80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Як сумна было глядзець на гэты затануўшы карабель!.. Але яшчэ больш сумнае відовішча мела яго палуба, дзе ляжалі некалькі трупаў, прывязаўшых сябе вяроўкамі да поручняў, відаць каб не быць змытымі хвалямі. Я налічыў шэсць трупаў: чатырох мужчын — адзін з іх стаяў, трымаючы ў руках стырно, — і жанчыну, якая напалову высунулася са шчыліны люка і трымала ў руках дзіцянё. Жанчына была маладая. Пры яркім святле пражэктара я мог нават разглядзець рысы яе твару, яшчэ не кранутага гніццём. Апошняй намогай яна падняла над галавой дзіця; бедная малютка так і памерла, абняўшы ручкай матчыну шыю… Трупы трох матросаў застылі ў жудасных позах — смерць захапіла іх, відаць, у сударгавай спробе развязаць вяроўкі, што прывязалі іх да палубы тануўшага карабля. Чацвёрты, стырнавы, стаяў прама са спакойным і строгім тварам. Сіваватыя валасы яго прыклеіліся да твару. Яго рукі застылі на стырне. Здавалася, стары стырнавы прадаўжаў кіраваць затануўшым трохмачтавіком у яго апошнім шляху па глыбінях акіяна…
Які жудасны спектакль! Мы замерлі, не гаворачы ні слова, са сціснутым сэрцам, і, не адрываючыся, глядзелі на гэты малюнак крушэння. Я ўжо бачыў, як набліжаліся, бліскаючы вачыма, велізарныя акулы, якіх прывабіў пах чалавечага мяса…
«Наўтылус» абышоў вакол затануўшага карабля, і я здолеў прачытаць надпіс на яго карме:
Раздзел дзевятнаццаты
Ванікоро
Гэта трагічная сустрэча адкрыла сабой цэлую серыю марскіх катастроф, сляды якіх «Наўтылус» сустрэў на сваім шляху. З таго часу, як мы апынуліся ў больш ажыўленых морах, мы часта пачалі сустракацца з затануўшымі суднамі, якія дагнівалі, вісячы ў вадзе. У больш глыбокіх пластах, на дне нам сустракаліся гарматы, ядры, якары, ланцугі і тысячы іншых жалезных прадметаў, з’едзеных іржавінай.
11 снежня мы наблізіліся да архіпелага Паўмоту, якому Бугенвіль у свой час даў назву «Небяспечнай групы астравоў»; астравы гэтага архіпелага параскіданы на працягу больш двух тысяч кіламетраў са ўсходне-паўднёвага ўсхода на заходне-паўночны захад між 13°3' — 20°50' паўднёвай шыраты і 125°30' — 151°30' заходняй даўгаты. Крайні ўсходні востраў групы завецца востравам Дзюсі, крайні заходні — востравам Лазарава.
Гэты архіпелаг займае плошчу ў трыста семдзесят квадратных лье і складаецца з пяцідзесяці груп астраўкоў, у ліку якіх знаходзіцца і група Гамб’е, належачая Францыі. Астравы гэтыя — каралавыя. Павольная, але несупынная праца паліпаў падымае іх з вады і раней ці пазней злучыць паміж сабою. Потым гэты новы востраў злучыцца з бліжэйшымі архіпелагамі, і паміж Новай Зеландыяй і Новай Каледоніяй, з аднаго боку, і Маркізскімі астравамі — з другога, узнікне новае сухазем’е.
У той дзень, калі я развіў гэтую тэорыю перад капітанам Нэма, ён холадна адказаў мне:
— Зямля адчувае патрэбу не ў новых сухазем’ях, а ў новых людзях!
Выпадкова курс «Наўтылуса» ішоў міма вострава Клермон-Тонера, аднаго з цікавейшых ва ўсім архіпелагу, адкрытага ў 1882 годзе капітанам «Мінеўры» Бэлем. Гэтая выпадковасць дазволіла мне азнаёміцца з дзіўнымі калоніямі мадрэпор, якім абавязаны жыццём астравы гэтай часткі Ціхага акіяна.
Мадрэпоры, якіх не трэба змешваць з караламі, з’яўляюцца тканінай, пакрытай вапеннай абалонкай. Розніца ў структуры іх абалонкі дала Мільн-Эдвардсу, майму славутаму настаўніку, магчымасць падзяліць іх на пяць груп. Гэтыя мікраскапічныя жывыя істоты, выдзяленні якіх ствараюць паліпнякі, мільярдамі жывуць у сваіх ячэйках. З выдзяляемай імі вапны вырастаюць скалы, кручы, астраўкі і астравы. Тут яны ствараюць вапнавы абруч, акружаючы лагуну, альбо маленькае возера, якое злучаецца з морам праз падводныя шчыліны; там яны будуюць бар’еры з скал, падобныя да тых, якія аблямоўваюць берагі Новай Каледоніі, альбо цэлыя астравы, як напрыклад, архіпелаг Паўмоту. У іншых месцах, напрыклад на астравах Маўрыкія, яны ўзводзяць зубчатыя скалы, высокія стромкія сцены, ля падножжа якіх глыбіня акіяна вельмі значная.
