80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Мора было зусім пустыннае. Нідзе астраўка, ні скалы. «Аўраама Лінкальна» таксама не было відаць. Бязмежная, грандыёзная пустыня акружала нас.
Капітан Нэма пачакаў поўдня і, паднёсшы да вачэй секстант, вызначыў вышыню сонца — гэта давала яму шырату месца. У часе назірання ніводзін мускул яго не здрыгануўся, і секстант, мабыць, быў-бы такім-жа нерухомым і ў руцэ мармуровай статуі.
— Поўдзень, — сказаў ён. — Ці не будзеце вы ласкавы, прафесар, спусціцца ўніз?
Я кінуў апошні позірк на мора, вада якога была крыху жаўтаватая ад блізкасці Японіі, і спусціўся ўслед за ім у салон.
Там капітан Нэма вылічыў пры дапамозе хранометра даўгату месца, праверыў свой разлік па папярэдніх вугламерных назіраннях і занёс на карту знойдзенае месцазнаходжанне «Наўтылуса».
— Спадар Аранакс, — сказаў ён, — мы знаходзімся на 137°5' заходняй даўгаты.
— Лічачы ад якога мерыдыяна? — жвава запытаўся я з надзеяй, што адказ капітана пралье святло на яго нацыянальнасць.
— У мяне ёсць розныя хранометры, — адказаў ён, — пастаўленыя па Парыжскаму, Грынвіцкаму і Вашынгтонскаму мерыдыянах. Але ў гонар вашай прысутнасці я карыстаўся сёння Парыжскім мерыдыянам.
Гэты адказ нічога не даў мне. Я пакланіўся ў знак удзячнасці. Капітан прадаўжаў:
— 137°15' заходняй даўгаты ад Парыжскага мерыдыяна і 30°7' паўночнай шыраты. Іншымі словамі, мы прыкладна ў трохстах мілях ад берагоў Японіі. Такім чынам, сёння, восьмага лістапада ў поўдзень мы пачнём сваю даследчую кругасветную экспедыцыю пад вадой. А цяпер, спадар прафесар, я не буду вам перашкаджаць працаваць. Я загадаў узяць курс на ўсход — паўночны ўсход і пагрузіцца на глыбіню пяцідзесяці метраў. На гэтай вялікай карце штодня будзе азначацца пройдзены шлях. Салон у поўным вашым распараджэнні, і я ў вас папрашу дазволу пайсці.
Капітан Нэма пакланіўся і выйшаў. Я застаўся адзін у салоне, заняты сваімі думкамі. Яны нязменна вярталіся да ўладара «Наўтылуса». Ці даведаюся я калі-небудзь пра нацыянальнасць гэтага чалавека, які горда заяўляе, што ён не мае радзімы? Што або хто ўзбудзіў у ім нянавісць да чалавецтва? Быў ён ці адным з тых непрызнаных вучоных, якіх «пакрыўдзіў свет», як гаворыць Кансель, сучасным Галілеем [24] , ці вучоным-рэвалюцыянерам, выгнаным са сваёй радзімы? Гэтага я яшчэ не ведаў. Ён прыняў мяне, закінутага выпадкам на яго карабель, гасцінна, але з адценнем халоднасці, не дазваляючы мне забывацца, што маё жыццё ў яго ўладзе. І ён ні разу не паціснуў рукі, якую я яму працягваў, і ні разу не працягнуў мне сваёй рукі.
24
Галілей (1564–1642) — вялікі італьянскі вучоны, якога царкоўнікі праследавалі за сцвярджэнне, што зямля круціцца вакол сонца.
Цэлую гадзіну я быў заняты гэтымі думкамі, імкнучыся пранікнуць у хвалюючую тайну гэтага чалавека. Потым мае вочы спыніліся на раскладзенай па стале карце, і я апусціў палец на месца скрыжавання вызначаных капітанам Нэма даўгаты і шыраты.
Мора мае свае рэкі, таксама як і сухазем’і. Гэта плыні, якія лёгка пазнаць па колеру і тэмпературы, якія адрозніваюцца ад колеру і тэмпературы астатняй вады. Найбольш вядомая акіянская плынь — гэта Гольфштром. Навука нанесла на карту кірунак пяці галоўнейшых плыней: адной у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна, другой — у паўднёвай, трэцяй — у паўднёвай частцы Ціхага акіяна, чацвёртай — у паўночнай і нарэшце пятай — у паўднёвай частцы Індыйскага акіяна. Пэўна можна сказаць, што ў даўно мінулыя часы, калі Каспійскае і Аральскае моры і вялікія азіяцкія азёры складалі адзін вадаём, у паўночнай частцы Індыйскага акіяна існавала шостая плынь.
