля зноў захліснула мяне з галавою, але на гэты раз я прабыў пад вадою не вельмі доўга. Калі хваля разбілася і схлынула, я вытрымаў яе націск, паплыў да берага і хутка зноў адчуў, што ў мяне пад нагамі зямля.

Я пастаяў дзве-тры секунды, уздыхнуў на ўсе грудзі і з апошняй сілы кінуўся бегчы да берага.

Але і на гэты раз я не ўцёк ад раз'ятранага мора: яно зноў кінулася мне наўздагон. Яшчэ два разы хвалі даганялі мяне і неслі да берага, які ў гэтым месцы быў вельмі пакаты.

Апошняя хваля з такою сілай шпурнула мяне аб скалу, што я страціў прытомнасць.

Нейкі час я быў зусім бездапаможны, і калі б у гэты момант мора паспела дагнаць мяне, я абавязкова захлынуўся б у вадзе.

На шчасце, я ў час апрытомнеў. Убачыўшы, што мяне зараз зноў захлісне хваля, я моцна ўчапіўся за выступ скалы і, затрымаўшы дыханне, стараўся перачакаць, пакуль хваля схлыне.

Тут, бліжэй да зямлі, хвалі былі не такія велізарныя. Калі вада схлынула, я зноў пабег наперад і апынуўся зусім блізка ад берага. Наступная хваля хоць і абліла мяне ўсяго з галавой, але ўжо не здолела знесці ў мора.

Я прабег яшчэ некалькі крокаў і з радасцю адчуў, што стаю на сухой зямлі. Я пачаў карабкацца па ўзбярэжных скалах і, дабраўшыся да высокага пагорка, упаў на траву. Тут я быў у бяспецы: тут вада не магла захліснуць мяне.

Я думаю, не існуе такіх слоў, якімі можна было б выказаць пачуцці чалавека, які вярнуўся, можна лічыць, з таго свету! Я пачаў бегаць і скакаць, я размахваў рукамі, я нават спяваў і пусціўся ўпрысядкі. Уся мая істота, калі можна так сказаць, была ахоплена думкамі пра маё шчаслівае выратаванне.

Але тут я раптам успомніў пра сваіх сяброў, якія загінулі. Мне зрабілася шкада іх, таму што за час плавання я паспеў да многіх з іх адчуць прыхільнасць і палюбіць іх. Я ўспамінаў іх імёны і твары. Дарэмна, нікога з іх я больш не бачыў; ад іх і следу не засталося, апрача трох капелюшоў, якія належалі ім, каўпака і двух няпарных чаравікаў, цяпер выкінутых морам на сушу.

Зірнуўшы туды, дзе стаяў наш карабель, я ледзь разгледзеў яго за сцяною высокіх хваль — так ён быў далёка! І я сказаў сабе: «Якое гэта шчасце, вялікае шчасце, што я дабраўся ў такую буру да гэтага далёкага берага!»

Выказаўшы такімі словамі сваю гарачую радасць з выпадку выратавання ад смяротнай небяспекі, я ўзгадаў, што зямля можа быць гэтакая ж страшная, як і мора, што я не ведаю, куды я трапіў і што мне неабходна ў самы кароткі час уважліва агледзець незнаёмую мясцовасць.

Як толькі я падумаў пра гэта, усё маё захапленне тут жа астыла: я зразумеў, што хоць я і выратаваў сваё жыццё, я не выратаваўся ад няшчасця, нягод і жахаў. Уся адзежа мая наскрозь вымакла, а перамяніцца мне не было ў што. У мяне не было ні ежы, ні прэснай вады, каб падмацаваць свае сілы. Якая будучыня чакала мяне? Або я памру з голаду, або мяне разарвуць лютыя звяры. І што самае сумнае, я не меў магчымасці паляваць на дзічыну, не мог абараніць сябе ад звяроў, бо ў мяне не было ніякай зброі. Наогул пры мне не засталося нічога, апрача нажа і бляшанкі з тытунём.

Гэта прывяло мяне ў такі адчай, што я пачаў бегаць берагам туды і сюды, як звар'яцелы.

Набліжалася ноч, і я з сумам пытаў сам у сябе: «Што чакае мяне, калі ў гэтай мясцовасці водзяцца драпежныя звяры? Яны ж выходзяць заўсёды на паляванне ўначы?»

Непадалёку стаяла шырокае, разгалістае дрэва. Я вырашыў узлезці на яго і праседзець ноч у галлі да раніцы. Нічога іншага я не мог прыдумаць, каб ратавацца ад звяроў. «А пакуль надыдзе раніца, — сказаў я сабе, — я паспею падумаць пра тое, якою смерцю наканавана мне памерці, таму што жыць у гэтых пустэльных мясцінах немагчыма».

Мяне мучыла смага. Я пайшоў паглядзець, ці няма дзе паблізу прэснай вады. Адышоўшыся на чвэрць мілі ад берага, на вялікую радасць, я знайшоў ручай.

Напіўшыся і паклаўшы сабе ў рот тытуню, каб суцішыць голад, я вярнуўся да дрэва, улез на яго і ўладкаваўся сярод галін такім чынам, каб не зваліцца на зямлю, калі засну. Затым выразаў сабе ёмкую сукаватую дубінку на выпадак нападу ворагаў, зручней сеў і ад страшнай стомы моцна заснуў.

Спаў я соладка, як, напэўна, мала каму спалася б на такой нязручнай пасцелі. І наўрад ці прачынаўся хто пасля такога начлегу такім свежым і бадзёрым.

Поделиться с друзьями: