Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Ваюючы з бездухоўнаю прозай жыцця, лірычны герой М. Рудкоўскага, як і належыць рамантыку, даходзіць ажно да крайнасцей. Канешне, сапраўдны паэт павінен хмялець ад расінкі, што мімаходам кранула яго губы, але ж паэзія абавязана ахмяляць і так званыя моцныя галовы.

Выпадкі рамантычных галопаў мастака відны ў кампазіцыйнай незавершанасці шэрагу твораў («Летняя ідылія», «О, доўгай зімняй ночы летуценне», «Там, за лясамі няўлоўных ценяў»). Пахвальныя самі па сабе пачуцці не знайшлі тут пераканаўчага вобразнага ўвасаблення. Паэтычныя падтасоўкі прыкметны і ў кампанентах тыпова каляндарных вершаў, як «Маёвая песня», «Балада пра жанчыну», тое ж можна прыкмеціць і на так званых «любімых» тропах-вобразах. Вось, напрыклад, вобразны рад, узяты мною з тэкстаў, якія стаяць у кнізе адзін ля аднаго: «Можаш быць ты і ціха пяшчотнай і разбуджана-радаснай быць». Хораша сказана, але ўжо «разбуджаны снежань» аслабляе дзеянне першага вобраза, а «разбуджаны халодны свежы квас» амаль што дыскрэдытуе ўвесь троп. Такія метамарфозы адбываюцца і з эпітэтамі «чысты, блакітны» («блакітны алень» — удалы вобраз, але «блакітныя гусі» — ?).

Часам лірычны герой быццам абуджаецца і пачы-нае заўважаць няёмкасць свайго хмялення ад крынічнай вады, ён спрабуе патушыць усмешкай гэтую беспрычын-ную зачараванасць, але тут жа палохаецца, каб не выглядаць празаічным: «Адвечных зор і вечных дум пастух».

Бясспрэчна, узвышаны погляд на жыццё лепшы за прагорклы скептыцызм або скнарны практыцызм — у апошніх пазіцыях няма ні высакароднасці, ні мудрасці, ні прыгажосці:

Ляніва, бы стары патрыцый Рыма, жыву я ля падгор'яў белых Крыма і п'ю віно, што ў цёмных паграбах брадзіла годы; і гляджу звысоку, калі афіцыянтка круглашчокая мяне дурманіць на маіх вачах. (72)

Чытаючы гэтыя радкі, мы салідарны з паэтам, бо гутарка тут ідзе не пра сібарыцкую дабрадушнасць, а пра ўменне ўзняцца над капеечнымі свавольствамі афіцыянтак, бачыць жыццё шырока, пазбягаць усяго таго, што робіць душу дробязнай.

Радуючыся ўдачам М. Рудкоўскага, хочацца бачыць яшчэ болып адточаную думку, крытычнасць і баявітасць яго паэзіі. Той абмежаваны свет бездухоўнага практыцызму, якому паэт кідае выклік,— не такі слабы і марны, як гэта можа здавацца. Ваяваць з ім трэба і пачуццём, і розумам, і справай. Лірычны герой М. Рудкоўскага ваюе, але формы барацьбы пры ўсёй іх высакароднасці не заўсёды жыццёва дзейсныя. Часам ён, напрыклад, любіць замыкацца ў гордай адзіноце, задавальняючыся тым, што маральна ўзнёсся над дробязямі асабістых крыўдаў — «Зубр-адзінец», «Чучала арла». Гэтага, здаецца, замала: у штодзённых адносінах такія людзі безабаронныя і бездапаможныя...

Я не кажу, што лірычны герой павінен стаць практычным і ўедлівым, як фельетаніст з насценгазеты. Такія метамарфозы — рэч немажлівая, ды і непатрэбная. Гаворка ідзе толькі пра паглыбленне сувязі героя з жыццём, а паэта — яшчэ і з сакрэтамі жывога слова, з мажлівасцямі паэзіі, якія сёння пашыраюцца вельмі шпарка.

