Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

— Як! — ускрыкнуў Нэд. — Акула і скат у адным атрадзе? Ну, браце Кансель, калі вы хочаце, каб скаты ўцалелі, не раю вам змяшчаць іх у адзін атрад з акуламі.

— Трэці атрад, — не міргнуўшы вокам, прадаўжаў Кансель, — асятровыя [32] , жабры якіх адкрываюцца адной шчылінай, прыкрытай крышкай. У гэтым атрадзе чатыры сямействы. Прадстаўнік — асётр.

— Ага, Кансель, лепшае захавалі на самы канец! Ці скончылі вы?

— Так, Нэд. Але майце на ўвазе, што вы ўведалі яшчэ самую дробязь, бо атрады падзяляюцца на падатрады, сямействы, падсямействы, роды, віды, разнавіднасці.

32

Паводле Брэма, адносяцца да падкласа не храшчавых, а косных рыб.

— Во, Кансель, акурат некалькі рознавіднасцей, — сказаў канадзец, павяртаючыся тварам да акна.

— Так, рыбы, — усклікнуў Кансель. — Можна падумаць, што знаходзішся ў акварыуме.

— Не, — адказаў я, — акварыум — гэта-ж толькі клетка, а гэтыя рыбы такія-ж вольныя, як птушкі ў паветры.

— Ну, Кансель, назавіце-ж мне гэтых рыб, — папрасіў Нэд Лэнд.

— Гэта не па маёй спецыяльнасці, — адказаў Кансель, — звярніцеся да майго гаспадара.

І сапраўды, гэты добры дзяцюк, заўзяты класіфікатар, не быў натуралістам, і я не ведаю, ці мог ён адрозніць у натуры тунца ад пузанка. У гэтых адносінах ён быў простай процілегласцю канадца, які адразу называў усіх рыб.

— Гэта спінарог, — сказаў я.

— Прамавугольны спінарог, — дадаў Нэд Лэнд.

— Род спінарогаў, сямейства цвёрдаскурых, атрад зроснасківічных, — прашаптаў Кансель.

Сапраўды, Кансель і Нэд Лэнд, разам узятыя, склалі-б аднаго выдатнага натураліста!

Канадзец не памыліўся. Мноства спінарогаў, з прамавугольнымі, нібы спрасаванымі целамі, з лускаватай скураю, з шыпам на спінным плаўніку, круціліся наўкол «Наўтылуса», варушачы чатырма радамі калючак, якімі ўсеяны іх хвост. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь прыгажэйшае за іх луску — шэрую на спіне і белую на чэраве, залатыя плямы якой блішчэлі агнямі ў цёмнай вадзе. Побач са спінарогамі плылі скаты, нібы палотнішчы, узнятыя на ветры. Сярод іх я заўважыў кітайскага ската з жаўтаватай спіною, квола ружовым чэравам і трыма шыпамі над вокам; гэтая рознавіднасць надзвычайна рэдка сустракаецца. У часы Ласепеда [33] ў існаванні кітайскіх скатаў нават наогул сумняваліся, бо ён бачыў іх толькі ў адным зборы японскіх малюнкаў.

33

Ласепед (1756–1825) — вядомы французскі натураліст.

На працягу двух гадзін цэлая падводная армія суправаджала «Наўтылус». Сярод прыгажэйшых адна за адну і спрытнейшых рыб я распазнаў зялёнага губана, султанку з падвойнай чорнай рыскай на спіне, японскую макрэль з сінім целам і срэбнай галавою, блішчастых лазоравых рыб, адна назва якіх замяняе цэлае апісанне, паласатых спараў з сіне-зялёнымі плаўнікамі, спараў з чорнай паласою вакол хваста, спараў з шасцю «паяскамі», бекасавых рыб, з якіх некаторыя дасягалі цэлага метра даўжыні, японскіх саламандраў, мурэн даўжынёю ў шэсць футаў, з маленькімі жывымі вочкамі і шырокім ротам, усеяным зубамі.

Мы не пераставалі захапляцца. Нэд называў рыб, Кансель зараз-жа класіфікаваў іх, а я прыходзіў у экстаз ад хараства іх форм і хуткасці руху. Нідзе мне яшчэ не даводзілася бачыць жывых, вольных рыб у іх натуральным асяроддзі.

Не буду пералічаць усе рознавіднасці, прамільгнуўшыя перад нашымі вачыма, усю гэтую калекцыю рыб японскіх і кітайскіх мораў. Прывабленыя, відаць, яркім электрычным святлом, яны сцякаліся зграямі, больш шматлікія, як птушкі ў паветры.

Раптам салон асвятліўся. Жалезныя акяніцы засунуліся. Цудоўнае відовішча знікла, але я доўга яшчэ быў ахоплены марамі, пакуль вочы мае выпадкова не спыніліся на прыборах, вісеўшых на сцяне. Стрэлка компаса па-ранейшаму паказвала кірунак на ўсход — паўночны ўсход, манометр — ціск у пяць атмасфер, што адпавядала пяцідзесяціметровай глыбіні, а электрычны лаг — хуткасць у пятнаццаць міль у гадзіну.

Я чакаў капітана Нэма. Але ён не з’яўляўся.

Хранометр паказваў пяць гадзін пасля поўдня.

Нэд Лэнд і Кансель вярнуліся ў сваю каюту. Я таксама пайшоў у свой пакой. Абед чакаў мяне на стале. Ён складаўся з чарапахавага супу, смажанай султанкі, пячонка якой, прыгатаваная асобна, была на дзіва далікатнай стравай, і філею з круглагаловага шыпаглаза, больш смачнага, як сёмга.

Вечар я правёў за чытаннем, пісаннем і ў разважаннях. Калі сон пачаў авалодваць мною, я расцягнуўся на ложку і моцна заснуў, у той час, як «Наўтылус» хутка рухаўся па «Чорнай рацэ».

Раздзел пятнаццаты

Пісьмовае запрашэнне

На другі дзень, 9 лістапада, я прачнуўся толькі познім ранкам, пасля дванаццацігадзіннага сну. Кансель прыйшоў, як зазвычай, запытацца, «як гаспадар правёў ноч», і прапанаваць свае паслугі. Ён пакінуў свайго сябра-канадца які спаў так моцна, як быццам нічым іншым той усё сваё жыццё і не займаўся.

Я прадставіў слаўнаму Канселю балбатаць, колькі яму ўздумаецца, адказваючы яму абы як і абы што. Мяне клапаціла адсутнасць капітана Нэма на ўчарашнім спектаклі, і я спадзяваўся, што ўдасца пабачыць яго ў гэты дзень.

Я апрануўся ў свой гарнітур з вісона. Выгляд гэтай тканіны выклікаў у Канселя рад заўваг. Я сказаў яму, што тканіна зроблена з шаўкавістых валокнаў, якімі прымацоўваюцца да скалаў некаторыя міжземнаморскія ракушкі. Даўней з гэтых валокнаў вырабляліся прыгожыя тканіны, панчохі, пальчаткі, бо вісон дае вельмі мяккую і вельмі цёплую тканіну. Такім чынам, само мора забяспечвала каманду «Наўтылуса» адзеннем, і яна не мела патрэбы ні ў баваўнянку, ні ў воўне, ні ў шаўкавістых чарвяках.

Апрануўшыся, я выйшаў у салон. Там нікога не было.

Я аддаўся разгляду каштоўнасцей, сабраных пад шклянымі вітрынамі. Я капаўся ў гербарыях, запоўненых самымі рэдкімі марскімі раслінамі, якія захавалі, не гледзячы на тое, што яны былі засушаны, незвычайнае хараство і яскравасць фарбаў.

У гэтых занятках прайшоў увесь дзень. Капітан Нэма не паказваўся. Жалезныя акяніцы на вокнах салона не расчыняліся. Мажліва, што нас не хацелі перанасычаць гэтым цудоўным відовішчам.

«Наўтылус» па-ранейшаму трымаў курс на ўсход-поўнач-усход і ішоў на глыбіні пяцідзесяці-шасцідзесяці метраў з хуткасцю дванаццаці міль у гадзіну.

Наступны дзень, 10 лістапада, прайшоў у такім-жа адзіноцтве. Я не бачыў ніводнага чалавека з каманды «Наўтылуса». Нэд і Кансель правялі большую частку дня са мною. Незразумелая адсутнасць капітана здзіўляла нас. Магчыма, гэты дзіўны чалавек захварэў? Або ён рашыў змяніць свае меркаванні наконт нас.

Урэшце, як правільна сказаў Кансель, нам не было на што скардзіцца. Мы карысталіся поўнай свабодаю, нас смачна і сытна кармілі. Наш гаспадар добрасумленна выконваў нашу ўмову. Да таго-ж самая незвычайнасць нашага становішча абяцала нам столькі ўцех, што мы не мелі рацыі скардзіцца на лёс.

У гэты дзень я пачаў весці запіс усіх падзей, што дазваляла мне цяпер расказваць аб іх з велізарнейшай дакладнасцю. Цікавая падрабязнасць: дзённік свой я пісаў на паперы, зробленай з марскіх водарасцяў…

Адзінаццатага лістапада рана-рана прыток свежага паветра даў мне зразумець, што мы ўзняліся на паверхню акіяна, каб аднавіць запасы кіслароду. Я накіраваўся да лесвіцы і ўзняўся на палубу «Наўтылуса».

Была шостая гадзіна раніцы. Стаяў густы туман. Мора было шэрае, але спакойнае, лёгкая зыб ледзь гойдала яго паверхню. Мяне займала пытанне: ці выйдзе на палубу капітан Нэма?

Поделиться с друзьями: