80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Дзюмон-Дзюрвіль, апытаўшы тубыльцаў, даведаўся, што Лаперуз, згубіўшы абодва свае караблі ля берагоў вострава, пабудаваў з абломкаў іх трэці маленькі карабель, выйшаў у адкрытае мора і загінуў без звестак…
Камандзір «Астралябіі» загадаў тады пабудаваць над ценем мангіфер помнік адважнаму мораплаўцу і яго таварышам.
Гэта была простая чатырохсценная мураваная піраміда на каралавым п’едэстале. Ні кавалка жалеза не пайшло на гэты помнік, каб у тубыльцаў не было спакусы яго разбурыць.
Пасля гэтага Дзюмон-Дзюрвіль хацеў зараз-жа здымацца з якара. Але каманда «Астралябіі» была знясілена трасцай, карай гэтых месцаў, ды і сам ён быў хворы. Таму ён мог адправіцца назад толькі 17 сакавіка.
Між тым французскі ўрад, баючыся, што Дзюмон-Дзюрвіль нічога не ведае аб адкрыцці Дыльёна, паслаў у Ванікоро карвет «Байёнезку» пад начальствам Легоарана дэ Тромелена. «Байёнезка» кінула якар ля берагоў Ванікоро праз некалькі месяцаў пасля адплыцця «Астралябіі», не знайшла ніякіх новых дакументаў, але ўпэўнілася, што дзікуны пашкадавалі помнік Лаперузу.
Вось усё, што я мог паведаміць капітану Нэма.
— Значыцца, — сказаў ён мне, — па гэты дзень нікому невядома, дзе загінуў гэты трэці карабель, пабудаваны пацярпеўшымі крушэнне на Ванікоро?
— Ніхто не ведае гэтага.
Капітан Нэма нічога не адказаў мне, але знакам прапанаваў ісці следам за ім у салон. «Наўтылус» спусціўся на некалькі метраў у глыбіню, і жалезныя акяніцы рассунуліся.
Я кінуўся да акна і пад каралавымі адкладамі і зараснікамі зоафітаў і водарасцяў, сярод мноства сноўдаючых ва ўсе бакі рыб, я заўважыў адломкі крушэння, якія не былі выцягнуты драгамі: якары, гарматы, мачты, ланцугі, ядры. Усё гэта зарасло жывымі кветкамі зоафітаў.
І ў той час, як я разглядаў гэтыя трагічныя адломкі, капітан Нэма з сумам у голасе сказаў:
— Экспедыцыя капітана Лаперуза адплыла ад берагоў Францыі 7 снежня 1785 года на карветах «Бусоль» і «Астралябія». Яна зайшла спачатку ў Батані-Бай, на востраў Тонга, на Новую Каледонію, затым накіравалася ў Сандра-Круцу і спынілася на Намука, востраве, які належыць да Гавайскай групы. Нарэшце караблі Лаперуза падышлі да невядомых скал Ванікоро. Карвет «Бусоль», які ішоў наперадзе, напароўся на рыфы на паўднёвым беразе. «Астралябія» паспяшалася да яго на дапамогу і ў сваю чаргу таксама наляцела на рыф. Першы карвет загінуў амаль умомант. Другі, сеўшы на мель пад ветрам, змагаўся некалькі дзён. Тубыльцы аказалі досыць добры прыём пацярпеўшым крушэнне. Яны абсталяваліся на востраве і пачалі будаваць маленькі карабель з адломкаў двух вялікіх карветаў. Некалькі матросаў добраахвотна засталіся ў Ванікоро. Астатнія, стомленыя хваробамі, знясіленыя, паехалі з Лаперузам у напрамку да Саламонавых астравоў і там загінулі ўсе да аднаго ля галоўнага вострава групы, між мысамі Расчаравання і Задавальнення.
— Але адкуль вы гэта ведаеце? — ускрыкнуў я.
— Вось што я знайшоў на самым месцы апошняга крушэння!
І капітан Нэма паказаў мне бляшаную шкатулку, на крышцы якой быў выбіты герб Францыі. Шкатулка ўся праржавела ў салёнай вадзе. Ён расчыніў яе, і я ўбачыў пачак пажоўклых, але захаваўшыхся дакументаў.
Гэта была інструкцыя марскога міністра капітану Лаперузу з уласнымі адзнакамі Людовіка XVI па краях!
— Вось гэта смерць, вартая марака! — сказаў капітан Нэма. — Ён ляжыць у спакойнай каралавай магіле, і я быў-бы дужа рады, каб у маіх таварышоў і ў мяне была такая самая магіла.
Раздзел дваццаты
Тарэсава пратока
У ноч з 27 на 28 снежня «Наўтылус» пакінуў Ванікоро і з вялікай хуткасцю паімчаўся на паўднёвы захад. У тры дні ён прайшоў адлегласць, якая аддзяляла Ванікоро ад паўднёва-ўсходняй часткі Новай Гвінеі, гэта значыць, звыш трох тысяч кіламетраў.
1 студзеня раніцай Кансель знайшоў мяне на палубе «Наўтылуса».
— Ці не дазволіць мне гаспадар пажадаць шчаслівага новага года? — запытаўся ён.
— Як-жа, як-жа, Кансель, з такой-жа прыемнасцю прымаю тваё пажаданне, як быццам мы былі-б у Парыжы, у маім кабінеце, у батанічным садзе. Дзякую за віншаванне, і ў сваю чаргу — віншую цябе. Толькі дазволь запытацца, які год ты лічыў-бы шчаслівым: год, калі скончыцца наша паланенне, альбо год, на працягу якога наша дзіўнае падарожжа будзе прадаўжацца?
— Сапраўды, — сказаў Кансель, — я не ведаю, што адказаць гаспадару. Пэўна, мы бачым цікавыя рэчы, і за тыя два месяцы, што мы тут, нам не было часу сумаваць. Апошняе па часу відовішча тут заўсёды самае незвычайнае, і калі гэтая прагрэсія застанецца, дык цяжка сабе ўявіць, да чаго мы дойдзем! Думаю, што ніколі больш мы не сустрэнем гэткага выпадку…
— Ніколі! Твая праўда, Кансель!
— Акрамя таго капітан Нэма цалкам апраўдвае сваё лацінскае імя — Ніхто: ён так мала перашкаджае нам, нібы яго і няма на свеце.
— Праўда, Кансель.
— Таму дазваляю сабе сказаць гаспадару, што я буду лічыць шчаслівым той год, які дасць нам магчымасць убачыць усё!
— Убачыць усё, Кансель? Гэта можа быць занадта доўгім? Дарэчы, што аб гэтым думае Нэд Лэнд?
— Нэд Лэнд думае акурат наадварот, — адказаў Кансель. — Гэта чалавек са станоўчым розумам і прагным страўнікам. Яму недастаткова ўвесь час глядзець на рыб і есці рыбнае. Адсутнасць хлеба, мяса, віна — балюча для гэтага англасакса, які прызвычаены да крывавых біфштэксаў і да больш-менш значнай штодзённай порцыі віскі, джына альбо брэндзі [37] .
37
Спіртовыя напіткі.
— А мяне гэта менш за ўсё абыходзіць, — сказаў я. — Я добра прызвычаіўся да рэжыму «Наўтылуса».
— І я таксама, — адказаў Кансель. — Таму я з такой-жа ахвотай гатовы застацца тут, як Нэд Лэнд гатоў уцякаць. Такім чынам, калі надыходзячы год будзе нешчаслівым для мяне, — ён будзе шчаслівым для яго і наадварот. Значыцца, хто-небудзь з нас абавязкова будзе задаволены. Гаспадару-ж я дазваляю сабе пажадаць тое, што ён сам сабе жадае.
— Дзякую, Кансель. Прашу цябе толькі адкласці на нейкі час пытанне аб навагодніх падарунках і задаволіцца моцным пацісканнем рукі. Нічога больш я не магу табе прапанаваць.
— Гаспадар ніколі не быў больш шчодрым, — адказаў Кансель. З гэтымі словамі добры хлапец выйшаў.
2 студзеня лаг паказваў, што мы прайшлі адзінаццаць тысяч трыста сорак міль, альбо пяць тысяч дзвесце пяцьдзесят лье, з часу нашага адпраўлення з Японскага мора. Наперадзе «Наўтылуса» знаходзіліся небяспечныя зоны каралавых мораў, амываючых паўночна-ўсходнія берагі Аўстраліі.
Наш карабель ішоў на адлегласці некалькіх міль уздоўж здрадніцкага бар’ера з рыфаў, які ледзь не згубіў 10 чэрвеня 1770 года караблі капітана Кука. Карабель, на якім быў сам Кук, напароўся на скалу і не затануў толькі дзякуючы таму, што кавалак карала, які адламаўся пры сутычцы, заткнуў сабою прабоіну.
Мне вельмі хацелася аглядзець гэты бар’ер у трыста шэсцьдзесят лье, аб які заўсёды разбіваецца бурнае мора з грукатам, нагадваючым несціхальныя ўдары грому.
Але ў гэты час нахіленыя плоскасці глыбіні пацягнула «Наўтылус» у ніжнія пласты вады, і мне так і не ўдалося ўбачыць гэтыя каралавыя сцены. Прыйшлося толькі задаволіцца знаёмствам з яго фаунай, што трапіла ў нашы сеці.
Я заўважыў у ліку іншых рознавіднасцей — скумбрыі велічынёй з добрага тунца, з срабрыста-сінім целам, пакрэсленым папярочнымі палоскамі, якія знікаюць пасля смерці. Гэтыя скумбрыі праваджалі нас цэлымі зграямі і забяспечвалі нас надзвычай смачным мясам. У сеці траплялі таксама ў вялікай колькасці спары даўжынёй не больш пяці сантыметраў, але дужа смачныя, і трыглы, сапраўдныя марскія ластаўкі, якія ў цёмныя ночы мільгаюць у моры і паветры сваім фасфарычным бляскам. Сярод малюскаў і зоафітаў у петлях невада я знайшоў таксама розных прадстаўнікоў альцыёнарый, лужанак жыварадзячых, байдарак, малаткоў.