Дзе далейшая перспектыва творчага росту М. Рудкоўскага? На гэта адкаяса само жыццё, якое будзе напаўняць зместам душу мастака. М. Рудкоўскі адлюстраваў у сваіх вершах духоўны шлях чалавека ад юначых лятункаў да шпаркага бегу за сэнсам быцця ў высокі поўдзень. Канчаецца шпаркае ўзыходжанне бацькоўскаю радасцю, пазнаваннем у кволых усхваляваных кроках сына сваіх «першых вёрстаў». З пункту гледжання творчага лёсу мастака — гэта не закончаны круг, але зеніт. Ці далей жыццё пойдзе па траекторыі ракеты, ці апіша дугу бумеранга — усё залежыць ад самога паэта і толькі ад яго. Небяспека такіх паваротных пунктаў на жыццёвых шляхах перш-наперш у тым, іпто тут канчаецца падтрымка старэйшых... Старэйшых за бацьку людзей няма. Нават уплыў калеіітыву ў такім узросце абмежаваны. Адказны час зеніту чакае ад паэта новага, зусім асаблівага напружання сіл для ўзлёту на новыя віткі.

Дарога да сябе і да людзей

У Белаазёрску ёсць Лясны завулак. Падарожнаму лепш пытаць пра вёску Нівы: не так даўно гэты завулак быў вёсачкай, але, калі вы проста запытаеце маладых прахожых — а іх многа на вуліцах гэтага маладога гарадка,— як знайсці дом Ніны Мацяш, вам адразу пакажуць дарогу і назавуць прыкметы сялібы над старым зарослым каналам, ля высокіх бяроз.

Да адной з гэтых бяроз, самай вялікай, што расце наводшыбе, ужо за абсадай, любіць дабрацца паэтэса, акінуць вокам далягляды, падумаць, памарыць. Можа, з-за гэтай звычкі ў яе вершах дрэвы выступаюць сябрамі лірычнага героя, маўклівымі ахоўнікамі яго сардэчных таямніц, мудрымі дарадчыкамі ў цяжкія хвіліны жыцця:

Вучуся ў дрэў, У ніцае ракіты Глыбей у глебу весці карані, А у бярозы, восенню акрытай,— Вяртаць лістотай сонца з вышыні109.

Ніна Мацяш на фальклорны лад лічыць дрэвы такімі ж гуманістычнымі аб'ектамі жыцця і пазнання, як і людзей. Недзе абагнаў іх чалавек на прадаўніх трасах эвалюцыі, ён пайшоў, а яны ўраслі ў зямлю, засталіся на месцы. I ўрослыя ў зямлю дрэвы захавалі вернасць гуманістычнай місіі павялічваць біялагічную сілу планеты. Дрэвы нават у гэтай місіі пераважаюць жывёл і людзей, яны не спажываюць жывога, а толькі памнажаюць яго. Дзівосную вітальную місію дрэў Ніна Мацяш прымае пантэістычна ўслед за фальклорам, а яе равеснік і зямляк Алесь Разанаў робіць тэмаю філасофскіх роздумаў і асэнсоўвае ў духу сучаснага атамна-тэхнічнага веку, яго праблем і мажлівасцей:

Пляліся рукамі людскімі і лапці і кашалі... Вы нашы браты, якія па нашых слядах не пайшлі110.

Некалькі чалавек у апошнія гады прыйшло ў літаратуру з Бярозаўскага раёна — Раіса Баравікова, Алесь Разанаў, Анатоль Казловіч. Але Ніна Мацяш не перабралася, як яны, жыць у сталіцу. Лёс вярнуў яе ў бацькаву хату. Суровы карчагінскі лёс... Аднак не з літасці да пакут любяць яе землякі. Паважаюць за мужнасць і розум, любяць за талент. Скаваная цяжкаю хваробай, Ніна Іосіфаўна знайшла ў сабе дастаткова сілы і волі, каб завочна закончыць Мінскі педагагічны інстытут замежных моў і сёння ўпарта штодня ездзіць на ручной калясцы вучыць нямецкай мове дзяўчынак і хлопцаў у Белаазёрскае прафтэхвучылішча. А дома яна рыхтуецца да ўрокаў як да свята ды яшчэ перакладае з нямецкай, французскай, польскай і піша сваё. Вершы паэтаў Францыі, В'етнама, Польшчы, ГДР у яе перакладах можна сустрэць на старонках беларускіх літаратурных часопісаў, зборнікаў, альманахаў.

У 1970 годзе выйшаў уласны зборнік вершаў Ніны Мацяш «Агонь», а праз два гады новы — «Удзячнасць».

Старажытныя міфы кажуць, што агонь прынёс на зямлю Праметэй з любасці да чалавека, змардаванага жорсткаю барацьбой супраць варожых сіл прыроды. Агонь стаў сімвалам жыцця і дабра. Такім яго славілі нашы продкі-язычнікі ў купальскую ноч. Але прайшлі вякі, людзі падзяліліся на варожыя класы, скарэжаная класавым уціскам фантазія раба памясціла агонь у пекла, а рай засадзіла зялёнымі свечамі дрэў, кветак і траў. Агонь стаў сімвалам пякельнай кары і пакуты. На вачах сучаснікаў той пякельны агонь бушаваў у печах крэматорыяў, гойсаў на палях і джунглях В'етнама, бушуе і сёння на атамных палігонах імперыялізму.

Але гарыць Вечны агонь на магілах герояў. Гарыць добры праметэеў агонь у печах Белаазёрскай электрастанцыі на радзіме паэтэсы, зыркае святло яго бяжыць у хаты палеекіх калгаснікаў, светлыя вокны запрашаюць зморанага падарожніка зайсці сагрэцца:

Шыбуй сюды, знявераны і стомлены! Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло. I падалося мне: сам шквал надломлены Быў гэтым кволым прызыўным святлом. Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай, Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт, Я так хацела б, каб і мне здагадліва Агеньчык нечае душы спагадлівай Выратавальна ў вочы заглянуў111.

Ніна Мацяш увяла ў паэзію праметэеў агонь, каб выказаць праграмную тэму— тэму чалавечнасці. Паэтэса знаходзіць праявы гуманізму вакол сябе і шукае ў сабе. Гуманізм — плод здаровага жыцця. Заклік паэтэсы да спагадлівасці, даверу і дружбы гучыць па дзявочы далікатна, як прывабліванне хараством.

Ясная вобразнасць, пластычнасць вершаў Ніны Мацяш выяўляе добрую вывучку ў школе савецкай і еўрапейскай класікі. Вось, напрыклад, верш «Дажджын-ка». У аснове задумы яго ляжыць быццам бы не новы вобраз: у кроплі вады адбіваецца цэлы свет. Але паэтэса ўбачыла ў кроплі, што коціцца па яблыку ў яе садзе, свет родны і любы. I як натуральна прагучала радасць эстэтычнага прысваення гэтага свету, адбітага ў дажджынцы:

А ў ёй — палова неба сіняга, Крыло ўрачыстае вясёлкі, I гай бярозава-асінавы, Што прытуліўся да пасёлка. I два камбайны — два караблікі — На фоне яркага бяздоння. ... Зрываецца паўсвету з яблыка I мне — ў далоні...112

Жыццё ва ўяўленні паэтэсы не мляўкая ідылія, а напружаная драма, барацьба сіл тварэння і нішчэння, працэс, поўны чалавечага сэнсу. Ніна Мацяш вырасла ў працавітай сялянскай сям'і, дзе бацька прывучаў «быць скупою ў пачуццях услых», дзе бабуля рупна і нястомна «насіла асот у квяцістым прыполе», а святамі ў застоллі «высока вяла старадаўнія песні». Цнатлівы, шчыры і просты свет працоўнай сям'і паэтэса падключае да вялікага свету — чалавецтва. Яна разглядае сваю паэзію як працяг народнай песні. Гэта натуральна, бо яе душа — працяг народнай душы. Звяртаючыся ў думках да нябожчыцы бабулі, яна абяцае:

Поделиться с друзьями: