80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Але пакуль што, апроч стырнавога, заключанага ў сваю шкляную будку, на палубе нікога не было.
Сеўшы на выступ, створаны дном шлюпкі, я прагна ўдыхаў насычаныя соллю выпарэнні.
Патроху, пад дзеяннем прамых сонечных прамянёў, туман развеяўся. Ззяючае свяціла ўзнялося з-за гарызонту на ўсходзе. Мора выбухнула пад яго праменямі, як ракета, начыненая порахам. Шматлікія перыстыя, зазубраныя па краях воблачкі, прадвяшчаўшыя ветраны дзень, афарбаваліся ў на дзіва тонкія тоны.
Але што значыць ветраны дзень для «Наўтылуса», які не баіцца ніякіх бур?
Я любаваўся гэтым вясёлым, жыццярадасным усходам сонца, калі за маёй спіною пачуліся крокі. Хтосьці ўзнімаўся на палубу.
Я нарыхтаваўся ўжо аддаць паклон капітану Нэма, але гэта аказаўся яго памочнік — я яго бачыў ужо раней, пры першым наведванні капітана. Ён выйшаў на палубу і як быццам не заўважыў маёй прысутнасці. Прыставіўшы да вачэй моцны бінокль, ён з велізарнейшай увагай стаў аглядаць краявід. Скончыўшы агляд, ён падышоў да люка і прамовіў наступны сказ, — я дакладна запомніў яго гучанне, бо потым часта чуў яго пры падобных-жа абставінах:
— Nautron respoc lorni virch!
Не ведаю, што ён азначаў.
Кінуўшы гэтыя словы, памочнік спусціўся ўніз па драбінцы. Я падумаў, што «Наўтылус» зараз зноў апусціцца ў ваду, і таму паспяшаўся ў сваю чаргу сыйсці ўніз і вярнуцца ў свой пакой.
Так, без змен, прайшлі пяць дзён. Кожную раніцу я выходзіў на палубу. Кожную раніцу той-жа чалавек вымаўляў той-жа сказ. Але капітан Нэма не з’яўляўся.
Я прымірыўся ўжо з тым, што больш не ўбачу яго, калі 16 лістапада, увайшоўшы ў свой пакой у суправаджэнні Канселя і Нэда Лэнда, я знайшоў на стале адрасаваны мне ліст.
Я нецярпліва ўскрыў канверт. Ён быў надпісаны цвёрдым і чытэльным почыркам па-французску, але абрысы літар мелі падабенства да гатычных літараў нямецкага алфавіту.
Вось змест гэтага ліста:
16 лістапада 1867 года
Капітан Нэма запрашае прафесара Аранакса прыняць удзел у паляванні, якое адбудзецца заўтра раніцаю ў лясах вострава Крэспо. Капітан Нэма будзе вельмі рады, калі спадарожнікі спадара прафесара пажадаюць далучыцца да гэтай экскурсіі.
Камандзір «Наўтылуса»
— Паляванне! — ускрычаў Нэд.
— Ды яшчэ ў лясах вострава Крэспо! — дадаў Кансель.
— Значыцца, гэты тып наведвае іншы раз і цвёрдую зямлю? — запытаў Нэд.
— На маю думку, гэта зусім ясна сказана, — адказаў я, перачытаўшы ліст.
— Што-ж, у такім разе неабходна прыняць запрашэнне, — заявіў канадзец. — Трапіўшы на сухазем’е мы, у залежнасці ад абставін, выпрацуем план дзеянняў. І апроч усяго я не супярэчыў-бы, каб з’есці кавалак свежага мяса.
Не спрабуючы прымірыць відавочную супярэчнасць паміж заявамі капітана Нэма аб агідзе да сухазем’яў і астравоў і гэтым запрашэннем на паляванне ў лесе я абмежаваўся такім адказам:
— Давайце паглядзім спачатку, які такі востраў Крэспо.
Пашукаўшы на карце, я знайшоў пад 32°40' паўночнай шыраты і 167°50' заходняй даўгаты астравок. У 1801 годзе яго адкрыў капітан Крэспо. На старых іспанскіх картах ён называўся — Рока дэ ля Плата, што ў перакладзе азначае «Сярэбраная скала».
Гэты астравок быў прыкладна за тысяча восемсот міль ад пункту нашага адпраўлення: «Наўтылус», такім чынам, некалькі змяніў першапачатковы курс і накіраваўся цяпер да паўднёвага ўсходу.
Я паказаў сваім таварышам на гэтую маленечкую кропку, загубленую на карце ў прасторах паўночнай часткі Ціхага акіяна.
— Ясна, што калі капітан Нэма іншы раз і выходзіць на сушу, то ён выбірае для гэтага зусім незаселеныя астравы.
Нэд Лэнд, не адказваючы, паківаў галавой. Потым ён і Кансель пайшлі.
Пасля вячэры, паданай спакойным нібы нямым сцюардам, я лёг спаць некалькі заклапочаны.
Наступнай раніцай, 17 лістапада, прачнуўшыся, я адчуў, што «Наўтылус» стаіць зусім нерухома.
Я спрытна апрануўся і выйшаў у салон.
Капітан Нэма ўжо знаходзіўся там. Ён падняўся мне насустрач, пакланіўся і запытаў ці згодзен я суправаджаць яго.
Паколькі ён не рабіў ніякага намёку на сваю васмідзённую адсутнасць, я асцярогся загаварыць аб гэтым і каротка адказаў, што мае таварышы і я сам гатовы ісці следам за ім.
— Дазвольце толькі капітан, — дадаў я, — задаць вам адно пытанне.
— Калі ласка, прафесар, — сказаў ён. — Калі я змагу, я адкажу вам.
— Як здарылася, капітан, — запытаўся я, — што парваўшы ўсе сувязі з зямлёй, вы валодаеце лясамі на востраве Крэспо?
— Бачыце, прафесар, — адказваў мне капітан, — лясы, якімі я валодаю, не патрабуюць ад сонца ні цеплыні, ні святла. У іх не водзяцца ні львы, ні тыгры, ні пантэры, ні наогул чацвераногія. Пра іх існаванне ведаю толькі я адзін. Яны і растуць толькі для мяне… Гэта не зямныя, а падводныя лясы.
— Падводныя лясы?! — ускрыкнуў я.
— Так, прафесар.
— І вы прапануеце мне ісці туды?
— Зусім правільна.
— Пехатою?
— Нават не замачыўшы ног.
— І паляваць?
— Так, паляваць.
— Са стрэльбай?
— Са стрэльбай.
Я кінуў на капітана Нэма позірк, у якім не было нічога прыемнага для яго.
«Няма сумнення, — падумаў я, — гэты чалавек псіхічна хворы; у яго толькі што быў прыступ хваробы, якая працягвалася восем дзён, а мажліва працягваецца яшчэ і цяпер. Шкада! Я лепш хацеў-бы лічыць яго за чалавека з дзівацтвам, чымся вар’ятам».
Гэтыя думкі, напэўна, лёгка было прачытаць на маім твары.
Але капітан Нэма, нічога не гаворачы, жэстам прапанаваў мне пайсці за сабой, і я пайшоў з выглядам чалавека, гатовага да ўсялякіх здарэнняў.
Мы прайшлі ў сталовую, дзе нас ужо чакала снеданне.
— Спадар Аранакс, — сказаў капітан, — сядайце, калі ласка, і закусвайце без цырымоніі. За снеданнем мы пагаворым. Я абяцаў вам падводны шпацыр, але не падводны рэстаран. Таму раю вам снедаць больш грунтоўна, бо палуднаваць мы зможам толькі ўвечары.
Я паслухаўся гэтай парады і аддаў належную ўвагу снеданню. Яно складалася з разнастайных рыб, прыпраўленых марскімі водарасцямі.
Запівалі мы снеданне чыстай вадой, да якой, беручы прыклад ад капітана, я дадаў некалькі капель перабрадзіўшага настою водарасцяў пад назвай «перапончатай радаменіі».