Чтение онлайн

ЖАНРЫ

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

З гэтымі словамі капітан Нэма, разам са сваім памочнікам, пайшоў унутр «Наўтылуса». Падводны карабель стаяў нерухома, як прыросшы да месца, нібы каралавыя паліпы паспелі ўжо замураваць яго ў скалу сваім непарушымым цэментам.

— Ну што, спадар прафесар? — запытаў Нэд Лэнд, зараз-жа падышоўшы да мяне пасля ўходу капітана.

— Вось што, дружа Нэд: мы спакойненька дачакаемся прыліву 9 студзеня. Выходзіць так, што месяц ласкава дапаможа зняцца нам з мелі.

— Толькі ўсяго?

— Толькі ўсяго!

— І капітан не закіне якара далей і не пусціць машыну поўным ходам, каб паспрабаваць зняцца з мелі!

— Навошта ўсё гэта, калі нас зніме з мелі прыліў? — проста адказаў Кансель.

Канадзец паглядзеў на Канселя і паціснуў плячыма. У ім загаварыла цяпер абражанае пачуццё марака.

— Помніце маё слова, спадар прафесар, — звярнуўся ён да мяне, — ніколі больш гэтая жалезная памыйніца не будзе плаваць ні па вадзе, ні пад вадой! Яна варта цяпер толькі для продажу на злом! Я думаю таму, што прыйшоў час вызваліць капітана Нэма ад нашай кампаніі!

— Бачыце, дарабі Нэд, — адказаў я, — я не так песімістычна гляджу на будучае гэтага выдатнага карабля, як вы. Пачакайце чатыры дні — мы даведаемся дакладна, якая сіла прыліваў Ціхага акіяна. Дарэчы кажучы, парада уцякаць была-б пажаданай каля берагоў Англіі альбо Праванса. А каля берагоў Новай Гвінеі не варта спяшацца, бо ніколі няпозна будзе звярнуцца да гэтага спосабу, калі «Наўтылус» не здымецца з мелі. Павінен толькі сказаць вам, што гэты апошні выпадак я лічу небяспечным і зусім непажаданым.

— Але ці нельга хоць сыйсці на зямлю? — з прыкрасцю запытаўся Нэд Лэнд. — Вось напрыклад, востраў. На гэтым востраве растуць дрэвы. Пад імі вандруюць зямныя жывёліны — жывыя катлеты, ростбіфы і біфштэксы… З якой-бы прыемнасцю я іх пакаштаваў!

— Вось у гэтым праўда Нэда, — сказаў Кансель. — Я цалкам далучаюся да яго погляду. Ці не можа гаспадар дамагчыся ў свайго прыяцеля, капітана Нэма, дазволу сыйсці на гэты бераг, хаця-б для таго, каб мы не адвыклі ступаць па цвёрдай зямлі?

— Я магу папрасіць у яго дазволу, але я ўпэўнены, што ён адмовіць.

— Няхай гаспадар усё-такі паспрабуе, — сказаў Кансель, — прынамсі мы будзем ведаць мяжу ласкавасці капітана Нэма!

На маё шчырае здзіўленне, капітан Нэма даў дазвол зараз-жа і з вялікай ахвотай. Ён нават не патрабаваў ад мяне абяцання вярнуцца на борт. Але трэба сказаць, што падарожжа па астравах Новай Гвінеі было настолькі небяспечным, што я не параіў-бы Нэду Лэнду пачынаць яго. Лепш было заставацца ў палоне на «Наўтылусе», чымся трапіць у рукі тубыльцаў-папуасаў.

Я не спрабаваў даведацца, ці збіраецца капітан Нэма суправаджаць нас. Больш таго, я быў упэўнены, што ніхто з матросаў не будзе адпушчаны з намі, і Нэду Лэнду самому прыйдзецца кіраваць шлюпкай. Але зямля знаходзілася толькі на дзве мілі ад нас, і канадзец, як добры марак, безумоўна здолее пераправіць лёгкі човен цераз грады скал, пагібельныя для вялікіх караблёў.

Назаўтра, 5 студзеня, шлюпку выцягнулі з гнязда і пусцілі на ваду. Гэта лёгка зрабілі два матросы. Вёслы былі складзены на дне, і нам заставалася толькі заняць месцы на лаўках.