Праз той пункт карты, дзе кропкай адзначана было месца знаходжання «Наўтылуса», праходзіла адна з гэтых плыней — Японская плынь Куро-Сіва, што ў перакладзе азначае «Чорная рака». Выйшаўшы з Бенгальскай затокі з водамі, нагрэтымі вертыкальнымі праменямі трапічнага сонца, яна праходзіць Малакскай пратокаю, ідзе каля берагоў Азіі і апісвае крывую ў паўночнай частцы Ціхага акіяна, даходзячы да Алеуцкіх астравоў. Плынь гэтая цягне за сабой камлі камфорных дрэў і іншых трапічных раслін і рэзка адрозніваецца сваёй ярка-сіняй афарбоўкай і высокай тэмпературай ад цёмна-зялёных і халодных водаў акіяна.
Шлях «Наўтылуса» ляжаў па гэтай плыні. Я сачыў за плыняй па карце, уяўляючы сабе ў думках, як яна знікае, раствараючыся ў бязмежным прасторы Ціхага акіяна, і так далёка адышоў ад сапраўднасці, што не заўважыў, як Нэд Лэнд і Кансель увайшлі ў салон.
Мае слаўныя спадарожнікі проста скамянелі, убачыўшы багацці, што раскінуліся перад іх вачыма.
— Дзе мы знаходзімся, — здзівіўся канадзец. — Няўжо ў Квэбекскім музеі?
— З дазволу гаспадара, — адказаў на гэта Кансель, — я хутчэй падумаў-бы, што мы ў гатэлі Сомерара.
— Сябры мае, — сказаў я, — вы не ў Канадзе і не ва Францыі, а на борце «Наўтылуса», на пяцьдзясят метраў пад узроўнем мора.
— Прыходзіцца гэтаму паверыць. Калі ўжо так гаворыць гаспадар, — адказаў Кансель, — але, кажучы шчыра, такі салон можа збянтэжыць нават гэтакага фламандца, як я!
— Можаш здзіўляцца, колькі твая душа пажадае, сябра мой. А за адно агледзь вітрыны — там ёсць над чым папрацаваць такому класіфікатару, як ты.
Канселя не трэба было двойчы запрашаць заняцца класіфікацыяй. Схіліўшыся над вітрынамі, ён ужо бурчэў нешта на мове натуралістаў: клас, атрад, падатрад, сямейства, род, від…
Тым часам Нэд Лэнд, якога мала цікавіла конхіліялогія, распытваў мяне аб сустрэчы з капітанам Нэма: ці даведаўся я, хто ён, адкуль родам, куды трымае шлях, у якія глыбіні ўцягвае нас? Ён засыпаў мяне тысячай пытанняў, не даючы мажлівасці адказаць ні на адно.
Калі ён змоўк, я паведаміў яму ўсё, што ведаў сам, і ўсё, чаго не ведаў і, у сваю чаргу, запытаў у яго, што ён чуў і бачыў за гэты час.
— Нічога не чуў і нічога не бачыў, — адказаў канадзец. — Я нават не бачыў нікога з каманды судна. Можа і яна таксама электрычная?
— Электрычная?..
— Сапраўды, гэтаму можна даць веры… Але скажыце, спадар прафесар, — запытаў Нэд Лэнд, захоплены ўсё той-жа ідэяй, — колькі чалавек каманды на борце гэтага судна? Дзесяць, дваццаць, пяцьдзесят, сто?
— Нічога не магу вам адказаць, Нэд, на гэтае пытанне. Паверце мне, выкіньце з галавы думку заўладаць «Наўтылусам» або ўцякаць з яго. Гэты карабель— цуд сучаснай тэхнікі, і я ўсё жыццё шкадаваў-бы, каб мне не ўдалося як належыць азнаёміцца з ім! Шмат хто пазайздросціў-бы нашаму з вамі становішчу, хаця-б дзеля магчымасці зрабіць экскурсію сярод цудаў. Такім чынам, сядзіце ціха і давайце будзем назіраць за тым, што адбываецца вакол нас.
— Назіраць? — ускрыкнуў гарпуншчык. — Ды тут нічога не ўбачыш у гэтай жалезнай турме! Мы рухаемся, нібы сляпыя!
Не паспеў Нэд Лэнд скончыць сказ, як раптам у салоне зрабілася абсалютна цёмна. Асветленая столь пагасла з такой хуткасцю, што ў мяне нават вочы забалелі, нібы ад поўнага змроку я перайшоў адразу да яскравейшага святла.
Мы анямелі і не рызыкавалі нават паварушыцца, не ведаючы, які сюрпрыз — прыемны ці непрыемны — нас чакае. Але тут пачуўся нейкі гук, нібы жалезная абшыўка «Наўтылуса» пачала рассоўвацца.