Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямны акіян

Апалінэр Гіём

Шрифт:

РЭЙНСКАЕ

РЭЙНСКАЯ НОЧ

Мой келіх поўны, і віно, як полымя трапеча… Услухайцеся: песню лодачнік пяе, Як сем наяд пад месяцам, смуткуючы аб нечым, Сушылі валасы зялёныя свае. Прыходзьце да мяне, кружыцеся на славу! Не! Болей не хачу я песні слухаць той! Прыводзьце да мяне зямных дзяўчат бялявых, З заплеценай касой, з усмешкаю жывой! О Рэйн, о Рэйн! П’еш золата начэй, ты месяц увабраў. Смуткуе песня, і варожаць чараўніцы, І косы свецяцца святлом падводных траў. О Рэйн, о Рэйн, ты п’яны ўшчэнт! Віно іскрыцца. Разбіўся келіх мой, смех грымнуў навальніцай…

МАЙ

Пад ветразем на Рэйне май прыгожы плыў, З узгорка на яго жанчыны пазіралі. I лёгка човен плыў, і гаманілі хвалі. Хто ж вербы ніцыя схіліў і засмуціў? Лагодны ветрык дрэвы калыхаў, I асыпаліся пялёсткі з вішань майскіх, Хавалася пяшчота ў белых красках, Нібы ў павеках той, якую я кахаў. На беразе разлёгся пры вярбе Цыганскі табар з малпай і мядзведзем. I раптам прагучаў сігнал атакі недзе Над вінаграднікам на палкавой трубе. Хоць май, прыгожы май руіны засланіў Квітненнем ружаў, вінаградных лозаў. А вецер з Рэйна налятаў з пагрозай, Трысцё дрыготнае і кветкі калаціў.

ЗВАНЫ

Ты чуеш, мой цыган? Званы На цэлы звоняць свет. Няўжо дазналіся яны пра наш сакрэт? Званіца бачыла ў туман — Ён кепска нас хаваў, Званы раскажуць, як цыган мяне кахаў. Суседзі заўтра на двары Зазвоняць як адзін: I пекар з жонкай, і Катрын, Анры, Кіпрэн, Мары. Смяяцца будуць, як прайду, — Шукаць маіх заган… Я пакахала на бяду, Ад слёз памру, цыган!

ЛАРЭЛЕЯ

Жану Сэў

Вядзьмарка бялявая, верце не верце, Прынадзіла ўсіх, закаханых да смерці. Епіскап пад суд чараўніцу аддаў, Хоць сам ёй грахі за красу дараваў. «Прыгожыя вочы твае, Ларэлея! Чаму там вядзьмарства тваё палымнее?» «Стамілася жыць я! Мой позірк пракляты — Хто глянуў мне ў вочы, той трапіў за краты. Мой позірк — агонь… О епіскап стары, Спаліце вядзьмарства маё на кастры» «Я сам закахаўся ў красуню-дзяўчыну. Хай іншыя судзяць, я сам ужо гіну!» «Епіскап, не трэба смяяцца вам, не! Маліцеся богу, карайце мяне! Мой любы паехаў далёка адгэтуль… Мяне праганіце з нялюбага свету! Пакутуе сэрца: я хутка згару. I думка адна мяне точыць: памру! Пакутуе сэрца маё з той хвіліны, Калі мяне любы пакінуў, пакінуў». Трох рыцараў кліча епіскап: «Хутчэй Схавайце яе ў манастыр ад людэей! Прэч, Лор-шаляніца, твой позірк — прыстрашка! У чорным адзенні ты станеш мапашкай». Вядуць Ларэлею. Ідуць і маўчаць. А вочы яе, як свяцілы, гараць: «Дазвольце мне, рыцары, ўгору падняцца, Хачу развітацца я з родным палацам. Хачу, бы ў люстэрка, у Рэйн пазірнуць Мяне ж, маладую, навекі замкнуць!» Пад ветрам каса над скалою бялее, А рыцары ў страху крычаць: «Ларэлея!» «На Рэйне мой мілы плыве на чаўне, Ён там зачакаўся, ён кліча мяне. Як лёгка на сэрцы! Каханы — са мной». I — ўніз галавой са скалы навясной. Змагла яшчэ змеціць у плыні ракі I сонца касы, і вачэй васількі.

