Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
13 лістапада. Ішоў дождж. Зямля і паветра прыкметна асвяжыліся, і стала лягчэй дыхаць, але ўвесь час былі страшэнныя грымоты, бліскала маланка, і я напалохаўся, каб не ўспыхнуў мой порах. Калі скончылася навальніца, я вырашыў увесь свой запас пораху падзяліць на маленькія часцінкі і захоўваць у розных месцах, каб порах не ўзарваўся ўвесь разам.
14, 15 і 16 лістапада. Усе гэтыя дні я майстраваў скрыначкі для пораху; у кожную такую скрыначку можна ўсыпаць адзін-два фунты. Сёння рассыпаў увесь порах у скрыначкі і схаваў іх у расколінах гары, як мага далей адну ад адной. Учора забіў вялізную птушку. Якая гэта птушка, не ведаю. Але мяса ў яе смачнае.
17 лістапада. Сёння пачаў быў капаць пячору ў пясчанай гары, што за маёй палаткай, каб зручней уладкаваць усю маёмасць. Але для гэтай работы неабходна мець тры рэчы: кірку, рыдлёўку і тачку або кош, каб выносіць накапаную зямлю, а ў мяне нічога гэтага няма. Давялося спыніць работу. Доўга ламаў галаву, што прыдумаць замест гэтых рэчаў ці як зрабіць іх. Замест кіркі паспрабаваў працаваць жалезным ломам; ён нічога, але вельмі цяжкі. Застаецца рыдлёўка і тачка. Без рыдлёўкі як без рук, але я ўсё роўна нічога не здольны прыдумаць — ні як яе зрабіць, ні чым замяніць.
18 лістапада. Знайшоў у лесе тое самае дрэва (ці той жа пароды), якое ў Бразіліі называюць «жалезным», таму што яно незвычайна трывалае. Ледзьве ссек адно дрэва. Мая сякера зусім ступілася. Я адсек ад ствала вялікі цурбан і ледзь данёс яго да свайго жытла — такі цяжкі ён быў! Я вырашыў зрабіць з яго лапату. Дрэва было такое цвёрдае, што гэта работа адабрала ў мяне вельмі многа часу і працы. Але лапату я ўсё-такі зрабіў. Дзяржанне атрымалася не горшае, чым тыя, што робяць у нас, у Ангельшчыне, а сама лапата аказалася нетрывалай. Не шкодзіла б абабіць яе жалезам, але лістовага жалеза ў мяне няма, таму яна праслужыла мне нядоўга. І ўсё ж на першым часе я пакарыстаўся ёю на земляных работах, хоць, думаю, ніводная лапата ў свеце не рабілася такім мудрагелістым спосабам, ні на адну не было патрачана столькі працы.
Мне не хапала яшчэ тачкі ці каша. Пра кош не было чаго і думаць; каб сплесці яго, патрэбны былі гнуткія дубцы, а я, нягледзячы на ўсе пошукі, так і не знайшоў іх у лесе. Змайстраваць тачку ў мяне, бадай, хапіла б умення, але ж да тачкі неабходна мець кола, а я не меў ніякага ўяўлення, як робяцца колы. Апрача таго, кола неабходна было надзець на жалезную вось, якой у мяне таксама не было. І таму давялося адмовіцца ад гэтай задумы. Замест тачкі я змайстраваў з дошак невялікую скрынку, накшталт тых, у якіх муляры трымаюць вапну.
У гэтай скрынцы я і выносіў накапаную зямлю.
Скрынку зрабіць было лягчэй, чым лапату. Але ўсё разам — скрынка, лапата і дарэмная спроба зрабіць тачку — усё гэта забрала ў мяне чатыры дні, за выключэннем тых ранішніх гадзін, калі я хадзіў са стрэльбай на паляванне. Наогул я рэдкі дзень не хадзіў на паляванне, і амаль не было выпадку, каб я не прынёс якой-небудзь дзічыны.
23 лістапада. Закончыў рабіць лапату і скрынку. Як толькі яны былі гатовы, зноў узяўся капаць пячору. Капаў цэлы дзень, колькі меў сілы. Мне патрэбна было вельмі прасторнае памяшканне, якое адначасова магло б служыць і склепам, і кладоўкаю, і кухняй, і сталовай.
10 снежня. Я працаваў роўна васемнаццаць дзён і ўжо лічыў сваю работу скончанай, як раптам сёння з аднаго краю абвалілася зямля. Відаць, я зрабіў пячору вельмі шырокай. Абвал быў такі, што я напалохаўся: гэта пэўна ўжо, што калі б я сам знаходзіўся ў гэты час у пячоры, то мне ўжо не спатрэбіўся б магільшчык. Гэты сумны выпадак нарабіў мне шмат клопату: трэба будзе выносіць з пячоры ўсю абваленую зямлю, а галоўнае — давядзецца цяпер рабіць падпору да скляпення, інакш не будзе ўпэўненасці, што абвал не паўторыцца.
11 снежня. З сённяшняга дня ўзяўся за работу. Пакуль што паставіў дзве палі і на кожнай па дзве дошкі крыж-накрыж.
17 снежня. Канчаткова ўмацаваў першыя дзве палі і паставіў яшчэ некалькі, таксама з дошкамі наверсе, як і першыя дзве. Цяпер мяне ўжо не палохае ніякі абвал. Палі я паставіў у рад, так што яны будуць служыць у маім склепе і за перагародку. Гэта праца забрала ў мяне цэлы тыдзень. З гэтага дня па 20 снежня прымацоўваў я ў склепе паліцы, забіваў у перагародку цвікі і развешваў усе рэчы, якія можна павесіць.
20 снежня. Перанёс у пячору ўсё начынне і расклаў на месца. Цяпер мая гаспадарка ў парадку. Зрабіў яшчэ адно крэсла і прыбіў некалькі маленькіх палічак для правізіі — атрымалася нешта накшталт буфета. Дошак у мяне застаецца вельмі мала.
24 снежня. Усю ноч і ўвесь дзень ішоў лівень. Не выходзіў з дому.
26 снежня. Дождж спыніўся. Праяснела. Пахаладнела.
27 снежня. Падстрэліў двое казлянят: адно забіў, а другое параніў у нагу, так што яно не здолела ўцячы. Злавіў яго і прывёў дадому на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабіта; я забінтаваў яе.
Заўвага: я адхаяў гэтае казляня; перабітая нага зраслася, і казляня пачало цудоўна бегаць. Але ад мяне яно не ўцякала: я так доўга даглядаў яго, што яно прызвычаілася да мяне і не хацела мяне пакідаць. Яно хадзіла на пашы непадалёк ад мае палаткі. Назіраючы за ім, я падумаў, што добра было б мне развесці хатнюю жывёлу, каб падрыхтаваць сабе харч к таму часу, калі ў мяне скончацца зарады і порах.
28, 29, 30 і 31 снежня. Страшэнная спякота, і зусім няма ветру. Выходзіў з дому на паляванне толькі вечарам. Навёў канчатковы парадак у сваёй гаспадарцы.
1 студзеня 1660 года. Гарачыня не спадае, і ўсё роўна сёння я хадзіў двойчы на паляванне: на досвітку і вечарам. Днём адпачываў. Пад вечар прайшоўся далінаю ў глыбіню выспы і бачыў многа коз, але яны такія палахлівыя, што падысці да іх блізка зусім немагчыма. Хачу паспрабаваць паляваць на іх з сабакам.
2 студзеня. Сёння ўзяў сабаку і нацкаваў яго на коз, але нічога не атрымалася: увесь статак павярнуў раптам насустрач сабаку. Сабака, напэўна, выдатна зразумеў небяспеку, якая яму пагражала, кінуўся наўцёкі і нізашто не хацеў больш наблізіцца да коз.
3 студзеня. Вырашыў зрабіць агароджу і насыпаць вакол яе земляны вал, таму што ўсё яшчэ баюся раптоўнага нападу ворага. Паспрабую зрабіць гэты вал як мага мацнейшым…
Сваю агароджу я апісаў ужо на папярэдніх старонках і таму не паўтараю нічога з таго, пра што ідзе гаворка ў маім дзённіку.
Разам з тым, паміж справаю і калі, вядома, дазваляла надвор'е, я працягваў сваё штодзённае блуканне па выспе, адшукваючы дзічыну. У час гэтых блуканняў я зрабіў нямала карысных адкрыццяў. Я, напрыклад, натрапіў на пароду дзікіх галубоў, якія, у адрозненне ад нашых, майстравалі свае гнёзды не на дрэвах, а ў расколінах скал, так што чалавеку дабрацца да іх было куды лягчэй.