У восем раніцы, узброеныя стрэльбамі і сякерамі, мы адплылі ад борта «Наўтылуса». Мора было даволі спакойнае. Лёгкі брыз дзьмуў з берагу. Кансель і я сядзелі на вёслах. Мы энергічна граблі, а Нэд накіраваў шлюпку ў вузкія праходы між рыфамі. Шлюпка добра слухалася стырна і ляцела, як страла.

Нэд Лэнд не стрымліваў свайго захаплення. Ён адчуваў сябе нявольнікам, які вярнуўся на волю і не думаў аб тым, што хутка прыйдзецца зноў вярнуцца ў турму.

— Мы зараз будзем есці мяса! — нібы спяваў ён. — І якое мяса! Сапраўдную, не падробленую дзічыну! Праўда, без хлеба… Я не кажу, што рыба не смачная ежа, але згадзіцеся самі, нельга-ж увесь час есці рыбу і рыбу! Кавалак добрага мяса, засмажаны на вугольчыках, можа толькі ўнесці прыемную разнастайнасць у надакучыўшую ежу!

— Вось ненажэра! — сказаў Кансель. — У мяне ад яго размоў ужо слінкі цякуць.

— Застаецца толькі даведацца, — сказаў я, — ці ёсць дзічына ў гэтых лясах, і калі ёсць, дык ці не дасягае яна такіх памераў, пры якіх сам паляўнік можа зрабіцца дзічынай?

— Гэта глупства, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд, зубы якога, здавалася, былі завостраныя як лязо сякеры, — я гатовы з’есці нават тыгра, — добры кавалак смажанага тыгра, — калі на гэтым востраве няма іншых жывёл!

— Нэд проста палохае мяне, — сказаў Кансель.

— І да якой-бы пароды ні належала спатканая намі жывёліна — хай то неаперанае чацвераногае, альбо аперанае двухногае, — я гатовы вітаць яго трапным стрэлам са стрэльбы!

— Ага! — ускрыкнуў я. — Містэр Лэнд зноў пачынае вар’яцець!

— Не бойцеся, прафесар, — аказаў канадзец, — грабіце смела! Не пройдзе і гадзіны, як я прапаную вам страву, згатаваную па майму рэцэпту!

А палове дзявятай гадзіны шлюпка «Наўтылуса» павольна прыстала да пясчанага берагу, шчасліва абмінуўшы каралавае кальцо, што акружала востраў Гвебараар.

Раздзел дваццаць першы

Некалькі дзён на сухазем’і

Я памятаю, што першы дотык да цвёрдай зямлі зрабіў на мяне досыць моцнае ўражанне. Нэд Лэнд крануў зямлю нагой, як быццам прабуючы яе грунтоўнасць. Між тым не прайшло і двух месяцаў з таго часу, як мы зрабіліся пасажырамі «Наўтылуса», па выразу капітана Нэма, альбо, дакладней кажучы, палоннікамі капітана гэтага падводнага карабля.

За некалькі хвілін мы аддаліліся на адлегласць стрэлу ад берагу мора. Глеба складалася амаль выключна з каралавага вапняку, але, судзячы па рэчышчах высахлых рэк, усеяных гранітнымі грудамі, можна было дапусціць, што востраў гэты існуе з першабытных часоў.

Увесь кругавід быў закрыты гушчарнікам раскош нага лесу. Велічэзныя дрэвы, некаторыя з якіх дасягалі двухсот футаў у вышыню, злучаліся адно з адным густой сеццю паўзучых ліян — сапраўднымі натуральнымі гамакамі, якія гушкаліся ад подыху ветру.

Тут былі мімозы, казуары, фукусы, гібіскавыя дрэвы, пальмы, пальмы бясконца. Ля падножжа дрэў, пад аховай іх зялёных шапак, красаваліся гіганцкія архідэі, бабовыя расліны і папараці.

Але канадзец, увесь захоплены думкамі аб карысным, не звяртаў увагі на прыемнае — на гэтыя дзівосныя ўзоры новагвінейскай флоры. Знайшоўшы какосавую пальму, ён збіў з яе каменем некалькі какосаў і, ускрыўшы іх, прапанаваў нам. Мы выпілі какосавае малако і згелі мякаць з асалодай, якую нельга было разглядаць інакш, як пратэст супраць звычайнага меню «Наўтылуса».

Поделиться с друзьями: