Званы Віцебска
Шрифт:
Багуся. Герой ты, як я гляджу. Сокал. Сокал дзеўкам праходу не даваць. Толькі не на тую ты напаў. Я табе не каханка, і не для цябе ў мяне смаляныя лаўкі... Вольха, я здагадалася, пра што вы. Ропат, я падумаю. Пачакай. І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.
Палікар. Ды ты... Ды ён... Ды я яго... Як вяроўку скручу. За ногі перад ратушай павешу.
І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.
Вольха. Ты што – войт, каб над намі судрасправу чыніць? Ты што, права віцебскае ламаць будзеш, лашак ты, мерын?!
Зуліся.
Жаўнер малюценькі Падраў кашуленьку Ад пят да калена, Шукаючы прытуленя. Прытуленя не знайшоў. Ды заплакаў і пайшоў.Вальгіна. Сорам дзе твой? Чаго ты як з ланцуга сарвалася?
Палікар. Варта! Бі іх у маю галаву!
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але ў гэты момант у суправаджэнні служак і архідыякана Дарафея выходзіць Кунцэвіч.
Кунцэвіч. Стой, народ!!!
Паўза..
Што за рокат? Хто парушыў спакой? Вы, мяшчане? Ты, Палікар? Адыдзі ад іх. Мір, людзі! Мір!
Галасы. Ізахват! Ізахват!
Зуліся. Не Ізахват ён, а душахват.
Кунцэвіч (да Палікара). Па-дурному дражніш народ. Накладу эпіцім’ю.
Палікар. За што? За тое, што ў іхнія свінячыя галовы кіем убіць хачу братнюю любоў цэркваў?
Пасіёра. Бачылі мы тую любоў, смярдзюк ты.
Iля. Лайцеся. Цяпер такія часы прыйшлі, што ўсё можна. Гэта не раней, што за карчомнае слова фунтам воску штрафавалі ці на званіцу садзілі сядзець.
Палікар. Дарма крыўдзіш мяне, арцыбіскуп. Няма маёй правіны.
Кунцэвіч. А прагнасць нясытая, а рабункі людзей.
Ропат. Нібы сам лепшы.
Кунцэвіч. А любастрасце, да той дзяўчыны.
Палікар. Я сумленна хачу, каб яна прыйшла ў мой дом.
Ропат. Глядзі, тысячнік, язык заб’ю ў глотку.
Кунцэвіч (са страшнай пагрозай). Малады ты яшчэ, Ропат, малады. Глядзі, як бы самому без глоткі не застацца... Супраць міру, па якім народ памірае, ты ўстаў.
Зуліся. Бач, яшчэ і пагражае...
Вальгіна. Кінь, хай ён задавіцца.
Зуліся.
А што ў таго папа знаці, Ды сінія порткі садраці, Будзем хлопцам шапкі латаці, Будуць хлопцы шапкі насіці, За дзяўчаты бога прасіці.Вальгіна. Зуліся, мужыкі вакол.
Зуліся. А-а! Такія мужыкі!
Страшнае выццё, якое адразу нібы адсекла. Гэта выйшла ў кола страшная, з юродскімі вачыма, Еўга Бабук.
Еўга. Ды вы ўсе тут без галоў, людзі! Ходзяць, рукамі махаюць. I ўсе без галоў. Адзін Вольха ды Багуся з галовамі. Нерухомыя толькі. Каменныя. Нямы горад. Нямыя званы. I ўсе без галоў. I ты, і ты... Бачу, бачу! Сын нараджэннем забіў бацьку, а бацька, у той жа час, сына. Я ведаю. Я ў Вільні дзяцей бабіла.
Кунцэвіч. Хто такая?
Палікар. Павітуха. Еўга Бабук. Яна і сапраўды дваццаць год як з Вільні прыйшла, дзяцей віцебскіх прымала. Аж пакуль чагосьці з розуму не скочыла.
Кунцэвіч. Ну то і на ланцуг бы яе. Ілжэпрароцтва.
Еўга. Жар. Гарачы. Жар памятаю, Іване. У маленькай хатцы ў Вільні, у вулцы ля святадухаўскай царквы. Крык! Яна мела ў чэраве і крычала. Жанчына, адзетая ў сонца. Апакаліпсіс забыў, Іване?
Вольха. Ізахвата мірскае імя было Іван.
Еўга. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння. Памятаеш, ты з ксяндзом Ельяшэвічам на страсную суботу на храм напаў. Дваццаць тры гады таму. Помсту, помсту нарадзіў ты тады... Без галоў усе. Ходзяць... I ты.
Кунцэвіч. Ты што? Ты што гэта гародзіш?
Еўга. У-га, у-га. Каб не адказваць за антыхрыста перад богам – усе, усе скрыліся, схаваліся, уцяклі. Крык, боль на руках неслі. А Еўга жанчыну з зоркамі адшукала. З адной-адзінай зорачкай у свеце. Помсту, помсту нарадзілі вы з ксяндзом, безгаловыя.
Кунцэвіч. Варта, ды што ж гэта такое?
Еўга. А я вось на вушка. На вушка нештачка табе шапяну, пакуль вушы маеш.
Біскуп, нібы бязвольна падпарадкоўваючыся вышэйшай сіле, не хочучы, схіляе галаву, і павітуха-юродка шэпча нешта яму на вуха.
Вось так, Іване. Вось так, Ізахват.
Кунцэвіч (спалатнеўшы). Не... Цур табе! Цур, вар’ятка. Не можа быці! Не можа быці!
Чалавек у цёмным падыходзіць да яго. Гэта езуіт Станіслаў Касінскі.
Езуіт. Ідзіце, біскуп. Вам нельга, вы зараз зваліцеся.
Кунцэвіч. Не. Не.
Езуіт (шэптам). Імем настаўнікаў вашых, а маіх братоў па ордэну Ісуса, Валенцыя Фабрыцыя і Гаўрыіла Грушэўскага, – ідзіце. Вазьміце сябе ў рукі.
Палікар. Варта. Узяць юродку і гэтых.
Кунцэвіч (амаль хістаецца). Пакіньце іх. (Нібы падстрэлены, ідзе прэч.)
Ропат. Што ты сказала яму, Еўга?
Еўга. Зведаеш, як людзі без галоў будуць хадзіць.
Дарафей (штурхае Еўгу). Ды я адным голасам цябе, старая шлюндра, да зямлі прыб’ю.
Ропат. Не руш старую. Не руш, кажу.