1909

Дама насіла сукенку З турэцкім узорам; Туніка, вышытая золатам, Была ў гармоніі З квяцістым шалем, Закінутым за плячо. Вочы яе гарэлі, быццам у херувіма, Калі яна рагатала. Ах, як яна рагатала! На твары яе паўтараліся колеры Францыі: Вочы блакітныя, белыя зубы I ярка-чырвоныя губы. На твары яе паўтараліся колеры Францыі. Па шыі паўкругам ішло дэкальтэ, `a lа R`ecamier [1] , нібы вежа, прычоска, А зграбныя поўныя рукі аголены да плячэй. Калі ж гэта поўнач празвоняць куранты? Гэта дама ў сукенцы з турэцкім узорам, З круглым дэкальтэ, I ў туніцы, вышытай золатам, Насіла карону локанаў З абручыкам колеру золата. На ножках маленькіх — туфелькі З бліскучаю спражкай. Такая багіня, што нават I страшна было б закахацца! Любіў я жанчын суровых у завадскіх кварталах, Штодня там на свет прыбываюць істоты, Якіх яшчэ свет не бачыў: Становіцца сталь іх плоццю, полымя — іх мазгамі. О так, любіў я спрытнае іх племя, Людзей-машын. Іх шык — пустая пена. А дамы гэтай прыгажосць У сэрцы выклікала толькі боязь!

1

`a lа R`ecamier (фр.) — па модзе Рэкам’е.

У ТУРМЕ САНТЭ

I

У камеру вядуць мяпе, Распранутага дагала. Злавесны голас, нібы ў сне, Сіпіць: — Гіём, бяда прыйшла! I я, разлучаны з зарой, У магіле цёмнай і сырой. Бывай, сяброўскі карагод, Бывай, каханне юных год!

II

Не, я цяпер не той зусім, Гэй, асцярожна! Я тут пад нумарам сваім — Астрожнік. Пракралася ж і сонца ўдзень Праз краты звонку, I скача зайчыкам прамень Мне на старонку. Яму, гарэзу, і няўцям З яго праменнем, Што некаму тужліва там У сутарэнні.

III

У нейкай яме, як мядзведзь, Я пасля ночы крочу-крочу. Я сёння дыхаю ледзь-ледзь. Ланцуг на небе. Дзень сірочы. У нейкай яме, як мядзведзь, Я пасля ночы крочу-крочу. А побач з камерай маёй Крыніца зазвініць раптоўна: Наглядчык пройдзе і парой Ключамі бразгане жартоўна. I побач з камерай маёй Крыніца зазвініць раптоўна.

IV

Як горка смуткую я ў сценах глухіх — Між колераў бледных тых, шэрых! Асенняя муха — чытачка маіх Няроўных радкоў на паперы. Чаму ты мне, бог, даў пакутлівы лёс, Дзе рай твой зямны абяцаны? Дзе літасць твая да прытоеных слёз, Да лаўкі маёй акаванай? О, колькі тут сэрцаў смуткуе, павер, Я кожнае з іх прыкмячаю. Ты злітуйся, божа! Мой розум цяпер Знямеў ад тугі і адчаю.

V

Як тут павольна дзень ідзе, Нібы чыёсьці пахаванне!.. І дзень, праведзены ў бядзе, Аплакваць будзеш з адчуваннем, Што вельмі хутка час да скону йдзе.

VI

Я слухаю горада гул за сцяной, Астрожнік, хаваючы слёзы. Варожае неба вісіць нада мной — З пагардай глядзіць і пагрозай. Вось дзень адышоў, як наглядчык, прыціх, Газніца мігае з пагрозай. У камеры душнай мы толькі ўтраіх — Газніца, і я, і мой розум.

АТЭЛІ

Тут пакоі — удовы. Сам жыві-памірай! Нехта з’явіцца новы, — Плату ўперад давай! Гаспадар у трывозе,— Ці заплацяць паны? Я кручуся ў знямозе, Як ваўчок завадпы. Шум фіякраў — аж млосна! А сусед мой, лайдак, Смаліць востры, нязносны Той англійскі табак. Ён рагоча, кульгае, Ла Вальера двайнік! I да ранку мігае Мой пакутнік-начнік. I ўсе людзі ў атэлі, Сярод тлуму таго, Вавілон зразумелі З мовай дзікай яго. Нашы дзверы зачынім! Кожны ўспомніць пры тым Аб адзінай жанчыне, Аб каханні сваім.

