80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Калі капітан Нэма гаварыў гэта, ён увесь перарадзіўся. Словы яго зрабілі на мяне вялікае ўражанне.
— І сапраўднае жыццё, — дадаў ён, — тут і толькі тут! Я веру ў магчымасць стварэння падводных гарадоў, згрупаваная падводных дамоў, якія, як «Наўтылус», кожнай раніцай будуць падымацца на паверхню акіяна, каб дыхаць свежым паветрам, — заўсёды вольных, ні ад каго не залежных гарадоў!.. І, хто ведае, калі які-небудзь дэспат адважыцца…
Капітан Нэма не скончыў фразы і пагражальна махнуў рукою. Потым, зварачваючыся непасрэдна да мяне, як быццам жадаючы адагнаць ад сябе смутныя думкі, сказаў:
— Спадар прафесар, ці ведаеце вы, якая глыбіня акіяна?
— Я ведаю толькі тыя лічбы, капітан, якія атрыманы ў час зандавання.
— Ці можаце вы паведаміць іх мне, каб я ў выпадку патрэбы праверыў іх?
— Калі ласка, я скажу вам усё, што памятаю. Калі я не памыляюся, даследванні высветлілі, што сярэдняя глыбіня ў паўночнай частцы Атлантычнага акіяна дасягае васьмі тысяч двухсот метраў, а ў Міжземным моры — двух тысяч пяцісот. Самыя выдатныя прыклады глыбіні былі зроблены ў паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна, прыкладна, на трыццаць пятым градусе шыраты. Іхнія вынікі гэтакія: дванаццаць тысяч метраў, чатырнаццаць тысяч дзевяноста адзін метр і пятнаццаць тысяч сто сорак дзевяць метраў. Вучоныя лічуць, што каб дно марское было нівеліравана, глыбіня яго па ўсёй зямлі была-б, прыкладна, сем кіламетраў.
— Добра, прафесар, — сказаў капітан Нэма, — я спадзяюся, што здолею паказаць вам нешта лепшае. Калі-ж вас цікавіць глыбіня гэтай часткі Ціхага акіяна, то я магу паведаміць вам, што яна не перавышае чатырох тысяч метраў.
Сказаўшы гэта, капітан Нэма накіраваўся да люка і спусціўся па жалезнай лесвіцы ўніз. Я паследваў за ім і зайшоў у салон. Вінт амаль у тую-ж хвіліну пачаў круціцца, і лаг паказаў хуткасць дваццаць міль.
На працягу наступных дзён, і нават тыдняў, капітан Нэма вельмі рэдка рабіў мне гонар сваім прыходам. Я сустракаўся з ім праз вялікія прамежкі часу. Памочнік яго кожнай раніцай акуратнейшым чынам рабіў назіранні і атрыманыя вынікі адзначаў на карце, таму я заўсёды ведаў шлях «Наўтылуса».
Кансель і Нэд Лэнд кожны дзень праводзілі са мною шмат часу. Кансель апавядаў свайму прыяцелю аб цудах падводнай прагулкі, і гарпуншчык ад душы шкадаваў, што не прыняў у ёй удзелу.
Але я суцешыў яго надзеяй, што пэўна будзе яшчэ выпадак зноў наведаць акіянскія лясы. Амаль кожны дзень жалезныя акяніцы на вокнах салона адсоўваліся на некалькі гадзін, і мы не маглі нацешыцца цудамі падводнага свету.
«Наўтылус» ішоў цяпер на паўднёвы ўсход, трымаючыся на глыбіні паміж ста і ста пяццюдзесяццю метрамі. Але аднойчы, з прычыны нейкага капрызу капітана, уцягнуты нахілам свайго стырна глыбіні, ён апусціўся на дзве тысячы метраў пад узровень мора. Стоградусны тэрмометр паказваў чатыры з чвэрцю градуса вышэй нуля — тэмпературу, якая ўласціва гэтым глыбіням пад усімі шыротамі.
26 лістапада ў тры гадзіны раніцы «Наўтылус» перасёк тропік Рака пад 172° даўгаты. 27-га ён прайшоў каля Сандвічавых астравоў, дзе 14 красавіка 1779 года загінуў вядомы капітан Кук. Мы прайшлі ўжо чатыры тысячы восемсот шэсцьдзесят лье з часу нашага адплыцця.
Раніцай 29-га, выйшаўшы на палубу, я ўбачыў у двух мілях пад ветрам Гавані самы вялікі з сямі астравоў, ствараючых Гавайскі архіпелаг. Я добра бачыў апрацаваныя палі, прыгор’і і горныя валы, якія цягнуліся паралельна ўзбярэжжу, і вулканы, над якімі ўзвышаецца вяршыня Муна-Рэа, вышынёй у пяць тысяч метраў над узроўнем мора.
«Наўтылус» трымаў курс на паўднёвы ўсход. Ён перасек экватар 1 снежня пад 142° даўгаты, а 4 снежня, пасля хуткага пераходу, не адзначанага нічым выдатным, мы падыходзілі да групы Маркізскіх астравоў.
У трох мілях пад ветрам я ўбачыў пік Марцін на Нука-Гіва, буйнейшым з Маркізскіх астравоў, які ляжыць пад 8°57' паўднёвай шыраты і 139°32' заходняй даўгаты.
Але акрамя густых лясоў, пакрываўшых гару, я нічога не здолеў разгледзець, бо капітан Нэма не любіў набліжацца да зямлі.
Невад, закінуты ў гэтыя воды прынёс некалькі залацістых з сінім адценнем макрэляў, мяса якіх надзвычай добрае на смак, гарбушаў з выгнутымі ў крук вялізнымі сківіцамі, блакітна-зялёных са срэбным адценнем сарганаў. Усе гэтыя рыбы заслугоўвалі шаноўнага месца на стале.
Развітаўшыся з гэтымі прыгожымі астравамі, над якімі рэе сцяг Францыі, з 4 па 11 снежня «Наўтылус» прайшоў яшчэ каля двух тысяч міль. Пераход адзначыўся толькі сустрэчай з велізарнай зграяй кальмараў, дужа цікавых малюскаў, родзічаў каракаціцы і належачых да класа галаваногіх, — сямейству двужаберных, да якога належаць таксама каракаціцы і арганаўты. Гэтыя малюскі чамусьці прыцягвалі ўвагу старадаўніх натуралістаў і, займаючы шаноўнае месца ў метафарах старажытных прапаноўцаў, карысталіся не меншай павагай за сталом у багатых грамадзян. Так прынамсі сцвярджае Атэней, старагрэцкі ўрач, папярэднік славутага Галена.
Армію кальмараў «Наўтылус» сустрэў у ноч з 9-га на 10 снежня. Іх можна было налічыць цэлыя мільёны. Яны пераходзілі з умераных зон у больш цёплыя, ідучы той-жа дарогай, што сельдзь і сардыны. Мы глядзелі на іх праз тоўстае хрусталёвае акно, дзівячыся шпаркасці іх папятнага руху — яны плылі задам наперад, бесперапынна размахваючы дзесяццю нагамі, якія прырода размясціла ў іх на галаве, з’ядаючы маленькіх рыбак і з’ядаемыя вялікімі.
Не гледзячы на свой шпаркі ход, «Наўтылус» на працягу доўгага часу плыў акружаны кальмарамі і яго невад сабраў незлічымую колькасць іх; я налічыў тут усе дзевяць разнавіднасцей кальмараў, знойдзеных д’Орбін’е ў Ціхім акіяне.
Мора не давала нам нудзіцца ў час гэтага пераходу. Яно разгортвала перад намі відовішча за відовішчам, спектакль за спектаклем, кожны раз па-іншаму, кожную гадзіну змяняючы дэкарацыю і пастаноўку. Яно не толькі пацяшала нас, але адкрывала нам самыя сукрытыя тайны.
Удзень 11 снежня я сядзеў у салоне, чытаючы кнігу з бібліятэкі капітана Нэма. Нэд Лэнд і Кансель цешыліся ярка асветленай вадой праз крышталёвае акно. «Наўтылус» не рухаўся. Напоўніўшы рэзервуары, ён трымаўся на ўзроўні тысячы метраў, у мала населеным пласце акіяна, у які толькі часам трапляе буйная рыба.
Я чытаў у гэты час цікавую кнігу Жака Масэ — «Слугі страўніка», захапляючыся дасціпнасцю аўтара, калі Кансель раптам гукнуў мяне:
— Ці не можа гаспадар падыйсці на хвіліну? — сказаў ён нейкім дзіўным голасам.
— Што здарылася, Кансель?
— Няхай гаспадар паглядзіць!
Я пакінуў кнігу і прыціскаючыся да акна, пачаў углядацца.
У вадкай прасторы, ярка асветленай электрычным пражэктарам, вісела нерухома нейкая чорная маса. Я пільна ўглядаўся ў яе, стараючыся разгледзець пароду гэтага велізарнага кітападобнага. Раптам здагадка маланкай мільганула ў маім мазгу.
— Гэта карабель! — закрычаў я.
— Так, — адказаў канадзец, — патануўшы карабель…
Нэд Лэнд не памыліўся. Перад намі быў патануўшы карабель, абрэзаныя ванты якога яшчэ віселі на ланцугах. Корпус яго быў яшчэ ў добрым стане, і здавалася, што крушэнне здарылася не болей, як некалькі гадзін назад. Тры абрубкі, узвышаючыся над палубай амаль на два футы, сведчылі аб тым, што караблю ў барацьбе за жыццё прышлося ахвяраваць свае мачты. Але, відаць, гэта не дапамагло…