Званы Віцебска
Шрифт:
Кунцэвіч (чытае). “Не хочаш нас трымаць пры правах нашых... дазваляеш гвалты рабіць і праліваць кроў тых, хто не хоча ісці... у адступніцтва. Зараз ніхто ўжо не забяспечаны ў сваім праве і вольнасці, і ў кароткі час настане вялікая смута... крыві забітых на страшным судзе божым шукаць стану”.
Усе. Так ёсць.
Кунцэвіч. Але ж адзінства ўсіх?! Спакой?!
Неша. Калі і зараз адмовіш – вымусіш нас разам з прарокам крыкнуць: “Судзі мя, божа, і рассудзі спрэчку маю”.
Вольха. Чытай далей, біскуп.
Кунцэвіч (чытае). “Вы ад казацтва і ад нас, беларусаў, большую частку ратнікаў патрабуеце. Як мы можам выступіць у абарону вашай дзяржавы і міру яе, калі ў сваім доме міру не маем? Як будзем гасіць крывёю ваш пажар, калі полымя ў нашай хаце не гасяць? Хто ж – о божа жывы! – ясна гэтага не бачыць, якія вялікія ўцясненні церпіць наш старажытны народ? Няўжо гэта не самому богу крыўда?” (Мякка.) I вы, сыны, лічыце, што вашы пастыры хочуць крыўды богу?
Вольха. Ну, досыць. Маўчаў я. Ведаем мы, якія вы. Унь хелмскі ўладыка ёсць, сведчу богам жывым, і гэта ўсім вядома, нейкі па мянушцы Пакост, бо ён аднойчы, у бурсацтве, пакостам кашу заправіў і з’еў, і ён віленскага купца сын і ў аднаго бурмістра сцягнуў сукно і, ратуючыся, пайшоў у манахі.
I, каб не ўратаваў яго манашаскі клабук, Даўно бы ён пайшоў ужо на шыбенічны крук.Кунцэвіч. Глядзі-і, паэта!
Ропат. Дый ты сам! Нашы торбы хапаеш, з нашых торбаў сала жарэш. Бо ставяць на высокія саны ўлад духоўных – выскачак, якія матку зарэзаць здатныя, ад мовы, веры, радзімы адрачыся.
Кунцэвіч. Сынок... Сыны-ы... Якую радасць вы б прынеслі богу і мне, каб ты... каб вы са мной.
Ропат. Каб з табою, айцец святы, здзекавацца нават з трупаў нашых аднапляменнікаў. У Вільні, у Полацку ці не вялікі ўціск? Пахаваць чалавека трэба. А вы брамы, якімі нікому не забараняецца хадзіць, якія для ўсіх людзей, немцы яны, яўрэі ці татары, – вы тыя брамы запіраеце, і вымушаны мы продкаў выносіць у тую браму, якой смрад і адну толькі нечыстоту гарадскую вывозяць. Быў бы ў цябе сын, біскуп, хацеў бы ты, каб ён вось так цябе вынес?
Кунцэвіч. О божа! Няўжо не разумееце, што я, хай сілаю, вяду вас да спакою, да адзінства? Каб не рэзалі адзін аднаго з-за догматаў, з-за таго, колькі пальцаў складаць для крыжа!
Ропат. Значыць, усім іншым народам набіць морду і пазбавіць усяго, каб была, значыцца, поўная ўжо еднасць.
Кунцэвіч. Адзінства-а, разумееце вы? Справа, аб якой людства марыць.
Пасіёра. Гэта была б харошая справа! Я ў ногі пакланіўся б таму, хто праводзіць такую добрую справу...
Кунцэвіч (стомлена). Ну вось.
Пасіёра. ...каб толькі гэтая справа не была аддадзена ў брудныя рукі.
Вольха. Мы згаджаліся з уніяй. Мы лічылі, што задумай сваёй гэта – вялікая, святая справа, і таму тры гады падпарадкоўваліся табе, Ізахват.
Ропат. Аж пакуль не зразумелі, што ты, айцец святы, і іншыя такія... айцы святую справу зрабілі падманам, брыдотай, забойствам нашай зямлі, нашых людзей і свабоды, пакуль не ўбачылі, што ты – святы воўк, Ізахват.
Пасіёра. I гэта апошняе папярэджанне табе Віцебска. Парушыш спакой і закон – крыўдуй на сябе.
Паўза. Пасля выбухнуў Палікар.
Палікар. Нахабы, віцебскія свінні! Ды... галовы з іх дзерці! Ды аддай жа загад! Гвардыю сюды!
Ропат. Ну, калі ён хоча быці не толькі айчымам, але і сына забойцам і парушалькікам слова, – клічце служак.
Кунцэвіч (дрыжучы ад гневу). Я даў слова. Хай ідуць.
Езуіт. Чакай. Слова? Трымаць? Перад такімі?
Кунцэвіч. Адкасніся. Хай ідуць.
Езуіт. Дрэнна цябе вучылі.
Кунцэвіч. Хай дзякуюць лёсу. Хай ідуць.
Пасланцы ідуць да дзвярэй. I зноў за вокнамі песня.
Гэй, казачэйку, пане ж мой, ці далёка ж будзе домік твой? Ці бары, ці Запарогі – канец нашае дарогі? Тут казакі ўсе юнакі. Здабываюць. Прапіваюць. Што маюць – прайграюць, Куліна.Ропат. Чуеш? Тваю песню спяваюць, Вольха.
Вольха. Яшчэ адзін атрад.
Неша. А чаго гэта ты не спяваў: “Што маюць – прайграюць, Багуся”? Куліна нейкая.
Ропат. Змоўч!
Iля (ціха). Чаму ён вось так адпусціў нас? Ані пагрозы?
Ропат. Не ведаю.
Пайшлі.
Езуіт. Сорам табе, Кунцэвіч. Не толькі я – уся царква ад цябе адварочвае твар.
Палікар. Загадай, загадай – і я напушчу на іх варту! Адарві ім галовы, каб не адарвалі табе!
Езуіт. Нейкія няясныя твае падазрэнні, нейкія здагадкі, домыслы – і вось ужо няма ранейшага воўка божага, а ёсць ануча.
Кунцэвіч. На мяне хочаш навесці смерць гэтых людзей? Не! Яны не панясуць свае галовы пад пахай.
Езуіт. То панясеш ты. (Мякка, але з прытоенай пагрозай.) Ды зразумей, няма ўжо табе шляху назад. Дазволь нагадаць, як ты да нас у Полацк прыйшоў?
Кунцэвіч.Памятаю. Студзень. Дзевятага. Снег сляпучы. Званы.
Езуіт. А хто цябе сустракаў ля самай заставы места?
Кунцэвіч. Усё рымскае духавенства. I на чале вы, езуіты.
Езуіт. Правільна. А калі мы да гэтага бывалі на сустрэчы праваслаўнага біскупа? Ніколі. Ergo – народ адразу зразумеў, чыя аброць дябе вядзе. Падазрэнне было спадарожнікам першага твайго кроку. А спадарожнікам другога была агіда. Бо звараціў ты масу народу.