ВАНДЭМ’ЕР

(З паэмы)
Людзі будучых дзён, калі нікалі Успамінайце мяне: жыў паэт на зямлі, Калі з тронаў ляцелі старчма каралі. Паміралі яны у маўклівай журбе, Але веліч захоўвалі ўсё ж пры сабе. Ты — дзівосны у верасні, горад Парыж! Ты паміж вінаграднікаў ночы стаіш: Вінаградзіны-зоры павіслі ўгары, Іх нястомна дзяўбуць аж да самай зары Ап’янелыя птушкі майго захаплення. Я па цёмных завулках хадзіў у натхненні. Я пачуў печы голас, як вяртаўся дадому,— Ён спяваў, урачысты, то сціхаў, невядомы, Каб да Сены дайшло гэтай ноччу вячыстай Рэха ўсіх галасоў — далёкіх і чыстых. Доўга слухаў я розныя спевы і крыкі, Што Парыж абудзіў сваёй песняй вялікай. Песень Францыі прагну. Прагну песень народаў— Хай у глотку маю яны льюцца заўсёды! П’яны-п’яны Парыж я адчуў і убачыў — Вінаград ён збіраў самы спелы і смачны, I спявалі там звонка Вінаградныя гронкі. Рэйн стары адгукнуўся, плыў, як водгулле, Ван: Слухай песні, Парыж, спеў сваіх грамадзян! Тыя гронкі, што сонца калісь нарадзіла, Мы гатовы прынесці ў ахвяру табе. Мы нясём табе розум, і муры, і магілы, Непачуты табою крык дзяцей у калысках, Мы прыносім табе рэкі думак іскрыстых, Мы працягваем рукі ў парыве бязмежным, Быцца доўгія рукі спяваючых вежаў. Розум гібкі наш звязаны з іншым жыццём, Ён хавае, як дзверы, сакрэт пад замком; Мы прыносім табе таямніцы стагоддзяў: Ты пачуеш не толькі аб любоўнай прыгодзе,— Сэнс дваякі пачуеш фатальнай праявы, Невядомы ні Усходу, ні Грэцыі нават,— Сэнс Брэтані, дзе сілай дзевятага вала Акіян кантынент падмывае памалу. Поўнач гулам сваіх гарадоў адказала: О Парыж! Мы прыйшлі, мы — крыніцы жывыя — Гарады, дзе спяваюць, балбочуць святыя, Металічныя ідалы фабрык святых, Зацяжарылі хмары ад комінаў тых! Нібы ўстаў над зямлёй Іксіён механічны, Нашых рук, нашых пальцаў не злічыш, не злічыш! Хай завод-велікан, хай майстэрня спарыш — Як рабочыя голыя, нашы пальцы працуюць: За сантымы рэальнасць яны фабрыкуюць. Гэта ўсё мы табе ахвяруем, Парыж! . . . . . . . . I яшчэ адказалі тады гарады, гарады… Толькі я ўжо адрозніць не мог галасоў — Незнаёмых, аддаленых слоў. I напеў старажытнага горада Трэва Зліўся з іншым матывам і іншым напевам. Свет вялікі змясціўся ў гэтым віне. Тут былі і жывёлы, і мора, і дрэвы, Горы, зоры спявалі — здавалася мне; Чуў людзей на каленях пры беразе неба, Спеў жалеза, што служыць нам добра, як трэба; Быў агонь, без якога не маем натхнення: Узнікалі нябожчыкаў гордыя цені, I маланкі, што думку маю нараджалі; Кілаграмы паперы агнямі дрыжалі. I збіраліся разам даты, назвы, імёны, Там былі чарвякі несмяротныя — Ім належыць штодзёнпа Адшліфоўваць пасля нашы косці гаротныя. Грозных армій змагаліся батальёны, I былі там лясы: што ні дрэва, то — крыж, I была там — ці чуеш, Парыж? — Хацінка мая ля берагу мілых вачэй; Крыкі кветак мне чуліся ў змроку начэй. Гэта ўсё там было, Гаманіла, жыло. Апісаць не змагу я — мне слоў пе знайсці, Зразумець не змагу я ніколі ў жыцці Усяго, што тады мне ўявілася, Усяго, што на свеце змянілася,— Распаліла празрыстым віном Няўтольную смагу Парыжа. Пагодныя дні. Жахлівыя сны. Дзеянні. Вечная музыка руху. Парасткі, што нараджаюцца з болем. Светы, якія нагадваюць нас, Я вас выпіў, а смагі сваёй не здаволіў. Затое я зведаў смак сапраўдны сусвету. Ап’янеў ад таго, што я выпіў сусвет сам на беразе Сены, Наглядаючы там, як хвалююцца хвалі і дрэмлюць барліны. Слухай, слухай мяне! Я — глотка Парыжа. Буду піць я сусвет зноў і зноў. Слухай песню маю ап’янення сусвету! …Вераснёвая ноч праплынала павольна ў вадзе. Агні не свяцілі з мастоў, захліпаліся ў Сене. Сярод зорак згасаўшых займаўся ўжо дзень.
Поделиться с друзьями: