Званы Віцебска
Шрифт:
Кунцэвіч. I мянушка мне за гэта стала “душахват”.
Езуіт. Так. А не паспеў памерці Гедэон Полацкі, як ты адкрыта пачаў “паўсюль усё знішчаць, а нясхільных катаваць пакутамі і прыўлашчываць манастыры воўчым правам”. I спадарожнікам трэцяга твайго кроку была нянавісць. Нават многія уніяты заразіліся ёю і адышлі. Але цябе не абразуміла і нянавісць. Аршанцы цябе ў Дняпры ўтапіць хацелі. Магілёўцы гарматы навялі, а пасля ім галовы секлі і прымусілі заплаціць дваццаць тысяч злотых. Інакі цябе ў Кіеве забілі б, каб не ўцёк. Так, уцёк ад пакутніцкага вянца. Ведаеш, што ён азначаў бы?
Кунцэвіч. Ведаю. Цяпер іду насустрач яму, не апускаючы вачэй. Мне ўсё адно – міне або не міне вуснаў маіх чаша сія... Да нядаўняга часу было ўсё адно... I таму я не аддам табе іхніх галоў.
Езуіт. Няўжо ты яшчэ не бачыш, што спадарожнікам чацвёртага твайго кроку стала ўсеагульная ярасць? I ты не сцяў ёй галавы, адпусціў яе.
Кунцэвіч (злавесна). Змоўч, Станіслаў Касінскі. Іначай я загадаю раздзерці цябе на кавалкі.
Карціна трэцяя
Царква-шалаш у Задзвінні. Над ёю і пералескам пахмурнае лістападаўскае неба. З шалаша далятаюць спевы, але там цесна, і таму частка народу стаіць звонку. Тут, уласна, усе гараджане, што ўдзельнічаюць у дзеянні. Чуваць гамонка, але нейкая прыглушаная, нібы яе гняце самое неба. Крыху ўбаку ад усіх, за дрэвамі, Ропат і Багуся.
Ропат. Мамка Прузына дзе?
Багуся. У царкве, дзе ж яшчэ? Гэтая заўсёды наперад ушчэміцца. Нават табе не давялося – я ж заўважыла тады – ёй у лапу даць.
Ропат. Я, каб цябе бачыць, не тое, што ў лапу – я ўсё аддаў бы. Нават лепшую маю шаблю, імем “Багуся”. Нават лепшую сваю сякеру – гізаўру імем “Данель” – для бацькі твайго нябожчыка куў у падарунак. Нават сябе самога з бессмяротнай душою разам.
Багуся. Я не вінаватая, Ропат. Думала я. Аж тры месяцы. Далей мучыць цябе не магу... Не.
Ропат. Я цябе не вінавачу. Я дзеля цябе і зараз бы галаву сабе адсек і яшчэ паспеў бы на той бок Віцьбы перакінуць, анёл мой белы.
Багуся. Дорага б я дала, каб ты быў здаровы і спакойны, каб не казаць гэтага табе... Але што я зраблю? Прачнуся ўначы і яшчэ не разумею – адкуль раптам радасць, а потым: “Ён ёсць на свеце, проста ёсць”.
Ропат. О божа! Рэжаш ты мяне тупым нажом... Антоні Вольха?
Багуся. Так.
Ропат. Ненавіджу яго.
Багуся. Я цябе прашу, не трэба. Будзь нам братам.
Ропат. Як быццам нехта конча мае патрэбу ў лішнім браце або сястры.
Багуся. Гэта ты праз мяне. Не йдзі туды. Не ахвяруй жыццём.
Ропат. Ды я не ахвярую. Проста жэрабя мне выпала. Ты не бойся. Я ні ад мяча, ні ад кахання не памру. (У глотцы ў яго камяк.) Суцешуся. Бывай.. I вось што... Дай напаследак вусны. (Цалуе яе і хуткім крокам ідзе прэч.)
Падыходзіць з-за дрэў Антон і Вольха.
Вольха. Ого! Я да яе, а яна тут іншаму раток падстаўляе.
Багуся. Кінь. Не магла я адмовіць яму яшчэ і ў гэтым апошнім.
Вольха. Апошнім? (Сеў на пень, нібы яго не трымаюць ногі.) Апошнім. Т-так. Ніколі мне не было яшчэ так кепска.
Паўза.
Багуся. Ён іншага можа забіць.
Вольха. Тады трэба ісці разам з ім. Хаця часам гляджу на цябе і думаю: “Ды спрахні ты, ды праваліся ты хаця і ў апраметную, горад”.
Багуся (сядаючы побач). Гэта хай нехта іншы думае, што вось няхай свет праваліцца і нічога вакол не будзе, акрамя маёй печкі... Слухай, я, напэўна, бессаромная дзеўка, але... абдымі мяне.
Вольха. Бессаромная. Я, відаць, таксама бессаромны, але... пацалуй мяне.
Паўза.
Не трэба мне нічога. Ні зямлі, ні горада, ні веры, што нам толькі псуе, ні крумкача Ізахвата. Нічога. Абы толькі ты. I яшчэ вось гэтыя мае рукі. Яны могуць і з золата, і са срэбра, і з дыямантаў рабіць. Але я іх не за тое люблю. Я іх за тое люблю, што яны могуць песціць цябе... вось так, расплятаць твае валасы, дакранацца да тваіх плячэй, да рук, да ўсяго... Ты не думай, я цябе ў дождж, бегма, як да Заручаўя на руках нёс бы, абы ты не змокла, не захварэла.
Багуся. Скажы мне тую песню, што ты за мяне прыдумаў. Яна – праўда.
Вольха.
Я за цябе, мой каханы, і сама пайду. Цераз поле, мой каханы, шырокае, Цераз мора, мой каханы, глыбокае, У двор твой, мой каханы, весняй хмараю, У сенцы твае, мой каханы, дробным дажджом, У хату тваю, мой каханы, ясным сонейкам. За стол твой, мой каханы, паненкаю, У ложу тваю, мой каханы, маленькаю.Багуся. Маленькаю.
Вольха. Ну, схавайся ў мяне на руках, маленькая. Яны табе ўсё зробяць. Золата-срэбра чужое будзе. Затое будзе хата з залатой сасны, дах – са срэбнай асіны. Цёпла будзе ад печкі і ад цябе. Бог ты мой, ты ўся – як пух. Дзеці ў нас будуць.
Багуся. Многа.
Вольха. Хай многа. I ўсе майстры і добрыя людзі.
Багуся. Набі мяне, можа, я цябе тады менш любіць буду!
Паўза.