Мы плылі на адлегласці некалькіх кабельтоваў ад падножжа вострава Клермон-Тонера, і я не спыняўся захапляцца грандыёзнай працай, зробленай драбнюткімі будаўнікамі.
Кансель задаў мне пытанне, колькі часу патрабуе ўзвядзенне гэткай сцяны, і надзвычайна быў здзіўлены, калі я паведаміў яму, што вучоныя вылічылі, што за год вышыня сцяны вырастае на тры міліметры.
— Значыцца, для таго, каб пабудаваць гэтую сцяну вышынёй у трыста метраў…
— Патрабавалася сто тысяч гадоў, сябар мой Кансель! Выходзіць, што біблія занадта амаладзіла зямлю. Апрача таго, біблійскія сцвярджэнні робяцца яшчэ менш праўдападобнымі, калі ўспомніць, якія велізарныя тэрміны патрабуюцца для таго, каб дапатопныя лясы ператварыліся ў каменны вугаль!
Калі «Наўтылус» выплыў на паверхню акіяна, я змог разглядзець ва ўсіх дробязях гэты востраў Клермон-Тонер, ледзь выступаючы з вады і зарослы густым лесам. Яго вапнавая глеба была заплоднена, мусіць, гураганамі і бурамі. Калісьці якое-небудзь зерне, падхопленае гураганам на суседняй зямлі, упала на яго глебу, угноеную рэшткамі рыб і водарасцяў. Следам за тым бурныя хвалі выкінулі на яго какосавы арэх, вырасшы на пальме, што знаходзілася за тысячы міль. Зерні далі парасткі, выраслі дрэвы. Дрэвы затрымлівалі выпарэнні. Узніклі раўчакі. Расліннасць пачала пашырацца. Якія-небудзь жучкі, чарвякі, закінутыя сюды дрэвамі, якія бура прынесла з бліжэйшай зямлі, былі першымі жыхарамі вострава. Затым чарапахі сталі закопваць у берагавы пясок свае яйкі. Птушкі звілі гнёзды на маладых дрэвах. Паступова развілося жывёльнае царства. Нарэшце, прываблены свежай зелянінай і багаццем жывёлы, сюды перасяліўся чалавек.
Гэтак на гэтых астравах, створаных працай мікраскапічных жывёлінак, пачынала расквітаць жыццё.
Пад вечар Клермон-Тонер знік у аддаленні, і «Наўтылус» рэзка змяніў свой курс.
Дайшоўшы да тропіка Казерога пад 135° даўгаты, ён накіраваўся на захад — паўночны захад, астаючыся ўнутры трапічнай зоны. Хаця праменні трапічнага сонца былі занадта гарачыя, мы зусім не цярпелі ад гарачыні: на трыццаць — сорак метраў пад узроўнем мора тэмпература вады не перавышала дзесяць-дванаццаць градусаў.
15 снежня мы прайшлі з заходняга боку прывабныя астравы Таварыства і прыгожы востраў Таіці, перл Ціхага акіяна. Раніцай я здалёк убачыў высокія горныя верхавіны гэтага вострава.
У яе вадзе мы злавілі некалькі добрых рыб — макрэлей, тунцоў — і разнавіднасць марской змяі — двухколерную пеламіду.
«Наўтылус» прайшоў восем тысяч сто міль. У той дзень, калі мы праплылі каля архіпелага Тонга-Табу, дзе загінулі каманды «Арго», «Порт-о-Прэнс» і «Дзюк-оф-Портлэнд», лаг «Наўтылуса» адзначыў дзевяць тысяч семсот дваццатую пройдзеную мілю.
Затым мы абышлі астравы Фіджы, дзе дзікуны забілі каманду карабля «Юніён» і капітана Бюро, камандзіра «Ласкавай Жазефіны». Гэты архіпелаг цягнецца на чатырыста кіламетраў з поўначы на поўдзень і трыста шэсцьдзесят ад усходу на захад, між 6° і 2° паўднёвай шыраты і 144° заходняй даўгаты. Ён складаецца з раду астравоў, астраўкоў і скал, буйнейшыя з якіх — Віці-Леву, Вануа-Леву і Кандубон.
Гэтыя астравы былі адкрыты Тасманам у 1643 годзе, у тым-жа годзе, калі Тарычэлі вынайшоў барометр, а Людовік XIV уступіў на прастол Францыі. У 1714 годзе іх наведаў Кук, у 1793-м — д’Антркасто, і нарэшце ў 1827 годзе Дзюмон-Дзюрвіль разблытаў увесь гэты геаграфічны клубок.
«Наўтылус» наблізіўся да бухты Ваілеа, памятнай па жахлівых прыгодах капітана Дзілона, які першым выявіў тайну пагібелі караблёў Лаперуза.
Мы некалькі разоў закідвалі драгу на дно гэтай бухты і выцягнулі шмат вустрыц. Мы жэрлі з прагнасцю, расчыняючы іх па рэцэпту Сенекі [36] тут-жа за сталом. Вустрычная мяліна бухты Ваілеа была вельмі значнай па размерах.
Кожная вустрыца дае да двух мільёнаў яек, і вустрычныя расады, вядома, хутка запоўнілі-б бухты, каб не тысячы ворагаў, якія не даюць вустрыцам множыцца.
36
Сенека — старарымскі філосаф.